https://www.traditionrolex.com/8
<p>Cюрпрызы ў Шалкевіча заўжды нясуць станоўчыя адкрыцці, таму 10 лютага запрашаем на канцэрт у ДК БелТГ ім. Н. Ф. Шарко (вул. Уральская, 3) да 19.00</p>

У Беларусі са знікненнем музычнай прэсы, бадай, зменьшылася й звычайная цікаўнасць да музыкі, нават папулярнай, бо ніхто не назаве беспамылкова, колькі альбомаў маюць ў сваім актыве, напрыклад, Зьміцер Вайцюшкевіч, Віктар Шалкевіч, Лявон Вольскі… Але ж гэта найбольш папулярныя. І як яны заманьваюць людзей на свае канцэрты? Нізкім коштам квіткоў? Высокім прафэсыяналізмам? Багаццем сцэнаграфіі? Адназначна не адкажаш, хоць праз уласны досвед скажу, што ўсяго там хапае, але ёсць і нечаканыя заманухі.
Здавалася, колькі бываў з канцэртамі ў сталіцы гарадзенскі бард і артыст кабарэ Віктар Шалкевіч, але заўжды набівалася бітком нават аб’ёмістая зала Палаца культуры МАЗ. Сёлета ён чамусьці вырашыў паўтарыць подзвіг Сяржука Сокалава-Воюша, які неяк стварыў татальны аншлаг на прэзэнтацыі аднаго са сваіх альбомаў у… Палацы культуры глухіх. Толькі прашу ня ёрнічаць, бо тамтэйшая зала (ДК імя Шарко на вул. Уральскай, 3 у Мінску) адна з самых утульных у Беларусі, дый знаходзіцца вельмі зручна (адзін прыпынак на трамваі ад ст. м. «Трактарны завод»). Але не ў гэтым, відаць, галоўная замануха. Мяне асабіста ўразіў загаловак у адной з газет пра новы канцэрт: «Шалкевіч прэзентуе «Песню пра каханьне на цыраце». Адразу прыгадаўся колішні анэкдот: «Ох ужо гэты паручнік Ржэўскі – такі зацейнік: і на раялі, і на жырандолі». А тут вось ажно на цыраце – ух ужо гэты Шалкевіч. Але такія анэкдатычныя сюжэты не ўпершыню ў Шалкевіча. Мы ж памятаем ягоныя песні «Цынічнае танго КАСТРАЦЫЯ», «Патрыятычнае танго ЦНОТА», «Балада пра Катманду і Мандалай». Баюся цытаваць, каб не загрувашчыць тэкст. Але дастаткова прыгадаць парадаксальную love song «Ганка – дзеўка з Пагулянкі» з трагічна смешным фіналам «але ў ботах вайсковец перабег нам дарогу… І паплыў той вайсковец па рэчцы, як купальскі вянок». Памятаеце, з якога альбома песня? А ўвогуле колькі тых альбомаў у Шалкевіча? Скажу – не паверыце: ажно сем, пра якія хоць і нідзе не прачытаеш, але на гандлёвых паліцах яны не залёжваюцца. Але ж і прэзэнтацыі таго апошняга – «Шчасьлівая сямёрка» (2010) – у сталіцы так і не адбылося, хоць яшчэ 10.09.2010 дзяржаўны штотыднёвік «Літаратура і Мастацтва» (№36) адгукнуўся пра яго надзвычай прыхільна. Дык вось менавіта 10 лютага ў 19.00 усе тыя сем кружэлак можна будзе пабачыць і нават паслухаць жыўцом у Доме культуры Беларускага таварыства глухіх імя Н. Ф. Шарко. У праґраме заяўлены найлепшыя старыя і шмат новых песняў. Журналісты, бадай, слушна кажуць, што «стыль Віктара Шалкевіча нельга акрэсьліць адным музычным тэрмінам (тут і бардаўская песьня, і гарадзкі шансон, і танга, і блюз)» Мо менавіта праз тое ён і стаў артыстам культавым, які й сам бярэ на сябе смеласць парадыраваць іншых, і яго цытуюць многія.
А тут сам ён зноў у Мінску. Што нясе свайму адданаму слухачу, пасьпеў распавесьці журналістам:
«Канцэрт будзе ў трох аддзяленьнях. У першым прагучаць старыя добрыя песні, у другім — абсалютна новыя, якія дагэтуль ніхто ня чуў: «Песня пра каханьне на цыраце», ці «Песня камсамольца» (вельмі класная, дарэчы, сам цягнуся). А ў канцы будуць таксама больш новыя
песні, якія мо камусьці й крыху вядомыя, але на CD не выходзілі. Прыездзем мы ўтрох – з электрагітарай і фартэпіяна».
Во, а тут я асабіста прыгадваю нечаканы фанаграфічны дэбют альбома «Правінцыя» напачатку 90-х, калі бард выступіў у складзе рок-гурта і ўзяў нават нейкі прыз на «БАСовішчы». Ну што ж – сюрпрызы дык сюрпрызы, у Шалкевіча яны заўжды нясуць станоўчыя адкрыцці, таму я
асабіста 10 лютага завітаю ў ДК БелТГ ім. Н. Ф. Шарко да 19.00. Бо нават і кошт квітка як пару пачкаў грэчкі – гэта не цяжар.

P.S. Ад рэдакцыі. Віншуем Віктара Шалкевіча з днём народзінаў і зычым творчага плёну і асабістага шчасця!

https://www.traditionrolex.com/8