<p>На мінулым тыдні ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адбылася  канферэнцыя пад назвай “Крашэўскі знакаміты і невядомы”</p>

Як паведамляе газета «Раённыя буднi»:

Сёлета спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння польскага пісьменніка, навукоўца, мастака, музыканта Юзафа Ігнацы Крашэўскага. Яго біяграфія цесна звязана з Пружаншчынай: сям’я мела фальварак у вёсцы Доўгае, менавіта там і прайшлі дзіцячыя гады будучай знакамітасці.

На мінулым тыдні ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адбылася канферэнцыя пад назвай «Крашэўскі знакаміты і невядомы». Мерапрыемства атрымалася маштабным, удзел у ім прымалі госці з Польшчы, навуковыя супрацоўнікі музея, прадстаўнікі аддзела культуры, аўтар кніг аб Крашэўскім Руслана Гусева, вучні Загор’еўскай школы…

Месца правядзення канферэнцыі было выбрана не выпадкова. Яшчэ ў 1998 годзе цяперашні дырэктар музея-сядзібы Юрый Зялевіч пачаў збіраць інфармацыю аб славутым земляку – такім вядомым у свеце і амаль незнаёмым для нас. Новы штуршок для пошукаў даў інтэрнет. Дзякуючы сетцы, на пружанцаў выйшла дырэктар мемарыяльнага музея Юзафа Крашэўскага ў Раманове (Польшча) Ганна Чабадзінска-Пшыбыслаўска. Яна падрыхтавала  выставу і перадала экспанаты спецыяльна для Пружанскага палацыка. Выстава пачала працаваць яшчэ ў 2003 годзе. Яна складаецца з копій фотаздымкаў, дакументаў, выяў членаў сям’і. Сёння польскія госці былі прыемна здзіўлены значным папаўненнем экспазіцыі. У мінулым годзе жыхарка Пружан Іна Урублеўская перадала 52 кнігі Крашэўскага, некаторыя з іх з’яўляюцца прыжыццёвымі выданнямі. Кнігі належалі маці Іны – Клаўдзіі Макавецкай.

1

Дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Юрый Зялевіч і дырэктар мемарыяльнага музея Юзафа Крашэўскага ў Раманове Ганна Чабадзінска-Пшыбыслаўска

Галоўны спецыяліст па ахове гістарычна-культурнай спадчыны абласнога ўпраўлення культуры Вячаслаў Гарбузаў адзначыў, што вельмі сімвалічна, што юбілей Крашэўскага супаў з Годам кнігі на Беларусі. Наш зямляк нават трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса як самы пладавіты пісьменнік перыяду «гусінага пяра».

— Такія значныя гістарычныя постаці, як Юзаф Ігнацы Крашэўскі, аб’ядноўваюць народы, родняць дзве краіны – Беларусь і Польшчу, здымаюць межы, прыдуманыя людзьмі, — падкрэсліў Вячаслаў Іванавіч. Ён таксама выказаў спадзяванне, што беларускі музей выйдзе на ўзровень польскага.

Пані Ганна Чабадзінска-Пшыбыслаўска расказала, як Польшча плануе святкаваць юбілей Крашэўскага. У прыватнасці, павінен выйсці збор твораў пісьменніка на электронных носьбітах, будуць ладзіцца тэатралізаваныя прадстаўленні ў Раманоўскім музеі. На іх мяркуецца запрасіць вучняў Загор’еўскай школы. Дзеці на чале з настаўнікам Мікалаем Сахаруком стварылі ў школе (непадалёк ад малой радзімы пісьменніка) куток Крашэўскага, з яго прэзентацыяй яны ўжо аб’ехалі суседнія школы.

2

На першым плане — Вячаслаў Гарбузаў, Руслана Гусева і Любоў Красеўская

Пані Ганна завастрыла ўвагу на тым, што Юзаф Крашэўскі не толькі пладавіты і знакаміты пісьменнік, ён выбітны навуковец, мастацкі крытык, мастак, музыкант, першы ў Польшчы прыватны калекцыянер фатаграфій. Але тут зноў прыйшла чарга здзіўляцца польскім гасцям. І пані Ганна, і дэпутат з Бела-Падляскага павета Рычард Бось былі ўражаны студэнткай Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ірынай Філімовіч.

Дзяўчына напісала курсавую работу пра Юзафа Крашэўскага як музыканта і музычнага крытыка. Ірына расказала шмат цікавых фактаў з жыцця Крашэўскага-музыкі. Юзаф Ігнацы шмат рабіў для папулярызацыі музыкантаў-землякоў. А ў завяршэнне Ірына  выканала на фартэпіяна твор Крашэўскага па перададзеных з Раманова нотах.

Але галоўнай гераіняй канферэнцыі была, безумоўна, Руслана Гусева. Ужо выйшла чатыры яе кнігі, а хутка будзе і пятая, у якіх Руслана Мікалаеўна распавядае пра жыццё і творчасць Юзафа Крашэўскага. Рэдактарам кніг, а таксама аўтарам вершаваных перакладаў з’яўляецца намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Любоў Красеўская. Са сваімі перакладамі на рускую мову яна і пазнаёміла прысутных. Нямала твораў пераклала і сястра Русланы Гусевай Ірына. Значную дапамогу ў рабоце над кнігамі аказалі бацька і сын Расціслаў і Анатоль Бензерукі, пісьменнік Анатоль Крэйдзіч.

3

Руслана Гусева з настаўнікам Загор‘еўскай школы Мікалаем Сахаруком і  вучаніцай гэтай жа школы

Руслану Гусеву можна лічыць першай беларускай даследчыцай жыцця і творчасці Юзафа Крашэўскага, да распачатай ёю работы нам быў вядомы пераклад толькі аднаго верша «Дзед і баба».

А з гэтага года ў праграму Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна ўвайшло вывучэнне творчасці Крашэўскага, у асноўным па выданнях Гусевай. Пружанскія чытачы могуць пазнаёміцца з імі, а таксама і адкрыць для сябе прозу славутага земляка ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Музыкальнае суправаджэнне мерапрыемства забяспечваў струнны ансамбль «ARCHI», які, дарэчы, так спадабаўся польскім гасцям, што дэпутат Рычард Бось выказаў спадзяванне пачуць музыкантаў і ў Польшчы.

Кацярына Пашкевіч,               

Аляксандр Мелеш (фота)