https://www.traditionrolex.com/8
<p>Летась нашы грамадзяне атрымалі ў два (!) разы больш «польскіх» шэнгенаў, чым у 2010 годзе, і амаль на 40% больш літоўскіх віз</p>

Як паведамляе «Еўрарадыё»:

Летась нашы грамадзяне атрымалі ў два (!) разы больш «польскіх» шэнгенаў, чым у 2010 годзе, і амаль на 40% больш літоўскіх віз.

У 2010 годзе беларусы атрымалі больш за 428 тысяч шэнгенскіх віз і, паводле падлікаў спецыялістаў Еўракамісіі, занялі першае месца па колькасці выдадзеных шэнгенаў на аднаго жыхара краіны. Больш за ўсё віз выдалі консульствы Польшчы, Літвы і Германіі. Такім чынам, стала вядома, што летась беларусы пабілі рэкорд 2010 года.

Першынства па-ранейшаму захоўвае Польшча. Паводле слоў першага сакратара пасольства Паўла Марчука, у 2011 годзе консульствы ў Мінску, Гродне і Брэсце агулам выдалі каля 300 тысяч шэнгенскіх віз.

Павел Марчук: «Консульскае аддзяленне пасольства Польшчы ў Мінску выдала каля 100 тысяч віз у мінулым годзе. Тое ж самае ў Гродне – каля 100 тысяч, і ў Брэсце — каля 100 тысяч. Разам — 300 тысяч віз».

Амаль палова віз – шматразовыя. Для параўнання: у 2010 годзе беларусы атрымалі на палову менш «польскіх» шэнгенаў – усяго 148 891.

На другім месцы – Літва. Колькасць выдадзеных летась віз у параўнанні з 2010 годам вырасла амаль на 40%, распавядае кіраўнік аддзела грамадскіх сувязяў Міністэрства замежных спраў Міндаўгас Лашас.

Міндаўгас Лашас: «Усяго было выдадзена 116 тысяч у Мінску, а ў генконсульстве ў Гродне — 30 тысяч».

Гэта амаль на 40 тысяч больш, чым год таму: 146 тысяч супраць 106 тысяч 451 візы. Тут амаль палова віз таксама шматразовыя. Прычым адмову атрымалі ўсяго 93 чалавекі, а гэта – 0,006% ад агульнай колькасці пададзеных заяў.

Захавала трэцяе месца Германія, таксама павялічыўшы колькасць выдадзеных віз, падлічвае консул Вольфганг Мюлер.

мюлер

Вольфганг Мюлер: «У 2011 годзе консульства выдала грамадзянам Беларусі 70 930 віз (у 2010-м было 68 145. – «Еўрарадыё»). З гэтых больш як 70 тысяч віз 26 767 былі шматразовыя і 42 390 – адна- і двухразовыя. Калі вы складзеце гэтыя лічбы, то ўбачыце, што сума не супадае з той, што я вам назваў спачатку. Гэта лічба, каля 1 тысячы, гэта – нацыянальныя візы. Працэнт адмоў у візе невялікі – 0,65%».

У двух літоўскіх консульствах беларусы атрымалі 50 500 шматразовых віз. Колькасць нацыянальных віз Міндаўгас Лашас назваць не здолеў. Затое амаль 40 тысяч віз беларусам выдалі бясплатна. Гэта крыху менш за трэць!

Шэнгенская віза дае магчымасць наведаць любую краіну Шэнгенскай зоны і каштуе для беларусаў да гэтага часу 60 еўра. Такім чынам, толькі літоўскаму консульству летась нашы грамадзяне заплацілі 6 мільёнаў 360 тысяч еўра. Калі ў польскіх і нямецкіх консульствах суадносіны паміж платнымі і бясплатнымі візамі такія ж, то за шэнген беларусы заплацілі больш за 20 мільёнаў еўра.

Сума гэтая магла быць і меншай. Гэта ў тым выпадку, калі б беларускі бок пагадзіўся на прапанову Польшчы, якую агучыў для «Еўрарадыё» пасол Польшчы Лешак Шарэпка.

шарэпка

Лешак Шарэпка: «З чэрвеня 2010 года мы выступалі з прапановай аблягчэння візавага рэжыму. Вынікам бы стала тое, што вы замест 60 еўра плацілі б 35. Але цягам больш як паўгода мы не атрымалі ніякай афіцыйнай рэакцыі на гэта з беларускага боку».

Такім чынам, бліжэйшым часам больш танныя шэнгены нам не свецяць. Але гэта не адштурхоўвае беларусаў, і консульствы ўжо рыхтуюцца да яшчэ большай колькасці наведвальнікаў на працягу 2012 года. З гэтай нагоды ва ўсіх трох пералічаных консульствах ужо ўведзены электронны запіс на чаргу.

Зміцер Лукашук, фота Зміцера Лукашука і http://fota.bymedia.net/ 

https://www.traditionrolex.com/8