Iдэальны варыянт для турыстаў: сала можна не давезці, а вось свечку...

18.02.2012 - Новости

Iдэальны варыянт для турыстаў: сала можна не давезці, а вось свечку...

Cала — не адзіная цікавостка маладой мануфактуры. «Выпякаюць» тут і... беларускія дранікі!Карыстаюцца папулярнасцю таксама распісныя свечкі з відамі Узды

Вясковага сала і дранікаў «з агеньчыкам»...

...чытачам «Звязды» прапаноўвае пакаштаваць прадпрымальнік з Узды

Раман Каралёў сустрэў мяне ля каларытнага двухпавярховага дома ў цэнтры Узды. Менавіта тут у драўляных сценах, узведзеных яшчэ ў 30-гадах мінулага стагоддзя, і месціцца ўнікальная мануфактура па вырабе дэкаратыўных свечак.

«Першую сваю свечку зрабіў на кухні»

Да свечак Раман заўсёды ставіўся асабліва. У той час як нехта з-за мяжы вёз алкаголь ды стыльную вопратку, ён набіваў сумкі дэкаратыўнымі парафінавымі шарыкамі, цыліндрамі, кубкамі...

— Вось я аднойчы і падумаў: а чаму б не паспрабаваць рабіць прыгожыя і якасныя свечкі тут, у Беларусі? — распавядае Раман Міхайлавіч. — Тэхналогію асвойваў па кнігах, шмат інфармацыі ўзяў з інтэрнету. Першую сваю свечку разам з жонкай і суседзямі зрабіў на ўласнай кухні.

Пасля была другая, трэцяя... Эксперыментавалі доўга. Пакуль кухня не здалася цеснай. Вось тады Раман і задумаўся аб прасторным будынку, дзе б можна было арганізаваць свой свечачны заводзік.

— Па дапамогу я звярнуўся ў райвыканкам. І трэба ж было так супасці, што мне прапанавалі менавіта той аўтэнтычны будынак, на які я даўно паклаў вока. Кажуць, тут даўней месцілася школа.

Дом, як высветлілася, на той момант рыхтаваўся пад знос, таму мясцовыя ўлады перадалі яго ініцыятыўнаму прадпрымальніку зусім бясплатна. Узамен Раман абавязаўся за тры гады зрабіць яго рэканструкцыю і стварыць 20 новых працоўных месцаў.

«Рабіць свечкі ў Беларусі  не вучаць ні ў адной навучальнай установе»

Калі мы зайшлі ў «святое святых», Раман Міхайлавіч перадаў мяне ў рукі тэхнолага. Менавіта Ала Ламака разам з іншымі работніцамі пасвяцілі мяне ва ўсе сакрэты вырабу свечак.

— Вядома, каб зрабіць свечку, трэба расплавіць парафін. Для гэтага мы прыстасавалі медыцынскія плавілкі, — распавядае Ала Аркадзеўна. — Бо, на жаль, спецыялізаваных плавільных апаратаў у Беларусі пакуль не вырабляюць. Тут жа расплаўлены парафін змешваецца з фарбавальнікам і араматызатарам. У нашай справе вельмі важна вытрымаць прапорцыю. Бо калі дадаць вельмі шмат фарбы, то свечка можа не гарэць.

Да такіх высноў работнікі прыйшлі падчас шматлікіх эксперыментаў. Бо ўсе яны дагэтуль працавалі хто закройшчыцай, хто кандытарам, хто настаўніцай, і ў свечках нічога не разумелі, бо свечачнай справе ў нас у Беларусі нідзе не вучаць.

На маіх вачах дзяўчаты разліваюць парафін па самаробных сталёвых формах. А Ала Ламака працягвае экскурсію:

— Толькі тады, калі парафін застыне, нарыхтоўка для будучай дэкаратыўнай свечкі адпраўляецца ў іншы цэх. Тут Зоя Іванаўна ўстаўляе кнот. Яна ў нас сур'ёзны чалавек, браку не прапусціць. Ледзь што не так — назад вяртае.

— А што ж, стараемся, каб пасля сорамна перад людзьмі не было, — усміхаецца жанчына і вельмі ўмела ператварае парафінавае сэрца ў свечку.

— Дарэчы, кожная новая партыя абавязкова правяраецца на якасць, — дадае тэхнолаг. — Запальваем выпадкова выбраную свечку. Калі кнот гарыць роўна, ярка і строга вызначаны час — свечкі адпраўляюцца ў наступны пакой — у рукі мастакоў-афарміцеляў.

«Свечка ў выглядзе кавалка сала — наша фішка»

Гатовыя ж вырабы запакоўваюцца і адпраўляюцца на міні-склад. Чаго тут толькі няма! Аж вочы разбягаюцца! Вось свечка, аздобленая фасоляй, высушаным зернем айвы, фарбаваным пілавіннем, насеннем конскага шчаўя, ракавінкамі, мешкавінай, гузікамі, ніткамі, костачкамі каліны... Першыя ўпрыгожанні для свечак жанчыны прыносілі літаральна са свайго агарода.
 
2
Гэты дом 30-х гадоў мінулага стагоддзя ўздзенскі прадпрымальнік
літаральна выратаваў ад зносу
.

— Вой, а гэта што (кідаю вока на белыя свечкі з тонкімі ружовымі праслойкамі, пасыпаныя зверху кропам)... Няўжо сала?

— Так. Гэта свечка ў выглядзе кавалка вясковага салёнага сала. Гэта фішка нашага прадпрыемства. Яна, калі распакаваць, нават пахне кропам. Многія, калі бяруць у рукі, не адразу разумеюць, што гэта свечка, а не натуральнае сала.

— А колькі каштуе такі далікатэс?

— У залежнасці ад памеру: самы вялікі кавалак, амаль кілаграмовы, 66 тысяч. Маленькі — 40 тысяч.

— Як прыйшла такая ідэя? — цікаўлюся ў Рамана. 

— Спантанна. Знаёмыя ў той момант ехалі ў Маскву і прасілі што-небудзь арыгінальнае зрабіць. Вось у мяне, заўзятага рыбака, і ўзнікла думка зрабіць свечку ў выглядзе сала. Арыгінальнасць задумкі ўжо ацанілі пакупнікі. Адна фірма замовіла больш за 400 кавалкаў сваім работнікам. Сказалі, што наша сала было самым лепшым падарункам на Новы год. Такіх свечак нідзе няма. Таму мы ўжо сабралі дакументы і хочам запатэнтаваць сваё сала.

— Гэта ж ідэальны варыянт для турыстаў: сала можна не давезці, а вось свечку...

— Гэтую тэму мы зараз будзем прапрацоўваць, — кажа Раман. — Хочам звязацца з гасцініцамі, вакзаламі, аэрапортамі і паказаць ім сваю прадукцыю.

Дарэчы, сала — не адзіная цікавостка маладой мануфактуры. «Выпякаюць» тут і... беларускія дранікі! Карыстаюцца папулярнасцю таксама распісныя свечкі з відамі Узды.

— Аднойчы да нас прыйшла дзяўчына, — распавядае Ала Ламака, — і кажа: «Хацела ў Прыбалтыку сваякам завезці што-небудзь з відамі Узды. І нічога не знайшла. Можа, вы мне дапаможаце?» Так з яе падачы з'явіліся распісныя свечкі з выявамі ўздзенскіх касцёла і царквы, Мірскага і Нясвіжскага замкаў, Будслаўскага касцёла, які аднеслі да сямі цудаў Беларусі.

— А якая ваша любімая свечка? — цікаўлюся ў Рамана.

— Я люблю свечкі простыя, без упрыгожанняў. Спакойных колераў. А яшчэ падабаюцца свечкі, упрыгожаныя саломкай. Мне здаецца, з часам такія свечкі з самабытным каларытам могуць стаць беларускім брэндам.

— Колькі ў сярэднім каштуюць такія свечкі?

— Кошт залежыць ад памеру, вагі. У сярэднім у нас адна свечка каштуе каля 30 тысяч. У параўнанні з цэнамі кітайскай прадукцыі гэта дорага. Але ўлічыце, што нашы свечкі гараць не дзве гадзіны, як кітайскія, а 50–60 гадзін. Я першапачаткова паставіў сабе планку — не паўтараць Кітай, не рабіць няякасных свечак. Добрая ж свечка танна каштаваць не можа.

— А як вызначыць, добрая яна ці не?

— А для таго, каб вызначыць, якасная свечка ці не, яе неабавязкова запальваць. Дастаткова панюхаць. Калі пахне нафтай, значыць, зроблена з нізкаякаснага тэхнічнага парафіну. Яшчэ звярніце ўвагу на кнот. Натуральны, з бавоўны, візуальна адрозніваецца ад сінтэтычнага, які можа курыць.

«Свечкі створаны для таго, каб іх паліць»

Раман на сваёй новай вытворчасці працуе не пакладаючы рук, з 8 раніцы да 8 вечара. Даводзіцца не толькі займаецца дакументацыяй, але і дапамагаць хлопцам на будоўлі. Але самае цяжкае ў працы, прызнаўся ён, гэта збыт прадукцыі.

3

— Асноўная праблема, што ў беларусаў няма грошай на свечкі з-за рэзкага падаражання прадуктаў. Народ зараз думае, што купіць паесці, як заплаціць за кватэру. Свечкі ж адыходзяць на апошні план. Я перакананы, што калі будзе ляжаць два кавалкі сала — натуральнае і парафінавае, то чалавек аддасць перавагу першаму. Акрамя таго, на жаль, у нас у Беларусі пакуль не сфарміравалася культура ўжывання свечак. Хоць ва ўсім свеце свечкі людзі паляць пастаянна. За абедам, перад сном, прымаючы ванну... У нас сваякі жывуць у Польшчы. У іх у ванным пакоі ад 6 да 10 свечак. У каго з нас у ваннай ёсць свечка?.. Але я спадзяюся, усё гэта прыйдзе. Паэтапна — як інтэрнет, як мабільнікі. А мы за гэты час падрыхтуемся, напрацуем сур'ёзны асартымент. Бо пакуль свечкі для мяне хутчэй хобі, чым бізнес. Бо тыя грошы, што мы ўкладаем у вытворчасць, не акупляюцца.

— У вас, пэўна, ёсць іншыя крыніцы даходаў?

— Так, я падтрымліваю гэту вытворчасць з іншых крыніц. Ёсць у мяне невялікая вытворчасць тратуарнай пліткі.

Паводле слоў уздзенскага прадпрымальніка, беларускія крамы бяруць свечкі таксама не надта ахвотна.

— Нярэдка сутыкаемся і з такой сітуацыяй, калі прыходзіш у краму і прапаноўваеш сваю прадукцыю, а тавараведы ў адказ: «Ваша прадукцыя нас не цікавіць». Пры гэтым у іх на паліцах стаяць кітайскія свечкі.

Праўда, уздзенская прадукцыя ўсё ж прабілася на паліцы буйных універмагаў.

— У Мінску нашы свечкі можна набыць у ЦУМе, ГУМе, «Беларусі», «Кірмашы». Працуем з Баранавічамі, Дзяржынскам, Фаніпалем, Уздой.

— Раман, я ведаю шмат людзей, якія шкадуюць паліць прыгожыя свечкі.

— Калі свечка гарыць, то прыносіць больш станоўчых эмоцый, чым калі проста стаіць і збірае пыл. Чалавек, які глядзіць на агонь, думае пра добрае, пра цяпло, лета. Таму свечкі трэба паліць, прычым пры кожным зручным выпадку. Тым больш што нашы свечкі выгараюць знутры. У выніку дэкор, калі правільна выкарыстоўваецца свечка, застаецца непашкоджаным. Абалонку можна пасля выкарыстаць, як нашы дзяўчаты, у якасці вазона пад кветкі.

— А як правільна выкарыстоўваць свечку?

— Абразаць кнот, каб ён быў даўжынёй не больш за 1 сантыметр. У іншым выпадку ён нахіляецца і пры гарэнні агонь змяшчаецца ад цэнтра свечкі да краю. За свечкай павінен быць догляд, як і за любымі рэчамі. І тады яна будзе служыць доўга і якасна.

Свечкі з водарам свежага хлеба з'явяцца ва Уздзе?

Калі я на развітанне запыталася ў Рамана пра планы, то, шчыра прызнацца, не чакала, што іх будзе настолькі шмат...

— У планах — паўдзельнічаць у «Славянскім базары». Ужо звязваліся з арганізатарамі, будзем прадстаўляць сваю прадукцыю ў «Горадзе майстроў». Падсвечнікамі хочам заняцца — як металічнымі, так і драўлянымі. У больш аддаленай перспектыве хацелася б стварыць ва Уздзе нешта накшталт «Дудутак», дзе б госці змаглі не толькі паглядзець, як вырабляюцца свечкі, але і набыць у фірменнай краме сувеніры. Яшчэ адзін перспектыўны кірунак — выпуск вулічных свечак. За мяжой яны выкарыстоўваюцца, напрыклад, для афармлення вулічных кавярань. Акрамя таго, такія свечкі могуць быць запатрабаваныя і для адпачынку на прыродзе. Уяўляеце, паставілі па перыметры паляны свечкі са спецыяльнымі дабаўкамі, запалілі іх — і камары будуць аблятаць бокам.

— Мне даспадобы прыйшлася ваша задумка з салам. Чым парадуеце ў бліжэйшы час?

— За мяжой у апошні час папулярныя свечкі з водарам свежага хлеба, яечні і многага іншага. Чаму б і нам не пайсці па тым жа шляху? І што тычыцца ідэй, то прапаноўвайце, звязвайцеся з намі праз наш сайт mіrsvесhі.bу. Мы з задавальненнем ажыццявім вашу ідэю.

Надзея ДРЫЛА, фота аўтара

Рубрики: В Фокусе Технологии

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах