https://www.traditionrolex.com/8
<p>Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на святкаванне Масленіцы і абвяшчае конкурс «Масленічная лялька-2012»</p>

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на святкаванне Масленіцы і абвяшчае конкурс «Масленічная лялька-2012».

Святкаваць Масленіцу ў музеі будуць дзве нядзелі запар. У нядзелю, 19 лютага, адбудзецца «Сустрэча Масленіцы», а праз тыдзень 26 лютага – «Провады Масленіцы». Наведвальнікі музея, якія далучацца да святкаванняў у гэтыя дні, даведаюцца, што значыць «Масленіца» і як адзначалі свята ў старажытнасці.

Асаблівасцю «Сустрэчы Масленіцы» стане дэманстрацыя ўнікальных масленічных абрадаў і традыцыйных элементаў святкавання. Кожны з наведвальнікаў зможа ўзяць удзел у сумеснай «вытворчасці» пудзіла Марэны – пудзіла Зімы, якое спальвалася ў апошні дзень святочнага тыдня – Даравальную нядзелю.

«Провады Масленіцы» будуць асабліва весёлымі і гуллівымі, як і належыць апошняму дню Масленічнага тыдня. Менавіта ў гэты дзень і будзе спалена вырабленая падчас сустрэчы Масленіцы пудзіла. Калі ёсць жаданне пазбавіцца ад старых праблем і турбот, трэба прынесці старызну, каб спаліць на вогнішчы разам з Марэнай.

Святкаваць Масленіцу ў музеі будуь дапамагаць лепшыя фальклорныя гурты: «Мінскія музыкі», «Мілавіца», «Дубравіца» і «Сваты», а таксама творчы калектыў «Майстэрня ўражанняў», які забяспечыць гульнёва-забаўляльную праграму.

Акрамя таго, у масленічныя дні музей прапануе далучыцца да традыцыйных кірмашовых забаў: паглядзець прадстаўленне народнага лялечнага тэатра «Батлейка», паўдзельнічаць у народных гульнях, патанцаваць і пагушкацца на арэлях, пакатацца на конях ці гужавым транспарце, набыць лепшыя сувеніры беларускіх майстроў. Не абыйдзецца свята і без прысмакаў: кожны яго ўдзельнік зможа пакаштаваць традыцыйны масленічны блін – сімвал веснавога сонейка.

Таксама на Масленіцу ў музеі будзе ладзіцца конкурс «Масленічная лялька», які праводзіцца з 2008 года. Удзельнікамі конкурсу могуць быць індывідуальныя аўтары лялек альбо аўтарскія калектывы: сямейныя, школьныя, студэнцкія ці проста сяброўскія. Галоўная ўмова конкурса – загадзя ў хатніх умовах зрабіць ляльку адпаведна выбранай намінацыі. Сёлета лепшую масленічную ляльку будуць выбіраць у дзвюх катэгорыях: традыцыйнай і арыгінальнай. Акрамя матэрыялу і тэхнікі выканання, у першым выпадку будуць ацэньвацца традыцыйныя элементы касцюма лялькі, у другім – аўтарскае рашэнне.

Памеры і матэрыял лялек залежаць толькі ад фантазіі творцаў. Да лялькі неабходна прымацаваць ліст з прозвішчам аўтара ці назвай калектыва. Візітная картка, якая можа быць прадстаўлена ў выглядзе спеваў, верша, танца ці іншым варыянце, з’яўляецца своеасаблівай «абаронай» твора. Усе конкурсныя дзеі адбудуцца 19 і 26 лютага на канцэртнай пляцоўцы ў экспазіцыйным сектары «Цэнтральная Беларусь». Пераможцаў конкурсу «Масленічная лялька-2012» чакаюць смачныя прызы: дэгустацыя блюд беларускай кухні.

Святочныя мерапрыемствы 19 і 26 лютага будуць працягвацца з 11 да 16 гадзін. Падрабязную праграму святкавання Масленіцы можна знайсці на афіцыйным сайце музея www.etna.by.

https://www.traditionrolex.com/8