30.07.2009

 - Газета

Унiя прыгажосцi i практычнасцi

Сучасныя святы - дзень горада цi нейкi фэст - немагчыма ўявiць без удзелу людзей, якiя ствараюць уласнымi рукамi сапраўдныя цуды. iх вырабы вабяць сваёй непаўторнасцю i самабытнасцю. Мы размаўляем на тэму развiцця мастацкiх рамёстваў у нашай краiне з прафесарам, доктарам мастацтвазнаўства, старшыней грамадскага аб'яднання "Беларускi саюз майстроў народнай творчасцi" Яўгенам Сахутам.

sahut Сучасныя святы - дзень горада цi нейкi фэст - немагчыма ўявiць без удзелу людзей, якiя ствараюць уласнымi рукамi сапраўдныя цуды. iх вырабы вабяць сваёй непаўторнасцю i самабытнасцю. Мы размаўляем на тэму развiцця мастацкiх рамёстваў у нашай краiне з прафесарам, доктарам мастацтвазнаўства, старшыней грамадскага аб'яднання "Беларускi саюз майстроў народнай творчасцi" Яўгенам Сахутам.

- Яўген Мiхайлавiч, калi гаварыць пра народнае мастацтва ўвогуле, то што гэта за з'ява i як яна ўплывае на культурнае жыццё краiны?


- Кажучы папулярна, народныя промыслы - гэта ручная творчасць народа, усё тое, што чалавек рабiў з дапамогай нескладаных iнструментаў з мэтай выкарыстання гэтых рэчаў у сваiм штодзённым жыццi. Усе народы ў сваiм развiццi праходзяць этап, калi яны практычна ўсё вымушаны рабiць сваiмi рукамi. Навукова-тэхнiчны прагрэс многiя з гэтых рэчаў робiць набыткам мiнулага, але некаторыя, дзякуючы пэўным намаганням, набываюць новае жыццё ў сучасных умовах урбанiзацыi i глабалiзацыi. Беларусь як раз яскрава дэманструе ўсе гэтыя працэсы. Сто гадоў таму наша вёска жыла амаль натуральнай гаспадаркай - усё, што было трэба, чалавек рабiў сам: будаваў хату, майстраваў мэблю, ствараў адзенне, прылады працы, посуд i гэтак далей. Час iшоў, i ручную работу амаль цалкам выцеснiла прамысловая вытворчасць. Добра гэта цi кепска - iншае пытанне, супрацiўляцца прагрэсу, мабыць, i не трэба. Трэба думаць аб тым, што разам з гэтым страчваем целы пласт традыцыйнай культуры, асаблiва, калi размова iдзе пра мастацкiя рамёствы i промыслы. Тэкстыльныя i ганчарныя вырабы, драўляныя рэчы, каваныя з металу i плеценыя рэчы. Яны ўсе, безумоўна, практычныя i зручныя, але адначасова i прыгожыя. Вось гэта спалучэнне практычнасцi i прыгажосцi i ёсць тое, што мы называем народным мастацтвам. Гэта характэрна не толькi для Беларусi, але i для ўсiх краiн свету. Самае цiкавае, што ва ўсiм свеце выкарыстоўваюцца практычна адны i тыя ж матэрыялы: глiна, салома, дрэва, лаза - а вырабы ў кожнага народа свае, непаўторныя.

- Чым жа вызначаецца беларускае народнае мастацтва, якiя ў яго адметныя рысы?

- Гэта глабальная тэма. Коратка можна сказаць, што ў параўнаннi з суседзямi, нават славянскiмi, па-першае, беларускiя мастацкiя рамёствы захавалi глыбокiя старажытныя каранi, а па-другое, у народных вырабах пераважае не дэкаратыўная функцыя, а практычная, бытавая. Дэкор, калi i быў, толькi падкрэслiваў форму альбо дапаўняў яе, але нiколi не з'яўляўся самамэтай. Вось гэта стрыманасць, дарэчы, як i ўвесь наш характар, i ёсць галоўная адметная рыса беларускага народнага мастацтва.

- Даволi часта даводзiлася бачыць, як на розных фэстах i святах жыхары i госцi гарадоў звяртаюць увагу на стракатыя вырабы працавiтых кiтайцаў i шыбуюць паўз аўтэнтычныя i прывабныя творы таленавiтых народных майстроў.  Цi патрэбна, наогул, народнае мастацтва нашаму народу?

