https://www.traditionrolex.com/8
<p>З самага пачатку манастыр вырашыў, што яго гасцініца і сядзіба  будуць адкрытыя  для людзей любога веравызнання і любых поглядаў. Напрыклад, калі чалавек  не трымаецца посту,  манастырская кухня гатова гатаваць такому госцю асобныя стравы  — па яго  жаданні</p>

Як паведамляе «Звязда»:

Такая магчымасць створана ў вёсцы Гнесічы на Навагрудчыне, і яна карыстаецца ўсё большай папулярнасцю

Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр — адзін з самых старажытных і адначасова самых маладых на Беларусі. Ён быў заснаваны ў пачатку ХІІІ стагоддзя сынам літоўскага князя Тройната прападобным Елісеем, пазней стаў лаўрай — духоўным і летапісным цэнтрам ВКЛ. Згодна з аднымі крыніцамі, першы раз ён быў знішчаны татарамі ў ХVІ стагоддзі, згодна з другімі — шведамі ў першай палове ХVІІ стагоддзя. Двойчы пасля гэтага манастыр адраджаўся і двойчы спыняў сваё існаванне. Апошняе, трэцяе адраджэнне святыні адбываецца ў наш час. У 1993 годзе было асвечана месца, на якім стаяў калісьці манастырскі храм, у 1997-м — літаральна за год новы храм быў пабудаваны, у 2001 годзе зарэгістравана праваслаўная абшчына, а ў 2007-м абшчына пераўтворана ў манастыр. Такім чынам, сёлета манастыру споўніцца 5 і... 787 гадоў!

Тут, на правым беразе Нёмана, які падчас веснавога разліву ператвараецца ў востраў, сустрэліся дзве праваслаўныя Беларусі — старажытная і маладая. Прычым гэта не метафара. Той, хто трапляе сюды, адчуе незвычайны эфект такой сустрэчы, імя якой — Бясконцасць.

Манастырскі храм

Пясок, сосны, вада і блакітнае неба. Мяккая жоўтая сцежка да храма і вакол манастырскай тэрыторыі; стагадовыя сосны ў аблоках, сярод якіх стаяць царква і трапезная і паступова растуць новыя будынкі; шырокая, прыгожая рака, якая ўтварае нерукатворную мяжу паміж манастыром і вёскай, манахамі і мірам, мітуснёй і малітвай... У нейкі момант разумееш, што гэта і ёсць — Дом Бога.

Будучы ігумен Яўсевій (Цюхлоў) таксама адразу палюбіў гэтае месца, амаль пяць гадоў таму ён прыехаў сюды разам са сваім сябрам — нямецкай аўчаркай Баронам. Удвух яны абышлі тут ўсё наваколле, айцец Яўсевій знайшоў у лесе месца — сапраўдную пустыню ў духоўным сэнсе гэтага слова, куды ён прыйдзе жыць, калі ўсё пабудуе. І пачаў будаваць.

Ён пачаў з моста праз Нёман, які зрабіў сувязь з манастыром надзейнай у любую пару года — «Звязда» пісала пра гэты этап у 2008 годзе. Адначасова а. Яўсевій рэканструяваў будынак былога вясковага клуба і бібліятэкі пад камфартабельную гасцініцу. Летась актыўна ішло будаўніцтва Дома міласэрнасці на тэрыторыі манастыра і разам — рэканструкцыя дома пад аграсядзібу ў вёсцы, на другім беразе Нёмана. З другой паловы лета і да паловы кастрычніка сядзіба, як і гасцініца, не пуставала. Сёлета да пачатку сезона завершыцца будаўніцтва яшчэ аднаго вясковага дома — для асобнага пражывання сям'ёй, а таксама — лазні.

— Мы даём магчымасць праваслаўным сем'ям культурна бавіць час, каб яны маглі адасобіцца тут, нібы на востраве, — кажа айцец Яўсевій. — Калі водпуск прыпадае на перыяд посту, праваслаўны хрысціянін можа аказацца ў цяжкім становішчы: пост з курортам складана сумяшчаць. Вось мы і прапаноўваем такі зручны варыянт для праваслаўнага чалавека, каб ён мог адпачыць і пост не парушыць.

