https://www.traditionrolex.com/8
<p><span>Госці  запрашаюцца на  літаратурную вечарыну «Глобус Беларусі», у  якой возьмуць  удзел Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Арлоў, Вера Бурлак,  Валянціна Аксак і  Валярына Кустава. Вядучы імпрэзы – Андрэй Хадановіч.  Уваход вольны</span></p>

Як паведамляе Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь:

7 лютага ў 19.00 у кнігарні «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а) адбудзецца адкрыццё Месяца шведскай літаратуры ў Мінску, падрыхтаванага пры падтрымцы Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Пасля ўрачыстага адкрыцця госці запрашаюцца на  літаратурную вечарыну «Глобус Беларусі», у якой возьмуць удзел Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Арлоў, Вера Бурлак, Валянціна Аксак і Валярына Кустава. Вядучы імпрэзы – Андрэй Хадановіч. Уваход вольны.

10 лютага шведская дзіцячая пісьменніца Юя Вісландэр наведае Браслаў, дзе ў 16.00 сустрэнецца з дзецьмі ў мясцовым музеі традыцыйнай культуры, каб распавесці ім пра сваю творчасць і пазнаёміць з двума новымі беларускімі перакладамі дзіцячых кніжак «Малы і Білан» і «Мама Му чытае», якія выйшлі сёлета ў выдавецтвах «Літаратура і мастацтва» і «Мастацкая літаратура» адпаведна.

11 лютага ў 11.00 Юя Вісландэр завітае на Міжнародны кніжны кірмаш, дзе шведскае пасольства ў РБ таксама прадстаўляе свой стэнд, і дасць прэс-канферэнцыю, а таксама правядзе аўтограф-сесію для ўсіх зацікаўленых. Адбудзецца таксама прэзентацыя кнігі «Мама Му чытае», падчас якой лялечны тэатр Веранікі Фаміной «Лямцавая батлейка» пакажа сваю версію Мамы Му. Таксама прагучаць па-беларуску у перакладзе Андрэя Хадановіча і Надзеі Кандрусевіч песенькі, напісаныя Юяй для маленькіх аматараў яе кніжак. У 14.00 Юя Вісландэр плануе правесці яшчэ адну прэзентацыю – у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы горада Мінска (пр. Газеты «Правда», 20).

12 лютага ў 14.00 у кнігарні «Ў» адбудзецца ранішнік для дзетак з прэзентацыяй кніг «Мама Му чытае» і «Малы і Білан» з удзелам аўтаркі. На прэзентацыі ізноў можна будзе пабачыць лялечны тэатр Веранікі Фаміной і паслухаць дзіцячыя песенькі ў выкананні Галіны Казіміроўскай і Зміцера Вайцюшкевіча. Вядучы – Андрэй Хадановіч. Уваход вольны.

18 лютага ў 14.00 прэзентацыя дзіцячай кнігі Ульфа Старка (папяровае выданне + электронная версія) адбудзецца ў кнігарні «Ў» пры ўдзеле аўтара. Уваход вольны.

28 лютага ў 18.30 кнігарня «Ў» прадстаўляе вечар шведскага дэтэктыва. Адбудзецца паказ фільма паводле рамана Стыга Ларсана і абмеркаванне феномена шведскага дэтэктыва. Вядучы вечарыны – Максім Жбанкоў. Уваход вольны.

12 сакавіка ў 19.00 у кнігарні «Ў» пройдзе імпрэза, прысвечаная Нобелеўскаму лаўрэату паэту Тумасу Транстромеру. У імпрэзе возьмуць удзел перакладчык Лявон Баршчэўскі і шведскі рэжысёр Лейф Ульсан. Вядучы імпрэзы – Андрэй Хадановіч. Уваход вольны.

Закрывае Месяц шведскай літаратуры ў Беларусі прысвечаны класіку сусветнай драматургіі Аўгусту Стрындбергу тэатралізавапны вечар, які адбудзецца 15 сакавіка ў 19.00 у кнігарні «Ў». У вечары возьмуць удзел акцёры мінскіх тэатраў, а таксама рэжысёры Лейф Ульсан і Валерый Анісенка. Уваход вольны.

У кнігарні «Ў» падчас імпрэз, а таксама ў любы іншы рабочы час можна будзе набыць беларускія пераклады шведскіх выданняў.

***

Імпрэза «Глобус Швецыі» ў кнігарні «ЛогвінаЎ»

Як паведамляе Беларускае Радыё Рацыя:

Беларускія пісьменнікі, якія пабачылі Швецыю на ўласныя вочы, заўтра ў сталічнай кнігарні «ЛогвінаЎ» падзеляцца сваімі ўражаннямі. 

Імпрэза атрымала назву «Глобус Швецыі» і будзе праходзіць у рамках «Месяца шведскай літаратуры». Вядучы імпрэзы – старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч.

Hadanovich33

– Сустрэча аб’ядноўвае перш за ўсё беларускіх літаратараў, зачараваных, спакушаных і ўдзячных Швецыі. Так атрымалася, што нейкае культурнае супрацоўніцтва менавіта ў шведскім кірунку ідзе вельмі інтэнсіўна. Кожны год да нас прыязджае дэсант шведскіх літаратараў. Беларускія пісьменнікі і музыкі ўсё часцей бываюць у Швецыі.

Падчас імпрэзы Лявон Баршчэўскі выступіць з перакладамі Нобелеўскага лаўрэата Тумаса Транстромера. Уладзімір Арлоў падзеліцца ўражаннямі ад вандроўкі за Палярны круг на шведска-фінскае памежжа. Вера Бурлак прачытае вершы-імпрэсіі пра Скандынаўскія авіялініі. Валянціна Аксак і Валярына Кустава распавядуць пра выспу Готланд. Імпрэза пачнецца а 19-й гадзіне.

Васіль Кроква

https://www.traditionrolex.com/8