https://www.traditionrolex.com/8
<p>Безумоўна, «вяртанне» Шагала ў Лёзна паспрыяе развіццю турызма і зробіць  Віцебшчыну  яшчэ больш прывабнай для тых, хто любіць творчасць гэтага  мастака</p>

Як паведамляе «Звязда»:

Сёлетні 125-гадовы юбілей слыннага мастака Марка Шагала — безумоўна, падзея сусветнага маштабу. І, калі пра Віцебск і Шагала, які тут жыў, пішуць часта, Лёзна, што за сорак кіламетраў ад абласнога цэнтра, параўнальна рэдка ўзгадваецца ў СМІ. А між іншым, некаторыя даследчыкі лічаць, што геніяльны мастак нарадзіўся менавіта ў Лёзне. Там пабываў наш карэспандэнт і паспрабаваў адкрыць для сябе і чытачоў невядомага Шагала.

Безумоўна, ён лёзненскі!

Спецыяльна перад паездкай у Лёзна — былое мястэчка з багатай гісторыяй, заснаванае ў пачатку ХVІІ стагоддзя, — праглядзеў у інтэрнеце шэраг артыкулаў, прысвечаных Шагалу. Некалькі разоў сустрэў інфармацыю пра тое, што Шагал нарадзіўся ў Лёзне. Як і пра тое, што яго сапраўднае прозвішча было Сегал.

Мясцовая краязнаўца Ніна Канстанцінаўна Ціхамірава, галоўны захавальнік народнага музея славы лёзненскай сярэдняй школы № 1, упэўнена, што Шагал родам з Лёзна. Пра гэта ёй асабіста расказаў стрыечны брат Шагала — Сямён Майсеевіч Эфрас.

— Паўстоўскі пісаў, што яшчэ ў дзяцінстве хацеў пабываць у Віцебску, бо ў маленькім мястэчку пад Віцебскам нарадзіўся Шагал. Вядома, мястэчка гэта — наша Лёзна, дзе продкі Шагала пасяліліся яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі. А наогул імя Шагала на малую радзіму вярнулася 8 мая 1979 года, калі яшчэ нічога ў Віцебску пра Шагала не нагадвала. Адзін з вызваліцеляў Лёзна, стрыечны брат Шагала, ураджэнец гэтага мястэчка, маёр у адстаўцы Сямён Майсеевіч Эфрас расказаў многае пра Шагала мне і вучням лёзненскай школы. Мы, дарэчы, наведвалі яго ў Ленінградзе. І прымаў ён нас там двойчы, — расказвае краязнаўца, якая да выхаду на пенсію выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. — Пазней, у ліпені 1982 года, ён зноў прыязджаў у Лёзна. Разам з ім прайшліся па вуліцах. І сваяк Шагала расказаў аб шагалаўскіх месцах. Паказаў, дзе знаходзілася сядзіба Шагалаў, рыбная лаўка, цырульня дзядзькі мастака, сінагога, хедар (школа для яўрэйскіх хлопчыкаў), аптэка, рускае вучылішча. Да апошніх гадоў жыцця Сямён Майсеевіч падтрымліваў з нашай школай сувязь. Прымаў нашых дзяцей на начлег падчас паездак у Ленінград...

4-36

Як расказала краязнаўца, на жаль, у Лёзне не захаваліся будынкі дарэвалюцыйнай забудовы. Каб увекавечыць памяць пра Шагала, толькі ў ліпені 2002 года на раённым Доме культуры замацавалі дошку, на якой напісана, што на гэтым месцы знаходзілася сядзіба сям'і, з якой родам Марк Шагал. І адбылося гэта, паводле слоў Ніны Канстанцінаўны, дзякуючы намаганням вядомага віцебскага краязнаўцы Аркадзя Падліпскага, які першым у Віцебску пачаў пісаць пра Марка Шагала.

— А ўжо потым спахапіліся астатнія, — кажа Ніна Ціхамірава. — Дарэчы, у першых узгадваннях пра Шагала ў Вялікай савецкай энцыклапедыі — і ў першым выданні, і ў другім — напісана, што нарадзіўся Шагал у мястэчку Лёзна. А таксама, што ён — французскі мастак! (смяецца. — А.П.). Ну, у прынцыпе няважна, напэўна, — Віцебск або Лёзна. Вось я нарадзілася ў вёсцы Зубкі, але ж я не буду называць вёску, скажу — Лёзна. Так, верагодна, Шагал называў сваёй радзімай Віцебск, таму што ў асноўным яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Віцебску. А насамрэч нарадзіўся ў Лёзне. Я нават, ведаеце, калі збірала інфармацыю для раённай кнігі «Памяць» і была ў бібліятэцы імя Леніна ў Маскве (а было гэта вельмі даўно) — слухала паэта Вазнясенскага. Ён расказваў, што Шагал нарадзіўся ў Лёзне. І іншыя гэта таксама гаварылі. Мая дачка Ірына, калі заканчвала вучобу ў педагагічным інстытуце ў Мінску, пісала дыпломную работу «Марк Шагал і Лёзна». Пра Шагала і Лёзна можна расказваць шмат. Памятаю, яшчэ да развалу СССР прыязджалі ў Лёзна японцы, якія падарылі каталог яго твораў, зроблены ў гонар адкрыцця выставы...

Тут Колас з Крапівой былі...

Краязнаўца таксама расказала, што, на жаль, у наш час не ўвекавечылі і прыезд у Лёзна Якуба Коласа і Кандрата Крапівы. А было гэта дакладна ў 1936 годзе, калі мясцовы аматарскі тэатр паставіў п'есу па творы Коласа.

— Цікава, што тэатр месціўся ў сценах былой праваслаўнай царквы, пабудаванай аж у 1786 годзе, — працягвае краязнаўца. — Цудам яна не была разбурана падчас Вялікай Айчынай вайны. І, дарэчы, самы першы сцяг у гонар вызвалення Віцебшчыны савецкія воіны замацавалі на купале менавіта гэтай царквы 8 кастрычніка 1943 года. У 1930-я гады ў храме працаваў клуб, пасля вайны — бібліятэка. Царкву Свята-Увазнясення ўзарвалі ў 1962 годзе. Калі ўзрывалі, шкло ў многіх дамах павылятала... Было б добра, каб адпаведная памятная дошка, прысвечаная Коласу і Крапіве, таксама з'явілася. Напрыклад, на фасадзе таго ж Дома культуры, дзе вісіць «шагалаўская» дошка. Ведаю, што дзякуючы энтузіястам яна ўжо выраблена. Толькі забраць трэба і замацаваць.

Лёзна рыхтуецца да юбілею

Таццяна Шульган, начальнік аддзела культуры Лёзненскага райвыканкама, кажа, што ёсць шмат ідэй наконт увекавечання памяці пра сям'ю Шагала. У прыватнасці, шукаюць магчымасці аднавіць дом, дзе Марк Шагал правёў гады свайго дзяцінства. У драўляным адноўленым доме (выгляд яго максімальна набліжаны да першапачатковага) можна было б размясціць рэпрадукцыі карцін Шагала, копіі дакументаў, якія сведчаць пра сям'ю мастака... Было б нядрэнна правесці ў райцэнтры і Шагалаўскія чытанні. Раней у Лёзна чытанні не праводзіліся, толькі ў Віцебску.

У Лёзненскім ваенна-гістарычным музеі частка экспазіцыі прысвечана Шагалу. У музеі можна ўбачыць і сумны спіс, напісаны ад рукі, з пералікам прозвішчаў знішчаных фашыстамі мясцовых жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. У спісах не раз узгадваюцца прозвішчы Шагал, Сегал...

Лёзна і вёсачкі адлюстраваныя і ў творах Майстра. Адразу, у прыватнасці, можна прыгадаць знакамітую карціну «Цырульня ў Лёзне». У век інтэрнету ў беларускай глыбінцы паспрабуюць нанова адкрыць для землякоў Шагала.

Дарэчы, у юных жыхароў райцэнтра і суседніх населеных пунктаў ёсць усе магчымасці, каб таксама навучыцца добра маляваць. У Лёзне дзейнічае сярэдняя школа № 2 з мастацкім ухілам і дзіцячая школа мастацтваў, а таксама школа мастацтваў у аграрным гарадку Дабрамысль.

Гэта паспрыяе развіццю турызму

Безумоўна, «вяртанне» Шагала ў Лёзна паспрыяе развіццю турызму і зробіць Віцебшчыну яшчэ больш прывабнай для тых, хто любіць творчасць гэтага мастака, навукоўцаў, студэнтаў, вучняў. Ды і не толькі для іх. Нагадаю, у Віцебску задумалі стварыць шагалаўскі квартал у раёне знакамітага дома-музея на вуліцы Пакроўскай (гэта недалёка ад аўта- і чыгуначнага вакзалаў).

Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў узначальвае арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы да святкавання юбілею Майстра. У той дзень, калі мы з ім гутарылі, яшчэ працягвалі прымаць заяўкі, каб падрыхтаваць спіс прапаноў аб правядзенні самых розных мерапрыемстваў у год святкавання юбілею Шагала.

— І адна з ініцыятыў упраўлення культуры датычыцца менавіта Лёзна. Рабочыя пытанні ўжо абмяркоўваліся са старшынямі Лёзненскага райвыканкама і райсавета. «Шагалаўская тэма» ў Лёзне павінна гучаць, — адзначыў начальнік упраўлення культуры. — Праводзіцца адпаведная праца па ўвасабленні ідэі «вяртання» Шагала ў Лёзна. І чаму б, напрыклад, не правесці традыцыйнае тэатралізаванае шагалаўскае свята на дзень нараджэння мастака не толькі ў Віцебску, але і ў Лёзне? Там, дзе прайшло дзяцінства Шагала.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

https://www.traditionrolex.com/8