Аднак з самага пачатку манастыр вырашыў, што яго гасцініца і сядзіба будуць адкрытыя для людзей любога веравызнання і любых поглядаў (само сабой, маюцца на ўвазе паважлівыя адносіны да святога месца і захаванне маральных нормаў). Напрыклад, калі чалавек не трымаецца посту, манастырская кухня гатова гатаваць такому госцю асобныя стравы — па яго жаданні.

Тут вельмі добра адпачываць з дзецьмі — зручна, бяспечна і ціха. Добрыя мясціны для купання і рыбалкі. Для ахвотных манастыр прапануе катанне на конях, сплаў па рацэ на каноэ, катанне на катамаране, веласіпеды. Распрацаваны «зялёныя сцежкі» на возера Нёман у Налібоцкай пушчы і на 200-гадовыя жылыя хутары, дзе не ва ўсіх дамах нават ёсць электрычнасць, але яшчэ жывуць людзі, пякуць хлеб... Па дамоўленасці з лясніцкай гаспадаркай манастыр мае магчымасць арандаваць для сваіх турыстаў паляўнічы дамок з камінам і більярдным сталом — для святкавання сямейнай урачыстасці.

Можна наведаць гістарычныя мясціны ў наваколлі — манастыр забяспечыць транспартам. Недалёка Мірскі замак, Навагрудак, Шчорсаўскі палацава-паркавы ансамбль і мураванка Храптовічаў, Любчанскі замкавы комплекс... Амаль усё гэта варта паглядзець кожнаму беларусу хоць бы аднойчы абавязкова. Не толькі таму, што гэта — наша гісторыя, але і таму, што некаторыя з помнікаў могуць быць страчаны назаўсёды.
2

Помнік прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму на тэрыторыі манастыра

Часта менавіта з маленькімі дзецьмі альбо шматдзетныя сем'і сюды і прыязджаюць, прычым некаторыя паспелі па некалькі разоў. Жывуць, як правіла, тыдзень-два. Аднак прыязджаюць і маладыя людзі, і адзінокія.

— Некаторы час жыў тут мужчына, які пасля разводу, пасля вельмі цяжкай абстаноўкі ў сям'і шукаў магчымасці адпачыць, — расказаў ігумен. — Пасля гутаркі са святаром ён з'ехаў адсюль з цвёрдым намерам вярнуць сям'ю — зразумеў свае памылкі.

Так, гутаркі па вечарах са святаром ля вогнішча, пра самае складанае і набалелае — яшчэ адна магчымасць гэтага ўнікальнага месца. Сюды прыязджаюць розныя людзі: і тыя, каму важна штодня наведваць манастырскія набажэнствы, і далёкія ад Царквы. Але ўсе з'язджаюць адсюль не проста задаволеныя, з адчуваннем, што адпачынак удаўся, але — іншымі. Нешта мяняецца ўнутры падчас пражывання ля манастырскіх сцен, прыходзіць разуменне нечага новага пра сябе і пра свет, раўнавага. Людзі нібы вяртаюцца да сябе, знаходзяць мір у душы. Аднаўляюць фізічныя і душэўныя сілы.

Зараз у Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім манастыры пражываюць 3 манахі, 4 кандыдаты ў паслушнікі і каля 15 «труднікаў». З манастыром звязана шмат таямніц. Напрыклад, дагэтуль не знойдзены мошчы святога Елісея, заснавальніка манастыра, якія сотні гадоў знаходзіліся тут адкрыта, былі вядомыя сваімі цудамі, але перад чарговым нашэсцем ворагаў былі схаваны разам з іншымі манастырскімі каштоўнасцямі ў зямлю. Дагэтуль лічыцца, што манастыр аказвае асаблівую дапамогу залежным і духоўна хворым людзям. Перад іконай прападобнага Елісея Лаўрышаўскага гарыць нязгасная лампада, штодня чытаецца акафіст, а вакол манастыра здзяйсняецца хрэсны ход.

Паданне кажа, што цудатворныя мошчы святога будуць знойдзены якраз падчас трэцяга і апошняга адраджэння манастыра, якое будзе звязана і з адраджэннем гэтай зямлі наогул.

Яшчэ існуюць чуткі пра падземны храм і лёхі, якія складаюць ледзь не яшчэ адзін падземны манастыр тут... Што ж, усё магчыма. Нешта з гэтых чутак летась пацвердзілі археолагі, сведкамі астатняга можа стаць кожны з нас...

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

https://www.traditionrolex.com/8