- На гэта пытанне можна адказаць пытаннем: "А навошта нам опера i балет, калi ёсць эстрадная папса, на якую народ валiць валам?" На маю думку, людзi кiдаюцца на кiтайскi "шырпатрэб", перш за ўсё таму, што гэта тавар капеечны. Сапраўдны спажывец, якi ведае толк у культуры, на любым свяце цi кiрмашы будзе шукаць работы сапраўдных майстроў. Але такiх людзей у грамадстве, на жаль, няшмат. Ёсць такi пастулат: калi ў грамадстве 10% насельнiцтва хоць трохi разбiраецца ў культуры, яно лiчыцца высокакультурным. Мяркую, што ў нас такi працэнт усё ж такi набярэцца. А ўсе астатнiя кiдаюцца на танны тавар, i, дарэчы, гэта адбываецца не толькi ў нас. Вось нашы майстры бывалi за мяжой, напрыклад, у Германii. Немцы таксама вохкаюць i захапляюцца, але калi побач в'етнамец прадае за адзiн еўра 20 рысавых капелюшаў, а ў нашага майстра адзiн капялюш каштуе 20 еўра, самi разумееце, каму немцы аддадуць грошы. Ёсць i яшчэ адзiн аспект: большасць пакупнiкоў нарадзiлася сярод гэтых посцiлак, глечыкаў, падкоў, рушнiкоў, i яны з'яўляюцца звыклымi. А кiтайскi тавар - гэта экзотыка! Тут патрэбна велiкая растлумачальная работа.

- А як наогул iдзе фармiраванне цаны на вырабы народных майстроў?

- Тут дзейнiчаюць звычайныя рыначныя законы - законы цэнаўтварэння. Калi майстар сядзiць целы тыдзень над вырабам, а да гэтага яшчэ i рыхтаваўся да працэсу, напрыклад, салому зжаў, прывёз дадому, высушыў, апрацаваў, размачыў, зрабiў пляцёначку, а потым сплёў капялюш, ён не можа прадаць гэты выраб за капейкi. Вось так i ствараецца цана. Гэта ж твор мастацтва, а не штампаваны тавар, у яго ўкладваецца душа!

- Яўген Мiхайлавiч, а цi не можа адбыцца так, што народнае мастацтва з цягам часу пераўтворыцца ў нейкi "клуб па iнтарэсах"?

- Калi сёння да нас прыязджаюць еўрапейцы, у iх робяцца вялiкiя вочы ад таго, што ў нас яшчэ жывая народная культура ў яе аўтэнтычных праявах. Мы паспелi паразумнець раней, чым страцiлi рэшткi народнай культуры!  На гэтым грунце сёння пачынаецца яе развiццё, але ўжо на iншай аснове. Мастацкiя рамёствы амаль не выконваюць практычнай функцыi. Сёння вырабы майстроў выконваюць больш эстэтычную i дэкаратыўную ролю. Гэта творы Мастацтва з вялiкай лiтары. Такiм чынам я нiколi не стаў бы казаць, што народнае мастацтва стане клубам па iнтарэсах.

- Цi ёсць нейкая праблема з рынкам збыту вырабаў народных майстроў?

- Сёння рынак збыту палепшыўся. Без майстроў не абыходзiцца анiякая адметная падзея ў жыццi Беларусi. Асноўная "фiшка" кожнага свята - "Горад майстроў"! Напрыклад, у Мiнск на святкаванне Дня Незалежнасцi з'ехалася больш за 500 майстроў з усёй краiны. Наш Саюз, у якiм сёння 500 членаў, пастаянна трымае руку на пульсе i ведае, дзе i што робiцца i куды майстроў можна накiраваць. Ёсць магчымасць рэалiзоўваць свае вырабы i ў магазiнах, але большасць майстроў не хоча з iмi супрацоўнiчаць - вельмi вялiкая ў iх надбаўка.
Праблемы, безумоўна, ёсць. Беларусь ганарыцца сваiмi здабыткамi, але з'яўляецца адзiнай краiнай у Еўропе, дзе няма музея народнай культуры. Добра, калi госць краiны трапiць на нейкую акцыю, а калi не? Дзе ён убачыць вырабы майстроў? Тут патрэбна падтрымка дзяржавы, раскрутка i г.д. Тады мы не будзем здзiўляцца, што наш народ дрэнна ведае свае вытокi i купляе не беларускае, а кiтайскае.

- Цяпер вельмi модна рабiць нейкiя майстар-класы для замежных турыстаў. Цi спрабаваў праводзiць нешта падобнае саюз, якi вы ўзначальваеце?

- Па-першае, майстар-класы мы праводзiм на кожным свяце. Гэта вельмi вялiкая справа, асаблiва ў сэнсе далучэння моладзi. А наконт замежных турыстаў: Калi б у нас у Мiнску былi нейкая рамеснiцкая слабада цi цэнтр рамёстваў, гэта было б вельмi цiкава i прывабна для турыстаў. Калi б гарадскiя ўлады захапiлiся гэтай iдэяй, то такую слабаду можна было б зрабiць i ў Лошыцы, i ў Строчыцах...

Размаўляла Надзея СУСЛАВА


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах