https://www.traditionrolex.com/8
<p>Розных цікавых мерапрыемстваў і праектаў тут сапраўды  багата, бо  Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці цікавы для кожнага  наведвальніка як  сваёй некранутай цывілізацыяй прыродай, так і тымі  славутымі людзьмі,  што нарадзіліся на гэтай зямлі</p>

Культура і інвестар: грані сацыяльнага ўзаемадзеяння

Як паведамляе «Культура»:

«Дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва на Іванаўшчыне – гэта не прыхамаць, а рэальная патрэба часу, таму сёння недзяржаўныя сродкі прыцягваюцца пад любое раённае мерапрыемства, у тым ліку – і культурнае». Гэтыя словы намесніка старшыні Іванаўскага райвыканкама Алены Дарагакупец цалкам і канкрэтна акрэслілі той кірунак дзейнасці, у якім сёння шчыруюць культработнікі раёна.

Розных цікавых мерапрыемстваў і праектаў тут сапраўды багата, бо Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці цікавы для кожнага наведвальніка як сваёй некранутай цывілізацыяй прыродай, так і тымі славутымі людзьмі, што нарадзіліся на гэтай зямлі: з мясцовай вёскі Дастоева паходзіць славуты род Дастаеўскіх, у Варацэвічах жыў і ствараў свае знакамітыя творы мастак, кампазітар, вучоны Напалеон Орда, у вёсцы Моталь нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман...

Словам, брэндаў – шмат. Далёка за межамі раёна вядомыя ўнікальны музей народнай медыцыны ў вёсцы Стрэльна, у тым жа Моталі ўсе наведвальнікі захапляюцца экспазіцыяй музея народнай творчасці (яго фонды складаюць блізу 26 тысяч экспанатаў!), фестывалі «Мотальскія прысмакі» і «Фальклор без межаў» заўсёды прыцягваюць да сябе гасцей з многіх еўрапейскіх краін, а яшчэ на Іванаўшчыне прысутнічаюць геадэзічныя знакі Дугі Струвэ, рашэннем UNESCO ўключанай у Міжнародны спіс гісторыка-культурнай спадчыны, і міма тых знакаў не праедзе, бадай, ні адзін падарожны...

Рэклама  для партнёрства

Кропак прыкладання сіл у супрацоўнікаў мясцовага аддзела культуры хапае. І абысціся тут без падтрымкі прыватнага капіталу сапраўды немагчыма. Ды і традыцыі супрацоўніцтва з недзяржаўнымі арганізацыямі ў рэгіёне, як запэўніў мяне начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімір Шэляговіч, – даўнія і плённыя. Кіраўнік сферы культуры раёна прывёў толькі адзін прыклад. Яшчэ ў 1997 годзе ў цэнтры Іванава паўстаў адзіны ў Беларусі і Еўропе помнік мастаку Напалеону Ордзе. Дык вось, па словах начальніка аддзела культуры, гэты праект яшчэ тады падтрымалі рублём не толькі ўлады Іванаўшчыны, а і мясцовыя прадпрыемствы ды супрацоўнікі ўстаноў культуры – менавіта на іхнія грошы і была адліта скульптура слыннага ўраджэнца раёна.

– Цяпер маем задумы па аднаўленні сядзібы Дастаеўскіх у вёсцы Дастоева, – кажа Уладзімір Шэляговіч. – Ужо выйшлі з гэтай прапановай не толькі на абласны, але і на рэспубліканскі ды нават міждзяржаўны ўзровень: магчыма, для рэалізацыі дадзенага праекта нам будуць выдаткаваны неабходныя фінансавыя сродкі з бюджэту Саюзнай дзяржавы. А можа, дапамогуць і расійскія прадпрымальнікі, неабыякавыя да гісторыі і культуры...

Распавёў Уладзімір Шэляговіч і пра тое, што літаральна два месяцы таму пры аддзеле культуры быў створаны апякунскі савет. На яго думку, гэта падштурхне мясцовых бізнесменаў да больш актыўнага ўдзелу ў развіцці сферы культуры.

– А каб ад гэтай працы была ўзаемная карысць, мы пастаянна будзем рэкламаваць дзейнасць савета, – адзначыў начальнік аддзела культуры. – Праз мясцовы ці абласны друк назавём тых, хто ўваходзіць у склад гэтай арганізацыі, а таксама абавязкова пачнём пісаць пра тыя рэальныя прыклады ўзаемадзеяння аддзела культуры ды дзяржаўных і прыватных арганізацый. Лічу, што дзякуючы падобнай рэкламе ўсе прадпрыемствы ды прыватныя асобы стануць больш ахвотна ісці на кантакт, будуць больш актыўна падтрымліваць нашы праекты.

20 мільёнаў – гэта пачатак

Неаспрэчна адно: мясцовыя ўлады ведаюць пра багатую спадчыну і патэнцыял свайго рэгіёна ды пастаянна працуюць на перспектыву. У якасці прыкладу можна прывесці Міжнародны кулінарна-этнаграфічны фестываль «Мотальскія прысмакі», які ведаюць, бадай, усе аматары беларускай нацыянальнай кухні, а таксама турысты не толькі ў Беларусі, а і ў іншых краінах далёкага і блізкага замежжа. Нездарма ж гэты фэст палескай кухні, зладжаны Іванаўскім райвыканкамам разам з прыватнымі арганізацыямі, быў прызнаны «Падзеяй года» на Нацыянальным турыстычным конкурсе «Спазнай Беларусь» яшчэ ў 2008-м.

Але, на думку Уладзіміра Шэляговіча, усё гэта – толькі пачатак, і ў далейшым мерапрыемства набудзе яшчэ большы розгалас і якасна новы фармат. Пэўныя змены адбыліся ўжо летась. Так, у 2011-м у рамках «Мотальскіх прысмакаў» ладзіліся «круглыя сталы» і нават «Творчая лабараторыя гастранамічнага турызму», адбываліся прэзентацыі абрадаў, майстар-класы, тэатралізаваныя прадстаўленні... Яшчэ падчас фэсту ў Моталі працаваў «Горад майстроў», а кожны турыст мог наведаць шматлікія выстаўкі ды прэзентацыі. Натуральна, з вялікім поспехам прайшла і дэгустацыя страў палескай кухні...

Па сутнасці, на некалькі летніх спякотных дзён вёска Моталь ператварылася ў сапраўдную турыстычную Мекку, і на вуліцах паселішча можна было пачуць як паляшуцкую гаворку, так і беларускую, польскую, нямецкую, італьянскую, іспанскую і англійскую мовы...

Але самае галоўнае: пад гэты праект аддзелу культуры Іванаўскага райвыканкама ўдалося прыцягнуць пазабюджэтныя сродкі.

– Летась ушчыльную папрацавалі з нашымі спонсарамі, – кажа начальнік аддзела культуры, – і вынік, я лічу, атрымаўся досыць неблагі: на рахунак фэсту было пералічана 20 мільёнаў рублёў. Натуральна, прадоўжым гэтую практыку і пры правядзенні чарговых «Мотальскіх прысмакаў»...

–  Вядома, гэтая праца ідзе цяжка, спонсары, кіраўнікі прадпрыемстваў адгукаюцца на нашы просьбы не заўсёды ахвотна, – дадае намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Алена Дарагакупец, – але паступова, лічу, усведамленне важнасці гэтай справы абавязкова з'явіцца. Бо, па маім меркаванні, у нас яшчэ ёсць вялікі патэнцыял па прыцягненні сродкаў на культурныя мерапрыемствы як ад дзяржаўных, так і ад прыватных арганізацый.

Інвестыцыі – у Моталь

Рэалізаваць гэты патэнцыял напоўніцу – галоўная сённяшняя задача аддзела культуры. Таму і шчыруюць мясцовыя культработнікі над распрацоўкай новых планаў і праектаў, здольных зацікавіць патэнцыйных інвестараў. І найперш – у тым жа Моталі. Па прызнанні Уладзіміра Шэляговіча, у гэтым паселішчы яшчэ шмат што можна зрабіць. І самы адметны кірунак – далейшая музеефікацыя населенага пункта.

– Ужо досыць доўгі час у Моталі працуе музей народнай творчасці, – кажа Уладзімір Шэляговіч, –які мае ў сваіх фондах звыш 20 тысяч экспанатаў. Цяпер мы працуем над тым, каб стварыць у гэтым паселішчы яшчэ адзін цікавы музей – археалогіі...

Адкуль такія нерэальныя, на першы погляд, задумкі? Справа ў тым, што, паводле папярэдніх археалагічных даследаванняў, праведзеных супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, каля Моталя знаходзіцца ажно 24 стаянкі часоў позняга неаліту! І дзякуючы арганізаваным навукоўцамі раскопкам у фондах Мотальскага музея народнай творчасці на сённяшні дзень захоўваецца 16 тысяч археалагічных экспанатаў.

