https://www.traditionrolex.com/8
<p>Адным з відаў турызму, які можна было б развіваць на Ганцаўшчыне, мог   бы стаць так званы настальгічны турызм (падарожжа на радзіму продкаў)</p>

Як паведамляе «Савецкае Палессе»:

Аб турызме і прыбытковасці гэтага віду дзейнасці неаднойчы даводзілася пісаць. Пытанне актуальнае, асабліва для нашага рэгіёна. Здаецца, на Ганцаўшчыне ёсць усе ўмовы для развіцця таго ж аграэкатурызму: цудоўная прырода, багатая на лясы і азёры, унікальная культурная спадчына, а таксама наяўнасць побач буйных гарадоў — Баранавіч і Пінска, ды і для жыхароў сталіцы шлях да нас не доўгі. Тым больш, і заканадаўства стварае самыя спрыяльныя ўмовы для вядзення такога віду дзейнасці.

Так, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 372 ад 2 чэрвеня 2006 года «Аб мерах па развіццю аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь» той, хто пастаянна жыве ў вёсцы ці горадзе з насельніцтвам менш за 20 тысяч чалавек, можа займацца аграэкатурызмам без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і якіх-небудзь падаткаў (плаціць толькі збор у памеры адной базавай велічыні ў год). Існуюць, вядома, некаторыя ўмовы, але яны не ствараюць сур’ёзнай перашкоды. Напрыклад, неабходна весці падсобную гаспадарку, а колькасць жылых памяшканняў, дзе размяшчаюцца турысты, у аграсядзібе павінна быць не больш за 10.

Пад асаблівы рэжым падаткаабкладання падпадае і дзейнасць у гэтым накірунку сельгасарганізацый пры ўмове, што не менш за 50 працэнтаў ад іх выручкі прыпадае на вытворчасць сельгаспрадукцыі. Па сутнасці, кожны сельгаскааператыў, а таксама фермер, які па-сапраўднаму займаецца сельгасвытворчасцю, можа мець ад турызму істотны дадатковы даход. Але пакуль што зрухаў у гэтым накірунку няма, у адрозненне ад іншых раёнаў. Далёка за прыкладамі хадзіць не трэба. У прыватнасці, у Баранавіцкім раёне пацікавіўся ў шэрага арганізацый і прыватнікаў, якія аказваюць паслугі ў сферы адпачынку, і высветлілася, што на выхадныя ў іх свабодных месцаў няма на месяц наперад. Найбольш прадпрымальныя людзі выкарыстоўваюць дадзеную магчымасць, тым больш, што ёсць попыт.

Што ж перашкаджае ў нас развіваць турызм? Спачатку даведаўся, наколькі папулярная Ганцаўшчына ў паляўнічых і рыбакоў. У мінулым годзе раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў прыняла больш за 40 аматараў палявання з іншых рэгіёнаў краіны і яшчэ 8 — з замежжа. У лясгасе справы ў гэтым плане горш — прыязджала каля 20 беларусаў і 4 іншаземцы. Абедзве арганізацыі працуюць з тураператарамі, а іх абласныя структуры таксама пакрысе накіроўваюць турыстаў. Але, як бачым, асаблівага эфекту няма. Хаця ёсць дзе размясціць людзей і што прапанаваць. А вось як гэта робіцца — іншая справа. Калі чалавек хоча прыехаць на тое ж паляванне, яго турбуюць не толькі здабытыя трафеі, але важную ролю адыгрываюць таксама ўмовы пражывання і адпачынку. Аб гэтым, зазірнуўшы, напрыклад, на сайт лясгаса, прыходзіцца толькі здагадвацца — на адпаведнай старонцы можна пазнаёміцца з паслугамі, якія прапануе гэтая арганізацыя: колькі каштуе пуцёўка альбо ліцэнзія на таго ці іншага звера, і… больш ні слова.

Між іншым, у прыцягненні турыстаў бадай што ўсё залежыць ад граматнай арганізацыі комплекснага адпачынку і прапанавання шматлікіх дадатковых паслуг. Менавіта гэта ў турыстычнай дзейнасці прыносіць асноўны даход, бо, напрыклад, кошт ліцэнзіі на адстрэл звера значна меншы за тую суму, якую чалавек згодзен патраціць за стварэнне адпаведных умоў для адпачынку. Тое ж датычыцца і БТПР: адсутнасць нагляднай інфармацыі аб поўным комплексе паслуг з фотаздымкамі і каментарыямі не спрыяе павелічэнню колькасці турыстаў. Што ж гаварыць аб тураператарах, якім сваім кліентам трэба тлумачыць аб «цудоўных» умовах адпачынку на Ганцаўшчыне практычна на пальцах? І калі ўлічыць, што, акрамя нашага раёна, яны працуюць і з многімі іншымі, гэта гаворыць аб многім.

Ці вось ААТ «Рыбгас «Лактышы» прапануе паслугі па лоўлі рыбы на сваіх сажалках і летась атрымаў ад гэтага каля 50 мільёнаў рублёў. Але работа гэтая там лічыцца пабочнай і пушчана на самацёк. Калі рыбак звярнуўся ў арганізацыю — добра, але аб арганізацыі свайго адпачынку яму прыйдзецца паклапаціцца самому.

Безумоўна, турызм патрабуе мэтанакіраванай работы, і ёю павінны займацца адпаведныя арганізацыі. Дык у нас жа ёсць раённы цэнтр турызму і экскурсій! Яго дырэктар Ала Рылка расказала, што жыхары раёна вельмі актыўна карыстаюцца паслугамі цэнтра — з задавальненнем ездзяць у разнастайныя туры па нашай краіне. А вось прыцягненне турыстаў у наш раён — праблема. На думку Алы Міхайлаўны, прычыны гэтага крыюцца ў недастатковай рэкламе, невысокім сэрвісе абслугоўвання, а таксама часткова ў адсутнасці дыпламаваных экскурсаводаў. Што і казаць, калі ў самога цэнтра няма ўласнага сайта, а шукаць інфармацыю аб прапановах у сферы турызму на сайце аддзела адукацыі райвыканкама, дзе яна размешчана, ні аднаму патэнцыяльнаму турысту і ў галаву не прыйдзе.

Калі заходзіць размова аб турыстычных маршрутах, распрацаваных у тым ліку і аддзелам па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, то ўспамінаеш сваё школьнае жыццё. Тыя экалагічныя, гістарычныя і краязнаўчыя маршруты добра падыходзяць для дзяцей, але цяжка ўявіць, каб дарослых зацікавілі такія прапановы. Дзе сэрвіс, дадатковыя паслугі і арганізацыя культурнай праграмы? Чаго толькі каштуюць нашы аўтэнтычныя фальклорныя калектывы!

Паслухаць іх, убачыць Палескі край з яго традыцыямі і звычаямі знайшлося б шмат жадаючых, у тым ліку і з замежжа, але зноў жа пры граматным падыходзе. Тым больш, што работнікі культуры раёна здольны арганізаваць на высокім узроўні любое свята.

У раёне пакуль няма сістэмы і ўзаемадзеяння ў пытаннях арганізацыі турызму. І, на маю думку, толькі калі раённы цэнтр турызму і экскурсій пачне мэтанакіравана працаваць у гэтым накірунку, можна разлічваць на пэўныя зрухі. А калі ў раён пачнецца прыток турыстаў, то і звычайныя людзі ў плане стварэння аграсядзіб актывізуюцца, бо менавіта попыт і нараджае прапанову.

Адным з відаў турызму, які можна было б развіваць на Ганцаўшчыне, мог бы стаць так званы настальгічны турызм (падарожжа на радзіму продкаў).

Pani

На здымку: нашчадка апошняй уладальніцы агарэвіцкай сядзібы пані Апацкай Кшыштафа Свяжынскага з яго знаёмай Янінгай (госці ў цэнтры) летам 2011 года прымалі загадчыца турыстычнага комплексу СВК «Агарэвічы» Галіна Кулікоўская і Леанід Крысюк.

Павел СВІСТУНОВІЧ

Фота Генадзя ПАПЛАЎСКАГА

https://www.traditionrolex.com/8