<p>Гэта будзе зроблена у рамках польска-беларускага праекта «Камунікацыя  без межаў»</p>

Як паведамляе Радыё Рацыя:

У сямі гарадах Гродзенскай вобласці адкрыюцца цэнтры турыстычнай інфармацыі.

Гэта будзе зроблена у рамках польска-беларускага праекта «Камунікацыя без межаў». Падчас канферэнцыі ў Сувалках, якая распачне праект, госці з Беларусі змогуць азнаёміцца з дзейнасцю мясцовых інфармацыйных пунктаў. Апрача гэтага, на працягу года для супрацоўнікоў турыстычных арганізацый з Гродзеншчыны адбудзецца шэраг трэнінгаў і стажыровак у інфармацыйных цэнтрах Сувалак.

Як адзначае Анатоль Маслаў з абласнога турыстычна-спартыўнага саюза ў Навагрудку, гродзенскія арганізацыі могуць шмат чаму навучыцца ад сваіх сяброў з Польшчы:

– Мы атрымаем новы досвед у развіцці турызму, агратурызму, асобных відаў спорту ў Польшчы для Беларусі. Польшча і Літва па развіцці агра- і спартыўнага турызму ідуць трохі наперадзе ў параўнанні з Беларуссю. Таму мы хочам усё гэта ўбачыць і прывезці ў нашу краіну.

Першы цэнтр турыстычнай інфармацыі ўжо з’явіўся ў Гродне. Чарговыя адкрыюць у Лідзе, Сапоцкіне, Слоніме, Смаргоні, Навагарудку і Карэлічах. Праект рэалізуецца са сродкаў Еўрасаюза па праграме «Польшча–Беларусь–Украіна». Завяршэнне праекта і адкрыццё інфармацыйных цэнтраў плануецца восенню 2012 года.