– Уяўляеце, як будзе цікава кожнаму ўбачыць і дакрануцца да такіх гістарычных артэфактаў! –кажа Уладзімір Шэляговіч. – Таму і паўстала ідэя стварыць у Моталі музей археалогіі. На баланс аддзела кульуры ўжо перададзена памяшканне, дзе раней месцілася мясцовая АТС. Таксама са сродкаў раённага бюджэту сёлета запланавана выдаткаваць 100 мільёнаў на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі і стварэнне экспазіцыі  музея археалогіі. Безумоўна, паспрабуем прыцягнуць да гэтай справы і мясцовых інвестараў. Я ўпэўнены, што яшчэ прыкладна 100 мільёнаў змогуць выдаткаваць прадпрымальнікі Моталя, неабыякавыя да адраджэння свайго паселішча. І, магчыма, да наступнага фэсту «Мотальскія прысмакі» музейная ўстанова адкрые свае дзверы для наведвальнікаў.

Без «адміністрацыйнага» рэсурсу

Не сумняваецца начальнік аддзела культуры ў вырашэнні названага пытання і таму, што мае добрыя стасункі з маталянамі. Гэта паказала і леташняя арганізацыя фэсту «Мотальскія прысмакі», дзе прыватнікі бралі самы чынны ўдзел. Дарэчы, упэўнена ў арганізатарскіх здольнасцях Уладзіміра Шэляговіча і намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама.

– Я пераканана: шмат спонсарскіх сродкаў на фестываль «Мотальскія прысмакі» мы змаглі атрымаць дзякуючы менавіта Уладзіміру Шэляговічу, ягоным добрым асабістым стасункам з кожным мясцовым бізнесменам, – кажа Алена Дарагакупец. – Бо ягоная зацікаўленасць у справе, апантанасць рознымі ідэямі ды праектамі, што называецца, «запальвае» тых, да каго ён звяртаецца па дапамогу. І кіраўнікі прадпрыемстваў ці прыватнікі не могуць не адгукнуцца на яго просьбы...

Сапраўды, праца па прыцягненні спонсарскіх сродкаў немагчымая без асабістых кантактаў. І часам менавіта дзякуючы наладжаным стасункам з кожнай канкрэтнай асобай удаецца зрабіць больш, чым з выкарыстаннем так званага адміністрацыйнага рэсурсу. На Іванаўшчыне гэта зразумелі даўно і выкарыстоўваюць асабісты падыход да кожнага патэнцыйнага інвестара. Натуральна – на карысць сферы культуры раёна...

Яшчэ адны планы па музеефікацыі Моталя датычацца дома, дзе нарадзіўся Хаім Вейцман – першы прэзідэнт Ізраіля. Гадоў пяць таму гэтую вясковую хату выкупіў прыватнік. З ім аддзелу культуры ўдалося таксама наладзіць кантакт.

– Пад час «Мотальскіх прысмакаў» мы дамаўляемся з уласнікам дома, і праводзім там выстаўку, –кажа Уладзімір Шэляговіч, – якая заўсёды карыстаецца попытам у наведвальнікаў. Прапаноўваем ім і стравы яўрэйскай кухні, якія даспадобы і французу, і англічаніну, не кажучы ўжо пра гасцей з Ізраіля... Шкада, канешне, што гэты гістарычны будынак належыць не аддзелу культуры. Але мы ўжо робім захады, каб у доме, дзе нарадзіўся Хаім Вейцман, з цягам часу паўстаў музей. Перамовы пра гэта з уласнікам дома ўжо вядуцца, і нашы планы, лічу, цалкам рэальныя.

Ад «Бабуліных вышак» да Варацэвічаў

Шмат планаў маюць у аддзеле культуры Іванаўскага райвыканкама і наконт многіх іншых музеяў, што знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Адзін з іх – у вёсцы Стрэльна. Установа пад ганаровай назвай «Музей народнай медыцыны «Бабуліны вышкі», вядомы, бадай, на ўвесь Палескі рэгіён. Тут, акрамя экскурсіі па царстве травяных пахаў і лекавых водараў, могуць пачаставаць гаючым чаем з зёлак, падказаць рэцэпт таго або іншага настою, а таксама неабходныя лекі ад любой хваробы.

– Будзем пашыраць экспазіцыю музея, створым там увесь неабходны антураж, – кажа Уладзімір Шэляговіч. – Сёлета з раённага бюджэту пад тыя мэты выдаткавана 300 мільёнаў рублёў. Дзякуючы сродкам задзейнічаем увесь патэнцыял гэтай, на маю думку, унікальнай установы культуры раёна...

З абласнога і раённага бюджэту выдаткаваны сродкі і яшчэ на адзін амбіцыйны праект – адбудову родавага маёнтка Напалеона Орды, што месціцца непадалёк ад вёскі Варацэвічы. Работы на гэтым аб'екце вяліся цягам 2011-га, і на сённяшні дзень ужо ўзведзены фундамент ды падвальныя памяшканні сядзібы. Да канца бягучага года, упэўнены Уладзімір Шэляговіч, асноўны рамонт будзе завершаны і ў будынку распачнуцца ўнутраныя аддзелачныя работы.

Прычым вельмі важна, што на рэалізацыю праекта, звязанага з імем славутага земляка, ідуць не толькі дзяржаўныя грошы. Як распавёў начальнік аддзела культуры, у Варацэвічах, дзе месціцца карцінная галерэя музейнага комплексу Напалеона Орды, дзякуючы спонсарскім сродкам змаглі набыць шматлікія экспанаты для экспазіцыі.

Так што праца з прыватнікамі на Іванаўшчыне прыносіць свой плён. І спыняцца на дасягнутым, як сведчаць шматлікія планы па музеефікацыі раёна, мясцовыя супрацоўнікі культуры не збіраюцца.


«Галерэя спонсараў» ад «К»

«Савет яшчэ праявіць сябе»


Пералічыць усе пасады, якія займае Сяргей Федарук, – няпроста. Ён і дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў, і старшыня раённага савета прадпрымальнікаў, і кіраўнік апякунскага савета, створанага пры аддзеле культуры, і ўладальнік аграэкасядзібы... Да таго ж, уваходзіць у склад савета прадпрымальнікаў, які працуе пры губернатары Брэстчыны. Але асаблівы клопат Сяргей Федарук надае сферы культуры. І – невыпадкова. Да яе гэты чалавек мае непасрэднае дачыненне: першы запіс у ягонай працоўнай кніжцы: «кіраўнік дыскатэкі ў Іванаўскім РДК». Ды і жонка яго таксама колішні культработнік: у свой час выкладала ў мясцовай музычнай школе.
– Што для вас, Сяргей Віктаравіч, сфера культуры? І, у працяг тэмы, наша традыцыйнае пытанне: чым кіруецеся, выдаткоўваючы сродкі на культуру раёна?

2

– Уладзімір Шэляговіч – гэта мой першы настаўнік, і таму да сферы культуры я заўсёды стаўлюся і буду ставіцца з павагай, бо ведаю, што хлеб культработнікаў – не з лёгкіх. Зразумеў гэта, калі працаваў на пасадзе кіраўніка дыскатэкі ды кіраўніка ВІА. Гэта мая першая праца, і яна дала мне разуменне таго, як трэба будаваць адносіны з людзьмі, як знаходзіць «дыпламатычныя падыходы» да вырашэння праблем, як закупіць апаратуру, інструменты...

– Напэўна, гэта дапамагло вам і ў далейшай працы?

– Менавіта! Усё гэта вельмі спатрэбілася, калі я пачаў свой бізнес. Можна сказаць, што ў сферы культуры я займеў аўтарытэт, пэўны давер у людзей, які стараўся не губляць і надалей, працуючы ўжо ў бізнесе... Таму на ўсе праблемы культработнікаў адгукаюся як на свае. Не магу іначай.

– Ведаю, вы пастаянна дапамагаеце сферы культуры раёна. Вось нядаўна зрабілі крокі па абсталяванні класа харэаграфіі ў Адрыжынскай ДШМ...

– Так. Усё гэта таму, што я нарадзіўся ў гэтым паселішчы Іванаўскага раёна, абраны там дэпутатам. Таму ўвага да землякоў заўсёды была і будзе вельмі пільнай, а дапамога – рэальнай і канкрэтнай.

– Вы з'яўляецеся кіраўніком апякунскага савета, створанага пры аддзеле культуры. Што плануеце здзейсніць з дапамогай гэтай арганізацыі?

– Галоўная мэта новаўтворанай арганізацыі вельмі простая: аказваць фінансавую падтрымку ўстановам культуры раёна. Карысць у гэтым – вялікая, бо калі мясцовыя прадпрымальнікі будуць збірацца і вырашаць надзённыя праблемы сферы раённай культуры разам, а не паасобку, дык эфект ад іхняй дзейнасці будзе большы, чым цяпер, я ў гэтым упэўнены. Таксама не варта забываць і пра мясцовы патрыятызм, які не дазволіць, на маю думку, ураджэнцу раёна застацца ўбаку ад пачэснай справы мецэнацтва. Гэта, лічыце, таксама і пэўны гонар для прадпрымальніка. Таму гэтая структура, упэўнены, яшчэ праявіць сябе – дайце толькі час.

– Як лічыце, што неабходна зрабіць, каб прадпрымальнікі з большай ахвотай рабілі ўкладанні ў сферу культуры раёна?

– На маю думку, патрэбна ўносіць прапановы аб змяненнях у заканадаўстве – толькі пры такой умове сфера культуры зможа адчуць рэальную падтрымку спонсараў і мецэнатаў. Няхай не сто працэнтаў, а на пяцьдзясят для такіх людзей будзе зніжаны падатак. Або няхай тая сума, што ідзе ў якасці фінансавай падтрымкі арганізацый культуры, будзе вылічана з падатку прадпрыемства ці арганізацыі. Тады гэта быў бы стымул для прадпрымальнікаў, ды і сфера культуры ад гэтага, безумоўна, выйграла б.

Убачыць традыцыі «жыўцом»

І дырэктар Снітаўскага СДК Соф'я Шапялюк, і мастацкі кіраўнік установы Марыя Шапялюк не могуць нахваліцца кіраўніком мясцовага СВК Анатолем Гліннікам: ён, маўляў, і з апаратурай дапамагае, і транспарт для выездаў калектыву заўсёды дасць, ды і ўвогуле, пастаянна ў курсе надзённых пытанняў мясцовага Дома культуры. А для культработнікаў гэта, пагадзіцеся, немалаважна.

3

Таму, натуральна, не мог не сустрэцца з Анатолем Гліннікам. Разам з ім доўга абмяркоўвалі пытанні спонсарскай падтрымкі ўстаноў культуры на сяле. Анатоль Аляксеевіч – мясцовы ўраджэнец, неабыякавы да гісторыі сваёй малой радзімы. «Гісторыю трэба ведаць, бо гэта – нашы карані, без якіх немагчыма жыць і працаваць на зямлі», – кажа кіраўнік СВК.

– Культура для мяне – гэта тое, што я памятаю з дзяцінства: вечарыны, спевы народных песень, тыя традыцыі, якія жылі на Іванаўшчыне спрадвеку. На жаль, цяпер гэтага ўжо няма. І задача мясцовых культработнікаў, на маю думку, – зберагчы гэтыя традыцыі, запісваць і спяваць народныя песні, перадаваць іх будучым пакаленням. Таксама трэба працаваць над захаваннем тых абрадаў і звычаяў рэгіёна, якія цяпер рэдка можна ўбачыць «жыўцом», у натуральным выглядзе. Вось гэтую дзейнасць мясцовых культработнікаў падтрымліваў і заўсёды буду падтрымліваць.

– Наколькі ведаю, вы мясцовым культработнікам ніколі ў іх просьбах не адмаўляеце. Вось не так даўно закупілі новы камплект апаратуры ў Снітаўскі СДК, дапамагаеце з транспартам, правядзеннем разнастайных мерапрыемстваў...

– Усё гэта – патрэба сённяшняга часу і нашы пастаянныя клопаты. Таму і дапамагаем сферы культуры чым толькі можам. Вялікім мецэнацтвам не займаемся, бо не надта ўжо і багатыя, але ўсе пытанні, з якімі да мяне прыходзяць культработнікі, стараемся вырашаць. Магчыма, не ў тых аб'ёмах, як хацелася б, але – зыходзячы з наяўных магчымасцей.

– Падтрымка кіраўніка СВК – заўсёды каштоўная для мясцовых культработнікаў. Ды, наколькі я ведаю, вы і ў тых культурных праектах, што ладзяцца на тэрыторыі сельсавета, прымаеце чынны ўдзел...

– Так, пра культуру і пра духоўнасць не забываем. Да таго ж, заўсёды памятаем, што на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца мясціны, звязаныя з жыццём славутага Напалеона Орды. І таму да ўсіх мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў Варацэвічах, ставімся з выключнай адказнасцю. Вось і падчас святкавання 200-х угодкаў з дня нараджэння мастака прынялі ў іх чынны ўдзел – як у арганізацыйным, так і ў фінансавым аспектах... А яшчэ адзін наш не такі даўні праект – узвядзенне ў Снітаве царквы. Тут дапамога была не столькі ў фінансавым, як у арганізацыйным, каардынуючым плане. І гэта таксама важна. Бо, на маю думку, менавіта з дапамогай духоўнасці, звароту да культурных традыцый можна выхаваць сапраўднага чалавека – гаспадара сваёй зямлі. Для мяне гэта заўсёды будзе найважнейшай задачай.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

https://www.traditionrolex.com/8