https://www.traditionrolex.com/8
<p>«Прыватызацыя» помнікаў спадчыны – гэта новая для нас з'ява, і таму  кожны яе выпадак  павінен стаць карысным досведам, што можа быць як  станоўчым, так і  адмоўным</p>

Як паведамляе «Культура»:

Ініцыятыва дзяржавы па перадачы занядбаных шляхецкіх сядзіб у прыватныя рукі ад пачатку выклікала ў многіх асцярожны скепсіс. На шчасце, факты чым далей, тым больш яго абвяргаюць. Толькі за апошнія месяцы мінулага года ажно чатыры маёнткі было выстаўлена на аўкцыён, і два з іх знайшло новых гаспадароў. Такі вынік («фіфці-фіфці») красамоўны сам па сабе. Казаць пра інвестыцыйны бум у гэтай сферы, вядома, было б перабольшаннем. Але і знаёмая мантра «Ды каму гэты друз патрэбны?», якую неаднойчы даводзілася чуць ад адказных асоб, таксама выглядае не адпаведнай рэчаіснасці.

«Прыватызацыя» помнікаў спадчыны – гэта новая для нас з'ява, і таму кожны яе выпадак павінен стаць карысным досведам, што можа быць як станоўчым, так і адмоўным.

Цана як бар'ер для старту

Эпапея з аднаўленнем ды прыстасаваннем колішняга палаца Патоцкіх, што знаходзіцца ў цэнтры Беразіно на стромкім беразе амаль аднайменнай ракі, доўжылася не адно дзесяцігоддзе. Увесь гэты час адзіны архітэктурны помнік гарадка быў для яго не гонарам, але сапраўдным галаўным болем. Закінуты будынак з пустымі аканіцамі прывабліваў не турыстаў, а зусім іншую катэгорыю насельніцтва. Добра хоць, што яшчэ з дахам яму пашчасціла: будынак быў перакрыты наноў з бляхі ў гады «перабудовы» і дзякуючы гэтаму не ператварыўся ў руіны.

Пару гадоў таму яго перадалі на баланс райаддзела фізічнай культуры, спорту і турызму, які планаваў зрабіць там гатэль ды рэстаран. З абласнога бюджэту былі выдаткаваны сродкі на падрыхтоўку праектнай дакументацыі. Архітэктары спярша прадставілі прыгожую «карцінку» –эскізны праект, які дэманстраваў магчымы выгляд парэпанай камяніцы ў будучыні. Потым перайшлі ўжо і да архітэктурнай стадыі, падрабязна апісаўшы прафесійнай мовай алгарытм ператварэння...

На гэтыя работы затрачана каля 240 мільёнаў рублёў. Але тут фінансаванне было прыпынена, і прыгожая «карцінка» рызыкавала застацца... проста карцінкай. Тым больш, што праектна-каштарысная дакументацыя мае ўласцівасць састарвацца.

Таму Бярэзінскі райвыканкам прыняў ці не адзінае слушнае ў дадзеным выпадку рашэнне: перадаць аб'ект прыватніку. Сказана – зроблена. 1 лістапада мінулага года палац быў выстаўлены на аўкцыён, дзе яго адразу літаральна «адарвалі з рукамі». У спаборніцтве прынялі ўдзел чатыры прэтэндэнты (для такіх выпадкаў гэты лік выглядае ўнушальна), а выйграла яго мінская фірма.

Прыкладна ў той самы час з малатка ўжо ў каторы раз паспрабавалі пусціць і іншую сядзібу – у вёсцы Савейкі, што ў Ляхавіцкім раёне. Толькі вось... малаток гэты ніводнага разу так і не цюкнуў. Да канца года аўкцыён паўторна абвяшчаўся яшчэ двойчы – з такім самым нулявым вынікам. Ніводнай заяўкі на яго пададзена не было, як быццам над маёнткам Навіцкіх вісіць нейкі даўні праклён!

Здавалася б, гэта – дыягназ. Але выснова пра інвестыцыйную непрыцягальнасць сядзібы ў Савейках падаецца ўсё ж заўчаснай. Чаму?

«Вагавыя катэгорыі» двух згаданых маёнткаў істотна адрозніваюцца, прычым яўна не на карысць бярэзінскага. Дом Патоцкіх шчыльна аточаны непрывабнымі навабудамі пазнейшых часоў, паўстанне якіх маляўніча дэманструе, навошта патрэбны праекты ахоўных зон. А ў Савейках да нашага часу амаль без страт захаваўся цэласны ансамбль, што можна лёгка ачысціць ад «іншародных уварванняў». Тут і адметны сваёй архітэктурай палац (дзіўны сплаў барока і класіцызму), і зграбныя гаспадарчыя пабудовы, і шыкоўны некалі парк – адным словам, гатовы санаторый або пансіянат.

Дык, можа, справа і сапраўды ў родавым праклёне ці ў іншым уздзеянні паранармальных сіл? Катэгарычна ў гэтым сумняваюся!

Амаль два гады таму мне давялося асабіста гутарыць з прадпрымальнікам, які доўга і ўсур'ёз намерваўся выкупіць савейкаўскую сядзібу, каб ператварыць яе ў рэспектабельны турыстычны комплекс (падрабязна гл. у  «К» № 11 за 2010 г.). Паводле яго слоў, бар'ер, што перашкодзіў ажыццяўленню гэтай задумы, – стартавая цана аб'екта: на той момант яна перавышала два мільярды рублёў.

2

– Даруйце, але ж за тыя самыя грошы я мог бы набыць сядзібу на поўдні Францыі, – адзначыў бізнесмен. Больш яго ў Савейках, мабыць, і не бачылі.

На нядаўніх аўкцыёнах за маёнтак прасілі ніяк не менш за 3,66 млрд рублёў. Мяркуючы па ўсім, яго ўласнік – Ляхавіцкая раённая бальніца – не схільны ісці на ўступкі і запускаць у дзеянне «галандскі прынцып»: паступовае зніжэнне цаны ажно да той стадыі, калі яна задаволіць пакупніка, і малаточак усё ж цюкне.

Вынікі, як мы бачым, несуцяшальныя – і для самога ўласніка, і для патэнцыйных інвестараў, і ў першую чаргу для самой сядзібы, дзе ўжо даўно ідуць павольныя працэсы руйнавання: большая яе частка сёння не выкарыстоўваецца.

Сядзібе «Лінова» ў пасёлку Інтэрнацыянальным, што на Пружаншчыне, пашчасціла ў гэтым плане. Вялікі класіцыстычны палац, ладную частку якога займала кантора мясцовага спіртзавода, прастаяў спусцелы зусім нядоўга. Колькі гадоў таму завод збанкрутаваў, а напрыканцы года мінулага мясцовым уладам удалося знайсці для сядзібы новага гаспадара – яшчэ, так бы мовіць, «па гарачых слядах», пакуль дэструктыўныя працэсы не паспелі набраць сілу. Як адзначыў намеснік старышыні Пружанскага райвыканкама Мікалай Кудравец, імі рухаў менавіта гэты разлік, а не жаданне атрымаць за аб'ект як мага больш грошай.

– Вырашэнне лёсу праблемных помнікаў спадчыны Пружаншчыны – гэта найважнейшая наша задача, і таму мы няспынна прыкладаем высілкі, шукаем магчымасці, – кажа ён.

 Палац «у камплекце» з былым заводам быў прададзены за адносна невялікую суму. Набыў яго расійскі прадпрымальнік, што ўвогуле характэрна для такіх здзелак. Але родам ён – з тых краёў. І гэта, між іншым, таксама даволі тыповая рыса «сярэднестатыстычнага» партрэта падобных інвестараў.

– Гэта чалавек, які шчыра прагне пакінуць добры след на роднай зямлі, – кажа начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш. – Лічу, нам з ім проста пашанцавала.

Не спыняцца на недасягнутым

Здавалася б, 400 з гакам тысяч долараў – гэта цалкам прымальная плата за цэлы палацава-паркавы ансамбль. І каб сёння ён меў такі самы «таварны выгляд», як і пры Навіцкіх, пытанняў нават і не ўзнікала б. Але зважаючы на цяперашні стан маёнтка, можна меркаваць, што кошт яго аднаўлення вымяраецца нават не ў сотнях тысяч, а ў мільёнах долараў.

Справа яшчэ і ў тым, што далёка не кожны зацікаўлены прадпрымальнік гатовы выкласці амаль паўмільёна долараў адразу, на «сподачку з блакітным беражком». У адрозненне ад Карэйкі, сучасныя бізнесмены не захоўваюць свае грошы ў валізцы, адразу пускаючы іх у справу. Іншая рэч – выдаткоўваць сродкі паступова, па меры прасоўвання рэстаўрацыйных работ, якія так ці інакш будуць доўжыцца не адзін год.

Такім чынам, цэнавы бар'ер вокамгненна адсякае самы шматлікі сегмент патэнцыйных інвестараў –прадстаўнікоў не замежнага капіталу, а менавіта айчыннага  «буйнога дробнага» і сярэдняга бізнесу. Хаця, мабыць, менавіта з іх асяроддзя і варта найхутчэй чакаць з'яўлення дбайных гаспадароў для помнікаў спадчыны.

Пытанне: «Дык колькі ж павінна каштаваць сядзіба?» – выглядае рытарычным, бо нельга забывацца пра тое, што аб'ектыўную цану на той або іншы тавар вызначае менавіта рэальны рыначны попыт. І менавіта аўкцыён, з яго адносна плыткімі ўмовамі, дазваляе правесці дыягностыку «метадам тыку».

У аксіяматычнасці гэтага прынцыпу ўжо паспелі пераканацца ў Ваўкавыскім раёне. Нагадаем, што менавіта там упершыню ў краіне было апрабавана «ноў-хаў» продажу сядзібы з аўкцыёна, і тое дазволіла назапасіць надзвычай каштоўны досвед – між іншым, станоўчы.

Стартавая цана сядзібы ў Красках напачатку таксама вымяралася ў мільярдах рублёў. Але ў выніку яна была набыта за куды меншую суму: каля ста дваццаці тысяч долараў. Рыхтуючы да аўкцыёну суседні маёнтак у Падароску, мясцовыя ўлады ўлічылі гэты досвед і адразу адмовіліся ад лішніх нолікаў – каб не палохаць інвестараў.

Таму напрыканцы мінулага года кожны ахвотны мог набыць сядзібу Бохвіцаў прыкладна за тыя самыя грошы, за якія «пайшлі» Краскі. Але... Жадаючых усё адно не знайшлося. Зрэшты, начальнік аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама Іван Маржала схільны лічыць такі вынік прыкрым непаразуменнем.

– Да гэтай сядзібы прыглядаліся, прынамсі, тры патэнцыйныя інвестары: адзін з Расіі і двое нашых суайчыннікаў, – распавядае ён. – Можа, іх проста не было на той момант у краіне? Альбо, магчыма, яны чакаюць, што цана ўсё ж упадзе? Ва ўсялякім выпадку, мой прагноз адносна продажу сядзібы – цалкам аптымістычны...

3

Пажывём – убачым. Тым больш, што чакаць засталося нядоўга. Як адзначыў Іван Маржала, мясцовыя ўлады ні ў якім разе не маюць намеру «спыняцца на недасягнутым», і наступны аўкцыён адбудзецца ўжо ў бліжэйшыя месяцы. Памятаючы іх настойлівасць у справе продажу Красак, у гэтым сумнявацца не прыходзіцца.

А вось цана пакуль што паніжацца не будзе. І сапраўды, надта спяшацца тут не выпадае, асабліва калі гутарка вядзецца пра такі ласы для інвестараў кавалачак, як маёнтак у Падароску.

Прастой не прадугледжаны

У Бярэзінскім райвыканкаме ў справе вызначэння той самай рыначнай цаны вырашылі пайсці сваім шляхам, які, па ўсім, можна назваць сапраўды мудрым. Старт быў дадзены... з адной мінімалкі! А далей аўкцыён сам зрабіў сваю справу. Прадажная цана адрознівалася ад пачатковай у 3200 разоў!

Зразумела, што і 112 мільёнаў рублёў – гэта сума зусім невялікая. Тым больш, новы ўласнік атрымаў і бясплатны бонус – гатовы пакет дакументацыі на стадыі архітэктурнага праекта. Адпаведна, ён сэканоміў процьму часу ды грошай, патрэбных на правядзенне натурных даследаванняў і на ўласна працу архітэктараў. Прычым сэканоміў нават больш, чым заплаціў!

Без сумневу, такія ўмовы іначай як ідэальнымі і не назавеш. Але... Райвыканкам прапанаваў інвестарам зусім не «бясплатны сыр», а менавіта праект узаемавыгаднага партнёрства. Ён утрымлівае і іншы складнік – канкрэтныя абавязкі прыватніка ды жорсткую адказнасць за іх невыкананне.

– Мы ад пачатку ставілі перад сабой мэту не пазбыцца гэтай сядзібы любым чынам, але ж прымусіць яе  «працаваць» на карысць раёна, прыцягваць сюды турыстычныя плыні, – кажа начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Бярэзінскага райвыканкама Яўген Булойчык.

Таму яшчэ да пачатку аўкцыёна інвестар выразна ўсведамляў, на што ён ідзе. Райвыканкам вызначыў абавязковую ўмову: падпісанне адпаведнага дагавора – канкрэтнага і падрабязнага. Згодна з ім, усе работы на помніку спадчыны павінны весціся згодна з праектнай дакументацыяй (якая ўжо атрымала «візу» Міністэрства культуры краіны), уласнік не мае права змяняць функцыянальнае прызначэнне аб'екта (турызм і толькі турызм!) і нават прадаваць яго да ўводу ў эксплуатацыю.

Адназначна рэгламентаваны і тэрмін апошняга: палац павінен адкрыць свае дзверы для турыстаў ужо ў 2015 годзе. Адпаведна, новы гаспадар мае даволі часу на рэстаўрацыю, але не на прастой.

– У тым выпадку, калі адзін з пунктаў гэтага дагавора не будзе выкананы, мы маем права яго скасаваць у аднабаковым парадку, – патлумачыў Яўген Булойчык. – Сядзіба зноў адыдзе ў нашу ўласнасць, а вось заплачаныя за яе на аўкцыёне грошы інвестару ўжо не вернуцца...

Ці патрэбна такая жорсткая рэгламентацыя дзейнасці прыватніка? У дадзеным выпадку, напэўна, так. Гэта – перасцярога, але перасцярога зусім не лішняя.

Грамадская думка адносна прыватызацыі помнікаў спадчыны нярэдка палярызуецца. Нехта выступае адназначна супраць, а хтосьці шчыра верыць, што адно толькі змена ўласніка здатная аўтаматычна ператварыць любыя руіны ў дзівосны сад.

«Працверажэнне» наступіць незваротна. Тым больш мы ўжо маем прыклады таго, калі падобныя аперацыі з нерухомасцю ніяк не паўплывалі на лёс помнікаў ці нават уплывалі адмоўна. А ў суседніх краінах такіх прыкладаў – мноства! Чаго варты хаця б адзін толькі факт варварскай перабудовы старой праваслаўнай царквы ў прыватны катэдж, які меў месца ў вёсцы Малыя Солі Яраслаўскай вобласці Расіі!

Лішне нават паўтараць, што панацэяй ад «смелых» пераўвасабленняў можа быць толькі няспынны кантроль «на месцах». Але не будзем забывацца і на фактар культурнага ўзроўню саміх уласнікаў. Можна меркаваць, што набытым за апошні час старым маёнткам з новымі гаспадарамі збольшага пашчасціла. За выключэннем хіба адной сядзібы ў Нарачанскім краі, уласнік якой заявіў пра свае намеры істотна павялічыць плошчу старога палаца: каб пад яго дахам магло размясціцца як мага больш турыстаў. Спецыялісты ў сферы аховы спадчыны лічаць такі падыход непрымальным.

А вось расіянін Вадзім Селіхаў, які набыў сядзібу ў Красках, наадварот, апантаны ідэяй аднавіць яе ў першапачатковым выглядзе. І робіць гэта грунтоўна, дбайна, без лішняй спешкі. Як адзначыў Іван Маржала, кожны ягоны крок – напрыклад, спілаванне прагнілага дрэва ў парку – мае належнае ўзгадненне.

Як запэўніў Мікалай Кудравец, новы ўласнік сядзібы «Лінова» цалкам свядомы адносна сваіх абавязкаў па ахове спадчыны і не мае ніякіх намераў парушаць высакародныя прынцыпы рэстаўрацыі. Мяркуецца, што ў аднаўленні палаца будуць задзейнічаны не «звычайныя» будтрэсты, а менавіта  «профільныя» арганізацыі – такія як «Брэстрэстаўрацыя». І ўжо адно гэта сведчыць пра многае.

Метадыст аддзела культуры Бярэзінскага райвыканкама Наталля Маеўская на непаразуменні з новым уласнікам маёнтка Патоцкіх таксама не наракае. Зрэшты, два месяцы пасля аўкцыёну – гэта тэрмін, занадта малы нават для першых высноў. Але шыбуючы да палаца па цудам ацалелай брукаванцы ўсё ж прыкмячаеш пэўныя змены: вокны нядаўна былі пазабіваныя дошкамі, а ў дзвярных праёмах паўсталі мажныя краты. Добрая прыкмета таго, што ў помніка спадчыны з'явіўся сапраўдны гаспадар, які рупіцца пра захаванне сваёй маёмасці!

А слана і «не заўважылі»...

Як сведчыць айчынная практыка, адной з найтыповых прычын парушэння заканадаўства ў сферы аховы спадчыны з'яўляецца элементарнае няведанне ўласнікам сваіх абавязкаў. Таму вельмі важна, каб апошні ўсведамляў іх ад самага пачатку, яшчэ да таго, як запаветны малаточак апусціцца долу.

Абвестка аб правядзенні аўкцыёну на сайце Брэсцкага аблвыканкама прапануе набыць аб'ект, які мае назву їПарк «Савейкі» і з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Побач – сціслая анатацыя: «На тэрыторыі размешчаны: будынак галоўнага корпуса (Чаго? - І.С.) з водаправоднай і каналізацыйнай сістэмамі, будынак гаспадарчага корпуса (...), будынак танцавальнай пляцоўкі». Усе гэтыя размаітыя пабудовы пералічваюцца ў адным сказе, праз коску.

«Расшыфроўка» лаканічнай анатацыі выглядае наступным чынам. «Галоўны корпус» – гэта насамрэч прыгожы палац сярэдзіны ХІХ стагоддзя, які з'яўляецца «сэрцам» сядзібнага комплексу і патрабуе да сябе адпаведнага стаўлення. А вось танцпляцоўку нельга аднесці ні да гісторыка-культурных каштоўнасцей, ні да турыстычных прынад. І калі ўсё яшчэ патэнцыйны новы гаспадар парупіцца аб яе зносе ўласным коштам, яму за гэта можна толькі сказаць «дзякуй».

Як вы думаеце, ці кожны зацікаўлены інвестар зразумеў з гэтай абвесткі, што гутарка вядзецца не проста пра парк (са стартавай цаной у 3,7 мільярда!), а пра паўнавартасны палацава-паркавы ансамбль? Ці лёгка таму інвестару з ходу адрозніць «зерне ад пустазелля» – гістарычныя будынкі ад тыповых савецкіх? І ўвогуле: як адбылася гэтая дзівосная «рэдукцыя» сядзібы да парку (добра, што пакуль – толькі на паперы?).

Насамрэч адгадка простая. Адкрываем Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, знаходзім патрэбную старонку і чытаем: «Парк «Савейкі». Прыведзены там і невялічкі, але досыць грунтоўны артыкул, дзе мы можам даведацца і пра экзоты, і пра сажалкі, і нават пра альтанку, што, на жаль, не захавалася. А вось пра ацалелыя да нашых дзён палац ды іншыя пабудовы – ні слоўца! Можа, той, хто рыхтаваў дакументы для ўключэння аб'екта ў Дзяржспіс, палаца папросту не заўважыў?

