<p>Вядомы  аршанскі гісторык і краязнавец Віктар Лютынскі склаў каляндар  юбілейных  дат горада на 2012 год. Гэта ўжо другі яго каляндар, першы  быў  складзены ў мінулым годзе</p>

Як паведамляе Orsha.eu:

Вядомы аршанскі гісторык і краязнавец Віктар Лютынскі склаў каляндар юбілейных дат горада на 2012 год. Гэта ўжо другі яго каляндар, першы быў складзены ў мінулым годзе.

945 год з часу заснавання горада Оршы (1067 г.). Орша ўпершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» як «Рша у Смолиньска». Згодна летапісу, у гэты дзень паблізу Оршы сыны Яраслава Мудрага па-здрадніцку ўзялі ў палон выкліканага імі на перамовы полацкага князя Усяслава Брачыславіча з малалетнімі сынамі Барысам і Глебам.

445 год з пачатку знаходжання на пасадзе аршанскага старасты Філона Сямёнавіча Кміты-
Чарнабыльскага (1567 г.).

435 год з дня надання вялікім князем літоўскім Стэфанам Баторыем граматы на пацвярджэнне аршанскага самакіравання (31.8.1577 г.).

420 год з часу заснавання ў Оршы праваслаўнага брацтва (1592 г.)

400 год з часу вызвалення каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам ІІІ Вазам аршанцаў ад падаткаў і павіннасцей на 4 гады (1612 г.).

370 год з часу пачатку будаўніцтва ў Оршы драўлянага будынка жаночага базыльянскага кляштара (1642 г.).

345 год з часу Андрусаўскага перамір’я, у выніку якога Орша засталася ў складзе Рэчы Паспалітай (1667 г.).

255 год з часу будаўніцтва ў Оршы царквы Уваскрасення Хрыстова (1757 г.).

240 год з часу ўключэння Оршы ў склад Расійскай імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.).

200 год з часу напалеонаўскага нашэсця на Расію (1812 г.)

200 год з часу знаходкі ў Оршы Аршанскага Евангелля – выдатнага помніка пісьменства Беларусі канца XII–XIII ст. (1812 г.).

170 год з часу прылічэння Куцеінскага Свята-Богаяўленскага мужчынскага манастыра да Аршанскага Пакроўскага манастыра і залічэння яго ў разрад загарадных (1842 г.).

170 год з часу заснавання ў Оршы духоўнага вучылішча (1842 г.).

155 год з часу знаходкі ў Оршы кальчугі са старажытнаславянскімі надпісамі (1857 г.).

140 год з часу пачатку дзейнасці дэпо і майстэрняў пры чыгуначнай станцыі Орша (1872 г.).

120 год з дня нараджэння Аляксандра Цімафеевіча Скаварады (1892–1943 гг.), аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў Аршанскага падполля. Яго імя носіць вуліца ў Оршы.

120 год з дня знаходкі на тэрыторыі вапнавага завода ў Оршы касцяка маманта (2.9.1892 г.).

120 год з дня нараджэння Ісаака Яўсеевіча Ляоненкі (1892–1974 гг.), удзельніка Першай сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, ганаровага грамадзяніна Оршы.

120 год з дня нараджэння Пятра (Пятраса) Іосіфавіча Амбражунаса (1892–1937 гг.), удзельніка Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, дзяржаўнага дзеяча Беларусі. У 1924–1928 гг. – старшыня Аршанскага акрвыканкама. Яго імя носіць вуліца ў Оршы.

110 год з часу ўводу ў дзеянне ўчастка Нова-Сакольнікі–Віцебск–Орша–Жлобін Пецярбургска-Адэскай чыгункі, у выніку чаго Орша стала чыгуначным вузлом (1902 г.).

110 год з дня нараджэння Георгія Васільевіча Сямёнава (4.4.1902–1976 г.), Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага работніка прамысловасці БССР, дырэктара Аршанскага льнокамбіната, ганаровага грамадзяніна Оршы. Яго імя носяць вуліца ў Оршы, сярэдняя школа № 19, ліцэй тэкстыльшчыкаў.

110 год з часу будаўніцтва мураванага будынка вакзала станцыі Орша (1902 г.).

110 год з дня нараджэння ў Оршы Адама Станіслававіча Дземяшкевіча (1902–1961 гг.), савецкага военачальніка, генерал-лейтэнанта авіяцыі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

110 год з часу ўзвядзення мураванага млына на рацэ Аршыцы (1902 г.).

110 год з часу стварэння ў Оршы пры клубе чыгуначнікаў аматарскага тэатральнага гуртка –
аднаго са старэйшых у Беларусі.

100 год з дня нараджэння Івана Ігнатавіча Якубоўскага (1912–1976 гг.), савецкага военачальніка, маршала Савецкага Саюза, двойчы Героя Савецкага Саюза. У 1930–1932 гг. вучыўся ў Аршанскім педагагічным тэхнікуме. Яго імя носіць вуліца ў Оршы, на будынку педкаледжа (вул. Міру, д. 6) усталявана мемарыяльная дошка.

100 год з дня нараджэння Рыгора Ягоравіча Трутко, аршанскага педагога, краязнаўца, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны (18.3.1912–2001 г.).


500px-Coat_of_Arms_of_Vorsza,_Belarus
100 год з дня нараджэння Уладзіміра Міхайлавіча Паўлава (1912–2003 гг.), удзельніка вызвалення Оршы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ганаровага грамадзяніна Оршы.

100 год з часу выдання ў Магілёве кнігі Васіля Журдо «Оршанский Богоявленский Кутеинский монастырь или древняя белорусская лавра» (1912 г.)

95 год з дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі (7 лістапада 1917 г.).

95 год з дня нараджэння ў Оршы Яўгена Васільевіча Васілёнка (1917–1973 гг.), беларускага пісьменніка.

95 год з дня нараджэння ў Оршы Юрыя (Георгія Канстанцінавіча) Багушэвіча (1917–1983 гг.), беларускага пісьменніка.

95 год з дня выдання ў Оршы газеты «Известия Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов Оршанского района» (1.5.1917 г.). Ад гэтай даты вядзе сваё летавылічэнне «Аршанская газета».

90 год з дня адкрыцця вячэрняга аддзялення Аршанскага рабфака для рабочых чыгункі і станцыі Орша (1.1.1922 г.).

90 год з часу арганізацыі ў Оршы першага піянерскага атрада (лета 1922 г.).

90 год з дня нараджэння Мікалая Аляксандравіча Карначонка (1922–1942 гг.), Героя Савецкага Саюза, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў на Аршанскім мясакамбінаце, скончыў Аршанскі аэраклуб. Яго імя носяць вуліца і мясакансервавы камбінат.

90 год з дня нараджэння Ягора Абрамавіча Макеева (7.12.1922–1957 г.), Героя Савецкага Саюза, удзельніка вызвалення Оршы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго імя носіць вуліца ў Оршы.

80 год з дня ўводу ў эксплуатацыю шашэйнай дарогі Мінск–Орша (30.11.1932 г.).

80 год з дня нараджэння ў Оршы Анатоля Кірылавіча Міласерднага (6.12.1932 г.), гаспадарчага дзеяча, заслужанага работніка прамысловасці Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, ганаровага грамадзяніна Оршы. Доўгі час працаваў дырэктарам станкабудаўнічага завода «Чырвоны барацьбіт».

75 год з часу адкрыцця ў Оршы сярэдняй школы № 11 (1937 г.).

75 год з часу адкрыцця ў Оршы школы фабрычна-заводскага вучнёўства тэкстыльшчыкаў (1937 г.), цяпер ліцэя тэкстыльшчыкаў.

75 год з часу адкрыцця ў Оршы сярэдняй школы № 7 (1937 г.).

75 год з часу адкрыцця ў Оршы дзіцячай музычнай школы (1937 г.).

75 год з часу завяршэння будаўніцтва першай чаргі Аршанскага льнокамбіната і выпуску першых метраў тарных тканін (1937 г.).

75 год з дня нараджэння Ліліі Дзмітрыеўны Радомскай (9.6.1937 г.),  педагога, краязнаўцы, стваральніка народнага музея У. Караткевіча ў СШ № 3 г. Оршы, лаўрэата прэміі імя У. Караткевіча.

70 год з дня пачатку дзейнасці 1-й партызанскай брыгады імя К. С. Заслонава (15.7.1942 г.).

70 год з дня гібелі К. С. Заслонава, кіраўніка падпольнага і партызанскага руху ў Оршы і на Аршаншчыне (14.11.1942 г.).

65 год з часу адкрыцця ў Оршы дзіцячай бібліятэкі (1947 г.).

60 год з часу стварэння Аршанскага завода швейных машын (1952 г.).

50 год з часу аднаўлення працы Аршанскага медыцынскага вучылішча (1962 г.).

50 год з часу выдання першага гісторыка-эканамічнага нарыса «Орша» (1962 г.).

50 год з часу ўводу ў эксплуатацыю паліклінікі бальніцы імя Сямашкі (1962 г.).

45 год з часу адкрыцця гарадской бібліятэкі імя Якуба Коласа (1967 г.).

45 год з часу Першага гарадскога злёту турыстаў (1967 г.).

40 год з часу вырабу на аршанскім станкабудаўнічым заводзе «Чырвоны барацьбіт» першага станка з лічбавым праграмным кіраваннем (1972 г.).

35 год з дня цэнтралізацыі сеткі дзяржаўных масавых бібліятэк Оршы (1.9.1977 г.).

30 год з дня выпуску на Аршанскім льнокамбінаце двухмільярднага метра тканін (за пасляваенны час) (15.5.1982 г.).

30 год з часу рэканструкцыі і адкрыцця кінатэатра «Перамога» (27.2.1982 г.).

25 год з часу стварэння гарадскога савета ветэранаў вайны, працы і Узброеных  Сіл (1987 г.).

25 год з часу адкрыцця помніка У.І. Леніну на Цэнтральнай плошчы Оршы (1987 г.).

25 год з дня адкрыцця ў Оршы дзіцячай стаматалагічнай паліклінікі (1.12.1987 г.).

25 год з часу адкрыцця ў Оршы школы парашутыстаў (1987 г.).

25 год з дня адкрыцця сярэдняй школы № 20 (1.9.1987 г.).

20 год з дня адкрыцця музея драўлянай скульптуры разьбяра С. С. Шаўрова (26.6.1992 г.).

20 год з дня адкрыцця музея гісторыі вызвалення Оршы і дзейнасці маладзёжна-пошукавага клуба «Русічы» у ПТВ № 110 (27.6.1992 г.).

20 год з дня адкрыцця Музея гісторыі і культуры г. Оршы (12.12.1992 г.).

15 год з часу заснавання народнага клуба ветэранаў «Яшчэ не вечар» (1997 г.)

15 год з часу ўсталявання пабрацімскіх сувязей паміж Оршай і гарадамі Бандэна (Італія) і Вязьма (Расія) (1997 г.).

15 год з часу стварэння ў Оршы  на базе СШ № 19 гімназіі № 1 (1997 г.).

10 год з часу афіцыйнага зацвярджэння геральдычных сімвалаў горада – герба і сцяга (2002 г.).