Як ставяцца да спадчыны: у Вільні і ў Глыбокім

20.01.2012 - Новости

Як ставяцца да спадчыны: у Вільні і ў Глыбокім

Пра выдатную экскурсію па сталіцы Вялікага княства Літоўскага

Як паведамляе інтэрнет-газета Westki.info:

Нядаўна я вярнуўся з паездкі ў Вільню. Акрамя навучальнага семінару, арганізаванага Беларускай асацыяцыяй журналістаў, меў выдатную экскурсію па сталіцы Вялікага княства Літоўскага, якую мне зладзілі глыбачане Андрусь і Надзея Храпавіцкія.

Не буду спрабаваць пераказаць усё, што я пабачыў і даведаўся ў Вільні. Было б абсурдна спрабаваць апісаць Вільню адным артыкулам. Распавяду чытачам пра адну дэталь, якая мяне найбольш уразіла.

На трэцім паверсе Старога арсенала, аднаго з будынкаў замкавага комплекса, размешчаная экспазіцыя «Скарбніца валадароў». На сценах – галандскія габелены XVI стагоддзя, вялізныя партрэты князёў і магнатаў, карты Вялікага княства, гравюры з выявай Вільні і Гродна. І дзясяткі, дзясяткі прадметаў мэблі, вырабленай у розных краінах Еўропы за часамі Вялікага княства.

2

Экспазіцыя «Скарбніца валадароў». Фота www.valdovurumai.lt

Паміж шэдэўрамі еўрапейскага мастацтва, у шкляных добра асветленых вітрынах – рэчы, знойдзеныя ў археалагічных раскопках у віленскім замку. Фрагменты паліванай кафлі з рознымі малюнкамі, гербамі розных магнацкіх, гедымінаўскімі «Калюмнамі» і дзяржаўнай «Пагоняй». У суседнім зале – вялікая вітрына, дзе экспануецца беражліва адрэстаўраваны скураны абутак XIV – XVII стагоддзяў, нажы, нажніцы, ключы, драўляны цэбар, кола ад возу ды многія іншыя рэчы…

3
Экспазіцыя «Скарбніца валадароў». Фота www.valdovurumai.lt

Экспануецца таксама адпілаваны кавалак бервяна. Паміж гадавымі кольцамі ўторкнутыя сцяжкі, якія пазначаюць гады. 1263 – год каранацыі Міндоўга, 1323 – год заснавання Вільні, 1387 – год Хрышчэння Літвы…

Каля сцяны – два кавалкі драўляных сцёкавых труб ды кавалак апоры драўлянага мосту. Навокал – паўтара дзясятка стэндаў, дзе фотаздымкі і надпісы падрабязна распавядаюць, як гэта ўсё знайшлося, кансервавалася, рэстаўравалася. Паказана, як пранумароўвалі, пераносілі, аднаўлялі цэбар, канструкцыі мосту і драўлянай маставой, зруб старадаўняга калодзежа…

Чаму мяне вельмі ўразіла археалагічная калекцыя? Адразу прыгадаўся 2006 год, калі глыбоцкія бізнесмены пачалі будаваць гандлёвы цэнтр «Арбіта». Будоўля прыйшлася на тое месца, дзе глыбачане жылі апошнія 500 год – ад пачатку XVI стагоддзя. Старадаўнюю кафлю, цэглу са слядамі пальцаў, побытавыя рэчы мінулых стагоддзяў выварочвалі экскаватарнымі каўшамі, грузілі на самазвалы і вывозілі на сметнікі...

4
Капанне катлавану пад «Арбіту». Глыбокае, 2006 год

Глыбоцкія аматары даўніны выцягвалі літаральна з-пад экскаватарных гусеніц сотні прадметаў даўніны. Дзясяткі відаў кафлі XVII–XVIII стагоддзяў, у тым ліку цікавыя асобнікі з выявай міфалагічных істот, манеты розных стагоддзяў, фрагменты керамічных вырабаў, цагліны з адбіткамі пальцаў. Рэчы, падобныя на тыя, што экспануюцца ў музеі Палаца  вялікіх князёў. Пазней я хадзіў па развалах зямлі паміж «Арбітай» і Кагальным возерам і бачыў безліч кавалкаў керамікі, кафлі, рознакаляровага шкла, скуранога абутку, які насілі глыбачане ў мінулыя стагоддзі.

5
Наверша печы з выявай анёла, знойдзенае на месцы «Арбіты». XVII-XVIII стагоддзі.

Дзяржаўным установам, якія павінны клапаціцца пра ахову спадчыны – аддзелу культуры райвыканкама ды краязнаўчаму музею, – было «да лямпачкі»  тое, што адбывалася ў цэнтры Глыбокага. У наступныя гады каўшы экскаватараў узрывалі драўляную маставую на Докшыцкай (Маскоўскай) вуліцы, масіўны каменны падмурак на Хітрушцы.

У смецце былі выкінутыя рэчы, якія маглі адкрыць заслону таямніцы над гісторыяй радзівілаўскай часткі Глыбокага часоў Рэчы Паспалітай. Ніводнага будынку ад яе не захавалася – апошнюю камянічку першай паловы XVIII стагоддзя прадалі з аўкцыёну і знеслі ў 2005 годзе, зараз на яе месцы гандлёвы цэнтр «Эліс».

6
Будынак першай паловы XVIII стагоддзя ў Глыбокім незадоўга да руйнавання. Фота Уладзіміра Скрабатуна, 2005 год

Пісьмовыя ж крыніцы сведчаць пра тое, што гэта быў сапраўдны горад, дзе жыло некалькі тысяч чалавек. У Глыбокім было самакіраванне, былі свой магістрат і суд. Глыбоцкія гандляры прывозілі тавары ажно з Кёнігсбергу, а глыбоцкія рамеснікі не толькі шылі абутак і ляпілі гаршчкі, але і займаліся пераплётам кніг і ювелірнай справай.

Археалагічныя знаходкі маглі б праліць святло на жыццё Глыбокага на працягу тых забытых намі стагоддзяў. Аб ім можна было б не толькі прачытаць у рукапісах, але і пабачыць на ўласныя вочы рэчы, якія выраблялі і якімі карысталіся глыбачане. З гэтых знаходак атрымалася б выдатная музейная экспазіцыя.

7
Гліняная свісцёлка ў выглядзе каня. Знойдзена ў катлаване «Арбіты»

А пакуль што даводзіцца знаёміцца са спадчынай Вялікага княства Літоўскага ў віленскіх музеях ды па-добраму зайздросціць жыхарам нашай старадаўняй сталіцы. Бо ў Вільні, у адрозненне ад Глыбокага, археалагічныя знаходкі не выкідаюць на сметнік.

Кастусь Шыталь

Рубрики: В Фокусе Грамадства Музеи

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах