25.08.2011

 - Газета

Вандроўкі цікаўнага беларуса: Рускія эцюды

Ужо на пад’ездзе да Пецярбурга здзіўляе нечакана светлая для 11 гадзін вечара палоска на даляглядзе. Адгалоскі белых начэй. У паветры – камарыныя зграі. Але калісьці адважны Пётр ўсё ж прарубіў гэтае акенца і замацаваў сваю перамогу на беразе Фінскага заліву Петрапаўлаўскай крэпасцю, ад якой і пайшла паўночная сталіца. Уся слава Імперыі, залатыя арлы з каронамі і скіпетрамі – тут. І ўжо дзвесці год таму, напэўна, каб дыхаць вольна балтыйскім ветрам, сюды сталі падцягвацца паэты, музыкі і мастакі...

(Заканчэнне. Пачатак у № 32)

Раман АБРАМЧУК

Пажыўшы тыдзень на Барадзінскім полі, пашпацыраваўшы па Арбаце, паадскокваўшы ад маскоўскіх трамвайчыкаў, якія так і намагаюцца адрэзаць вам галаву (адлегласць паміж тратуарам і рэйкамі тут сапраўды мізэрная, і нават булгакаўская  Ганначка не спатрэбіцца), – я вырашыў адправіцца на поўнач па трасе Е95. Ужо на пад’ездзе да Пецярбурга здзіўляе нечакана светлая для 11 гадзін вечара палоска на даляглядзе. Адгалоскі белых начэй. У паветры – камарыныя зграі. Яны знайшлі мяне нават на Неўскім праспекце. Фінскія балоты так і засталіся балотамі. Але калісьці адважны Пётр ўсё ж прасёк гэтае акенца і замацаваў сваю перамогу на беразе Фінскага заліву Петрапаўлаўскай крэпасцю, ад якой і пайшла паўночная сталіца. Уся слава Імперыі, залатыя арлы з каронамі і скіпетрамі – тут. І ўжо дзвесці год таму, напэўна, каб дыхаць вольна балтыйскім ветрам, сюды сталі падцягвацца паэты, музыкі і мастакі...

Паветра Піцера

Бабулькі-кветачніцы гавораць літаратурнай мовай, без нашых характэрных «г» і «ч». Ледзь не кожны дом – з шыльдай, на якой пазначана яго караценькая гісторыя. Вось адсюль Пушкін зімовай раніцай адправіўся на дуэль, а там – Даўлатаў пражыў свае першыя 30 гадоў, тут – Дастаеўскі двойчы здымаў кватэру, а тут Цой і кампанія працавалі качагарамі, каб не трапіць пад артыкул «за дармаедства»... Шыльды, месцы, біяграфіі, радкі з вершаў, вядомыя са школьных гадоў, – усім гэтым прасякнута тутэйшае паветра. І ў гэтым паветры (дарэчы, вільготным і шкодным для здароўя) голас Шаўчука, што чуецца з вокнаў аўто на Неўскім,  гучыць зусім натуральна:

Чёрный пёс Петербург –  морда на лапах,

Стынут сквозь пыль ледяные глаза.

В эту ночь я вдыхаю твой каменный запах.

Пью названия улиц, домов поезда.

Дамы тут сапраўды – цягнікамі. Двары – калодзежамі (відаць толькі кавалачкі святла ўверсе і ў напрамку арак). Масіўныя драўляныя дзверы пад’ездаў, змрочныя пераходы паміж дварамі, высокія пралёты старых лесвіц – толькі і глядзі, каб не сустрэць тут хударлявага Радыёна Раскольнікава або яго ахвяру. Дарэчы, гэта даволі модны персанаж сучаснага Піцера. Прынамсі, касцюм студэнта з сякерай быў папулярным у гэтым ліпені на карнавальным святкаванні народзінаў Дастаеўскага ў яго кватэры-музеі. А акрамя мажорных экскурсій на цеплаходах «па Няве і каналах», расклееныя там-сям аб’яўкі прапануюць турыстам экскурсіі па Піцеры Дастаеўскага. А таксама ледзь не на кожным кроку – «экскурсіі па дахах Піцера», «экскурсіі па нефармальным Піцеры». Справа ў тым, што гісторыя піцерскага року тут ужо неафіцыйна ўзведзена ў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У качагарцы, дзе працаваў Віктар Цой, – клуб-музей. Тут можна ўбачыць гітару спевака, яго малюнкі і – увага! – працоўны дзённік качагаркі, на старонках якога юныя хіпаны забаўляліся ад душы: «Бабы у котла (2 кочерги). Обошлось пока». На Пушкінскай, 10 (таксама гістарычнае тусовачнае месца піцерскіх рок-н-рольшчыкаў) – арт-цэнтр з клубамі, мастацкімі галерэямі. Унутры дворыка – вуліца Джона Ленана з вертыкальным напрамкам руху. Цоеўскае «я гуляю по проспекту, мне не надо ничего» спяваецца ў гэтым горадзе само па сабе, верагодна, на тых самых кропках праспекта, дзе гэта напяваў «герой пакалення».

Кніжны Піцер

У Піцеры – некалькі сетак кнігаряў, кожная з якіх імкнецца прывабіць свайго чытача. Літаральна штодзень адбываюцца літаратурныя імпрэзы, чытанні. На жаль, Мінску з яго адзінай галерэяй «Ў» – яшчэ крочыць і крочыць да такіх даляглядаў. Па ўсім відаць, Піцер – чытае. І ведае тых, каго ён чытае. Седзячы на лаўцы ў парку, адпачываючы ад спёкі, я раптам узгадваю, што нядрэнна было б знайсці дом, дзе жыў Сяргей Даўлатаў. Побач сядзіць незнаёмая дзяўчына, штосьці чытае. Больш дзеля забавы, наўдачу пытаюся, дзе той дом. Усміхаецца – і выдае дакладны адрас дома з шыльдай. Так можна адрозніваць піцерцаў ад прыезджых – па кніжцы характэрнага фармату ў руках. А яшчэ – па незвычайна-каляровых плэерных навушніках ледзь не ручной працы. А яшчэ – па ціхай, павольнай хадзе і ўпэўненаму выразу твара, які навучыўся не звяртаць увагі на «турыкаў»: «ладна, гуляйце сабе...»

DSC00945

Колер нацыі

У сучасным Пецярбурзе пражываюць, акрамя турыстаў, піцерцы і ленінградцы. Прычым піцерцы жылі тут ужо ў савецкія часы, а ленінградцы – жывуць і сёння. Але акрамя гэтых мясцовых «народнасцяў», тут жыве каля 25% выхадцаў з Азіі. Пра гэта мне з гонарам кажа Махмуд, які падвозіць мяне да дому маёй цёткі ў Піцеры. Ледзь не праз фразу паўтарае, што «жыццё – жорсткая справа». І я пачынаю здагадвацца, чаму. Махмуд – як і большасць прыезджых з поўдня – працуе на будоўлі, на некалькі месяцаў вяртаючыся дамоў да сям’і. У расійскіх гарадах яны трымаюцца ля сваіх. Калі, напрыклад, казах выкупляе краму – змяняе ўвесь персанал на казахаў. Рускія ад гэтага стогнуць, называюць нябачнай вайной. Часам баяцца. Многія глыбока ў душы спачуваюць скінхэдам. Хтосьці – адкрыта кідае абразлівае: «чуркі – тупыя». Хтосьці – хваліцца, што «мы Чачню паставілі на калені»... У гэтых стасунках ужо сам чорт нагу зломіць, разбіраючыся, хто вінаваты. Адзін з кіроўцаў распавёў, што на яго вачах у сярэдзіне 90-х, яшчэ перад вайной, чачэнскія бонзы застрэлілі мужычонку, бо той проста перашкаджаў ім «прыгожа» прайсці ў казіно на Арбаце. Супрацоўніца Інстытута горадабудаўніцтва Масквы наракае, што туркі, напляваўшы на старую Маскву, будуюць свае жалезабетонныя гмахі прама ў цэнтры, заплаціўшы каму трэба. А мне шкада худога в’етнамца на іржавым ровары і таджыка на старэнькім «гольфіку», якія вяртаюцца дамоў пасля нялёгкай падсобнай працы дзесьці у Падмаскоўі... І пераскокваючы па дарозе аўтаспынам да Піцера з машыны ў машыну, сустракаючы за рулём то прыхільнікаў «Расіі для рускіх», то махмудаў з маскоўскіх будоўляў, мне захацелася, каб яны дзесьці сустрэліся самі паміж сабой і пагутарылі вось так прыязна, з жаданнем выслухаць, як толькі што – са мной. Магчыма, тады б у гэтым краі такіх помнікаў, як на Пскоўскай трасе, было б крыху менш (помнік у выгля-
дзе парашута, пастаўлены ў памяць аб дэсантніках са Пскова, якія амаль усе загінулі ў адной з чачэнскіх аперацый).

Беларусы. Ну ніяк не рускія!

Але што мне да маскоўска-каўказскіх разборак? Тут бы сваё адстаяць. Ледзь не кожны другі рускі кідаецца мне на шыю з даўно знаёмай песняй: «Мы – единый народ! Одна культура! Общие корни! Общая история! Мы должны быть вместе, назло всем!» Прычым часта гэты  «архаічны» па даўнасці спеў я чую з вуснаў дарагіх мне людзей. Не менш часта – з вуснаў расійскіх турыстаў, якім неаднаразова праводзіў экскурсію па Беларусі. І вось што я заўважыў, чуючы гэтую «араторыю» ўжо не першы год: рускія ў асноўнай масе сапраўды не ведаюць беларускай  гісторыі. Яны ад усёй душы здзіўляюцца, калі даведваюцца, што Беларусь, мякка кажучы, не заўжды была ў складзе Расіі; што Беларусь – не была пад татарскім ігам; што ў ВКЛ дзяржаўнай была нейкая «старабеларуская» мова і г.д. Яны перакананы, што рускіх – гвалтоўна раздзялілі, спачатку – Літва, затым – Польшча. А цяпер – зноў усе гэтыя «памаранчавыя» рэвалюцыі... Масквічы шчыра вераць у нашае з імі адзінства і чакаюць ад нас узаемнасці. Мне няёмка, але з рызыкай быць высаджаным з машыны, з рызыкай пасварыцца з турыстычнай групай я, набіраючы паболей паветра ў лёгкія, кожны раз спакойна і захоўваючы павагу, «абломваю» гэты «сяброўскі» парыў душы і праводжу выразную мяжу: «вось – вы, а вось – мы. Мы вам рады, але не болей, чым нашым іншым суседзям – літоўцам, палякам і ўкраінцам, з якімі агульнага ў нас, паверце – не меней». І ўвогуле – пра якую «праваслаўную цывілізацыйную прастору» мы можам гаварыць, калі 25 снежня і 7 студзеня беларусы па чарзе віншуюць сусед суседа, асабліва не разбіраючыся ў тым, хто ж усё-такі тут – «ерэтык» і «раскольнік». Я кажу ім, што мы не можам павыразаць сотні тысяч католікаў і пратэстантаў, каб ажыццявіць іхнюю мару пра вяртанне ў «Святую Русь». Дзіўна, але яны пагаджаюцца. І я дадаю, што залаты век для беларусаў – не святы  князь Уладзімір, кіеўская Сафія і перамогі над печанегамі, а гатычныя замкі і цэрквы-крэпасці, Статуты ВКЛ і перамога пад Грунвальдам. Але мяне здзіўляе і аргумент, якім рускія спрабуюць абгрунтаваць нашае «славянскае адзінства»: «як зламаць пруцікі веніка – паасобку з намі лёгка будзе разабрацца...» Рускія хранічна баяцца нападу. Гэта ў іх у крыві. Напэўна, гэта і ёсць крыж ваяўнічай Імперыі – чакаць удару ў спіну. Прывід НАТА на заходняй мяжы – ледзь не галоўны аргумент на карысць яднання.

Так ці іначай, я заўважыў адну заканамернасць: калі ціха адмоўчваешся, то потым адчуваеш сябе, як нейкая бесхрыбетная жывёлка, якую можна мяць, ціскаць, ласкаць, – яна заўжды будзе адной формы. Але калі рызыкуеш і расстаўляеш кропкі над «і» – як ні дзіўна – развітваецеся сябрамі, і цяпер ужо – на роўных пазіцыях. Так, рускія сапраўды любяць «Белоруссию», але – толькі як малодшага брата, якому ніколі не будзе дазволена вырасці ў поўную меру самастойнасці, стаць паўнавартаснай нацыяй. Мне ўспомніўся подпіс пад графіці савецкіх часоў на Бярлінскай сцяне (на выяве – Брэжнеў цалуецца «ўзасос» з амерыканскім прэзідэнтам ): «Упаси, Господи, от этой смертельной любви».

DSC00841

Аб рускім характары

Паабапал расійскіх дарог, як заўважае кожны вандроўнік з Захаду, – парослыя зеллем падворкі. У той час як рускім (а таксама заходнееўрапейскім гасцям) адразу кідаецца ў вочы дагледжанасць і чысціня беларускіх вуліц, дарог і падворкаў. Я паўтараю ўжо вядомую думку, але Расія – гэта скарбніца шалёных багаццяў, і таму рускія звыкліся жыць «на гатовым», калі не трэба асабліва моцна напружвацца. Адсюль – шалёная шчодрасць рускай душы, уменне зняць з сябе фуфайку і аддаць прахожаму. Фуфайку мне ніхто не аддаваў, але масквіч у маскоўскім аўтобусе, чуючы з нашай размовы, што мы едзем без квіткоў, бо  не маем грошай (і такое здараецца!), ціха прабівае свае запасныя  талоны і аддае нам, маўляў, «ад кантралёраў не адчэпіцеся». За гадзіну да гэтага  грошы нам даваў... жабрак, што прасіў міласціну каля манастыра, а потым моцна крыўдаваў на тое, што мы хацелі вярнуць. Таксама кіроўцы, што спыняліся на начной трасе сярод лесу, і бясплатна праведзены тыдзень на адным з фестываляў (афіцыйна аплаціць харчаванне ўжо было позна, і тады рускія арганізатары махнулі рукой – «а, жывіце сабе...»), пераконваюць мяне ў непадробнай шчодрасці народу, што жыве на ўсход ад нас…

Іншая справа – беларус. Не маючы нафты, алмазаў і золата, а маючы патрэбу толькі ўвесь час працаваць, ён ведае кошт кожнай капейчыне, і таму так цяжка расстаецца з ёю. І вось гэтая наша звычка пастаянна апрацоўваць свой надзел, клапаціцца пра хлеб і прыводзіць да прыбраных падворкаў і вуліц. Беларускія паселішчы часоў Сталыпіна ў Байкальскім краі вельмі лёгка адрозніць: у беларуса зямля бу-дзе ўзарана нават там, дзе не трэба: лепей ён пасадзіць рабіну, чым пакіне кавалачак зямлі пад зелле.

Грамадзяне Расіі

Пры ўсім пры гэтым мяне шчыра радуе помнік Мініну і Пажарскаму на Чырвонай плошчы. Хоць я і не прамінаю магчымасці распавесці рускім, што Іван Сусанін вадзіў па кастрамскіх лясах ніякіх не палякаў, а нашых прадзедаў, а авантура з Ілжэдзмітрыем была ініцыявана нашымі Сапегамі. Але мне прыемна бачыць помнік грамадзянскай мужнасці ў Расіі (Мінін і Пажарскі – арганізатары народнага апалчэння з мэтай выгнання з Расіі «польскай» інтэрвенцыі). Мне прыемна зараз чуць, як у Расіі ўсё мацней становіцца рух за выхаванне ў дзецях грамадзянскай адказнасці за свой дом, вуліцу, горад, дзяржаву. «Зрабіць Манежку» на мове сучасных рускіх – гэта выйсці дружна на Манежную плошчу каля Крамля і паставіць на месца дзяржаўную ўладу, што наплявала на правы сваіх грамадзян. Да рускіх ужо прыходзіць усведамленне, што з карупцыяй, алігархіяй, дыктатурай, не разбярэцца ніхто... акрамя цябе і тваіх знаёмых. Вось на такіх суседзяў хочацца раўняцца. І не варта карміць сябе ілюзіямі пра быццам бы большую «цывілізаванасць» і еўрапейскасць беларусаў. Лепей падглядаць і моўчкі браць прыклад. А яшчэ падумалася, што пакуль мы будзем выхоўваць наш патрыятызм на нелюбові і пачуцці перавагі над рускімі, то так і застанемся з імі ў адносінах «слана і моські», замкнуўшыся на сваім «гонары». І нездарма ў турыстаў з Заходняй Еўропы (вядома ж, моладзі) ёсць нават такі атракцыён – папісаць пад Калону Свабоды ў Рызе, бо любяць пацешыцца, як латышы абражаюцца і... нічога не могуць зрабіць з грамадзянінам, напрыклад, Англіі. Гэта лёс хваравіта самалюбівага нацыянальнага гонару, заснаванага на пачуцці перавагі над іншым. А ўжо даўно хочацца не гучнай рыторыкі пра «перамогу над маскалямі» пад Оршай у 1514-м, а хоць якога ўмення думаць, размаўляць, будаваць, – па-свойму, як сабе зручна, без пастаяннай баязлівай аглядкі то на Захад, то на Усход...


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах