https://www.traditionrolex.com/8
<p>Вёска Галошава не самая вялікая на Талачыншчыне, але тут дастаткова цікавых экскурсійных аб’ектаў.  Па-першае, гэта рэшткі сядзібна-паркавага комплексу Цюндзявіцкіх, якіх у народзе называюць Дзен-дзявіцкімі. Яшчэ нядаўна ў панскім доме размяшчалася школа, а падчас Вялікай Айчыннай вайны – нямецкі гарнізон, які два разы атакавалі партызаны</p>

Як паведамляе «Народнае слова»:

Вёска Галошава не самая вялікая на Талачыншчыне, але тут дастаткова цікавых экскурсійных аб’ектаў.

Па-першае, гэта рэшткі сядзібна-паркавага комплексу Цюндзявіцкіх, якіх у народзе называюць Дзен-дзявіцкімі. Яшчэ нядаўна ў панскім доме размяшчалася школа, а падчас Вялікай Айчыннай вайны – нямецкі гарнізон, які два разы атакавалі партызаны.

 Дом Цюндзявіцкія пабудавалі ў 1914 годзе, калі пачалася Першая сусветная вайна. А хутка наступілі вірлівыя падзеі 1917-га, так што толкам гаспадары маёнтка і не пажылі ў новай сядзібе. Дарэчы, ацяпляўся дом з дапамогай адной печы праз дымаходы, што былі праведзены ў сценах. А потым, «пры школе», сістэма абагрэву сапсавалася, і замест яе ўстанавілі некалькі грубак.

Побач з домам былі ўзведзены гаспадарчыя пабудовы і жыллё для прыслугі, дзе пазней знаходзіліся калгасная кантора, клуб і бібліятэка. Кажуць, пан быў добры і меў адукацыю інжынера. Абсталяваў завод, на якім выраблялі цэглу для ўсіх пабудоў.

Ад сядзібы да возера вядзе алея, у якой захаваліся даволі рэдкія для Беларусі дрэвы – дзве лістоўніцы Сукачова і чатыры чорныя таполі. Яшчэ нядаўна у гэтым вадаёме гаспадарылі толькі карасі. Але гадоў дзесяць таму з’явіліся шчупакі і акуні. Мала таго, што яны не даюць драмаць карасям, але і зрабілі возера прывабным для рыбакоў.

Здавён на беразе стаялі два каменныя крыжы крывічаў – большы і меншы. Аб іх паходжанні існуе такая легенда.

Калісьці на месцы возера была вёска. І вось аднойчы сюды прыйшоў старац (жабрак). Прасіўся ва ўсе хаты, каб пусцілі пераначаваць, але яму адмаўлялі. Толькі на ўскрайку вёскі гаспадыня старэнькай хаты пусціла старца на начлег. Раніцай ён вырашыў пакараць жыхароў вёскі за сквапнасць і сказаў жанчыне: «Забірай дзіцёнка і хадзі за мной. Але, калі пачуеш плач і лямант, не абарочвайся». Выйшлі за ваколіцу, і тут пачуліся галашэнне і енк – вёска падтоплівалася. Жанчына не вытрымала, нахілілася, быццам падвязаць лапаць, зірнула назад і ператварылася ў камень, як і яе дзіця. Па словах старажылаў, маленькі каменны крыж быў пакладзены ў фундамент панскага дома.

big

Сядзіба Цюндзявіцкіх

У народзе гэты старажытны каменны помнік называюць «Баба». У 1996 годзе пры дапамозе Коханаўскага экскаватарнага завода мясцовыя энтузіясты зрабілі пад крыж пастамент.

Паводле «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», на тэрыторыі нашай краіны захавалася каля 200 каменных крыжоў. Іх ставілі на скрыжаваннях дарог, на ускрайках вёсак (для абароны ад эпідэмій і заваёўнікаў), на межах зямель, у гонар памятных падзей, на могілках. Апроч Галошава, на Віцебшчыне падобныя крыжы захаваліся каля вёсак Сокарава Бешанковіцкага, Вітунічы Докшыцкага, Пліса і Бабруйшчына Глыбоцкага, Дрысвяты Браслаўскага раёнаў і іншых месцах.

Каля вясковых могілак ёсць некалькі старажытных курганоў, якія яшчэ людзі называюць так: капцы, французскія або шведскія магілы, валатоўкі, сопкі. У Галошаве гэта «французскія магілы». Але насамрэч курганы і курганныя могільнікі на тэрыторыі нашай краіны належаць усходнеславянскім плямёнам, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам, а найбольш старажытныя – плямёнам сярэднедняпроўскай культуры.

Некалькі гадоў прайшло, як закрыта школа ў Галошаве, панскі дом стаіць без гаспадара. Хоць і гавораць, што «бывалашняя» цэгла па трываласці няроўня цяперашняй, але без акон і дзвярэй дом не зможа доўга супрацьстаяць прыродным працэсам.

Можа, мясцовым уладам варта пашукаць інвестара, які б вярнуў да жыцця будынак? Тым больш, што ў Беларусі ўвогуле, як і на Віцебшчыне, ёсць станоўчыя прыклады продажу былых панскіх сядзіб для абсталявання іх пад гасцініцы і аб’екты аграэкатурызму.

А ў Галошаве і ваколіцах цікаўнаму чалавеку сумна не будзе.

Сяргей Кавалеўскі

https://www.traditionrolex.com/8