Новы бар для творчых людзей – «Ў»

13.02.2012 - Новости

Новы бар для творчых людзей – «Ў»

Ён знаходзіцца на месцы вядомай кавярні «Малако», якая летась закрылася праз эканамічныя страты

Усе людзі, выходзячы з чарговай выставы Галерэі «Ў», паспяваюць зазірнуць за дзверы, дзе раней было «Малако», каб падгледзець, што адкрыецца на тэрыторыі легендарнай кавярні. Нарэшце новае месца хутка запрацуе. Як кажуць, не прайшло і паўгода.

34mag завітаў у святое месца яшчэ падчас рамонту. І налічыў некалькі фішачак бару, канцэпцыя якога – ніякіх фішачак.

Фішачка 1.  Віно

Свежая ўстанова будзе называцца «Ў бар». І пазіцыянуецца як сапраўдны вінны бар з сяброўскай атмасферай. Асаблівага крэатыву на прадмет назвы не атрымалася, бо месца будзе выконваць ролю прыемнага дапаўнення да галерэі. І загадчыкі памяшкання хочуць дабіцца стопрацэнтнай асацыятыўнасці са сваёй старэйшай сястрыцай.

Акрамя віна, тут будуць і каньяк, і віскі, і ром, і кава з гарбатай, але менавіта віно будзе галоўнай адметнасцю «Ў бара». Яно будзе прадавацца па куфлях і (увага!) па бутэльках. Напрыклад, можна набыць два батлікі чылійскага. Адзін выпіць на месцы, другі – дома.

Віно будзе трох цэнавых катэгорый: таннае, мідл і даражэйшае. Першае пацягне на $10–15, другое – $15–20, усё астатняе будзе даражэй. Абяцаюць, што дрэннага віна мы тут не знойдзем. 

Фішачка 2.   Фермерская закуска

З ежы пераважна будзе закуска пад віно: мяса, аліўкі, сыр, хлеб. І гэта лагічна.

У бары плануецца падаваць лакальныя фермерскія прадукты – дамашнія брынзу і сметанковае масла.

Яшчэ будуць сэндвічы, склад якіх будзе мяняцца. Увогуле, тут хочуць пазбегчы стандартнага меню з абавязковымі пазіцыямі. Наадварот, асартымент плануецца як мага часцей абнаўляць. І ўсё будзе здаровае, чыстае, свежае і смачнае. І простыя дэсерты на салодкае.

Цэны абяцаюць не задзіраць. 

Фішачка 3.  Беларускамоўныя бармены

На думку загадчыкаў, месца мусіць быць падобнае на добрую кухню сяброў.

Прастору пашырылі, знеслі адну сцяну, і памяшканне цяпер больш прасторнае. Каб падкрэсліць сяброўства, паміж наведвальнікамі і барменамі застаўся мінімальны бар’ер. Тут зрабілі нізкую барную стойку, і гатаваць, наразаць і разліваць будуць на вачах у публікі.

Акрамя таго, адміністрацыя паспрабуе зрабіць так, каб усе бармены размаўлялі на мове. Аднаму хлопцу так нават лягчэй, чым па-руску. І ёсць дзяўчына, якая спецыяльна падцягвае матчыну мову, каб адпавядаць патрабаванням.

Фішачка 4.  Пазл-дызайн ад Домрачава

Дызайн «Ў бара» зрабіў спадчынны архітэктар Мікіта Домрачаў, старэйшы брат нашай знакамітай суайчынніцы Дашы, якая цяпер рве амаль усіх у біятлоне.

Белы, як халат санітара, колер сцен – даніна суседняй галерэі. Пераемнасць адчуваецца нават на ўзроўні дызайну.

Па дэфолце ў бары тры шэрагі глянцавых сталоў. Але ўсе яны адмыслова зробленыя адной вышыні, каб іх можна было складаць, камбінаваць, расстаўляць і міксаваць. Крэслы і фатэлі можна цягаць за сабой па ўсім бары, калі плаваеш ад кампаніі да кампаніі. Каля барнай стойкі месцяцца паліцы з кнігамі. А падаконне перарабілі пад сядушкі.

Фішачка 5.  Прастата

Шмат хто лічыць, што ў гэтым бізнесе без фішачак не выжыць, але прастата і няхітрасць – яшчэ адна фішачка «Ў бара».

Віно – найлепшая забаўка, таму канцэртаў і вечарын, як у старым «Малацэ», тут не будзе. Максімум – выставы мастакоў, якія не змясціліся ў галерэі. А так усё проста, без лішняга пафасу, месцамі нават па дзэне. Напрыклад, гледзячы па настроі, часам днём тут не будзе фонавай музыкі. Каб можна было камфортна папрацаваць або памарыць за жыццё. Або памаліцца.

Прастата, камфорт і ўтульнасць – вось на што робяць стаўку ў новым месцы. Навошта ўскладняць? Хаця, здаецца, загадчыкі хітруюць, і некаторыя сюрпрызы ўсё ж такі будуць.

Гадзіны працы:
Нд–Чц: з 12.00 да 00.00
Пт–Сб: з 12.00 да 02.00

Адрас: Мінск, пр-т Незалежнасці 37а


Wi-Fi  |   Паліць нельга  |   Колькасць месцаў: 40

 

Рубрики: Премьеры

Страны: Беларусь


Комментарии

Аватар

13.02.2012 15:03
Qefir4iQ
ответить

Все гут, тока напишите для неминчан где располагается заведение. Авось и заедем :)
Аватар

13.02.2012 16:17
Ред.
ответить

Обновили адрес в тексте

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах