01.10.2009

 - Газета

Вадзiм Лакiза: "Да 2007 года Белавежская пушча была белай плямай на археалагiчнай карце Беларусi"

Гэтай восенню археолагаў, якiя даследуюць Белавежскую пушчу, чакаюць не толькi новыя знаходкi, але i святкаванне 600-годдзя пушчы, дзякуючы якому i пачалося комплекснае даследаванне рэгiёну.

v1 Восень - самая цудоўная пара для археолагаў. Калi ўжо няма травы, сельскагаспадарчыя палi прыбраныя, некаторыя знаходкi можна ўвогуле даволi лёгка ўбачыць на паверхнi, трэба толькi ведаць, куды глядзець. Гэтай восенню археолагаў, якiя даследуюць Белавежскую пушчу, чакаюць не толькi новыя знаходкi, але i святкаванне 600-годдзя пушчы, дзякуючы якому i пачалося комплекснае даследаванне рэгiёну. Пра тое, як усё пачыналася, аб цяжкасцях даследавання i перспектывах нацыянальнага парка расказвае Вадзiм Лакiза, кандыдат гiстарычных навук, загадчык аддзела археалогii першабытнага грамадства iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi.

- Як пачыналiся даследаваннi Белавежскай пушчы археолагамi?

- Навуковы праект быў разлiчаны на два гады - 2007-2008. У рамках яго мы i пачалi грунтоўна даследаваць археалагiчную спадчыну Белавежскай пушчы. Да гэтага часу можна сказаць, што пушча заставалася такой своеасаблiвай белай плямай на археалагiчнай карце Беларусi. Былi пэўныя звесткi аб тым, што тут знаходзiлi нейкiя старажытныя прылады працы цi каменныя свiдраваныя сякеры. Яшчэ раней былi вядомыя курганы. Але комплексных шырокамаштабных работ не праводзiлася. Прычынай быў i запаведны рэжым Белавежскай пушчы, i памежнасць некаторых раёнаў - такiх як Свiслацкi цi Камянецкi. Увогуле археолагi пачалi даследаваць Белавежскую пушчу яшчэ з канца ХiХ стагоддзя, былi спробы зрабiць iнвентарызацыю курганоў. Пасля на працягу амаль усяго ХХ стагоддзя археалагiчнае вывучэнне Белавежскай пушчы не вялося. Толькi ў сярэдзiне 90-х гадоў было праведзена некалькi археалагiчных разведак на поўначы пушчы, у Свiслацкiм раёне. Я таксама ў iх удзельнiчаў. i вось у 2007 годзе дзякуючы рашэнню святкаваць 600-годдзе Белавежскай пушчы мы, археолагi, атрымалi магчымасць усебакова даследаваць дадзеную тэрыторыю. Трэба зазначыць, што мы вывучаем крынiцы матэрыяльнай культуры таго часу, калi пiсьмовых крынiц не iснавала. Для нас асноўныя крынiцы, гiстарычныя цi археалагiчныя, - гэта тое, што мы знаходзiм падчас археалагiчных разведак i раскопак. У 2007-2008 гадах была арганiзавана комплексная археалагiчная экспедыцыя, у склад якой увайшлi даследчыкi розных перыядаў: каменнага веку, бронзавага i эпохi жалеза. У 2008 годзе да нас далучыўся спецыялiст па раннiм Сярэдневеччы, якi займаўся даследаваннем курганоў на тэрыторыi Белавежскай пушчы. Такiм чынам, 2007 год можна лiчыць пераломным у гiсторыi археалагiчнага вывучэння пушчы, годам адкрыцця яе археалагiчнай спадчыны для грамадскасцi. Але 2007 год быў i адным з найбольш складаных. Мы павiнны былi ўзгаднiць свае работы з адмiнiстрацыяй Белавежскай пушчы, дамовiцца з Мiнiстэрствам аховы навакольнага асяроддзя i прыродных рэсурсаў i Брэсцкiм дзяржаўным унiверсiтэтам iмя А.С. Пушкiна аб тым, што студэнты гiстарычнага факультэта будуць праходзiць летнюю практыку на раскопках у Белавежскай пушчы. Толькi калi ўсе гэтыя пытаннi былi вырашаны, можна было пачынаць працу. Першым этапам сталi, як звычайна, разведачныя работы. Мы абследавалi ўчасткi ракi Лясной памiж вёскамi Вiлы i Камянюкi. За некалькi дзён нам удалося выявiць i нанесцi на археалагiчную карту каля 10 новых аб'ектаў, якiя былi невядомы да гэтага часу. Пасля чаго стала зразумела: далейшыя пошукi вельмi перспектыўныя, матэрыял у навуковым плане цалкам новы, не даследаваны. На лета мы вызначылi некалькi археалагiчных аб'ектаў i пачалi раскопкi. Я даследаваў некаторыя першабытныя стаянкi каля вёсак Вiлы, Селiшча Малое i пасёлка Камянюкi. Алена Калечыц праводзiла раскопкi на шматкультурным паселiшчы Камянюкi-2. Яшчэ ў той год з намi працаваў Вадзiм Белявец, якi займаўся стаянкай каменнага веку i гарадзiшчам ранняга жалезнага веку Камянюкi-1.

Восенню 2007 года мы хадзiлi па трох раёнах недзе дзён 20. Наш маршрут пралягаў па Пружанскiм, Свiслацкiм i Камянецкiм раёнах, каля рэк Нараў, Нараўка, Лясная, Лясная Белая i ўздоўж невялiчкiх прытокаў i азёраў Ясельды - асноўных водных басейнаў Белавежскай пушчы. i ў вынiку нам удалося стварыць унiкальную археалагiчную карту, на якую было нанесена звыш 50 археалагiчных аб'ектаў: ад стаянак эпохi фiнальнага палеалiта, якiя датуюцца недзе 10 тыс. да н.э., да селiшчаў эпохi жалезнага веку часоў Вялiкага перасялення народаў, звязанага са старажытнымi готамi цi вельбарскай культурай. Гэта велiзарнейшы пласт археалагiчных крынiц, тысячы новых артэфактаў: крамянёвыя наканечнiкi стрэл эпохi фiнальнага палеалiта, янiславiцкiя вастрыi эпохi мезалiта, трохвугольныя крамянёвыя наканечнiкi стрэл позняга неалiту i бронзавага веку, звязаныя з першымi iндаеўрапейцамi на тэрыторыi Беларусi. Гэта таксама фрагменты ляпной керамiкi - самай старажытнай на Беларусi, якая датуецца недзе 5 тысячагоддзем да н.э. Вы толькi ўявiце сабе - 7 тысяч гадоў таму каля сучаснай вёскi Камянюкi ля ракi Лясная Правая жанчыны - а вядома, што менавiта жанчыны займалiся гэтай справай - выраблялi старажытны посуд, кавалкi якога мы зараз можам адшукаць! Перыядам жалезнага веку датуюцца знойдзеныя намi фiбулы, упрыгожаннi з каляровагу металу, жалезныя нажы, металiчныя i касцяныя вырабы.

- А якiя знаходкi самыя унiкальныя?

- Вось гэтае пытанне для археолага заўсёды вельмi складанае. Адказаць на яго адназначна немагчыма. Калi спытаць у мяне, што для мяне унiкальнае, я скажу: крамянёвы трохвугольны наканечнiк стралы, цi фрагмент, нават самы маленькi, керамiкi са шнуравым арнаментам, цi фрагмент керамiкi насельнiцтва тшцiнецкай культуры, якое пражывала ў часы ранняга бронзавага веку на тэрыторыi Беларусi. Мiкалай Крывальцэвiч, якi даследуе старажытнасцi неалiту i бронзавага веку, таксама самымi унiкальнымi назаве знаходкi такога характару. Калi ж узяць спецыялiста па жалезнаму веку, дык для яго унiкальнымi будуць, напрыклад, фiбулы вельбарскай культуры. Вось Вадзiм Белявец, якi быў з намi ў экспедыцыi, скажа, што самае унiкальнае - гэта жаночыя ўпрыгожаннi, якiя даюць магчымасць гаварыць аб нейкай этнiчнай прыналежнасцi насельнiцтва. Для кагосьцi самымi каштоўнымi будуць старажытныя праселкi, якiя сведчаць аб развiццi ткацтва на Беларусi. Калi яшчэ казаць пра унiкальныя знаходкi з тэрыторыi Белавежскай пушчы, дык нельга не ўзгадаць пра даволi рэдкiя крамянёвыя шлiфаваныя i каменныя свiдраваныя сякеры.

- А скарбы якiя-небудзь цiкавыя траплялiся?


- Самi археолагi сустракаюць скарбы рэдка. Не ведаю, з чым гэта звязана, але калi праводзiць даследаваннi мэтанакiравана, дык знайсцi скарб амаль немагчыма. Вось вы, напрыклад, маеце больш шансаў натрапiць на скарб, чым я цi мае калегi. Скарбы знаходзяцца зазвычай выпадкова, падчас земляных работ цi вандровак. Для даследаванняў першабытных помнiкаў, чым я займаюся, скарбы ўвогуле рэдкасць.

- Можа вам удалося адкрыць нейкiя паганскiя капiшчы?

- На тэрыторыi Белавежскай пушчы ёсць некалькi такiх месцаў, якiя лiчылi за капiшчы: Дзявочая Гара, Панi Гара. Па назвах можна меркаваць, што яны звязаны з абраднасцю i духоўнай культурай. Мы наведалi адно такое месца, але гiпотэза не пацвердзiлася. Дзявочая Гара цалкам зарасла лесам, мы з вялiкай цяжкасцю даехалi туды. Пасля яе абследвання сказаць на 100%, што гэта былое паганскае свяцiлiшча, на жаль, не змаглi. Увогуле, калi весцi размову пра рэлiгiйныя помнiкi, дык трэба згадаць, што на тэрыторыi Белавежскай пушчы iснуе вялiкая колькасць курганоў. Каля 140 дакладна лакалiзаваных курганных насыпаў, адзiночных курганоў i могiльнiкаў. Могiльнiкi - гэта некалькi курганоў, аб'яднаных у групу. Даследаваннямi iх у свой час спрабавала займацца Ала Квяткоўская. Яна правяла раскопкi некалькiх курганоў. Яшчэ з пiсьмовых крынiц была вядома наяўнасць курганоў каля вёскi Вялiкi Лес. У 2008 годзе Алег iоў паспрабаваў правесцi там раскопкi, але курганы аказалiся пустымi. Такое часта здараецца ў археалогii. Як кажуць палякi, якiя вывучалi курганныя могiльнiкi на тэрыторыi польскай часткi Белавежскай пушчы, звыш 60% курганоў аказалiся пустымi, гэта значыць без пахавальнага iнвентара.

- Чаму курганы могуць быць пустымi?

- Сярэднявечныя курганы - гэта далёка ад тэматыкi маiх даследаванняў, але я магу выказаць некаторыя меркаваннi, зыходзячы з размоў з калегамi. Па-першае, гэта, магчыма, зусiм не пахаваннi. Гэта могуць быць узвыш-шы, якiя сфармавалiся пад уздзеяннем нейкiх прыродных фактараў. Такiя версii магу пацвердзiць некаторымi сваiмi назiраннямi. Усё-такi па пушчы мы за два гады паездзiлi шмат. Даволi часта можна назiраць такую карцiну. Вецер вырывае старое дрэва з каранём, што стварае насып. У запаведным рэжыме гэта дрэва пакiдаецца. Яно не распiльваецца. Паступова з цягам часу такое дрэва ператвараецца ў труху. А сам насып застаецца.

Пустыя курганы таксама могуць быць звязаны з гаспадарчай дзейнасцю насельнiцтва Белавежскай пушчы, калi ў XVIII-ХiХ стагоддзях з дрэва здабывалi драўняны вугаль. iснуе яшчэ такое паняцце, як кенатафы - гэта пустыя магiлы, якiя стваралiся ў выпадку, калi чалавек памiраў на чужыне, напрыклад, падчас вайсковага паходу, i не было магчымасцi яго пахаваць. У такiм выпадку насыпалi курган, i ён заставаўся пусты. Вось зусiм нядаўна я размаўляў са сваiмi калегамi А. Вайцяховiчам i М. Плавiнскiм. Яны распавядалi, што вельмi часта ў курганных групах, якiя налiчваюць як мiнiмум 10 насыпаў, а часам i больш, цэнтральны рабiлi самым вялiкiм, а вакол яго некалькi меншых па памерах. i чамусьцi ў большасцi выпадкаў цэнтральны курган бывае пусты. Дакладна невядома, з чым гэта звязана. Магчыма, рабаванне пахаванняў было адвечнай праблемай. Таму цэнтральны насып рабiлi спецыяльна самым вялiкiм i пустым, каб адцягнуць увагу рабаўнiкоў ад меншых пахаванняў. Яшчэ ёсць меркаванне, што курганныя насыпы адыгрывалi ролю верставых слупоў. Рабiлася гэта так: у роўным полi насыпалi курган, за кiламетр - другi, пасля трэцi, ужо, напрыклад, у лесе. Калi стаць на адно з такiх узвышшаў, дык можна ўбачыць другое. Такiм чынам пазначалi шлях. Гэта асноўныя версii.

- Цi плануецца пабудова археалагiчнага музея пад адкрытым небам?

- Так, у сувязi з тым, што Белавежская пушча - гэта важны турыстычны цэнтр, мы разумеем, што ўсю нашу iнфармацыю трэба нейкiм чынам выкарыстаць у практычным плане. i мы распрацавалi некалькi рэкамендацый па выкарыстанню археалагiчнай спадчыны. На першым месцы стаiць стварэнне музея прыроды i гiсторыi Белавежскай пушчы. Зараз гэта праца ўжо iдзе даволi хуткiмi тэмпамi. Пабудаваны новы будынак музея, у якiм ствараецца экспазiцыя. Самыя цiкавыя археалагiчныя знаходкi мы перадалi ў музей. Хацелася, каб гэты музей быў зроблены на лепшым еўрапейскiм узроўнi. Я дакладна не ведаю, што ў рэшце рэшт атрымаецца. Я толькi даваў парады i прапановы, каб з навуковага боку ўсё было дакладна, не было памылак i недарэчнасцяў. Калi казаць пра галоўную iдэю, дык археолагi i гiсторыкi настойваюць, каб была паказана ўся гiсторыя Белавежскай пушчы, а не толькi 600 год iснавання ахоўнага рэжыму - ад моманту з'яўлення першых людзей на тэрыторыi Белавежскай пушчы, першых паляўнiчых на паўночнага аленя, якiя сялiлiся на ўзбярэжжы рэк Лясной, Нарава.

Нам хацелася, каб са знойдзеных артэфактаў была зроблена максiмальная рэканструкцыя. Калi гэта крамянёвы наканечнiк, дык павiнны быць зроблены самi стрэлы. Калi гэта каменныя сякеры, дык хацелася б убачыць поўную рэканструкцыю гэтай сякеры. Каб чалавек, якi прыходзiць у музей, мог не толькi ўявiць, як выглядалi, але i пабачыць, якiм чынам старажытныя людзi карысталiся гэтымi прыладамi працы. Падчас дэманстрацыi каменнай свiдраванай сякеры павiнен прысутнiчаць станок, з дапамогай якога свiдравалiся ў сякеры адтулiны. Калi прадстаўляць крамянёвую шлiфаваную сякеру, дык павiнны быць i каменныя шлiфавальныя плiткi, на якiх бачны сляды ад шлiфавання сякер. Калi казаць пра ганчарную керамiку, дык неабходна паказаць наведвальнiкам музея i ганчарнае кола, на якiм яна выраблялася.

У зале першабытнай археалогii мы спадзяемся ўбачыць рэканструкцыю першабытнага жытла людзей. Гiсторыкi са свайго боку прадставяць муляжы паляўнiчай зброi i адзення, жывёл, дакументаў, рэканструкцыi сцэн палявання ў дыяграмах i г.д. Плошча будучага музея звыш 1000 квадратных метраў. Гэта дастаткова вялiкая тэрыторыя, каб зрабiць добры музей i паказаць усю прыгажосць i унiкальнасць Белавежскай пушчы.

Але такi музей - гэта толькi першая частка. Мы прапанавалi стварыць на тэрыторыi Белавежскай пушчы, каля вёскi Камянюкi, археалагiчны музей пад адкрытым небам. Падобныя музеi вельмi папулярныя ва ўсiм свеце. Можна ўзгадаць суседнюю Польшчу, дзе iснуе некалькi такiх аб'ектаў, напрыклад, Кшэмёнкi Апатаўскiя i Бiскупiн. На iх тэрыторыi праводзяцца археалагiчныя фестывалi. Па-iншаму гэта называецца "жывая археалогiя". Нам хацелася стварыць нешта падобнае i ў Белавежскай пушчы.

Дарэчы, у сусветнай практыцы вядомы два варыянты такiх музеяў пад адкрытым небам. Першы ствараецца непасрэдна на плошчы археалагiчнага помнiка. У якасцi прыкладу можна прывесцi Бiскупiн - гарадзiшча лужыцкай культуры, якое iснавала 2700 гадоў таму. Гэтае гарадзiшча было раскапана, i ў другой палове ХХ стагоддзя рэканструявана. Зараз можна ўбачыць яго ў першапачатковым выглядзе. Другi варыянт - гэта так званыя археалагiчныя паркi, калi музей пабудаваны на месцы пустым з пункту гледжання дакладных археалагiчных помнiкаў, але падмацаваным турыстычнымi патокамi i фiнансава перспектыўным. У Белавежскай пушчы каля вёскi Камянюкi i першае i другое ўзаемазвязаны. Тут вядомы 12 археалагiчных аб'ектаў - ад стаянак да гарадзiшч. Побач з урочышчам Горы на ўзбярэжжы ракi Лясная Правая, недалёка ад уязных варот у Белавежскую пушчу таксама ёсць некалькi стаянак эпохi фiнальнага палеалiту i мезалiту, ёсць гарадзiшчы i паселiшчы эпохi неалiту. Калi ўсе яны будуць узаемазвязаны ў адзiны арганiзм музея, гэта стане цiкава i перспектыўна для прыцягнення турыстаў.

Мы распрацавалi такi праект, мэтай якога з'яўляецца дэманстраванне асноўных этапаў развiцця Белавежскай пушчы - ад жытла эпохi фiнальнага палеалiту i мезалiту да культавых цэнтраў бронзавага веку, з павiльёнамi, у якiх будуць паказаны самi раскопкi i працэс накаплення культурных слаёў. Хацелася б прадставiць наведвальнiкам музея, як выглядала вогнiшча 5 тысяч гадоў таму. Мы таксама прапанавалi пабудаваць этнаграфiчную вёску перыяду позняга Сярэднявечча. Адным словам, нам хацелася, каб будучы археалагiчны музей Белавежскай пушчы стаў такiм своеасаблiвым падарожжам у часе ад глыбокай старажытнасцi да сучаснасцi.

Гутарыла Святлана КiРПА


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах