https://www.traditionrolex.com/8
<p>«Амартызатар» без Парфянона: як «нематэрыяльная» спадчына змяніла імідж вёскі?</p>

Як паведамляе «Культура»:

«Амартызатар» без Парфянона: як «нематэрыяльная» спадчына змяніла імідж вёскі?

Народны абрад нельга паказваць у зручны для замоўцы час. Той жа Шчадрэц, калі ў розных кутках Беларусі гудуць самабытныя карнавалы, бывае толькі раз на год. Таму навукова-практычны семінар «Турызм як дзейсны сродак захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны» адбыўся менавіта 13 студзеня.

Невыпадковым было і месца яго правядзення – радзіма найвядомейшага сёння ў краіне народнага абрада «Калядныя цары». Пабачыўшы яго на ўласныя вочы, удзельнікі семінара атрымалі і дадатковую «ежу» для аналізу, і карысны досвед. Без сумневу, у той або іншай ступені ён прымяняльны і ў іншых вёсках ды мястэчках, дзе захаваліся праявы аўтэнтычнай культуры, але яшчэ пакуль што няма турызму.

Арганізатарамі семінара, які прайшоў у Капыльскім раённым краязнаўчым музеі, выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства спорту і турызму краіны, грамадскае аб'яднанне «Адпачынак у вёсцы», Нацыянальная камісія па справах UNESCO і, безумоўна, мясцовыя ўлады.

– Па сутнасці, гэтым семінарам мы адкрываем вялікае супрацоўніцтва паміж нашымі міністэрствамі, грамадскасцю, мясцовымі ўладамі і турыстычнымі арганізацыямі ў справе захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны, – адзначыла адзін з непасрэдных арганізатараў падзеі, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч.

Дывідэнды без эксплуатацыі

Трансфармацыю батлейкі ў паўнавартасны народны тэатр, якая яшчэ за дзедам-шведам адбылася ў Семежаве, даследчыкі звязваюць у тым ліку і з адметнасцямі тамтэйшай архітэктуры. Мястэчку некалі былі ўласцівыя «пагонныя двары» – вялікія сенцы, якія злучалі ў адну лінію ўсе пабудовы сядзібы і час ад часу станавіліся імправізаванай тэатральнай залай.

Сёння Семежава не можа пахваліцца ні гэтымі, ні якімі іншымі архітэктурнымі адметнасцямі. Панылыя будынкі савецкай пары тут не разнастаяць стромкія вежы касцёлаў, а вуліца раптам не збочыць у прысады рамантычнага парку, што атачае шляхецкі палац...

Менавіта таму да нядаўняга часу падарожнікі абміналі Семежава бокам. І хіба даследчыкі ведалі і пра «...цароў», і пра тое, што, зайшоўшы ў звычайную з выгляду хату, ты можаш трапіць у сапраўдны міні-музей народнага ткацтва, а па сумяшчальніцтве яшчэ і ў кавярню з ладным меню беларускай кухні. Як ні дзіўна, «неадчувальная» спадчына аказалася куды больш жывучай за матэрыяльную.

Для кардынальнай змены іміджу вёскі спатрэбілася ўсяго пару гадоў – менавіта столькі часу прайшло пасля ўключэння  «Калядных цароў» у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO. Дзясяткі тэлесюжэтаў і газетных публікацый умомант прыцягнулі да Семежава грамадскую цікавасць. Больш за тое: унікальны абрад можа прэтэндаваць на ролю галоўнага культурна-турыстычнага брэнда ўсяго Капыльскага раёна, дзе няма ні мора, ні гор, ні Парфянона. Але затое ёсць «...цары», якіх больш няма нідзе!

Адпаведна, нам зусім не абавязкова шукаць прыклады ўплыву нематэрыяльнай спадчыны на жыццё рэгіёна дзесьці ў Афрыцы – вось яны, побач! Іншая справа – як прымусіць гэты брэнд прыносіць адчувальныя «дывідэнды» (духоўныя, матэрыяльныя, сацыяльныя, дэмаграфічныя і г. д.), не пашкодзіўшы саму яго сутнасць бяздумнай «эксплуатацыяй». Семінар стаў першай спробай пошуку адказу на гэтае нялёгкае пытанне.

Турыстызацыя: pro et contra

Семінар аб'яднаў за «круглым сталом» як практыкаў агратурызму, так і навукоўцаў-фалькларыстаў. Іх пазіцыі адносна этычнасці і мэтазгоднасці  «турыстызацыі» народнай культуры істотна падзяліліся. На думку старшага навуковага супрацоўніка Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі Тамары Варфаламеевай, любоў гарадскіх жыхароў да фальклору нярэдка душыць яго ў сваіх абдымках. Таму вядомая даследчыца нематэрыяльнай спадчыны досыць рэзка выступіла супраць яе камерцыялізацыі і ўвогуле «іншародных уварванняў» на гэтую тэрыторыю.

– Наша ўмяшальніцтва ў народную культуру – якімі б светлымі памкненнямі яно ні тлумачылася – «спрыяе», на жаль, толькі яе руйнаванню і дэградацыі, – мяркуе навукоўца. – Нельга бясконца піць з крыніцы, не могучы нічым яе напоўніць. Народнае мастацтва – невычэрпнае? Наўрад ці...

Шчадрэц у Семежаве сёлета праходзіў не зусім так, як стагоддзі таму. Кожны рух тых самых «цароў» фіксаваўся на дзясяткі фота- і відэакамер. Часам аператары прасілі «зрабіць дубль» або папазіраваць у той ці іншай паставе, каб тэлекарэспандэнт мог знайсці добрае месца для стэндапа. Вось яны, выдаткі папулярнасці!

З іншага боку, увага  «старонніх людзей» можа не абы як стымуляваць самапавагу саміх носьбітаў традыцыі, пазбаўляючы іх комплексу непаўнавартаснасці ды адчування, нібыта яны марнуюць час на непатрэбную справу. Да таго ж, «цароў», чые постаці на семежаўскай вуліцы выпраменьвалі адпаведны статусу гонар, медныя трубы, як падавалася, не сапсавалі – абрад усё ж застаўся абрадам, са сваім адвечным зместам.

Безумоўна, стратэгія неўмяшальніцтва была б цалкам дарэчнай у тым выпадку, калі б аўтэнтычная спадчына не патрабавала тэрміновай абароны (уласна, семежаўскі абрад унесены ў Спіс UNESCO менавіта з такой фармулёўкай). Яе аб'ектыўнасць у дачыненні да многіх праяў нематэрыяльнай народнай культуры – відавочная, і яна вымагае менавіта актыўнай пазіцыі. Адсюль і пытанне: што рабіць?

У выпадку з помнікамі архітэктуры ўсё, збольшага, зразумела. Як адзначыла Ала Сташкевіч, агульнага «рэцэпту» захавання элемента нематэрыяльнай спадчыны няма і быць не можа (бо і кожны з такіх помнікаў – унікальны). Але пэўныя ўніверсальныя прынцыпы ўсё ж можна вылучыць. Адзін з іх – гэта менавіта фарміраванне самапавагі ў носьбітаў традыцыі, другі – з'яўленне ў іх чыста прагматычнага стымулу праз развіццё турызму.

Вось прыклад. Зняўшы пакой у карпацкай вёсцы, дзе жыхары па-ранейшаму гавораць на «сваёй» мове, дакладную назву якой ведае хіба кваліфікаваны дыялектолаг, можна лёгка пераканацца ў тым, што захаванню яе аўтэнтыкі перашкаджае зусім не турыстычны фактар, які прысутнічае тут яшчэ з часоў Аўстра-Венгерскай імперыі.

Наадварот, ён «замацоўвае» жыхароў у тых маляўнічых горных расколінах, дазваляючы ім зарабіць сякую-такую капейчыну. Але паназіраўшы за тым, з якім імпэтам носьбіты аўтэнтыкі шчоўкаюць пультам сатэлітавага рэсівера (а без «талеркі» тыповую карпацкую хату сёння і не ўявіць), адразу разумееш, што глабалізацыя дабралася і сюды. Бо яна з'яўляецца неад'емным «зваротным бокам» развіцця інфармацыйных тэхналогій ды, зрэшты, прагрэсу ў цэлым.

У тую эпоху, калі зарадзіліся «...цары», тэлевізара ды інтэрнэта яшчэ не існавала ў прыродзе. Таму людзі былі змушаны забаўляць сябе самі, і іх вынаходлівасць спараджала ўнікальныя культурныя з'явы.

Як падаецца, менавіта турызм здатны запаволіць няўмольны бег часу, служачы свайго кшталту «амартызатарам» для тых глабалістыстычных працэсаў, ад якіх нават у вясковай глушы нікуды ўжо не падзецца. Дзякуючы яму «другое дыханне» набываюць тыя рэчы або з'явы, што ўжо даўно былі выкінуты «на сметнік гісторыі». Згадайма хаця б тыя ж прасы на вуголлі, якія ўчора ржавелі на гарышчах, а сёння ўпрыгожваюць музеі, кавярні, аграсядзібы.

Ала Сташкевіч правяла паралелі з экасістэмамі, што яшчэ не так даўно маглі існаваць ды ўзнаўляцца самі па сабе, а сёння патрабуюць стварэння запаведных рэжымаў. Па яе словах, фактарамі рызыкі для элементаў народнай спадчыны могуць стаць як празмерная камерцыялізацыя, так і поўная яе адсутнасць. Першая ператварае абрад у прафанацыю, спусташаючы яго ўнутраны змест, а другая – пазбаўляе носьбітаў спадчыны дадатковых стымулаў для яе захавання.

З гэтым цяжка не пагадзіцца. Пытанне толькі ў тым, як знайсці «залатую сярэдзіну», увасобленую ў канкрэтным турпрадукце?

На думку старшыні ГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыі Кліцуновай, аўтэнтычныя народныя абрады не прызначаны для масавых тураў: ім павінна спадарожнічаць пэўная аўра эксклюзіўнасці. А мэтавая група, на якую яны разлічаны, – гэта турысты, скіраваныя на спазнанне новага, а не на пасіўнае сузіранне «туземнай экзотыкі».

– Давялося пабываць у індзейскай «тур-вёсцы»: жыхары яе ўжо забыліся на сваю мову, у якасці сувеніраў там прапануюць нейкі «шырспажыў», а больш тандэтнага шоу мне ніколі нават бачыць не даводзілася! – распавяла яна. – Канешне, гэта найгоршая перспектыва для нашай аўтэнтычнай культуры...

Ала Сташкевіч звярнула ўвагу і яшчэ на адну акалічнасць. Згодна з Канвенцыяй UNESCO аб ахове нематэрыяльнай спадчыны, правам «распараджацца» яе элементамі надзелена толькі непасрэдна тая супольнасць, дзе яны бытуюць.

– Супольнасць сумесна з экспертамі павінна выбудаваць для турыстаў пэўныя бар'еры, вызначыць, што ім можна, а што – нельга, – кажа яна.

Таму шкада, што на семінары мы не пачулі нікога з непасрэдных носьбітаў абраду «...цары», бо ў рэшце рэшт менавіта ім належыць апошняе слова ў спрэчцы pro et contra турыстызацыі.

Ці не першы досвед пераўтварэння нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці ў турпрадукт звязаны з абрадам «Жаніцьба Цярэшкі» на Лепельшчыне, уключаным у Дзяржаўны спіс. Чаму менавіта ён? Тут, мабыць, адыграў ролю менавіта чалавечы фактар. Руплівіца тамтэйшага агратурызму Вольга Маханенка ладны час адпрацавала ў культуры, і народныя традыцыі для яе не бізнес, а – жыццё.

Дарэчы, паводле яе слоў, самі носьбіты абраду – старэнькія ўжо бабулі – паставіліся да турыстаў цалкам станоўча.

Турпрадукт  пачынаецца... з авечак

Цяжка спрачацца з тым, што з'яўленне на вуліцы аддаленай вёскі дзясяткаў турыстычных аўтобусаў само сабою парушыць яе архаічныя краявіды і амаль герметычны їмікракосмас». Але
«...царам» такая перспектыва і не пагражае. Бо ў адваротным выпадку гэта будуць ужо зусім не тыя «...цары»...

Чаму? Ды хаця б таму, што пляцоўкай для дзеі становяцца гасцёўні звычайных вясковых хат, і апрача саміх «цароў» ды журналістаў цэнтральных СМІ ў кожную з іх можа ўбіцца хіба з дзясятак гледачоў. Ну, і ці шмат на гэтым заробіш?

Таму фалькларысты могуць не хвалявацца, а вось для туріндустрыі будзе не так і лёгка адаптаваць гэты «раскручаны» брэнд для сваіх патрэб і тым больш вынайсці спосаб яго капіталізацыі, асабліва калі ўлічыць, што абрад адбываецца толькі раз на год. А яго ненатуральны  їпрацяг» у часе нават не разглядаецца як варыянт: самі семежаўцы гэтага не дазволяць. Калі да іх прыязджалі тэлевізійшчыкі ды прасілі «цароў» падладзіцца пад іхні ўласны, а не пад народны, каляндар, ды пакалядаваць, скажам, у лістападзе, гэта выклікала шчырае абурэнне.

Зрэшты, «часавая прывязка» абраду не азначае, што створаны ім брэнд не можа працаваць круглы год. Паколькі «...цары» сёння на слыху, людзі зацікавяцца народнай культурай рэгіёна ў цэлым, а прадстаўлена яна, натуральна, не толькі гэтым абрадам. Вольга Маханенка нагадала, што каляндарны цыкл беларусаў багаты на яркія падзеі.

Іншы немалаважны момант – даць турыстам як мага больш магчымасцей патраціць грошы. Гэтаму спрыяе, напрыклад, сувенірная прадукцыя. Згадайма, што Семежава славіцца і сваімі традыцыямі ткацтва, якія не так даўно набылі статус нематэрыяльнай каштоўнасці. Урэшце, тая ж кулінарыя, з якой тут таксама ўсё ў парадку.

Калядны кірмаш у Семежаве, які папярэднічаў абраду, пераканаў усіх: жыхары вёскі маюць што прапанаваць турыстам. Тым больш, семежаўцы частавалі гасцей не толькі блінцамі ды хатнімі каўбаскамі, але і сакавітымі ды яўна  «незавучанымі» жарцікамі, спевамі, дасціпнымі «варажбіцкімі» гульнямі. Свята зусім не страціла весялосці праз адсутнасць сучаснага  «шырспажыву», які ў нас нярэдка прапануюць нават у самых для яго недарэчных выпадках.

Турыстычная інфраструктура ў Семежаве практычна адсутнічае. Ні паесці, ні пераначаваць, ні нават «прыпудрыць носік» там фактычна няма дзе. Арганізатары семінара прапанавалі досыць наватарскае, па айчынных мерках, вырашэнне гэтай праблемы: вячэра для ўдзельнікаў была зладжана ў звычайных дамах семежаўцаў.

Патрабавальнай публіцы традыцыйныя хатнія стравы прыйшліся да густу, ды і атмасферу прыватнай гутаркі не параўнаць ні з якім рэстаранам. І таму падумалася: ва ўмовах беларускага турызму, калі чакаць актыўнасці прыватных інвестараў ужо надакучыла, ды і не так шмат пакуль у гэтых устаноў будзе кліентаў, такі падыход можа мець ці не паўсюднае ўкараненне. Тым больш, як падаецца, ён цалкам упісваецца ў канцэпцыю агратурызму.

– Калі мы рассялілі ізраільскіх турыстаў па дамах простых жыхароў Моталя, гэта падавалася вялікай авантурай, – распавядае Валерыя Кліцунова. – Але ўрэшце яны адзначылі, што гэта быў сапраўдны «цвік праграмы», які пакінуў найлепшыя ўражанні! Думаю, што і пераначаваць у семежаўскай хаце турысту таксама будзе цікава...

Адзін з магчымых варыянтаў выкарыстання «брэндавага» ўзору нематэрыяльнай спадчыны Валерыя Кліцунова прадэманстравала на прыкладзе іншага прэтэндэнта на ўключэнне ў Спіс UNESCO – майстэрства дрыбінскіх шапавалаў:

– Сёння мы пакуль маем толькі частку паўнавартаснага турпрадукту –- людзей, якія вырабляюць валёнкі, ды самі іхнія вырабы. Але каб зрабіць гэты прадукт сапраўды жыццяздольным, неабходна стварыць увесь цыкл. А пачынаецца ён... з авечак. Яны пасвяцца на зялёных пагорках, потым іх стрыгуць, рыхтуюць воўну для працы... Напэўна, турысту будзе цікава за гэтым паназіраць. Да таго ж, авечкі – гэта і сыр, і шашлык...

А далей – назіранне за самім шапавальствам і, вядома, магчымасць набыць яго прадукцыю, тыя ж валёнкі, зробленыя па індывідуальнай замове. Яшчэ адна атракцыя – вячэра ў хаце шапавала. На думку спецыяліста, гэтую праграму можна паўнавартасна расцягнуць на некалькі дзён, і ў выпадку добрага попыту яна можа забяспечыць працай ледзь не ўвесь раён.

Урэшце, ёсць і іншы шлях капіталізацыі нематэрыяльнай спадчыны – стварэнне на яе аснове якаснага арыгінальнага турпрадукту. Найлепшы прыклад – Зюзя Паазерскі, адзін з «бацькоў» якога Ягор Шушкевіч таксама браў удзел у семінары.

 – Мяне часам абвінавачваюць у прапагандзе язычніцтва,  – паскардзіўся ён. – Ды ні ў якім разе! Проста мяне прывабіў той вялізны пласт прызабытай ужо народнай культуры. Падумалася: чаму б яго не ажывіць і не выкарыстоўваць у турызме?..

Некаторыя аўтарытэтныя навукоўцы мяркуюць, што ніякага Зюзі ў свядомасці продкаў не існавала, а басаногі дзядок – гэта не больш чым містыфікацыя этнографа ХІХ стагоддзя Паўла Шпілеўскага (ва ўсялякім разе не пазбаўленая глебы). Але ў дадзеным выпадку гэта, як падаецца, не настолькі і важна. Бо, паўторымся, мы маем справу з менавіта «аўтарскім» турпрадуктам, а не аднаўленнем старадаўняга абраду. Куды важней проста ўсведамляць такую розніцу.

Запытаў у Вольгі Маханенка, ці дапушчальна выкарыстоўваць пэўныя элементы аўтэнтычных абрадаў у арыгінальных анімацыйных праграмах, прызначаных, скажам, для карпаратываў у аграсядзібах. На яе думку, рабіць гэта трэба. Хаця б таму, што тыя ж карпаратывы – някепская пляцоўка для папулярызацыі добрых узораў айчыннай культуры. А сёння там папулярызуецца нешта зусім іншае...

ЗюзяTM

Пад час дыскусіі быў неаднаразова закрануты і іншы далікатны аспект турыстызацыі – справядлівае размеркаванне атрыманых ад яе даходаў. Безумоўна, калі асноўная іх частка будзе «праплываць» міма саміх носьбітаў спадчыны, асядаючы ў кішэні прадстаўнікоў туріндустрыі, гэта ніяк не паспрыяе захаванню народных традыцый. Людзі рана ці позна адчуюць, што іх проста «выкарыстоўваюць».

Менавіта таму на семінары прагучала і такая тэма, як абарона аўтарскага права. Здавалася б, да аўтэнтычнай культуры яна не мае ніякага дачынення – да слова «народ» знак капірайту не прылепіш... Тым не менш, юрыст Марыя Сатоліна пераканана, што гэта не зусім так. Па-першае, закон абараняе тыя праявы нематэрыяльнай спадчыны, якія маюць канкрэтнага аўтара, скажам, творчасць знакамітага разьбяра Мікалая Тарасюка. Па-другое, аўтарскім правам надзелены і тыя, хто вярнуў абрад з нябыту, як гэта здарылася з «...царамі», што цягам дзесяцігоддзяў існавалі толькі ў пасіўнай форме. І, па-трэцяе, нават носьбіты тых з'яў ну зусім ужо народнай культуры, на якія аўтарскае права не распаўсюджваецца, могуць адстойваць свае сумежныя правы – у якасці выканаўцаў абраду.

На практыцы гэта можа азначаць прыкладна наступнае. Калі пэўны гаспадар аграсядзібы захоча выкарыстаць вобразы «цароў» у сваёй анімацыйнай праграме, ён мусіць звярнуцца па дазвол да саміх носьбітаў гэтай традыцыі і ў выпадку яго атрымання выплаціць ім роялці са свайго прыбытку.

Безумоўна, для ўкаранення гэтай схемы калектыўнага кіравання аўтарскімі правамі патрэбна нямала юрыдычных фармальнасцей. Ды і патрэбы такой надзённай, як падаецца, няма: не надта пакуль хто і квапіцца. Але ў перспектыве ніхто ад гэтых праблем не застрахаваны.

– Я дык на свайго Зюзю  «ахоўную грамату» ўжо атрымаў, каб не расцягнулі і пад кожны куст не пасадзілі. Цяпер гэта наш таварны знак, – паведаміў Ягор Шушкевіч, якому ўжо давялося сутыкнуцца з выпадкамі плагіяту, няхай сабе пакуль і даволі бяскрыўднага.

Як паведаміла Ала Сташкевіч, беларуская справаздача аб захадах па захаванні нематэрыяльнай спадчыны на апошняй сесіі Міжурадавага камітэта UNESCO атрымала вельмі станоўчыя водгукі міжнароднай супольнасці. Спецыялісты з іншых краін адзначылі, што за мінулы год наша краіна зрабіла ў гэтай справе істотныя крокі наперад. Дзякуючы гранту UNESCO сёлета распачнецца стварэнне базы даных нематэрыяльнай спадчыны, а таксама і адмысловага вэб-рэсурсу.

На сённяшні дзень афіцыйны статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці на Беларусі маюць толькі дваццаць народных абрадаў і ўмельстваў. Насамрэч іх, без сумнення, значна больш. У даўно ўрбанізаванай Еўропе наша краіна акурат і вылучаецца тымі ацалелымі выспачкамі аўтэнтыкі, якія перажылі ўсе перыпетыі гісторыі. І таму не дзіва, што вельмі многія ўдзельнікі семінара казалі пра іміджавы фактар нематэрыяльнай спадчыны, вельмі істотны для міжнароднага пазіцыянавання краіны.

Але няма сумнення ў тым, што архаічная вёска адыходзіць у нябыт і працэс гэты – незваротны. Таму вельмі важна, каб народныя абрады ды ўмельствы знайшлі сабе месца менавіта ў сучасным жыцці.

Згодна з Канвенцыяй UNESCO, захаванне гэтых народных скарбаў азначае стварэнне такіх умоў, якія спрыяюць іх далейшаму існаванню, развіццю і самааднаўленню, –гэта значыць, з'яўленню ланцуга пераемнасці, які складаецца з жывых людзей. Людзей, што жывуць у сучасным свеце і маюць свае надзённыя патрэбы, задавальненню якіх у той або іншай меры паспрыяе сфера турызму.

У той самы час на семінары вельмі часта гучаў медыцынскі прынцып «Не нашкодзь!». І ў такой тонкай сферы, як нематэрыяльная спадчына, ён надзвычай актуальны.

– Кіруючыся самымі лепшымі намерамі, мы можам парушыць аўтэнтычнасць таго або іншага элемента нематэрыяльнай спадчыны ці нават прывесці яго да знікнення, – перасцерагла Ала Сташкевіч.

 Ілья СВІРЫН
https://www.traditionrolex.com/8