23.07.2009

 - Газета

Алесь Камоцкi: "Я б нiколi не займаўся вершамi, каб гэта не было гульнёй!"

Аўтар тэкстаў да сваiх песень. Апавядальнiк. Бард. Выканаўца. Госць. Даверлiвы па-дзiцячы. Жыццеўстойлiвы. Заў-сёды мае напагатове вясёлы анекдот цi смешную гiсторыю з жыцця. "iлюзiянiст". Лiрык. Летуценнiк. Мастак. Мудрэц. Паэт. Сябар. Фiлосаф з самотнымi вачыма. Чарадзей - ён верыць у магiю лiчбаў i стварае магiю са слоў.

Аўтар тэкстаў да сваiх песень. Апавядальнiк. Бард. Выканаўца. Госць. Даверлiвы па-дзiцячы. Жыццеўстойлiвы. Заў-сёды мае напагатове вясёлы анекдот цi смешную гiсторыю з жыцця. "iлюзiянiст". Лiрык. Летуценнiк. Мастак. Мудрэц. Паэт. Сябар. Фiлосаф з самотнымi вачыма. Чарадзей - ён верыць у магiю лiчбаў i стварае магiю са слоў. Ён не хоча "жыць паўторамi" i "мару зводзiць да мэты", "бо тады яна страцiць бясконцасць", яго "мары жывуць па-за планамi, па-за межамi сэнсу жыцця". "Алфавiт" можна працягваць. Ён - гэта Алесь Камоцкi. Яго 50-гадовы юбiлей у мiнулым годзе прайшоў не скажу, што незаўважаны, але без залiшняй шумiхi, без помпы. Выдадзены дыск "З бацькоўскай кружэлкi", адбыўся канцэрт. Усё прыстойна, спакойна. Своеасаблiвая творчая справаздача за першае пяцiдзесяцiгоддзе жыцця...

- i першае выкананне гэтай "кружэлкi" было ў першы дзень шостага дзесятка.

kamovki

- Як табе пачуваецца на пачатку "шасцiдзесятых"?

- Так жа, як i на пачатку трыццатых i саракавых! Нармальна. Проста 50 гадоў - гэта нейкая такая дата, калi я - не ведаю, як хто там iншы - упершыню адчуў, што ў мяне ўвогуле ёсць узрост. Дагэтуль такога не здаралася. Было ўсё астатняе - iншае: галаўны боль, нейкiя прыемныя адчуваннi, а ўзросту як быццам бы i не было...

- Адчуў узрост па фiзiчным стане?

- Не, галавой! Цвяроза так падумаў. Але... праз два днi зноў забыўся. Як кажа мой кум, "яшчэ не ўжо"!

- Назвы тваiх музычных альбомаў: "Дым", "Дом", "Дах" - цi не наўмысная гульня словамi?

- Так, гэта мая такая гульня. Мала таго - ва ўсiх гэтых альбомах таксама можна гуляць i ў назвы самiх песень! Напрыклад, у зборнiку "Дым" я, каб упарадкаваць песнi, занес назвы ў камп'ютар, нацiснуў кнопачку, даўшы заданне расставiць па месцах па памеры файла, i атрымалася, што дзевятая песня называецца "Восень", дзесятая - "Кастрычнiк" i адзiнаццатая - "Лiстапад". Сапраўды так само выпала! Ад гэтага мне яшчэ больш стала хацецца "гуляцца" ва ўсё гэта. Зборнiк вершаў "48" задумваўся, калi мне было 48 гадоў, i паспеў выйсцi акурат да 49-годдзя. i "Глыбiня дажджу" - наступны зборнiк - выйшаў практычна адначасова. Там мастак "павыглупляўся" трохi i на карэньчыку, збоку, напiсаў 49... Калi вярнуцца да зборнiка "48", магу яшчэ расказаць, чаму 48. Возьмем фармат кнiжкi - 12х12. Калi чатыры разы па 12, вось табе i 48! Агулам там аказалася 100 старонак - 48 вершаў, 48 iлюстрацый, дадаем "тэхнiчныя" старонкi, атрымлiваем роўна 100. Яшчэ адна смешная штука - калi ўрэшце адабраў фотаздымкi i рабiў карэкцыю колеру, то пачаў "мыць" сцены, высвятляць колер, i на паштовай скрынi раптам сама з'явiлася лiчба 48. Мне такiя "гульнi" вельмi падабаюцца. Увогуле, я б нiколi не займаўся гэтымi вершамi, каб гэта не было для мяне гульнёй! Каб гэта была праца...

- А як з'явiлася "Бацькоўская кружэлка"?

- Воляй лёсу атрымалася. Некалькi разоў замест таго, каб пiсаць арыгiнальныя вершы, я лавiў сабе на тым, што пiшу нешта i гэта "нешта" з'яўляецца перакладам "Шумел камыш". Падумаў, калi гэта так навязлiва, то дараблю пераклад. Пасля з'явiўся пераклад "Одинокой гармони" i гэтак далей. Выпадковы даволi падбор - тое, што перакладалася. Шмат было водгукаў, i харошых. Камусьцi падабаецца - значыць патрапiў!

- "Дым", "Дом", "Дах" - было так лаканiчна. i раптам - "З бацькоўскай кружэлкi"!

- Я патрацiў так шмат лiтар, што свой апошнi альбом назваў лiчбай - "9". Па 9 песень я даўно раблю. Прэзентацыя новага альбома намечана на 9 верасня. Тым больш што ў маёй гульнi ўсё часта выходзiць на 9. Нават сёння тэлефон купляў - i ў суме там усё роўна атрымлiваецца дзевятка!

- А цi iгралi ў тваiм жыццi нейкую ролю выпадковасцi лёсу? Цi "гуляе" з табой лёс?

- Я ў гэтым напрамку нiколi не думаў. Я "гуляю" на сваiх канцэртах, каб цiкава было ў першую чаргу мне самому. Я нiколi не раблю выключна "для людзей", каб iм спадабацца. Я не заiгрываю. Калi нешта раблю шчыра, то i людзi зацiкаўлiваюцца, iнiцыятыва ўвагi сыходзiць ад iх.

- А ты адразу адчуваеш рэакцыю залы?

- Практычна адразу. Бываюць  такiя моманты, калi аўдыторыя непад'ёмная. Тады, каб уратаваць становiшча, я пачынаю "заглыбляцца" ў сябе, хавацца i адвальваць ад гэтай залы. iм робiцца цiкава, "а куды ж ён пайшоў", i яны цягнуцца за мной.

- Дарэчы, пра розныя аўдыторыi. Сёлета ты выступаў i ў Музеi гiсторыi i культуры Беларусi, i ў зале касцёла Святых Сымона i Алены, недзе чытала, што ты мусiў калiсьцi выступаць нават ў турме i перад бандзюкамi...

- Не ведаю, чаму журналiсты так учапiлiся за мой расказ i напiсалi пра гэта.

 Наконт турмы - даўно, яшчэ ў студэнцтве было такое, выступалi разам з агiтбрыгадай. Так цёпла прымалi, хаця, на мой погляд, мы такую лухту там рабiлi...

А да "аўтарытэтаў" трапiў зусiм выпадкова. Былi ў Чалябiнску на фестывалi ў 1991-м, я тады яшчэ нармальна выпiваў i так здарылася, што адбiўся ад калектыву. Я дакладна ведаў рэстаранчык, у якiм нас кармiлi, i ведаў, што ўсе павiнны прыехаць да гэтага рэстаранчыка. А ўжо адтуль - на цягнiк i да хаты. Стаю я з гiтарай у руках - сумны, непахмелены, а з машыны вылазяць нейкiя мужыкi. Мяне паддзелi, я нешта агрызнуўся. Потым адзiн да мяне вярнуўся, разгаварылiся, запытаўся, чаму з гiтарай. Угаварыў адну песеньку спець, пачаў пець - тут другi з'явiўся, падхапiлi мае рэчы, я быў вымушаны бегчы за iмi: "Хлопцы, гiтару вярнiце!". У банкетную залу заходзiм, а там усё накрыта. Мне адразу - чарачку, i добра так пайшло! Вельмi лёгка! Мае беларускiя песнi, бачу, так цудоўна "кацяць". i не адпусцiлi, пакуль не сабралi ў дарогу: далi ежы, гарэлкi з сабой.

А наконт касцёла - нiколi не думаў, што туды прыйдзе столькi людзей! Толькi адну абвестку вывесiў на сваiм ЖЖ , а там падхапiлi, i набралася паўнюткая зала! Вельмi прыемна, што прыйшло шмат незнаёмых людзей - бо быў такi перыяд, калi прыходзiла мала, i ўсе знаёмыя... Вельмi прыемна, што прыходзяць з дзецьмi, i даволi маладыя юнакi i дзяўчаты. Плюхаюцца на падлогу, калi месца няма, як ты магла назiраць на адным з нядаўнiх канцэртаў - хiхiкалi нешта ў мяне пад носам. Такая нязмушанасць - гэта цудоўна!

- А ты памятаеш той дзень, калi вырашыў не пiць?

- Смутнавата. Не, усё вырашылася аб адзiн дзень. Проста накiпала доўга... Нейкi жах не жах, хутчэй такая тупая бездухотнасць адчулася, што трэба было нешта ў жыццi мяняць. Вось i вырашыў, схаваўся ад усiх - i адбылося арганiчна. Роўненька. Кажуць, што трэба сiлу волi мець. Я не ведаю, што такое сiла волi - мусiць, ёсць моцныя людзi, ваяры. А тут не - проста важна, каб было што рабiць. Вось i ўсё! Каб задачы стаялi. Калi яны сапраўдныя, то будзеш займацца гэтымi задачамi, i не будзе ў цябе часу на глупствы.

- i вось зараз, калi застолле, як ты адчуваешь сабе?

- Нармальна, учора, напрыклад, святкавалi дзень нараджэння. Ну, п'юць людзi, хай сабе п'юць. Мне гэта не перашкаджае. Адна цяжкасць...

- Цяжка размаўляць?

- Не, калi бывае, што крэпка п'юць, то атрымлiваецца, што напачатку ўсё нармальна, усiм цiкава, а потым, калi пачынаюцца "п'яныя базары", я цiхенька сыходжу - i нiхто не заўважае. Няма нiякiх праблемаў - i iм нармальна, i мне! Праблемы з'яўляюцца, калi нехта пры мне напiваецца i пачынае падаць, валяцца. Вось тут у мяне проста натуральна фiзiчна балiць сэрца - i мне хочацца схапiць гэтага чалавека i дзесьцi схаваць ад усiх, я так перажываю. Робiцца шкада яго.

- А калi ты напiсаў першы верш, цi памятаеш?

- Не. Калi вучыўся ў школе, то рыфмаваныя творы не любiў. Калi трэба было вучыць iх, то вучыў праз пень-калоду. Лiчыў нейкiм вычварэннем. Бо нармальныя людзi ў маiм тагачасным успрыняццi размаўляць так не павiнны. Я ж скончыў звычайную барысаўскую школу. З матэматыкай было ўсё выдатна, ездзiў на нейкiя алiмпiяды, мову адчуваў: пiсаў практычна без памылак, але правiлаў не ведаў. Настаўнiкi нават здзiўлялiся, што ў мяне так атрымлiвалася. А пачалася цяга да паэзii, калi ўжо ў войска пайшоў. Служыў у Варонежы. Момантамi не было чаго рабiць, а яшчэ заела, што ўсе "нейкiя", а беларусы анiякiя. Пачаў пацiху пiсаць, але калi вярнуўся, вельмi саромеўся паказаць камусьцi. Захапiўся аўтарскай песняй. Спяваў напачатку Кукiна, Вiзбара, Акуджаву. Пеў, пеў, потым самому захацелася штосьцi зрабiць. Напiсаў на вершы Караткевiча, Купалы, Янiшчыц - намацаў нешта для сябе. Пачытаў розныя кнiжкi i прыйшоў да высновы, што неабавязкова быць паэтам, каб пiсаць вершы! Перастаў саромецца - i вершаванне стала для мяне кайфам.

- Вернемся да адукацыi. Ты ж скончыў фiласофскi факультэт БДУ. Цi спатрэбiлася гэта табе ў жыццi?

- А як жа! Неяк Рыгор Барадулiн расказваў гiсторыю, як у Саюзе пiсьменнiкаў увялi палiтзаняткi. i Янка Маўр, сталы чалавек, вымушаны быў на iх хадзiць. У яго пытаюцца: "Ну дык як, дзядзька Янка, цi дапамагаюць вам заняткi ў вашай творчасцi?" "Канешне, дапамагаюць! Раней я проста сяду i пiшу, i пiшу, а цяпер сяду - пiшу, пiшу, тады падумаю, закрэслю i зноў пiшу". Дапамагае любая адукацыя. Хаця я не быў фанатам вучобы i, вядома, у часы майго навучання акцэнт рабiўся на марксiсцка-ленiнскую фiласофiю - але ж мне былi дадзеныя сума ведаў i ўменне не саромецца вучыцца. Сказаць у адказ на нейкае пытанне: "Я не ведаю!" - гэта нармальна. i альбо забыцца на яго, альбо нешта мяне павiнна падштурхнуць, каб даведацца адказ. Яшчэ адукацыя навучыла мяне галоўнаму: таму, што адказы на пытаннi - гэта дробязi, важна правiльна паставiць само пытанне. А правiльна пастаўленае пытанне на 90 працэнтаў не патрабуе ўвогуле адказу, накiроўвае думку.

- Так, гэта тэма не аднойчы ўсплывае ў тваiх вершах: "Пытанняў болей, чым адказаў,/Штодня даводзiцца пачуць". А як ты адпачываеш, у тым лiку i ад пошукаў адказаў на пытаннi?

- А я не ўмею... Калi зараз заканчвалася работа над альбомам, даваў сабе такi наказ: тыдзень нi халеры не буду рабiць! А так не атрымлiваецца.

Вельмi падабаецца прырода Беларусi: Блакiтныя азёры, Полаччына, Валожыншчына. Неяк сябар гадоў пяць таму вывез мяне на рыбалку, ды на ёй так добра "клявала"! А ў мяне дзень нараджэння якраз праз тыдзень. Пытаюцца, што падарыць? Я замовiў вудачкi. На зiмняй рыбалцы быў двойчы. Упершыню толькi закiнуў - i пачаў гэтыя "кiлькi" дзёргаць. Астатнiм не шанцавала. Дачцэ расказваю: "Кацечка, у мяне так клявала, так клявала!" Яна i кажа: "Шанцуе дурням i навiчкам!" Праз колькi тыдняў iзноў паехаў - iзноў шанцуе... Дачка жартуе: ты ж не навiчок, вось гэта, бацька, мяне турбуе!

Па Беларусi я шмат паездзiў з канцэртамi. Дарэчы, нядаўна ў Столiне мяне нармальна так аб'явiлi: "А зараз перад вамi будзе выступаць наш госць з Беларусi Алесь Камоцкi!" Смешнага падчас выступленняў здараецца шмат. У нейкiм тэхнiкуме было так, што за гадзiну я спеў толькi тры песнi - астатнi час адказваў на пытаннi. Стол ўвесь завалiлi запiскамi, цэлы стос, гара! Кажу, спяваю апошнюю песню - i болей не адказваю нi на анiводнае пытанне. Спеў - хлопчык працягвае запiску, а ў ёй: "Давайце здадзiм гэты стос у макулатуру i бухнём!"

- А якое пытанне было самае смешнае?

- Пытанне: якiя кнiгi вы чытаеце. Так атрымалася, што перакладчык Бiблii Васiль Сёмуха падпiсаў мне кнiгу нейкiм кавалачкам Псалма. i я ў адказ на запiску падчас чарговага канцэрта сказаў, што пра кнiжкi не магу расказваць, гэта складана. Але вось ёсць адна, я ўпэўнены, у слухачоў яе яшчэ няма. У першым радзе знаходзiцца перакладчык Васiль Сёмуха, мы яму вельмi ўдзячныя за вялiкую працу. Вось гэтая кнiжка, Бiблiя. Адкрываю i чытаю ўголас: "Алесю Камоцкаму ад аўтара". Усе вельмi смяялiся, асаблiва Сёмуха.

Гутарыла Наталля Плыткевiч, здымак Сяргея Плыткевiча

Р. S
. Творчая сустрэча з Алесем Камоцкiм пройдзе 30 лiпеня ў Музеi гiсторыi тэатральнай i музычнай культуры (Музычны завулак, 5). Пачатак а 17-ай гадзiне.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах