https://www.traditionrolex.com/8
<p>У плане, распрацаваным Міністэрствам культуры, значыцца 46 аб’ектаў для перадачы інвестарам, але на пачатак 2012 года перададзена толькі шэсць з іх</p>

У плане, распрацаваным Міністэрствам культуры, значыцца 46 аб’ектаў для перадачы інвестарам, але на сённяшні дзень перададзена толькі шэсць.

Гістарычныя сядзібы ў Беларусі знаходзяцца пад аховай дзяржавы, але пры гэтым дзяржава не знаходзіць грошай на іх аднаўленне. У выніку занядбаныя яшчэ за савецкім часам будынкі зараз працягваюць разбурацца на нашых вачах. Міністэрства культуры абяцала выправіць сітуацыю, ствараючы план дзеянняў па перадачы невыкарыстоўваемых сядзіб, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці і малых гарадах. Ён быў зацверджаны ў 2009 годзе. У пералік увайшло 46 старадаўніх сядзіб і гістарычных палацаў – усе яны з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. І вось, па стане на пачатак 2012 года высвятляецца, што новым уласнікам перададзена толькі шэсць сядзіб: у в. Свяцк Гродзенскага раёна, в. Краскі Ваўкавыскага, в. Поразава Свіслацкага, в. Грымяча Камянецкага, в. Лынтупы Пастаўскага, в. Альшэва Мядзельскага раёнаў. Прычым пяць з іх прадалі ў 2010 годзе, а за ўвесь 2011 год – толькі адну сядзібу.

У Міністэрстве культуры лічаць, што гэта райвыканкамы Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай ды Мінскай абласцей праводзяць недастатковую работу. «Перадача сядзібна-паркавых помнікаў таксама ўскладняецца адсутнасцю на многія з іх праваахоўчых дакументаў, тэхнічных пашпартоў і звестак аб якім-небудзь кошце дадзеных аб’ектаў», – гаворыцца ў адказе, падпісаным намеснікам міністра Тадэвушам Стружэцкім. Само ж міністэрства накіравала звароты ў грамадскія арганізацыі, дзве газеты ды распаўсюдзіла сярод сваіх супрацоўнікаў на курсах павышэння кваліфікацыі.

Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч у сваю чаргу лічыць, што сёння дзяржава не зрабіла нічога, каб зацікавіць інвестара, і адзначае, што часу на выратаванне сядзібна-палацавых комплексаў амаль не засталося, таму рашучыя меры трэба прымаць тэрмінова.
«Каб выкупляць сядзібы ў дзяржавы пры цяперашніх умовах, трэба быць не бізнесменам, а ідыётам. Іх ацэначны кошт велізарны, а затым яшчэ трэба будзе ўкласці мільёны ў іх аднаўленне. Плюс на вызваленне ад выплаты падаткаў, як у цывілізаваных краінах, уладальнікам гісторыка-культурных каштоўнасцяў разлічваць не даводзіцца, – кажа эксперт. – Меры па пошуку інвестараў трэба было прымаць яшчэ 15 гадоў таму. У крайнім выпадку, трэба было б хаця б закансерваваць аб'екты. А то прабачце, некаторыя ходзяць туды як у туалет. Дах дзіравы, сцены трэскаюцца. Дзяржава паводзіла сябе, як сабака на сене, і давяла сядзібныя комплексы да развалу. Думаю, яшчэ гадоў пяць – і 80% унікальных сядзібна-палацавых комплексаў будзе згублена».

Часткова ягоную думку пацвярджае старшыня будаўнічага прадпрыемства «Даўмонт» Іван Далматовіч. Летась ягоная арганізацыя набыла палац Мержаеўскіх у вёсцы Грозава Капыльскага раёна. Па словах дырэктара, да палаца прыглядаліся даўно – тут жа, у Капыльскім раёне арганізацыя будавала крамы і касцёл, але мясцовыя ўлады спачатку называлі занадта вялікі кошт за разбураны будынак. «У нас так часта бывае – пакуль дом яшчэ ў нармальным стане, заламваюць высокі кошт. А калі ён ужо канчаткова разбураны – хутчэй шукаюць, хто б яго ўзяў ды адрамантаваў», – кажа суразмоўца. З палацам Мержаеўскіх так і адбылося. У пачатку лютага райвыканкам прадаў яго за адну базавую велічыню – усяго 35 тыс. рублёў. «Пасля 1917 года мы столькі згубілі, што проста ўявіць складана. І зараз гэта аднаўляецца вельмі марудна. Дзяржава не ў стане «падняць» усе помнікі. Рэстаўрацыя ў Міры і Нясвіжы толькі пацвярджае гэта – столькі год працуюць, а ніяк да ладу не давядуць. Гэтым павінны займацца прыватнікі, – лічыць спадар Далматовіч. – Аддайце вы бізнесменам гэтыя сядзібы, спрасціце падаткі і гарантуйце, што дзяржава пакрые 30% выдаткаў рэканструкцыі. І тады ўбачыце, як хутка пачнуць аднаўляць гістарычную спадчыну».

Дарэчы, знайсці інфармацыю пра сядзібы патэнцыйнаму інвестару няпроста. Справа ў тым, што адзінага сайта ў інтэрнеце, дзе быў бы прыведзены поўны спіс праектаў, а таксама гісторыя, фота і кошт, не існуе. Зараз інфармацыя паасобку размяшчаецца на асобных сайтах райвыканкамаў, дзе сістэма пошуку наладжана несістэмна, што ўскладняе працэс.

Паглядзець поўны спіс гістарычных сядзіб, якія ўвайшлі ў План дзеянняў  па іх перадачы інвестарам, можна на нашым сайце ў раздзеле «Дакументы».

https://www.traditionrolex.com/8