https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>Турыстаў вабіць самабытнасць</strong><strong>. </strong><strong>Пра гэта падчас наведвання Полаччыны сказаў кіраўнік консульства Латвіі ў Віцебску Угіс Скуя, які прыняў удзел ў інтэрактыўнай праграме «Праводзіны зімы на сельскай сядзібе» ў вёсцы Экімань.</strong></p>

Унікальная культурная спадчына беларусаў з’яўляецца важным фактарам турыстычнай прыцягальнасці рэгіёнаў. Пра гэта падчас наведвання Полаччыны сказаў кіраўнік консульства Латвіі ў Віцебску Угіс Скуя, які прыняў удзел ў інтэрактыўнай праграме «Праводзіны зімы на сельскай сядзібе» ў вёсцы Экімань.

Дыпламат з задавальненнем адзначыў, што ўсё больш даведваецца пра адметнасці нашага краю, пачынае разумець беларускую мову.

— Нацыянальная самабытнасць — гэта самае галоўнае. Вельмі важна адраджаць народныя традыцыі. Жыхарам іншых краін заўсёды цікава тое, што вас адрознівае. Гістарычныя каштоўнасці старажытнага Полацка заварожваюць. Прыемна, што тут шмат ініцыятыўных людзей, якія ажыццяўляюць праекты, актыўна развіваюць нашы суседскія стасункі, — падзяліўся ўражаннямі Угіс Скуя.

2

 

Праводзіны зімы прайшлі на аграсядзібе «Лука» пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама і Экіманьскага сельсавета ў межах рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым ўзроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Гасцямі мерапрыемства сталі прадстаўнікі турыстычных арганізацый, экскурсаводы, навучэнцы каледжа ВДУ імя П. Машэрава, што атрымліваюць спецыяльнасць «турызм і гасціннасць».

— А ці ведаеце, даражэнькія, як даўней вясну загукалі? — звярнуліся да прысутных удзельнікі фальклорнага гурта «Родныя напевы». І па наваколлі разлілася прыгожая песня.

Нашы продкі жылі па сонцы, а пачаткам года лічылі час абуджэння маці-прыроды. Каб прагнаць халады і хутчэй наблізіць цяпло, праводзілі шэраг магічна-рытуальных дзеянняў. Найперш заклікалі вясну адмысловымі спевамі, прасілі Бога адамкнуць зямлю і выпусціць расу. Таксама палілі сімвал зімы — пудзіла, вакол вогнішча вадзілі карагоды, ладзілі вясёлыя гульні і забавы.

Гаспадары свята запрасілі гасцей далучыцца да старажытнага абраду, а затым пачаставалі духмянай гарбатай на зёлках і блінамі з розным начыннем.

1

 

Мэтай праграмы, як адзначылі арганізатары, стала знаёмства зацікаўленых структур з турыстычным патэнцыялам і гістарычнай спадчынай Полацкага раёна праз інавацыйныя метады «турызму ўражанняў».

На далейшых этапах рэалізацыі праекта запланавана добраўпарадкаваць тэрыторыю былой панскай сядзібы з вінным склепам і крыніцы з гаючай вадой, а таксама стварыць у вёсцы Экімань аб’екты для экскурсійнага паказу, зладзіць абрад Купалля, правесці маркетынгавыя мерапрыемствы. Ініцыятыва скіравана на ўстойлівае перспектыўнае развіццё мясцовасці і заклікана стымуляваць развіццё турызму шляхам папулярызацыі культурнай, прыроднай і гістарычнай спадчыны ўнікальных сельскіх тэрыторый.

Фота Ларысы МАЛАШЭНІ

vitvesti.by

https://www.traditionrolex.com/8