<p>У Мінску праходзіць дзевятнаццатая па ліку выстава-кірмаш кніг з усяго свету</p>

У Мінску праходзіць дзевятнаццатая па ліку выстава-кірмаш кніг з усяго свету.

Сёлета значна пашырылася плошча выставы – яна складае больш за 6 тыс. кв. м, з якіх 3,5 тыс. кв. м – экспазіцыйная частка.

Арганізатары абяцалі, што ўдзел у ёй прымуць выдаўцы з 20 краінаў свету, а колькасць экспанентаў перавысіць 600.

7

13  

Аднак па сваім выглядзе і форме кніжны форум у Мінску ўсё больш нагадвае звычайны кірмаш –падобны да начной кніжнай выставы на «Дынама» ці суседняга павільёна «Свет кніг». Праўда, маштаб паболей.

Атракцыі і забавы для чытачоў падрыхтавалі толькі некаторыя выдавецтвы. Хапае і тых, хто проста сумна сядзіць на крэслах, а на іхніх стэлажах – усяго некалькі кніг. Напрыклад, выдавецтвы ўніверсітэтаў. Рэгіянальныя дзяржаўныя выдавецтвы прывезлі на выставу ўзоры тэчак для начальства з залатымі надпісамі: «Кіраўніку», «На подпіс» і г.д. Дзе-нідзе можна ўбачыць велізарныя выданні, прысвечаныя аграгарадкам, ці «Энцыклапедыю ідэалагічнага работніка».

На далёкіх шэрагах размясціліся звычайныя гандляры кніг, для якіх хіт продажу– папулярныя расійскія дэтэктывы. Побач з імі – нязменныя для выстаў на «БелЭкспа» гандляры са шкарпэткамі і пальчаткамі, тут жа прадаюць архідэі, печыва і шакалад, – відавочна, што заставаліся лішнія пляцоўкі.

Напачатку афармленне залы прасякнута канцэпцыяй Года кнігі ў Беларусі. Але парадаксальна, што акурат сёлета значна павялічваецца падатак на кнігавыдавецтва.

21

Разам з тым можна адшукаць цікавыя выданні ды імпрэзы. Найбольш творча да свайго павільёна падыйшлі пасольства ды выдаўцы Францыі. Яны запрасілі пісьменнікаў, якія пры дамапозе перакладчыкаў праводзяць інтэрактыўныя чытанні. Больш за ўсё гэта даспадобы дзецям. Таму калі, шпацыруючы па выставе, вы пачуеце дзіцячы смех, хутчэй за ўсё забавы адбываюцца ля французскага стэнда.

20

23

6

18

Выдаўцы ды пасольства Ізраіля больш кансерватыўна падыйшлі да свайго павільёна. Ён нават нагадвае музей – не кожную кнігу дазваляюць узяць у рукі дый выданні не прадаюць, а толькі дэманструюць, як патлумачылі супрацоўнікі.

17

На выставе досыць шмат духоўных кніг і адмысловых стэндаў. У праграме запланаваны тэматычны дзень, прысвечаны гэтай літаратуры. Аднак вялікага ажыятажу ля павільёна Праваслаўнай Царквы не назіраецца.

Што датычыцца краязнаўчай і турыстычнай літаратуры, то даволі многа выдавецтваў прапаноўваюць адмысловыя выданні. Адразу кідаецца вочы, што ледзь не на кожным з іх – кнігі ды альбомы, прысвечаныя Радзівілам, – ад гістарычных хронік да любоўных раманаў.

22

Здзіўляе таксама, як многа з'явілася кніг па гісторыі Беларусі, але... на рускай мове. Яшчэ пару гадоў таму ўявіць такое было складана.

11

Прадаюць гандляры краязнаўчую літаратуру не толькі сваіх выдавецтваў, а нават, здавалася б, канкурэнтаў. Так, адразу на некалькіх стэлажах былі заўважаны кнігі ды альбомы выдавецтва «Рыфтур». Прычым адзін з павільёнаў належаў... піцерскаму выдавецтву!

16

Цікавасць у чытачоў да такой літаратуры ёсць. Напрыклад, побач з невялікім павільёнам  альманаха ARHE было проста не прасунуцца. Наведвальнікі выставы пераходзілі на беларускую мову, удакладнялі, ці з'явіцца ў продажы пэўная кніга і адчувалася, што яны сочаць за выданнямі на беларускую тэматыку.

4

2

Дарэчы, кнігі на выставе таннейшыя, чым у кнігарнях.

14

Працуе выстава да нядзелі, уваход вольны. Апроч кірмаша, можна наведаць імпрэзы – сустрэчы з аўтарамі, майстар-класы і г.д. Глядзіце праграму кніжнага форума па спасылцы.