https://www.traditionrolex.com/8
<p>Чаму гісторыка-культурную каштоўнасць Беларусі – Брынёўскі парк – адраджаюць уласнымі сіламі жыхары адной толькі палескай вёскі Петрыкаўскага раёна</p>

Як паведамляе «Белорусская нива»:

Чаму гісторыка-культурную каштоўнасць Беларусі — Брынёўскі парк — адраджаюць уласнымі сіламі жыхары адной толькі палескай вёскі Петрыкаўскага раёна?

Хлебазапасны магазін, карчма, вінакурня, лесапільня і нават свой тэатр! Складана паверыць, што ўсё гэта калісьці было ў невялічкім Брынёве, неперспектыўнай сёння, як кажуць самі мясцовыя, вёсцы. Да райцэнтра 30 кіламетраў, да бліжэйшага калгаса і сельсавета — 7, амаль што паўтысячы жыхароў. Звычайная вёска–спадарожнік буйнога і раскручанага сёння аграгарадка Ляскавічы, але з такой багатай гісторыяй! «Капацца» ў ёй тры гады таму пачала настаўніца мясцовага дзіцячага садка-сярэдняй школы Марына Барысава і адкрыла для сябе, сваіх вучняў і аднавяскоўцаў Брынёў нанова…

Пагранічнікі разбурылі, школьнікі «абаранілі»

— Аднойчы мне ў рукі патрапіла кніга «Над Прыпяццю. Многа год назад». Гэта быў дзённік успамінаў Антонія Кяневіча, нашчадка панскага роду, якому належаў Брынёў да савецкіх часоў, — пачынае аповед Марына Уладзіміраўна. — Выданне гэтае было для мяне сапраўднай краязнаўчай удачай, хоць і напісанай па-польску. Да самастойнага перакладу кнігі на родную мову я падышла з імпэтам, балазе сама настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Пазней удалося займець рускамоўную версію выдання. Адтуль мне і адкрылася шмат падрабязнасцей пра мінулае Петрыкава, Капаткевічаў, іншых вёсак нашага раёна. Але на першым месцы быў, зразумела, Брынёў.

Маёнтак гэты Кяневічы набылі ў 1833 годзе за сто тысяч рублёў срэбрам. Сведка занатаваў: «Калі мой дзед прыехаў да Касакоўскіх для набыцця Брынёва заплаціць прадаўцу, да ганка пад’ехалі калёсы, слугі пачалі выносіць на спіне вялікія і цяжкія мяшкі. Іх было столькі, што цяжка было і палічыць».

Цэнтрам фальварка быў драўляны двухпавярховы панскі дом, абабіты дошкамі і пафарбаваны ў крэмавы колер, пакрыты гонтавым дахам. А сярод гаспадарчых пабудоў — канюшні, валоўнікі, кароўнікі і свінарнікі, мельніца, бровар (піваварны завод), маслабойня, кузня, лазня, піларама, воўначэска (для апрацоўкі шэрсці). Быў у Брынёве і цір, дзе пан трэніраваўся ў стральбе. На тэрыторыі маёнтка знаходзіўся дзіцячы садок для нашчадкаў прыслугі. Па загаду пана была пабудавана вузкакалейка, якая злучала балота з маёнткам: па ёй на панскія палі прывозілі торф.

23_04_02_2012_1_p_1

Брынёўскі маёнтак размяшчаўся ў прыгожым парку. У ім расло шмат дрэў, прывезеных з-за мяжы. Было мноства кветак нябачанай прыгажосці. На гэтай жа тэрыторыі — 5 сажалак. У некаторых з іх разводзілі карпаў, а на двух жылі белыя лебедзі.

Апошнія паны Кяневічы пасля рэвалюцыі эмігрыравалі ў Польшчу, а ў маёнтку размяшчаўся спачатку піянерскі лагер, затым дом адпачынку. З 1939 года маёнтак і парк сталі месцам дыслакацыі Жыткавіцкага пагранічнага атрада. Менавіта з-за іх, пагранічнікаў, маёнтак у тым жа годзе быў спалены. Гэта паклала пачатак разбуральным дзеянням мясцовых жыхароў: разбіраліся надворныя пабудовы, высякаліся рэдкія пароды дрэў, вытоптваліся кветнікі, забруджваліся сажалкі. Увага і клопат надаваліся толькі маленькаму кавалачку парку, дзе знаходзіцца помнік воінам, якія загінулі пры вызваленні Брынёва ў Вялікую Айчынную вайну.

ДАВЕДКА «БН»

У сядзібе Кяневічаў дзякуючы менавіта апошняй пані Адэлі ішло насычанае культурнае жыццё. Тут пастаянна праводзіліся паэтычныя вечары, балі і ладзіліся тэатральныя пастаноўкі. Пабудавалі ў 1906 годзе ў вёсцы і асобны тэатральны будынак. Ляля пісала шмат аднаактовых п’ес, якія ставіліся ў Брынёве. Акцёрамі былі дваровыя. Тэатр функцыянаваў заўсёды ў перыяд вялікіх святаў, перад якімі праходзілі шматлікія рэпетыцыі.

На сродкі Кяневічаў былі адкрыты дзіцячыя садкі, школы для сялянскіх дзяцей у Брынёве, Дарашэвічах, Галубіцы. За іх жа грошы было пракладзена 83 кіламетры тэлефоннай лініі, пабудавана чыгунка ад Капцэвіч да Жыткавіч.  У Жыткавіцкім раёне і сёння існуе чыгуначная станцыя «Брынёва». Цяпер дакладна вядома, адкуль пайшла яе назва.

— Так і працягвалася б, калі б мы з дзецьмі — маю на ўвазе школьны турыстычна-краязнаўчы гурток «Рамантыкі», які я вяду, — не сказалі: «Хопіць!» — распавядае Марына Барысава. — Толькі адзіны парк як напамін пра славутае мінулае Брынёва застаўся нам у спадчыну ад панскага маёнтка. Вырашылі талакою яго аднавіць — добраўпарадкаваць.

На экспертызу ў Брынёў былі выкліканы супрацоўнікі сталічнага батанічнага саду. Яны сапраўды пацвердзілі, што на тэрыторыі парку (плошча яго 5 гектараў!) расце 45 відаў дрэў, у тым ліку і рэдкіх для Беларусі. Тут лепшыя ў рэспубліцы матачныя экзэмпляры ліпы венгерскай і каралінскай, ёсць ліпа буйналіставая, дуб чырвоны, лапіна крыллеплодная, таполі Сімана і канадская, спірэя, баярышнік і розныя віды руж. Да таго ж парк «Брынёў» — гэта гісторыка-культурная каштоўнасць (!) Рэспублікі Беларусь.

Клопат, які з’яднаў

Пачаць працу па добраўпарадкаванні было вырашана на вучнёўскім савеце старшакласнікаў. Але чакаць дапамогі аднекуль «зверху» ці выбіваць замежныя гранты на гэтую справу вяскоўцы не сталі. Самі ўзяліся за косы, вілы, лапаты…

— Перад першым суботнікам вучні намалявалі на звычайным ватмане аб’яву, маўляў, у каго ёсць сумленне і сіла — запрашаем дапамагчы ў добраўпарадкаванні парку, — успамінае Марына Барысава. — Мы былі, шчыра кажучы, здзіўлены: людзі адгукнуліся. Прыйшлі школьнікі, іх бацькі, якая-ніякая сельская моладзь. Сабралася ля сарака чалавек. Усё робім сваімі сіламі — выкошваем, выносім смецце, прыбіраем, карчуем хмызнякі, кветкі падсаджваем. Пакуль што рукі не дайшлі толькі да сажалак. Яны зараслі, іх трэба чысціць. Думалі сабраць грошай вёскай ды заказаць сюды адпаведную тэхніку. А тут у мінулым годзе «падскочылі» гэтыя ўсе курсы, цэны… Мы разумеем, што сродкаў на гэтую справу няма, таму разлічваем толькі на ўласныя сілы. Рана ці позна наш парк будзе адроджаны!

Гэтая ідэя стала і лейтматывам адной з навукова-даследчых прац, якую падрыхтавалі школьнікі на рэспубліканскі конкурс «Адраджэнне малых і сярэдніх гарадоў Беларусі». Там работа «Легенда для Брынёўскага парку» заняла першае месца ў намінацыі «Лепшы праект па правядзенні прыродаахоўных мерапрыемстваў на аб’екце флоры». Але гэтая перамога ніякай практычнай карысці, акрамя дыплома і прызнання, не прынесла...

23_04_02_2012_1_p_2

— Прыемна, што пачалі адклікацца і землякі, якіх лёс занёс жыць на Украіну, у Расію, — заўважае Марына Уладзіміраўна. — Напрыклад, Аляксандр Беластоцкі, выпускнік нашай школы, жыве цяпер у Швецыі. Душа, мабыць, за малую радзіму баліць. Калі матэрыяламі дапамагае, калі грашыма: спартыўную форму для каманды школы купілі, касілку шведскую ў школьным «арсенале» займелі, агароджу зрабілі ў парк. Наша ідэя па яго ўзнаўленні знайшла паразуменне і ў сельсавеце, і ў райвыканкаме — у Аляксандра Пінчука, старшыні райвыканкама, асабіста. Хто чым можа дапамагае нам. Усе разумеюць, што запусцім парк — страцім дзяржаўную каштоўнасць.

— У нас, напэўна, у крыві гэты патрыятызм. Вось і запаленыя ўсе мы адной ідэяй, — падсумоўвае размову Алена Сасноўская, намеснік дырэктара школы по вучэбна-выхаваўчай рабоце. — На вялікі жаль, вёска паступова вымірае, людзі ў пошуках лепшай долі з’язджаюць. Засталося нас, брынёўцаў, менш чым пяць соцен. Сёння мы малакамплектная школа — 53 вучні і 9 выхаванцаў дзіцячага садка. А калі я вучылася, у нас было толькі дзяцей больш за тры сотні!

Дарэчы, сваю гісторыю Брынёўская школа адлічвае з 1901 года! Першапачаткова гэта была земская школа, дзе платна навучаліся дзеці заможных сялян. Пасля польскай інтэрвенцыі з усталяваннем савецкай улады школа стала пачатковай. Сёння гэта ўстанова адукацыі з’яўляецца абсалютным чэмпіёнам раёна па перамогах у прадметных алімпіядах па працоўным навучанні. Гонар школы і раёна на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах абараняюць вучні маладога настаўніка-разьбяра Пятра Стральчэні. Юныя ўмельцы пад кіраўніцтвам Пятра Мікалаевіча ўнеслі і сваю лепту ў адраджэнне парку:  зрабілі і ўсталявалі ля ўваходу драўляны мосцік.

Ёсць у Брынёве і свая маленькая легенда. Маўляў, апошняя пані Адэля Ёдка (Ляля), калі эмігрыравала ў Варшаву, пакінула ў парку скарб. У той час, сапраўды, паны хавалі ў зямлю розныя свае здабыткі: каштоўныя ювелірныя вырабы, статуэткі, творы мастацтва. Так казалі старажылы. З панскага часу ў Брынёве захаваліся і два жылыя дамы, у якіх пражывала панская чэлядзь. А ў адной з хат, прабабуля гаспадыні якой была пакаёўкай у пані, засталося старое-старое вялікае люстра. Складана нават і ўявіць, колькі вобразаў захавала яно ўнутры…

Таццяна УСКОВА

https://www.traditionrolex.com/8