11.08.2011

 - Газета

У двухмільённым Мінску ўсяго два хостэлы

Дзе турыстам знайсці недарагое жыллё ў сталіцы

Дзе турыстам знайсці недарагое жыллё ў сталіцы

Адар’я ГУШТЫН

Ва ўсім свеце недарагім жыллём прынята лічыць хостэлы. Першы такі дом з’явіўся ў Германіі ў пачатку мінулага стагоддзя, калі малады настаўнік Рычард Шырман, збянтэжаны тым, што ягоныя вучні, якія выраслі ў вялікім прамысловым раёне, не бываюць на свежым паветры, пачаў ездзіць з імі на тыдзень за горад. Паколькі дзеці рабочых не былі багатымі, падчас гэтых шпацыраў ім было складана знайсці месца для начлегу. Такім чынам, ім даводзілася начаваць у школах, якія былі вольныя ў выхадныя дні і падчас вакацыяў. Тыднёвыя паездкі за горад станавіліся ўсё больш папулярнымі, і Шырман зразумеў, што трэба арганізоўваць сталыя месцы для начлегу. Так з’явіліся хостэлы.

Гэта гісторыя нагадвае сучасную Беларусь. Калі да нас прыязджаюць вучні ці студэнты па абмене, іх часта размяшчаюць у тых самых школах ці турбазах з мінімальным камфортам. Усё таму, што гасцініцы занадта дарагія. А хостэлаў усё адно амаль няма.

Хостэл – тэрыторыя свабоднага пражывання

Ва ўсім Мінску можна адшукаць толькі два хостэлы. Першы – «Постоялец» – з’явіўся месяц таму на Партызанскім праспекце. Дырэктар Дзмітрый Наркевіч кажа, што загрузка складае 30-40%. «Мы звязваем гэта з тым, што Мінск на дадзены момант горад больш для камандзіровак, чым для турызму, а паколькі ў ліпені-жніўні людзі сыходзяць у адпачынак, наплыў у горад зменьшыўся». Асноўныя кліенты хостэла – з Беларусі, Расіі і Украіны. «Гасцям у нас падабаецца. Даступныя цэны на жыллё – 17$, бясплатныя гарачыя напоі, хуткасны інтэрнэт. Некаторыя беларусы ўсё яшчэ здзіўляюцца, што гэта такое – хостэл?» – кажа суразмоўца. Па ягоных словах, ніякіх праблемаў з афармленнем бізнэса не было. «Наадварот, усе віталі гэтую ініцыятыву. Дый мы пачалі гэтым займацца, паколькі аналагаў у Беларусі фактычна няма».

Адзіным канкурэнтам «Постояльца» можа стаць хостэл па вул. Мазырскай, адкрыццё якога запланавана на 11 жніўня. Трохпавярховы дом з лазняй, більярдам, кікерам, пінг-понгам і ўтульным дворыкам для барбекю пабудавалі ўсяго некалькі маладых хлопцаў і дзяўчат, якія не пабаяліся распачаць новы для Беларусі бізнэс. Пражыванне за адну ноч тут будзе каштаваць каля 5$. Дакладныя кошты будуць вядомыя бліжэй да адкрыцця, але ўладальнікі ўпэўненыя, што з кліентамі праблем не будзе. «Мы фактычна адзіныя, хто прапануе ў Мінску такое жытло. І гатовыя прыняць не толькі турыстаў, але і студэнтаў, якім не дадуць інтэрнат ад універсітэта. 100$ у месяц – і ложак ваш», – кажа заснавальнік Уладзімір.

Ад гасцініцы хостэл адрозніваецца менавіта тым, што вымяраецца не пакоямі, а ложкамі. Так, у адным пакоі могуць жыць ад 2 да 10 чалавек, прычым кухня, прыбіральня і ванны пакой – агульны. У кожнага хостэла свае правілы. Дзесьці кліентам забараняюць паліць, у іншым месцы – нельга вяртацца ў дом пазней за 12 гадзін ночы. Але агулам гэта досыць свабоднае месца для пражывання, разлічанае на тых, хто гатовы апынуцца ў нумары з пяццю незнаёмымі людзьмі з розных канцоў света і не турбуецца наконт лішняга шума. Для большасці хостэлы – гэта магчымасць танна вандраваць па свеце, але некаторыя забяспечаныя турысты адмыслова абіраюць менавіта такі дом для пражывання, каб пазнаёміцца з новымі людзьмі і весела правесці час.

hostel2

Кватэры на суткі і гадзіны

У Мінску прыжыўся іншы варыянт размяшчэння турыстаў – кватэры на суткі і гадзіны. Тэматычнымі абвесткамі перапоўненыя газеты і сайты ў інтэрнэце. Кошт на такое размяшчэнне ў сярэднім 50$ за суткі. Цана ўзрастае ў залежнасці ад раёна пражывання – цэнтр бу­дзе каштаваць ад 60$ за аднапакаёўку, такі ж варыянт у спальным раёне – удвая танней. Натуральна, што на кошт уплывае колькасць пакояў, а таксама ўнутраны стан кватэры – рамонт, тэхніка, інтэр’ер.

Кватэры запатрабаваныя яшчэ і таму, што размясціцца ў гасцініцы даражэй, хоць сэрвіс пакідае жадаць лепшага. На адным з турыстычных парталаў турыст з Расіі Сяргей піша, што трэці год запар прыязджае ў Мінск у адну і тую ж кватэру. «У гасцініцы жыць спрабаваў – але дорага, мала месца, персанал увесь час нейкі замучаны... Ізноў такі, сяброў прыводзіць нельга – толькі на абмежаваны час. За гэтыя ж грошы можна камфортна жыць у асобнай кватэры».

Правальны праект?

У Беларусі распрацаваны законапраект, які датычыцца развіцця прыдарожнага сэрвісу. У ім можна знайсці інфармацыю і пра недарагое жытло для турыстаў на перспектыву. Чыноўнікі абяцаюць, што ў хуткім часе пад будаўніцтва хостэлаў і кемпінгаў арганізуюць льготныя ўмовы выдзялення зямлі. Але пакуль гэта выглядае правальна – дырэктар дэпартамента па турызму Вадзім Кармазін у адным з інтэрв’ю менавіта так ахарактэрызаваў сітуацыю. «У нас усяго чатыры кемпінгі, а хостэлаў няма наогул, у той час як у Германіі, напрыклад, 2 тысячы хостэлаў – і яны вельмі запатрабаваныя. Асабліва ў моладзі, бо гэта эканомны адпачынак», – адзначаў чыноўнік.

Чаму хостэлаў няма? Для прадпрымальных гаспадароў кватэр і катэджаў здаваць жытло на суткі значна прасцей, чым перарабляць яго ў хостэл. Мінімізуюцца расходы на дагляд, не трэба наймаць персанал, і ў большасці сваёй гэты бізнэс застаецца нелегальным. Для камандзіраваных у Мінск работнікаў больш звыкла прыехаць у гасцініцу савецкага тыпу, дзе сэрвіс храмае, але ўсё да болю знаёма – і адключаная на прафілактыку гарачая вада, і непрацуючы імбрык, які стаіць у пыльным кутку. Беларусы, як вядома, вельмі неахвотна ідуць на перамены. А таму, каб наступным разам яны абралі сучасны хостэл замест гасцініцы з водарам Савецкага Саюза, трэба зацікавіць іх рэкламай, коштамі і добрым словам.

Да чэмпіяната свету па хакеі ў 2014 го­дзе ўлады Мінска абяцаюць пабудаваць шмат хостэлаў. Мяркуецца, што пад іх пераабсталююць студэнцкія інтэрнаты. І пакуль улады распрацоўваюць канцэпцыі, у рэгіёнах ужо з’яўляюцца такія імправізаваныя хостэлы. У невялікім горадзе Маларыта, дзе ёсць муніцыпальная гасцініца, турыстаў запрашаюць яшчэ і ў студэнцкі інтэрнат будаўнічага ліцэя. Умовы пражывання – па 3-4 асобы ў пакоі, дзе прыбіральня і ванны пакой – у блоку. Кошт – усяго 3$ за ноч. «У нас мяжа з Украінай блізка, таму людзі часта прыязджаюць, асабліва летам», – кажа камендант.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах