28.07.2011

 - Газета

«Адраджэнне паломніцкіх тураў адбылося ў часы кардынала Свёнтака»

Пра ўнёсак кардынала ў беларускую духоўную спадчыну і паломніцкі турызм распавядае пробашч рымска-каталіцкай парафіі ў Расонах і каардынатар пілігрымак Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Вячаслаў Барок.

21 ліпеня на 97-м годзе жыцця адышоў у вечнасць найстарэйшы каталіцкі іерарх Беларусі – кардынал Казімір Свёнтак. Пахаванне кардынала адбылося 25 ліпеня ў крыпце касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску. Казімір Свёнтак стаў сімвалам адраджэння каталіцызму на Беларусі, а таксама праз аднаўленне каталіцкіх святыняў паспрыяў развіццю паломніцкага турызму. Пра ўнёсак кардынала ў беларускую духоўную спадчыну распавядае пробашч рымска-каталіцкай парафіі ў Расонах і каардынатар пілігрымак Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Вячаслаў Барок.

– Раскажыце, калі ласка, як праходзіла пахаванне кардынала.

Пахавальныя ўрачыстасці, якія адбыліся ў Пінску ў катэдральным каталіцкім саборы, дзе доўгі час служыў кардынал Казімір Свёнтак, сабралі вялікую колькасць людзей. Было шмат вернікаў – перш за ўсё з Пінскай дыяцэзіі, дзе ён жыў і працаваў, а таксама з іншых рэгіёнаў краіны. Безумоўна, каб развітацца са сваім кардыналам, прыехала шмат святароў з усёй Беларусі. Былі прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы на чале з епіскапам Веніямінам з Барысава. Знайшлося месца і для гасцей з-за мяжы – асабліва шматлікай была дэлегацыя з Польшчы. Прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і свецкіх уладаў Беларусі.

– Гэта сведчыць аб тым, наколькі адметнай асобай для ўсяго хрысціянства быў Казімір Свёнтак...

– Па-рознаму можно аднесціся да той місіі, якую выконваў кардынал Казімір Свёнтак на Беларусі. Аднак кожны, хто аналізуе зробленае ім, можа сказаць, што гэты іерарх стаўся сімвалам адраджэння каталіцкага касцёла ў нашай краіне. Ва ўзросце 77 гадоў ён узначаліў каталіцкі касцёл на Беларусі, і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў Бог дазволіў яму служыць. Акурат пачынаючы з 90-х гадоў адраджалася вера ў сэрцах нашых людзей, і ён натхняў вернікаў уласным прыкладам.

– Разам з вераю адраджаліся і каталіцкія святыні, якія паступова ўвайшлі ў разнастайныя экскурсійныя маршруты. Найперш Казіміру Свёнтаку ўдалося рэстаўраваць Пінскі катэдральны сабор – адзін з першых адноўленых храмаў Беларусі. Якую ролю адыграў кардынал у адраджэнні архітэктурнай і духоўнай спадчыны краіны?

– Сапраўды, нельга не ўзгадаць аб вялікім унёску, які зрабіў касцёл ў сферы сакральнага будаўніцтва. Кардынал, яшчэ не будучы абраным на гэтую пасаду, працаваў пробашчам у парафіі ў Пінску і ў савецкія часы ўжо рамантаваў катэдральны сабор у горадзе. Цяпер гэта цэлы комплекс – і касцёл, і манастыр знаходзяцца ў цудоўным стане. Вельмі здзіўляе, што ў свой час касцёл быў адноўлены па ініцыятыве аднаго чалавека. Дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтака з пяпялішча паўстаў цэлы шэраг касцёлаў. Некаторыя касцёлы, дзякуючы гэтаму адраджэнню, набралі своеасаблівай вагі. Дастаткова прыгадаць касцёл у Будславе, які не зачыняўся і нават у савецкія часы быў дзейсным. Аднак духоўнае жыццё ў Будславе – у прыватнасці адраджэнне паломніцкіх тураў – пачалося ў часы працы там кардынала. Сёння можна казаць, што Будслаў – сэрца каталіцтва на Беларусі. Можна прыгадаць іншыя касцёлы, у якіх знаходзяцца цудадзейныя абразы, пры кардынале ўкаранаваныя Папскімі каронамі. І сёння гэтыя касцёлы з іконамі Маці Божай з’яўляюцца месцам паломніцтва вернікаў. Гэта ўзгаданы вышэй Будслаў, касцёлы ў Пінскай і Брэсцкай дыяцэзіях. Адна з апошніх укаранаваных ікон знаходзіцца ў Браславе. Хаця гэта адбылося не пры Казіміры Свёнтаку, аднак ён укладаў шмат намаганняў у духоўнае адраджэнне на Віцебшчыне. Трэба памятаць, што і Катэдральны касцёл у Мінску – такі, якім мы яго бачым сёння – мы маем менавіта дзякуючы кардыналу. Будынак святыні быў некалі знішчаны, пасля ў ім месціўся Дом фізкультурніка. Памятаецца, паўстала пытанне аб рамонце катэдры, які патрабаваў шмат выдаткаў. Насуперак прагматычным меркаванням кардынал прымае рашэнне аднавіць касцёл. Гэта былі велізарнейшыя інвестыцыі. Фінансава прасцей было б узвесці новы будынак, чым адрамантаваць стары. Тут варта адзначыць, што з блаславення Казіміра Свёнтака рамантавалася большасць касцёлаў на Беларусі.

– Можна сказаць, што кардынал ускосна паспрыяў развіццю паломніцкага турызму на Беларусі?

– Гэта без перабольшвання будзе правільным сцвярджэннем, бо сёння святыні моцна прыцягваюць турыстаў. Напрыклад, амаль кожны чалавек на Беларусі ведае пра Мосар, да якога Казімір Свёнтак таксама мае непасрэднае дачыненне. Што тычыцца турызму, то ён спрыяў развіццю паломніцкага руху, ці рэлігійнага турызму, па каталіцкіх святынях Беларусі. Але трэба адзначыць і тое, што дзякуючы працы кардынала адначасова развіваўся і ўязны турызм. Вельмі шмат гасцей прыязжала з замежжа. Гэта былі пераважна тыя людзі, якія паходзілі з Беларусі, але выбарам лёсу былі вымушаны ў свой час пакінуць гэтую краіну.

– Кажучы аб уязным рэлігійным турызме, вы ўжываеце мінулы час. Паломнікаў з-за мяжы цяпер стала менш?

– Тут адразу паўстае шэраг пытанняў. Адно з іх – а ці з боку нашай краіны зроблена ўсё, каб паломніцкі рух мог развівацца? Афармленне дакументаў, атрыманне беларускай візы – досыць складаныя працэдуры. Я маю кантакты са шматлікімі парафіямі замежжа, і калі хацеў арганізаваць паломніцтва на Беларусь, не адзін раз сутыкаўся з гэтымі праблемамі, запрашаючы гасцей з Польшчы, Германіі, ЗША і іншых краін. На жаль, сёння гэта не спрыяе развіццю уязнога рэлігійнага турызма, і паломніцтвы па Беларусі прыходзяць у заняпад. Аднак спадзяюся, што гэта пераходны момант, і калі-небудзь будзе інакш.

Гутарыла Яна ШЫДЛОЎСКАЯ


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах