<p><strong>Калі вы яшчэ не былі ў старажытным беларускім горадзе Слоніме, то спазніліся як мінімум на 300</strong><span style="font-family: 'Trebuchet MS'; line-height: normal;">—</span><strong>400 гадоў. І шмат чаго ўжо не ўбачыце. Але моцна засмучацца не трэба. Бо Слонім — горад, пра які можна распавядаць бясконца, ды і паглядзець тут ёсць што нават і сёння. Ды і не толькі ў Слоніме, але і ў яго ваколіцах.</strong></p>

Альбярцін

Калі вы прыедзеце ў Слонім, я адразу прапаную вам пачаць нашу вандроўку з Альбярціна — былога пасёлка, мястэчка, маёнтка, а цяпер мікрараёна Слоніма. У Альбярціне захаваўся палац Пуслоўскіх, які ахоўваюць прыгожыя каменныя львы. Альбярцін — як памешчыцкая сядзіба, так і сама назва — з’явіўся ў палове ХІХ стагоддзя. Да гэтага часу быў там толькі фальварак. Дзякуючы Войцэху Пуслоўскаму ў першай палове XIX стагоддзя ў маёнтку Альбярцін былі пабудаваныя палац, флігель, стайня, закладзены парк, адкрыта некалькі прадпрыемстваў.

Усе войны апошніх двух стагоддзяў не міналі Альбярціна. 19 ліпеня 1812 года праз яго адступала Другая руская армія пад кіраўніцтвам Пятра Баграціёна. Пасля яе адступлення ў палацы Пуслоўскіх месціўся штаб 12-га аўстрыйскага корпуса генерала Шварцэнберга. Войцэх Пуслоўскі і яго сям’я падтрымлівалі французскую армію Напалеона Банапарта, які паабяцаў аднавіць Вялікае княства Літоўскае.

Праз 18 гадоў Войцэх Пуслоўскі разам са сваімі сынамі і ўнукамі актыўна падтрымае шляхецкае паўстанне на Беларусі і Літве ў працяг паўстання ў Польшчы за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Пуслоўскія падтрымалі і паўстанне ў Беларусі 1830–1831 гадоў пад кіраўніцтвам Міхала Валовіча. Сын Войцэха Пуслоўскага — Цітус Пуслоўскі — створыць паўстанцкі атрад колькасцю каля 1000 чалавек. У атрадзе Цітуса было нямала рабочых і тэхнікаў з бацькавай суконнай фабрыкі. У атрадзе Міхала Валовіча найбольш было сялян. Сродкі для паўстанцаў давалі Войцэх Пуслоўскі і бацька Міхала Валовіча — Казімір Валовіч.

a7863ca286ff5213ac4f4ecd22ae89cd.JPG

Падчас Першай сусветнай вайны ў палацы Пуслоўскіх жыў нямецкі камандуючы фронтам князь Леапольд Баварскі. У той час Альбярцін наведвалі прынц Караль (пазней — імператар Аўстрыі) і Вільгельм II. У палацы Пуслоўскіх знаходзіўся са сваім штабам і кайзераўскі генерал Воерж. Яму спадабаліся палац, парк і флігель Пуслоўскіх. Асабліва партрэты каралёў Рэчы Паспалітай, якія ўпрыгожвалі сцены. Адступаючы, генерал Воерж забраў з сабой 10 партрэтаў каралёў, і, мажліва, цяпер яны знаходзяцца ў прыватных калекцыях Германіі.

Дарэчы, сам Войцэх Пуслоўскі і яго сыны былі заўзятымі калекцыянерамі беларускай даўніны і кніг. Кнігазбор з некалькіх тысяч тамоў знаходзіўся ў асобнай вялікай зале, застаўленай наўкруг высокімі шафамі з чырвонага дрэва — дзевяць шафаў было ў стылі Луі-Філіпа, тры ў стылі Дырэкторыі, упрыгожаныя бронзамі. Усярэдзіне стаялі стэлажы, якія дасягалі столі. Некаторыя кніжкі, галоўным чынам польскія і італьянскія, сягалі ў XVII стагоддзе, далей ішлі кнігі XVIII стагоддзя, энцыклапедычныя выданні, старыя атласы і старыя карты колішніх польскіх зямель.

Самым каштоўным быў багаты архіў, які ўцалеў з пажару папярэдняга двара, — ён адносіўся да XV стагоддзя і датычыў усіх сем’яў, з якімі было звязана мінулае мясцовых маёнткаў. Сярод архіўных дакументаў былі пергаментныя каралеўскія наданні з подпісамі манархаў і пячаткамі, копіі Літоўскай метрыкі, карэспандэнцыя шэрагу пакаленняў, тэстаменты, маёмасныя дакументы і іншыя. У бібліятэцы стаялі таксама тэлескоп з усімі астранамічнымі прыборамі, а таксама два шары — зямны і нябесны — Адамса з Лондана (1880 года).

Усяго, вядома, цяпер у Альбярціне няма. Але сёння можна паглядзець на палац Пуслоўскіх, убачыць флігель, стайню, возера, рэшткі былога парку.

Расколаты камень

З палаца Пуслоўскіх мы паедзем у лес, дзе недалёка ад Альбярціна ляжыць помнік прыроды — Расколаты камень. Ён больш за тры метры ў вышыню, тры з паловай метры ў шырыню і ў даўжыню. Расколаты камень на Слонімшчыне быў прынесены ледніком каля 150–220 тысяч гадоў таму са Скандынавіі адзіным блокам. Адны лічаць, што камень раскалоўся тады, калі раставаў лёд. Іншыя кажуць, што ў 1935 годзе ў камень стукнула маланка.

808757143.jpg

Фота chernenko.info

Сярод слонімцаў бытуе і такая легенда, што некалі тут жыў Янка-асілак. Аднойчы ён сустрэў дзяўчыну незвычайнай прыгажосці і моцна закахаўся. Дзяўчына таксама пакахала юнака. Але аб прыгажуні даведаўся двухгаловы змей і прыляцеў па яе. Насустрач змею выйшаў Янка-асілак і сказаў: «Трымаю бой на жыццё і смерць, але сваю дзяўчыну табе не аддам».

Янка-асілак і змей сышліся ў чыстым полі. Загрымелі мячы, і пачалася бойка. Яны доўга біліся, і Янка бачыць, што перамога зусім блізка. Але ён раптам адчуў, што моцна прытупіўся яго меч. «Эх, і патачыць няма чым! — усклікнуў Янка. — Хоць бы камень які пад рукой аказаўся».

І вырасла перад ім скала, як быццам шчытом закрыла. Не змог змей дастаць сваім мячом Янку, злосна секануў па камені што было сілы — раскалолася скала і выбіла меч з варожых рук. Тут Янка і дабіў змея. А расколаты валун дасюль ляжыць на слонімскай зямлі.

Касцёл Святога Андрэя

З Альбярціна мы прыедзем у Слонім на плошчу Льва Сапегі. Тут нас здалёк шчыра павітае сваёй прыгажосцю касцёл Святога Андрэя, пабудаваны ў 1775 годзе. Падчас Саветаў касцёл амаль не згінуў, бо ў ім складзіравалі соль. І калі Беларусь стала незалежнай дзяржавай, мясцовыя католікі выратавалі, адбудавалі святыню. Цяпер фарны касцёл Святога Андрэя Апостала — помнік архітэктуры позняга барока і ракако — адзін з найпрыгажэйшых каталіцкіх храмаў на Гродзеншчыне.

38aa3d611e.jpg

Былы настаяцель касцёла айцец Вітольд Жальветра неяк расказаў мне, што калі паміраў у Варшаве дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай Міхал Казімір Агінскі, ён загадаў, каб яго сэрца зберагалася ў Слоніме, бо яно належыць толькі Слоніму, дзе 25 гадоў існаваў яго вялікі тэатр. Калі не стала Агінскага, яго просьбу выканалі. Срэбны куфэрак з надпісам «Сэрца Агінскага» прывезлі ў Слонім і схавалі ў касцельных скляпеннях. Калі разбураўся касцёл, куфэрак з сэрцам Агінскага ўкралі бальшавікі і вывезлі на Ўсход.

Сінагога

У цэнтры горада над Шчарай захаваўся самы стары помнік Слоніма — сінагога, пабудаваная ў 1642 годзе. Доўгі час яна выконвала свае непасрэдныя функцыі, была галоўным малітоўным домам слонімскіх іудзеяў. Цяжкі лёс напаткаў яўрэйскую абшчыну ў гады Другой сусветнай вайны: амаль уся яна была знішчана.

18280dad4b3b43b570885b3858e2d113.jpg

Пасля вайны будынак сінагогі быў прыстасаваны пад розныя гаспадарчыя патрэбы. Апошняе, што знаходзілася ва ўнікальным помніку архітэктуры і гісторыі — склад мэблевай крамы. З сярэдзіны 90-х гадоў XX стагоддзя сінагога стаяла ўжо пустая, паступова прыходзячы ў заняпад. Помнік паціху разбураецца, хаця шмат гадоў вядуцца перамовы наконт яе рэстаўрацыі. Нават плануецца зрабіць у слонімскай сінагозе рэспубліканскі музей яўрэйскай культуры.

Свята-Троіцкі сабор

На левым беразе Шчары ў самым цэнтры Слоніма размешчаны былы кляштар бернардзінцаў. Пасля паўстання 1863 года ён быў пераабсталяваны пад праваслаўны Свята-Троіцкі сабор. Архітэктурны комплекс былога кляштара бернардзінцаў складаецца з касцёла і будынка кляштара, прымыкаючых адзін да аднаго. Двухпавярховы, П-падобны ў плане кляштарны корпус, які прымыкае з паўднёвага боку да апсіды храма, абмяжоўвае прамавугольны курданёр, раскрыты ў паўднёвы бок. Пабудаваны ці грунтоўна рэканструяваны ў сярэдзіне ХVIII стагоддзя, аб чым сведчыць дата «1749», выбітая на адным з камянёў падмурка, будынак у пачатку ХХ стагоддзя па праекту В. Ханеберга быў прыстасаваны пад адміністрацыйную ўстанову. Цяпер у ім знаходзіцца інтэрнат Слонімскага медкаледжа.

2015-06-02-49 1977.jpg

Кляштарны ансамбль бернардзінцаў — выдатны помнік манументальнай архітэктуры эпохі барока.

Слонімскі драматычны тэатр

Будынак тэатра з’явіўся на месцы былога Народнага дома, які быў пабудаваны з цэглы ў 1900 годзе ў форме утылітарнай архітэктуры. Ад былога Народнага дома захавалася некалькі старых сцен. І новы будынак, у сукупнасці са старым, стварыў прыгожы будынак тэатра ў цэнтры горада.

2015-06-02-49 1976.jpg

Старыя сцены тэатра памятаюць, і калі б маглі размаўляць, распавядалі б пра выступленні вялікіх артыстаў і асобаў ХХ стагоддзя, бо яны бачылі іх на сваёй сцэне. А гэта Фёдар Шаляпін, Галіна Вішнеўская, Ян Капура, Міхась Забэйда-Суміцкі, Наталля Арсеннева, Гальяш Леўчык і дзясяткі іншых. У 2015 годзе на будынку тэатра з’явілася мемарыяльная шыльда, прысвечаная Міхалу Казіміру Агінскаму (аўтар Леанід Богдан) — вялікаму гетману літоўскаму, чыё жыццё і дзейнасць у другой палове ХVIII стагоддзя былі звязаны са Слонімам.

Жыровічы

Цяпер са Слоніма завітаем у вёску Жыровічы, дзе знаходзіцца ўнікальны Жыровіцкі манастыр, як пісала Ларыса Геніюш:

Жыровічы — святы для нас куточак,
Дзе цэрквы ў неба вежы узнялі.
На дрэве Маці Божай абразочак —
Благаслаўленне для маёй зямлі.

2015-07-15-16 6950.jpg

Жыровіцкі манастыр — унікальны архітэктурны комплекс, які вядзе сваю гісторыю з далёкага XV стагоддзя. Тысячы людзей штогод наведваюць Жыровіцкі манастыр, прыходзяць да абраза Божай Маці. У розны час паломнікамі тут былі каралі Рэчы Паспалітай Уладзіслаў Чацвёрты, Ян Казімір, Ян Трэці, Аўгуст Другі, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Самы маленькі ў свеце абраз Маці Божай Жыровіцкай, які захоўваецца ва Успенскім саборы, уваходзіць у сотню найбольш значных праваслаўных абразоў свету.

Сёння Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр — духоўны цэнтр праваслаўя ў нашых землях, адметная візітная картка Беларусі. Для беларусаў Жыровіцкая абіцель — гэткая ж святыня, як Кіеўска-Пячэрская лаўра для ўкраінцаў ці Троіца-Сергіева — для рускіх.

Вёска Парэчча — радзіма Міхала Валовіча

Вёска Парэчча знаходзіцца кіламетраў за сем ад Слоніма на левым беразе Шчары. Здалёк віднеецца праваслаўная царква, якая ўзвышаецца на самым беразе ракі. Недалёка ад царквы знаходзіцца мемарыяльны знак, прысвечаны аднаму з кіраўнікоў паўстання 18301833 гадоў Міхалу Валовічу, якому належала гэта зямля.

Міхал Валовіч нарадзіўся ў маёнтку Парэчча на Слонімшчыне ў сям’і слонімскага падкаморнага са старадаўняга беларускага шляхецкага роду Валовічаў. Скончыў Віленскі ўніверсітэт, быў блізкі да тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Ён прымаў удзел у паўстанні 18301831 гадоў. Пасля яго разгрому эміграваў у Францыю. Праз два гады зноў вярнуўся на Беларусь з мэтай узняць паўстанне супраць рускага царызму і абвясціць наш край дэмакратычнай рэспублікай.

Micha&#322;_Va&#322;ovic,_Lavon_Prac&#322;auski.jpg

Паўстанцы Міхал Валовіч i Лявон Працлаўскi. Гравюра ХIХ стагоддзя

У 1833 годзе ён арганізаваў на Слонімшчыне паўстанцкі атрад з некалькіх дзясяткаў чалавек. Супраць яго Мураўёў-вешальнік кінуў 10 тысяч расійскіх салдат. У маі атрад Валовіча быў разбіты, а кіраўнік арыштаваны. Яго прывезлі ў Гродна, і першы допыт вёў сам Мураўёў, які чакаў ад Валовіча сенсацыйных звестак пра свой атрад. Але гэтага не адбылося. Змагар за нашу Бацькаўшчыну быў пакараны.

На радзіме Міхала Валовіча ў вёсцы Парэчча, побач з царквою, яму быў некалі пастаўлен прыгожы белы мармуровы помнік, а помнік яго паплечнікам — у вёсцы Шундры. На вялікі жаль, у 1940 годзе бальшавікі ўсё гэта знішчылі. Але пабачыць зямлю Валовіча, царкву, Шчару з узгорыстай вышыні, мемарыяльны знак Валовічу і яго паплечнікам — гэта цікава.

Кракотка — адна з найпрыгажэйшых вёсак Беларусі

У сваім артыкуле «Мой друг і мая зямля» Уладзімір Караткевіч пісаў: «І толькі гэта ўнутранае падабенства дало мне тады шчаслівае адчуванне рэальнасці таго фантастычнага хараства, што буяла вакол. Аднаго з найпрыгажэйшых гарадоў (маецца на ўвазе Слонім) і адной з найпрыгажэйшых вёсак Беларусі — Кракоткі...» А найпрыгажэйшай вёску Малую Кракотку (з Вялікай Кракоткай вёска злілася быццам у 1967 годзе) Слонімскага раёна Уладзімір Караткевіч назваў, вядома, з-за яе шыкоўнай прыроды. Некалі гэту вёску, як казаў пакойны Янка Саламевіч, называлі Малой Швейцарыяй. Вёска Кракотка сапраўды прыгожая: за ёй узгоркі (Быстраўка), сасновы лясок Язвіны, побач за агародамі, за Іарданкаю, якая бяжыць у Зяльвянку, альховая паласа, а за ёю — сасновы лес, поўны грыбоў і ягад. Сама вёска высаджана вязамі, ліпамі, усюды садкі з кветкамі. Калі там жывеш, дык гэтага не бачыш. І толькі калі доўга тут не бываеш, усю гэту прыгажосць заўважаеш найбольш адчувальна i ярка.

2008-10-05_6381.JPG

Калі прыязджаеш у Кракотку, здалёк з правага боку вітае гасцей храм Ражства Прасвятой Багародзіцы. У 1883 годзе каля могілак быў пабудаваны храм з каменю. Цяпер ён аднаўляецца, разбудоўваецца і пашыраецца. А ў другім канцы Кракоткі дзейнічае яшчэ адзін храм — Святога прарока Іанна Прадцечы. Ён знаходзіцца ў лесе побач за вёскай. Але знакамітая Вялікая Кракотка найперш тым, што тут яшчэ ў 1927 годзе пры гуртку Таварыства беларускай школы вясковая моладзь заснавала бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой было нададзена імя песняра.

Вялікую дапамогу ў рабоце бібліятэкі аказала і жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Жывучы ў Мінску, яна амаль кожны месяц прысылала ў бібліятэку пісьмы, бандэролі і пасылкі з кнігамі і альбомамі. У 1951 годзе Уладзіслава Францаўна ўпершыню наведала Вялікую Кракотку, а ў 1957-м прымала ўдзел у святкаванні 30-годдзя бібліятэкі. Яна была вельмі задаволена, што бібліятэка на Слонімшчыне носіць імя Янкі Купалы. Дзякуючы цётцы Уладзі для бібліятэкі прыслалі свае кнігі з аўтографамі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Андрэй Макаёнак і многія іншыя вядомыя пісьменнікі. Але самая каштоўная рэліквія, якую захоўвала бібліятэка, — гэта аўтограф Якуба Коласа. У 1952 годзе з Мінска ён прыслаў сюды сваю кнігу «Адшчапенец», выдадзеную ў 1950 годзе. На ёй чарнільнай ручкаю напісана: «Бібліятэцы імя Янкі Купалы вёскі Вялікая Кракотка. Якуб Колас. 2.8.1952 г.». Цяпер кніга з аўтографам захоўваецца ў Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа.

У 2008 годзе яе закрылі, а каштоўныя кнігі і фотаздымкі перадалі ў іншыя бібліятэкі Слонімшчыны, а таксама ў Сялявіцкую сельскую бібліятэку. Сёння будынак слаўнай Купалаўскай бібліятэкі пустуе, у ім гуляе вецер. І людзі, якія прыязджаюць у Кракотку, ніхто пра бібліятэку нічога не ведае і не прыгадвае. А турысты з усіх куткоў Беларусі, асабліва летам, спяшаюцца ў Кракотку і сёння, найперш да святой крыніцы. Бо кажуць, што кракоцкая вада — лекавая, найперш яна лечыць вочы ад розных хваробаў, а таксама ачышчае людскія душы ад самоты і... ад бяспамяцтва.

Бяздоннае возера

Возера Бяздоннае знаходзіцца на поўдні вёскі Клепачы Слонімскага раёна. Жыхары гэтай вёскі пра возера расказваюць такую легенду. Даўным-даўно на месцы сучаснага возера была вёска з дзвюма вуліцамі, якія перасякаліся. Аднойчы ў гэту вёску прыйшла бедная жанчына. Яна хадзіла па хатах і жабравала. Але людзі яе не вельмі ветліва сустракалі — зневажалі, некаторыя адмаўляліся даць кавалачак хлеба ці бульбінку, сякое-такое адзенне. Жанчына добра разумела, што жыхары гэтай вёскі і самі жылі не вельмі багата. Тым не менш ёй было да болю крыўдна, што яе так зневажалі. Жанчына ішла і моцна плакала. Але раптам з крайняй хаты выйшаў мужчына і паклікаў незнаёмку ў хату, накарміў яе і даў яшчэ хлеба на дарогу. Здзіўленая жанчына была вельмі ўдзячна за такую дабрыню, шчырасць і міласэрнасць. Яна запытала гаспадара: «Хто яшчэ жыве з вамі ў гэтай добрай хаце?». Мужчына адказаў, што жонка яго памерла ўжо даўно, а ён жыве з сынам-падлеткам. Тады жанчына папярэдзіла: «Бярыце свайго сына і як мага хутчэй уцякайце з гэтай вёскі, бо ваша вёска хутка праваліцца ў бездань і загінуць усе людзі разам з усёй маёмасцю. Ідзіце з сынам на гару, якая бачна з вёскі на поўнач гледзячы, але не аглядайцеся на сваю хату».

fK9pr8REZYI.jpg

Фота суполкi «Тыповы Слонiм» (vk.com)

Мужчына з сынам паслухалі жанчыну і хуценька выйшлі з вёскі на гару, але не вытрымалі і азірнуліся. Вёскі ўжо не было, а замест яе стала возера, а дзе былі дарогі — там засталася гладзь вады. А бацька з сынам ператварыліся ў два камені-валуны, меншы — камень-сын, большы — камень-бацька. І цяпер гэтыя валуны ляжаць на ўскрайку вёскі Клепачы Слонімскага раёна. Людзі іх і сёння называюць бацькам і сынам. А возера сталі называць Бяздонным, бо вёска праваліся ў бездань. І да сённяшніх дзён ніхто ў ім не можа вымераць глыбіню і дастаць да дна. Гэтым і цікавае Бяздоннае возера і валуны, якія прыцягваюць турыстаў.

planetabelarus.by