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі ахвотна пагадзіўся з тым, што рэчаіснасць і яе дакументальнае адлюстраванне ў дадзеным выпадку і сапраўды не сыходзяцца. Таму апошняе вымагае карэкціроўкі, зразумела – у бок рэчаіснасці. І тут пазіцыя мясцовых улад павінна быць больш дзейснай – альбо ўвогуле проста быць.

Ігар Чарняўскі запэўніў і ў тым, што сядзібныя пабудовы ў Савейках не пазбаўлены аховы дзяржавы: усе работы, запланаваныя на тэрыторыі помніка спадчыны, павінны мець дазвол Міністэрства культуры. Таму надта  «смелыя» ды валюнтарысцкія ідэі інвестара праз гэтае сіта ва ўсялякім выпадку не прайшлі б.

Але неаспрэчна, што гэткая блытаніна можа стаць прычынай чарговых жарсцяў і непаразуменняў, якія не адпавядаюць ні прагматычным інтарэсам інвестара, ні справе аховы спадчыны. Прычым, як падаецца, расстаўляць усе кропкі над «і» належыць яшчэ да абвяшчэння аўкцыёну. Балазе гэта акурат вельмі добрая нагода для навядзення парадку  – і ў дакументацыі, і, зрэшты, непасрэдна на самім аб'екце...

Продаж сядзіб з аўкцыёну яшчэ не стаў такой масавай з'явай, як самі гэтыя закінутыя сядзібы. Але прыкладаў назапасілася ўжо даволі, каб вызначыць, прынамсі, адну тэндэнцыю зрэшты, відавочную яшчэ ад пачатку: найважнейшым чыннікам поспеху ініцыятывы з'яўляецца актыўная і мэтанакіраваная пазіцыя нават не канкрэтных «фармальных» уласнікаў аб'ектаў, але менавіта мясцовых улад.

Тая самая сядзіба ў Падароску наўрад ці нават дайшла б да аўкцыённай стадыі, калі б па-ранейшаму знаходзілася на балансе тамтэйшай гаспадаркі, бо яе наўрад ці можна пахваліць за высілкі ў справе зберажэння спадчыны. Як не дайшлі пакуль да аўкцыёнаў і дзясяткі іншых сядзіб, не менш адметных за падароскую.

– Але «валявым рашэннем» райвыканкама маёнтак быў перададзены на баланс аддзела культуры, мы падрыхтавалі поўны пакет патрэбнай дакументацыі, бо раней яна адсутнічала, і далей ужо, што называецца, їкіруем працэсам», – распавядае Іван Маржала.

Не зусім арыгінальнай будзе і канстатацыя праблемы з рэкламна-інфармацыйным забеспячэннем падобных аўкцыёнаў. Здавалася б, тэма гэтая вельмі цікавая для грамадства. Яе рэгулярна адлюстроўваюць буйныя СМІ, мноства спасылак на такія навіны можна знайсці і ў інтэрнет-пошукавіках. Але ўся бяда ў тым, што зазвычай гэтая інфармацыя з'яўляецца ўжо запозна,  «па факце», а не напярэдадні, і таму не можа наўпрост уплываць на ход падзей.

Вядома, правядзенне шырокамаштабнай рэкламнай кампаніі – з бігбордамі і тэлеролікамі –выльецца ў дадатковыя выдаткі. Але што перашкаджае ўласнікам аб'екта хаця б проста разаслаць прэс-рэлізы па рэдакцыях цэнтральных газет за месяц да аўкцыёну? Або нават не паскупіцца на арганізацыю прэс-тура на той аб'ект, што павінен пайсці з малатка. Ну, а калі б хтосьці стварыў адмысловы вэб-рэсурс, куды сцякаліся б усе звесткі па продажы «гісторыка-культурнай» нерухомасці на Беларусі – з прыгожымі фота і гістарычнай даведкай...

Інвестары – гэта звычайныя людзі, якія атрымліваюць інфармацыю з тэлевізара, газет ды сеці. І калі б гэтай інфармацыі было больш, можа, і прадажная цана сядзіб узрасла б на некалькі крокаў. Зрэшты, паўторымся, справа нават не ў гэтым...

Ілья СВІРЫН, фота аўтара

 
https://www.traditionrolex.com/8