<p>Прыгожае народнае ігрышча, занесенае ў Спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў Беларусі, зладзілі ў «Залатым коле Віцебска» «Дзвіна» хлопцы і дзяўчаты з мясцовага студэнцка-этнаграфічнага таварыства «Поўнач»</p>

Напярэдадні карэспандэнтаў онлайн-газеты «Народныя навіны Віцебска» запрасілі на цудоўнае відовішча – калядную абрадавую гульню «Жаніцьба Цярэшкі». Гэта прыгожае народнае ігрышча, занесенае ў Спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў Беларусі, зладзілі ў «Залатым коле Віцебска» «Дзвіна» хлопцы і дзяўчаты з мясцовага студэнцка-этнаграфічнага таварыства «Поўнач».

Так што Цярэшку зараз жэняць ужо не только на Лепельшчыне, дзе гэты абрад найбольш захаваўся, але і ў Віцебску. Невядома, ці пабярэцца шлюбам у рэальнасці хоць адна пара з тых, каго ўчора «ажанілі», але ж смешна і цікава было ўсім, хто ўдзельнічаў у жартоўнай гульні. А нам было вельмі радасна назіраць за гэтай цудоўнай моладдзю ў прыгожых нацыянальных строях, якая ўмее так добра адпачываць і аддае столькі свайго часу і душы адраджэнню беларушчыны. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты падарылі ўпэўненасць: калі маладая Беларусь гэтак танчыць і кахае, то, безумоўна, яна жыве і будзе жыць!

1

Аднак нават на такім яркім відовішчы, як «Жаніцьба Цярэшкі», было б сумна, калі б не музыкі. А яны падабраліся проста на замілаванне! Выдатнае трыё складалі: бубнач «з-пад Віцебска», як ён сябе сам адрэкамендаваў, – Міхал Дук, а таксама дудар Васіль Шкіндзер і скрыпачка Вольга Зарэцкая. Апошнія двое адмыслова прыехалі ў Віцебск з Лепеля – «малой радзімы» Цярэшкі.

2

3

Персанажа з такім слаўным імем нашы продкі звалі ў памагатыя для вяселляў толькі зімою – звычайна на Каляды і Загавіны перад Вялікім постам. Месцам жа гульні звычайна была сялянская хата ці карчма. (Але сучаснай моладзі было някепска і ў музейнай зале). Ігрышча збірала шмат маладых пар ( у нашым выпадку больш за 10). Кожны хлопец у гэты вечар становіцца Цярэшкам і выбірае сабе «жонку». Сэнс забавы – згуляць «вяселле» з вялікай колькасцю народных песень, танцаў і жартаў.

4

Спачатку выбіраюцца «маці» і «бацька». (З гэтай роляй учора цудоўна справіліся Андрэй Качанаў і Дар’я Зуева). Яны падбіраюць жаніхам нявест і спяваюць, кожны раз называючы імёны новых пар, накшталт:

5

Ай, будзем мы піва варыць,
Будзем мы сыноў жаніць,
Будзем мы гарэлачку гнаць,
Будзем мы дачок аддаваць.
Міхалка-сынулечка,
Крысціначка-дачушачка,
Ай, роўная парачка,
Нам гарэлкі чарачка!

Пасля «бацькі» выводзяць у кола выбраную пару і пачынаюць «скручваць» іх «Лявоніхай»: «маці» ідзе ў скокі з хлопцам, «бацька» – з дзяўчынай. Затым, наадварот, – асобна танцуюць «маладыя» і «маці» з «бацькам». Хлопец і дзяўчына з гэта моманту становяцца

6

«дзедам» і «бабай». «Пажэненыя» маладыя не проста танцуюць, а як бы «звіваюцца» пад музыку «Лявоніхі» – так скручваецца, звіваецца з дзвюх столак нітка ці вяроўка, каб быць трывалай, моцнай. Гэтак і Цярэшка «скручвае» маладых людзей у адну, трывалую і моцную сям’ю.

7

У наступных этапах гульні таксама безліч танцаў, спеваў, вясёлай мітусні, жартаў, гульняў… Часта пытаюцца: дык хто ж такі – гэты самы загадкавы Цярэшка? Яго вобраз продкі разглядалі як драўляную фігурку, якая нават магла «ажыць». Цярэшка ў паганскія часы быў альбо ахоўнікам маладой сям’і, альбо памагатым маладым людзям у каханні. Таму ў песнях-«цярэшках» часта сустракаецца зварот да яго: «Цярэшка, Цярэшухна, мой мілы пацешухна» або «Цярэшка, бяда, бяда, далі мне старога дзяда»…

8

На Беларусі ёсць шмат вёсак з назвай Цярэшкі. Адна з іх – на Лепельшчыне. І, можа, менавіта туды дасылала свой ліст Джулія, галоўная гераіня аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада», якая віталася з землякамі свайго каханага беларуса Івана «…здравствуй, деревня Терешки возле Двух Голубых Озер в Белоруссии…»

9

Да слова, маці дзевяці дзяцей і кіраўніца фальклёрнага ансамбля Валянціна Крыцкая з вёскі Аношкі Лепельскага раёна, якая зберагла старажытны абрад «Жаніцьба Цярэшкі», у 2010 годзе была абраная жанчынай года і перамагла ў намінацыі «За ўнёсак у духоўна-маральнае адраджэнне грамадства».

10

А зараз во гэтай гульнёй захапілася і гарадская моладзь. Замест дыскатэк і начных клубаў…

11

12

13

14

Яна Ільіна