Беларускія гастарбайтеры губляюцца на прасторах РФ

20.01.2012 - Новости

Беларускія гастарбайтеры губляюцца на прасторах РФ

Ганцаўчане масава адпраўляюцца на заробкі за мяжу, пры гэтым не заўсёды клапоцяцца аб сваёй бяспецы. У выніку некаторыя з іх губляюцца на прасторы чужой краіны. Нядаўні выпадак таму пацвярджэнне: жыхара в. Хатынічы Алега Навуміка, які паехаў на заробкі ў Маскоўскую вобласць, цяпер вышуквае яго маці

Як паведамляе «Ганцавіцкі час»:

Ганцаўчане масава адпраўляюцца на заробкі за мяжу, пры гэтым не заўсёды клапоцяцца аб сваёй бяспецы. У выніку некаторыя з іх губляюцца на прасторы чужой краіны. Нядаўні выпадак таму пацвярджэнне: жыхара в. Хатынічы Алега Навуміка, які паехаў на заробкі ў Маскоўскую вобласць, цяпер вышуквае яго маці.

Таццяна Навумік звярнулася з заявай у Ганцавіцкі РАУС у мінулую пятніцу, 6 студзеня, у 16.00. Яна расказала, што сын Алег, 1977 г.н., які пражываў сумесна з ёй, адправіўся на заробкі ў Маскоўскую вобласць яшчэ 13 красавіка 2011 года. Да 31 снежня 2011 года жанчына падтрымлівала сувязь, якая потым знікла, і цяпер месцазнаходжанне Алега невядома.

«У снежні, 19-га, я патэлефанавала, каб павіншаваць сына з днём нараджэння. Папрасіла, каб прыехаў дамоў, — расказала журналісту Таццяна Мікалаеўна. — Ён адказаў мне, што пакуль не атрымаў разлік».  Напярэдадні Новага года, 31 снежня, па тэлефоне  жанчына пачула ад Алега, што ён глядзіць тэлевізар і  чакае званка — з ім павінны разлічыцца. Гэта была апошняя гутарка маці з сынам. Цяпер ёй прыходзіцца  «размаўляць» толькі з аўтаадказчыкам ці чуць 2-3 доўгія гудкі, затым — кароткія.

Таццяна Мікалаеўна звязвалася з дагестанцам Саду, з якім працаваў яе сын. Той адказаў, што ўжо 26 снежня ён быў на радзіме. Малдаванін Валодзя, з якім Алег працаваў раней, сказаў, што апошні раз бачыў калегу 31 снежня.

Занепакоеная маці ў адказ на прапанову аўтаадказчыка пакінуць паведамленне, пакідала іх двойчы. «Алег, калі ласка, калі чуеш мяне, адгукніся. Магчыма, ты чаго пакрыўдзіўся, дык хоць што-небудзь скажы!» — гаворыцца ў адным з іх. У другім Таццяна Навумік просіць невядомых, у руках якіх па нейкай прычыне аказаўся сынаў тэлефон, сказаць ёй пра гэта.

Таццяна Мікалаеўна выхавала траіх сыноў, двое з іх жывуць і працуюць на Ганцаўшчыне. А за трэцяга, з якім цяпер згубілася сувязь, баліць душа. «Я ўжо не ведаю, што мне рабіць і як мне быць», — перажывае яна.

На жаль, гэта сумная жыццёвая гісторыя — не адзінкавая ў нашым раёне. Многія гадамі ездзяць на заробкі ў іншыя краіны, найчасцей — у Расію. З цягам часу прытупляецца пачуццё бяспекі. Між тым, заўважае супрацоўнік «гарачай лініі» па бяспечнаму выезду і знаходжанню за мяжой Наталля Здольнік, трапіць у складаную сітуацыю значна прасцей, чым мы думаем. «Канечне, лепш засцерагчыся ад небяспекі  да паездкі, чым шукаць паратунку, калі ўжо трапіш у бяду ці вернешся дамоў ні з чым, — заўважыла Наталля Уладзіміраўна. — Нам можна патэлефанаваць па нумару 8-801-201-5555, і мы дапаможам зрабіць паездку як мага болей бяспечнай. Званок з любога кутка Беларусі, са стацыянарнага або мабільнага тэлефона (Вэлком, МТС) бясплатны».

Спецыяліст падказала самыя агульныя правілы бяспечнага выезду за мяжу — у мэтах турызму, знаёмства з чужаземцам ці заробкаў.

Варта ведаць карысныя нумары тэлефонаў у краіне прызначэння. Напрыклад, у Расіі можна звярнуцца ў грамадскую арганізацыю — кааліцыю  «Анёл», дзе дапамогуць. У іншых краінах таксама ёсць арганізацыі, якія могуць аказаць падтрымку беларусам, адкрыты гарачыя інфармацыйныя лініі і кансультацыйныя цэнтры па абароне правоў і інтарэсаў пацярпелых. Пры неабходнасці практычную дапамогу акажуць у беларускім пасольстве ці консульстве.

Абавязкова трэба зрабіць дзве ксеракопіі пашпарта: адзін пакінуць дома сваякам, другі — узяць з сабой і захоўваць асобна ад арыгінала. Калі пашпарт украдуць, адбяруць ці вы яго згубіце, яго копія саслужыць добрую службу.

Перад паездкай варта адкрыць роумінг ці набыць картку для sms-паведамленняў. Са сваякамі дамовіцца, якая кодавая фраза будзе абазначаць, што здарылася непрыемнасць. Тады родныя ў выпадку небяспекі будуць біць трывогу.

«Калі ўсё ж нехта трапіць у складаную сітуацыю, напрыклад, апынецца ў чужой краіне без дакументаў і без грошай, неабходна зайсці ў паліцыю і папрасіць патэлефанаваць на наш нумар +37516-221-88-88. За 1 мінуту гутаркі можна паспець сказаць нам, куды перазваніць. Мы перазвонім і дапаможам нашаму грамадзяніну набыць білет і вярнуцца на радзіму», — сказала Наталля Здольнік.

Што датычыцца сітуацыі з Алегам Навумікам, Таццяна Уладзіміраўна запэўніла, што пасля звароту яго маці ў РАУС «працэдура вышуку запушчана». Калі Алег вернецца дамоў абрабаваным, ён можа патэлефанаваць на «гарачую лінію» па бяспечнаму выезду і знаходжанню за мяжой, каб міжнародная арганізацыя прызнала яго пацярпелым. У такім выпадку яму дапамогуць прадуктамі харчавання, адзеннем. З дапамогай спецыялістаў ён зможа перакваліфікавацца ці працаўладкавацца на іншым месцы.

Застаецца спадзявацца, што Алег Навумік знойдзецца.

Карысныя тэлефоны:

8-801-201-55-55 — «гарачая лінія» па бяспечнаму выезду і знаходжанню за мяжой;

+37516-221-88-88 — «гарачая лінія» па бяспечнаму выезду і знаходжанню за мяжой, на якую  можна тэлефанаваць з іншых краін;

8-107-495-783-58-65 — кааліцыя «Анёл» у Расіі;

8-017-218-52-64 — «гарачая лінія» па пытаннях знешняй працоўнай міграцыі Упраўлення знешняй працоўнай міграцыі, бежанцаў і прыстанішча Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь;

8-017-218-52-61 — намеснік начальніка Аляксандр Ціханавіч Татура, адказны за здзяйсненне адміністрацыйных працэдур у сферы знешняй працоўнай міграцыі  ўпраўлення знешняй працоўнай міграцыі, бежанцаў і прыстанішча Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь.

Парады праграмы «Ла Страда»

Перад паездкай варта ўпэўніцца, што фірма існуе на самой справе, г.зн. у яе ёсць юрыдычны адрас, маюцца даныя аб службовых асобах, кантактная інфармацыя. Лепш звяртацца да тых фірм, якія маюць ліцэнзію на працаўладкаванне за мяжой. Інфармацыю аб іх можна знайсці на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

Агульная легальная працэдура афармлення дакументаў складаецца з афармлення працоўнага кантракта, звароту ў пасольства і адкрыцця рабочай візы. Уважліва чытайце кожны пункт у кантракце! Іншы раз сустракаецца дзіўная фраза: «усе грошы захоўваюцца на рахунку арганізацыі-наймальніка і будуць выплачаны пасля заканчэння работ» – і прыпіска, што калі вы парушылі правілы (якія менавіта — не агаворваецца), то на вас будуць накладвацца штрафы.  Падпісаўшы такі кантракт, вы рызыкуеце застацца без грошай.

Бывае і так, што кантракт — ідэальны, аднак кліента вусна папярэджваюць, што палавіна пунктаў тут «для прыгажосці». У такім выпадку кожны вырашае самастойна, рызыкаваць ці не варта.

Важна праверыць легальнасць пасрэдніцкай фірмы. Калі фірма расійская, украінская ці літоўская, а не беларуская, неабходна быць уважлівым да ўсіх дэталяў: пракантраляваць чужыя фірмы цяжка, як складаней і адстойваць свае правы і інтарэсы ў замежных судах.

Залог бяспекі мігранта — інфарміраванасць! За мяжу трэба выязджаць, папярэдне сабраўшы максімальны пакет інфармацыі і патрэбных кантактаў у краіне прызначэння.

Святлана ЛОКТЫШ

Рубрики: Безопасность В Фокусе

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах