08.10.2009

 - Газета

Фэст прывiдаў

Дзякуючы незвычайнай гiсторыi свайго мястэчка, гальшанцы ўжо паспелi прызвычаiцца да турыстаў. Правядзенне восеньскага фэсту "Гальшанскi замак" было для местачкоўцаў хутчэй падзеяй доўгачаканай, чым неспадзяванай. Папулярнасць гальшанскiх зданяў дала падставу арганiзатарам гаварыць пра традыцыйны штогадовы гальшанскi Фэст прывiдаў, а кiраўнiку гурта "Стары Ольса" Змiцеру Сасноўскаму абвясцiць аб заснаваннi першага ў Беларусi фестывалю анамальнага турызму.

Яна ШЫДЛОЎСКАЯ. Фота Сяргея ПЛЫТКЕВИЧА i Алега БЕЛАВУСАВА

f1 Дзякуючы незвычайнай гiсторыi свайго мястэчка, гальшанцы ўжо паспелi прызвычаiцца да турыстаў.

Разумеючы унiкальнасць малой радзiмы, дакументальна "завераную" Уладзiмiрам Караткевiчам, тутэйшыя жыхары падтрымлiваюць статус Гальшан як месца ў вышэйшай ступенi таямнiчага. Так, гальшанцы не стамляюцца абмяркоўваць убачаных у замку прывiдаў i кожны аповед упрыгожваюць новымi падрабязнасцямi. Таму правядзенне восеньскага фэсту "Гальшанскi замак" было для местачкоўцаў хутчэй падзеяй доўгачаканай, чым неспадзяванай. Папулярнасць гальшанскiх зданяў дала падставу арганiзатарам гаварыць пра традыцыйны штогадовы гальшанскi Фэст прывiдаў, а кiраўнiку гурта "Стары Ольса" Змiцеру Сасноўскаму абвясцiць аб заснаваннi першага ў Беларусi фестывалю анамальнага турызму.

Фестываль размясцiўся пад сценамi старога замка, ад якога, на жаль, сёння засталiся толькi руiны. Нягледзячы на кастрычнiцкi холад, у суботу Гальшаны наведала некалькi тысяч турыстаў. iх увазе былi прапанаваны рыцарскiя забавы, катанне на конях, вырабы мясцовых майстроў, а таксама вялiкi канцэрт i старажытныя танцы. f6 Сёлета фестываль, задуманы як тэматычны, быў прымеркаваны да 10-годдзя гурта сярэднявечнай музыкi "Стары Ольса". Юбiляраў вiншавалi гурты "Унiя", "Келiх Кола", "Тэстамент". Кульмiнацыяй канцэрта стала з'яўленне на сцэне "Старога Ольсы" ў поўным складзе: барабаншчыка Сяргея Тапчэўскага з нагоды дня народзiнаў гурта адпусцiлi з войска. Не абышлося i без "мiстыкi": адкрыць фестываль даручылi Соф'i Гальшанскай, якая разам з Ягайлам раптоўна з'явiлася на руiнах замка. Скончыўся фестываль эфектным вогненным шоў.

Арганiзатары фестывалю ўпэўнены, што прывiды, якiмi знакамiта Гальшаншчына, могуць стаць сапраўдным турыстычным брэндам мястэчка. Сентыментальныя пачуццi турыстаў да зданяў местачкоўцы не падзяляюць. "Я кожны вечар бачу Гальшанскi прывiд, калi вяртаюся з працы", - пераконвае нас мясцовая жыхарка. - Ён наблiжаецца да мяне ў выглядзе талеркi". "Прывiдаў не iснуе, - смяюцца мясцовыя школьнiкi. - Гэта проста легенда прыгожая". Тым не менш дырэктар гальшанскага музея Часлава Акулевiч назбiрала цэлы архiў успамiнаў аб гальшанскiх зданях.

f5Мастак Алесь Пушкiн, якi таксама прысутнiчаў на фестывалi, чарговы раз распавёў абставiны сваёй сустрэчы з прывiдам у сценах старога кляштара, вынiкам якой стаў намаляваны iм партрэт маладой асобы. Гэтыя гiсторыi штогод прыцягваюць турыстаў, якiм карцiць самiм пераканацца ў iснаваннi духаў i прывiдаў. Але толькi шчаслiўцам выпадае ўбачыць здань Чорнага манаха цi Белай Панны. Затое турыстычны брэнд, у адрозненне ад прывiда, можа ўбачыць кожны.

Арганiзатарамi мерапрыемства паўсталi агенцыi "Гiсторыя-Тур", "Гальшаны Тур" i Ашмянскi райвыканкам. Для апошняга гэтая падзея стала пачаткам выканання праграмы турыстычнага развiцця. Мясцовымi ўладамi плануецца правесцi кансервацыю руiнаў замка, каб зрабiць з яго цэлы турыстычны комплекс з экскурсiямi i забавамi. Запланаваны вынас з тэрыторыi замка лiнiй электраперадачы i аднаўленне сiстэмы сажалак. Аднак iнфраструктура, неабходная для прыняцця вялiкай колькасцi турыстаў, пакуль адсутнiчае. У мястэчку дзейнiчае тры рэстарацыi, якiя на выхадныя днi часцей зачынены на спецабслугоўванне. Месцы для начлегу таксама абмежаваныя: невялiчкi гатэль, тры зарэгiстраваныя аграсядзiбы i пяць на стадыi рэгiстрацыi, ды славуты кляштар, дзе не кожны адважыцца пераначаваць, баючыся спаткання з прывiдам. f7 "Мы робiм акцэнт на туры выхаднога дня, якiя начлегу не прадугледжваюць, - каментуе Юры Адамчык, старшыня Ашмянскага райвыканкама. - Тым, хто захоча ў нас затрымацца, можам прапанаваць пляцоўку для намётаў".

"Гальшанскi замак" стаў яшчэ адным крокам у развiццi гiстарычнага турызму. Патрэба ў гэтым ёсць, асаблiва сярод дзетак, мяркуючы толькi па тым, колькi маленькiх наведвальнiкаў было ў Гальшанах. У суседняй Польшчы наведванне археалагiчных фестываляў уваходзiць у школьную праграму. Гэта добры спосаб выхоўваць дзяцей у пашане да гiстарычнай спадчыны.

"Цi вы хочаце прыязджаць у Гальшаны штогод?" - запытаўся са сцэны кiраўнiк агенцыi "Гiсторыя-Тур" Алесь Кушнер. Спадзяюся, што гучнае "Так" вызначыла шчаслiвы лёс фестывалю. У наступным годзе арганiзатары запрашаюць на ўрачыстасцi з нагоды 400-годдзя Гальшанскага замка.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах