01.09.2011

 - Газета

Замест палаца – дурдом, альбо Што цяпер месціцца ў гістарычных сядзібах?

У вёсцы Грозава калісьці пачынаўся слуцкі збройны чын, фарміраваўся 2-гі Грозаўскі полк.

У адзіным у Беларусі доме-крэпасці 1613 года цяпер размя­шч­а­ецца бальніца для псіхічна хворых людзей.

Радзіма прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча – вёска Сноў – славутая не толькі агракультурнымі дасягненнямі.

Палац у вёсцы Жылічы, што ў Кіраўскім раёне, называюць адным з самых вялікіх у Беларусі.

Былы загарадны маёнтак графаў Пуслоўскіх Альбярцін сёння ўваходзіць у рысу горада Слоніма.

Адар’я ГУШТЫН

1. Тоўстыя сцены Грозаўскага палаца

У вёсцы Грозава калісьці пачынаўся слуцкі збройны чын, фарміраваўся 2-гі Грозаўскі полк. Але тут найбольш памятаюць гісторыю Другой сусветнай вайны і мала хто ўяўляе, што іх аднавяскоўцы ў 1920 годзе актыўна аказвалі супраціў савецкім уладам.

Калі спусціцца бліжэй да ракі, можна ўбачыць вялікі двухпавярховы белы будынак з пустымі праёмамі вокнаў і ўжо дзіравым дахам. Гэта палац Мержэеўскіх, пабудаваны ў другой палове XVIII ст. у стылі класіцызм. Ён мае сіметрычную планіроўку, і ягоная кампазіцыя вылучаецца чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе. Ля будынку захаваліся рэшткі парку. Гісторыя гэтага палаца — тыповая для беларускіх мястэчак. Звычайна пасля рэвалюцыі ў раскошных шляхетных маёнтках размяшчалі шпіталі, інтэрнаты альбо адміністрацыю калгасаў. У Грозаве ў панскім палацы ў 1970-х гг. адкрылі школу. Пасля распаду СССР будынак пустуе і на вачах прыходзіць у занядбанне.

Дзе знаходзіцца: в. Грозава, Копыльскі раён

s1

2. Дурдом у крэпасці

У адзіным у Беларусі доме-крэпасці 1613 года цяпер размя­шч­а­ецца бальніца для псіхічна хворых людзей. Гэта можа падацца дзіўным, але менавіта дзякуючы «новаму віду дзейнасці» дом-крэпасць у Гайцюнішках застаўся ў добрым стане. Медыкі зрабілі тут рамонт, у значнай ступені вярнулі крэпасці былую веліч. Збудаваў яе галандскі дойлід Пётр Нонхарт, які напрыканцы ХVІ ст. быў прызначаны галоўным архітэктарам Вільні, а ў Гайцюнішках вырашыў пабудаваць сабе нешта накшталт лецішча. Паколькі Нонхарт спецыялізаваўся на абарончых пабудовах, то нават сваё жытло зрабіў, як сапраўдную крэпасць. Ды так удала, што шведы не змаглі ўзяць яе падчас вайны! Нягледзячы на тое, што ў доме цяпер размяшчаецца медыцынская ўстанова, галоўны доктар дазваляе турыстам прайсці ўнутр. Праўда, загадзя трэба аплаціць памежны збор – каля 7 тысяч рублёў: вёска ўваходзіць у памежную зону. У бальніцы вядуць адмысловы журнал для запісу наведвальнікаў – каб вывучыць геаграфію турыстаў. Фатаграфаваць можна ўсё, акрамя аддзялення з аховай. Больш за тое, у сам дом-крэпасць можна ўвайсці, пахадзіць па першым паверсе, дзе знаходзяц­ца адміністрацыйныя пакоі. Тут можна пабачыць і стэнд з гісторыяй крэпасці, аздоблены фотаздымкамі. Пасля Другой сусветнай вайны ў замку была школа механізатараў, бальніца акрылася тут у 1956 го­дзе. Галоўны доктар Маргарыта Ку­дзян робіць усё магчымае, каб помнік архітэктуры захаваўся належным чынам. У планах – аднавіць капліцу, дзе пахаваны Пётр Нонхарт.

Дзе знаходзіцца: в. Гайцюнішкі, Воранаўскі раён

s2

3. Сляды спадчыны ў Снове

Радзіма прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча – вёска Сноў – славутая не толькі агракультурнымі дасягненнямі. У гэтым спадчынным радзівілаўскім мястэчку да нашых дзён захаваліся велічны класіцыстычны палац Рдултоўскіх, арыгінальны сядзібавы дом роду Гартынгаў, а таксама дзве старыя святыні – касцёл Яна Хрысціцеля і царква Святых Касмы і Даміяна. Аднак не ў кожны з гэтых аб’ектаў можна лёгка патрапіць. Сёння на тэрыторыі рэзідэнцыі Рдултоўскіх знаходзіцца вайсковы шпіталь, які размясціўся ў самім палацы. З гэтай прычыны тэрыторыя закрытая, таму, каб патрапіць на яе, трэба прайсці кантрольна-прапускны пункт. Аднак на КПП вам паведамяць, што праход на тэрыторыю шпіталя забаронены. Экскурсія магчымая толькі вакол палаца. Мясцовыя жыхары кажуць, што за ўсю прысутнасць тут савецкіх, а пасля беларускіх вайскоўцаў будынак палаца так і не дачакаўся належнага рамонту – не было сродкаў. Але дзякуючы вайскоўцам будынак з усім вонкавым дэкорам цалкам захаваўся да нашых дзён. Палац функцыянуе, што пакідае надзею на далейшую яго «кансервацыю» адзнішчальніцкай дзей­нас­ці метэаралагічных умоў і чалавека, пакуль сюды не прыйдуць больш светлыя часы. А вось трапіць у сядзібу Гартынгаў даволі проста: трэба спытаць у мясцовых жыхароў, дзе знаходзіцца бальніца. Гэта арыгінальны кампактны дамок на ўзвышку з садова-паркавым атачэннем і характэрным бальнічным пахам усярэдзіне. Каб уявіць ранейшую ўнутраную аздобу добра захаваных пакояў, трэба пафантазіраваць.

Дзе знаходзіцца: в. Сноў, Нясвіжскі раён

s3

4. Музей вайны ды краязнаўства на месцы найвялікшага палаца

Палац у вёсцы Жылічы, што ў Кіраўскім раёне, называюць адным з самых вялікіх у Беларусі. Яго плошча 4 тысячы кв. м. Палац быў пабудаваны ў 1830-я гады архітэктарам Падшчынскім, належаў роду Булгакаў. У плане ён мае выгляд літары «П». Калісьці пры ім была царква, але цяпер яна не дзейнічае. Пасля рэвалюцыі ў ім знаходзілася школа для працоўнай моладзі, у 30-я гады – шпіталь. Такое ж прызначэнне абралі і немцы, калі акупіравалі гэтую тэрыторыю.  У пасляваенны час тут знаходзіўся тэхнікум. Цяпер палац функцыянуе як Дом культуры: у ім знаходзіцца бібліятэка і некалькі музеяў. Наведвальнікаў цешыць, што тут аднавілі інтэр’ер, хоць некаторыя сцены пакінулі ў стылі савецкай эпохі – з выявамі Леніна. Тым не менш, ён адзін з нямногіх, што пасля разбурэнняў застаўся аб’ектам культуры.

Дзе знаходзіцца: в. Жылічы, Кіраўскі раён

s4

5. Дом культуры «Альбярцін»

Былы загарадны маёнтак графаў Пуслоўскіх Альбярцін сёння ўваходзіць у рысу горада Слоніма. Каменны двухпавярховы дом ХІХ ст. у сярэдняй частцы мае порцік і разгалінаваную лесвіцу, а побач – скульптуры ільвоў. Захавалася і старая гаспадарчая прыбудова.
Цяпер тут знаходзіцца Дом культуры. Будынак пафарбавалі ў светла-зялёны колер, і велічныя львы ля прыступкаў на гэтым фоне сталі выглядаць недарэчна.

Дзе знаходзіцца: г. Слонім

s5

У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі Сяргея Плыткевіча, Generation.by.

Працяг будзе


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах