https://www.traditionrolex.com/8
<p>Ленін – ажыў, Брэжнеў – зноў палез цалавацца, Фрунзэ – зноў прагарцаваў  на сваім скакуне ў мінскім музеі Азгура. Усё – дзякуючы  эксклюзіўнаму паказу  (разлічаны на 100 гледачоў) спектакля «Х-традыцыя»  ад пластычнага тэатра «ІнЖэст»</p>

Ленін – ажыў, Брэжнеў – зноў палез цалавацца, Фрунзэ – зноў прагарцаваў на сваім скакуне ў мінскім музеі Азгура. Усё – дзякуючы эксклюзіўнаму паказу  (разлічаны на 100 гледачоў) спектакля «Х-традыцыя» ад пластычнага тэатра «ІнЖэст». Трэба сказаць, што «ІнЖэст» я люблю ўжо здаўна, таму няхай чытач даруе, калі справаздача з мерапрыемства атрымаецца крыху перадузятай, і я забуду сказаць аб недахопах. Але… навошта траціць час на пісаніну аб тым, што не любіш?..

Тэатр пачынаецца з… вешалкі? Гардэробу? Не. На гэты раз – з Леніна:

– Ало, ты дзе?

–  фае, а ты?

– І я ў фае!

DSC04407  

Дык давай знойдземся... ага, каля Леніна! – прызначаю я сустрэчу, заўважыўшы, што ў фае пасярод натоўпу народу непахісна ўтрымлівае сваю асабістую прастору агромністая лысая галава.

Знаходзімся праз 10 секунд. Размовы-чаканні. Затым пакрысе ўсе гледачы мігруюць у галоўную залу музея Азгура. Прама каля дзвярэй – Вячаслаў Іназемцаў, у светлым, крыху заношаным швэдрыку і джынсе, заснавальнік і кіраўнік «ІнЖэста». Кагосьці выглядае, штосьці незаўважна даарганізоўвае. Мне імпануе, калі людзі не замарочваюцца сваёй значнасцю.

DSC03887

Гледачы рассаджваюцца тварам да гіганцкіх Азгуравых стэлажоў. Галоўная зала музея – гэта простакутнае ў плане памяшканне вышынёй у … -наццаць метраў, з верху да нізу па плашчыні сцен запоўненае працамі Заіра Азгура, беларускага савецкага скульптара.

Невялікая паўза, каб глядач адчуў атмасферу месца ў злавеснай цішыні. і вось яно, пабеглі змейкі: пад трывожна-чароўную акустычную музыку ад калектыва «Плато» (суправаджае і іншыя спектаклі «ІнЖэста» жывой паўімправізацыйнай музыкай) скульптуры і скульптуркі, бюсты і паўбюсты, Леніны і Сталіны, Коласы і Купалы, пісьменнікі-партыйцы і паэты-ардэнаносцы пачынаюць павольна рухацца, ажываць, варушыць ручкамі. Магія «ІнЖэста» – у яго пластыцы. Спецыфічны мастацкі метад, у якім працуе тэатр «ІнЖэст» – гэта  танец Буто, які бярэ пачатак ад старажытных японскіх абрадавых танцаў і які стаў своеасаблівай «харэаграфічнай рэвалюцыяй», пратэстам супраць канонаў класічнай еўрапейскай харэаграфіі ў 1960-я гг.. Класічны танец – з яго падскокамі, узлётамі і карагодамі – замяняецца ў Буто на ўважлівую засяроджанасць танцора (актора) на ўнутраных імпульсах і адчуваннях свайго ўласнага цела. І цела – праз дзіўнаватыя, вычварныя рухі пачынае выражаць глыбінныя перажыванні  актора адносна тэмы тэатральнага прадстаўлення. Зразумела, што пры такім падыходзе прадстаўленне заўжды будзе трымацца на значнай долі імправізацыі. І суботні спектакль «ІнЖэста» – «Х-традыцыя» – яркі прыклад такога вось «нефіксаванага» прадстаўлення, дзе многае залежыць ад самога месца паказу (да гэтага  «Х-традыцыю» паказвалі на вуліцах, у басейне, воданапорнай вежы, фабрычным цэху і інш.).  Вось і на гэты раз – інжэстаўцы паспрабавалі выказаць свае ўнутраныя перажыванні, глыбінныя асацыяцыі адносна тых вусатых і барадатых, сур’ёзных і задаволеных сабой персон, што застылі ў бронзе і гіпсе ў музеі-майстэрні Азгура. І не толькі інжэстаўцы – у спектаклі прымалі ўдзел замежныя артысты з Румыніі, Іспаніі, Аўстрыі, Нарвегіі і Даніі. Само прадстаўленне з’явілася заключным, выніковым паказам пасля міжнароднага майстар-класу, які праводзіўся «ІнЖэстам»…

DSC04178

На суботнім паказе музей запоўніўся ажыўшымі скульптурамі, ажыўшымі духамі тых людзей, чые бюсты Азгур яшчэ пры іх жыцці вылепліваў у гэтых сценах. Вось дух камісара Фрунзэ вылез адкульсьці з-пад п’едэсталу, варты жалю ў сваёй кастлявай убогасці, спрабуе зноў гарцаваць, як калісьці ў слаўныя гадкі рэвалюцыйнай маладосці. Ды толькі якія там скокі ў такім узросце.. Інжэстаўцы «падкрэслілі» вобразы тым, што загрыміравалі свае целы цалкам, прыдаўшы сабе выгляд паўбледных мерцвячкоў.  А вось прачнуўся былы генсек, таварыш Брэжнеў. Самаўпэўнена і нахабна лезе цалаваць смяртэльным засосам усіх сваіх бронзавых суседзяў па стэлажы. Насыціўшыся таварышамі па партыі, пераходзіць на жывых – гледачоў, і напрыканцы ірвецца, ступаючы па галовах гэтых жывых, да «человечища» (ледзьве не адзінае слова, якое было прамоўлена за спектакль, бо прадстаўленні «ІнЖэста» падкрэслена пантанімічныя, без слоў). «Человечище» – гэта, зразумела, помнік Леніну ў поўны рост, які чакаў «кахання» за спінамі гледачоў…

А вось паўзуць… фатографы! Вось каго-каго, а іх магло б быць і паменей на прадстаўленні: сваёй бестактоўнасцю некаторыя з іх перашкаджалі не столькі гледачам, сколькі артыстам… Наступны выхад: па сцэне паўзе штосьці сярэдняе паміж чалавекам і кучай костак з мясам, сляпы, у ранах, заматаных бінтамі, пакутліва енчыць і стогне. Прыпаўзае да велізарнага Сталіна, што з выглядам пераможцы ўссеўся па цэнтры залы. Сляпец знаходзіць навобмацак айца народаў і раптам вызваляецца ад сваіх крывавых павязак на вачах. І вось тут пачынаецца самае цікавае: як можа павесці сябе чалавек, які толькі што быў сляпы – і раптам убачыў? Быў ахвярай – і раптам атрымаў сілу? Быў брудам зямным – і раптам атрымаў столькі магчымасцяў? Ого-го! Падражніць гэтых вусатых і барадатых (ужо ж нічога не зробяць, мерцвячкі!), папаказваць ім фігі, паназываць усялякімі нехарошымі словамі, папляваць зверху на гэтых бажкоў мінуўшчыны! (хаця ўсё гэта актор здолеў выразіць іншымі эстэтычнымі метадамі).

Магчыма, рэжысёр Іназемцаў  не ўкладаў гэтага сэнсу (здаецца, інжэстаўцы ўвогуле не імкнуцца рацыянальна асэнсоўваць змест спектакляў), але я ўбачыў антысавеччыну ва ўсёй красе. У што можа ператварыцца той, хто верна служыў сістэме, хаваючы ўнутры затоеную нянавісць? Калі гэтай нянавісці ўжо нічога не пагражае: ні лагеры, ані суды-тройкі… І сам былы верны служыцель сістэмы праз сваю нянавісць ператвараецца ў свайго ж былога правадыра, пераймае яго самазадаволены выгляд і паводзіны маленькага бажка. І пачынае паціху «захопліваць» у палон новых ахвяр: імі сталі найбольш прывабныя дзяўчаты з ліку гледачоў. Зацягвае за нейкі конны помнік, з-за помніка вылятаюць трусы, трусы, яшчэ трусы (роўна столькі, сколькі зацягнутых за помнік дзяўчат)…

Але сцэна зачакалася новых герояў – гэта нямецкі фюрэр з сабачай зграяй паліцаяў і эсэсаўцаў. Акторы, павылязаўшы з-пад стэлажоў, літаральна брэшуць, як шалёныя сабакі, фюрэр звар’яцела бегае па сцэне, дырэктыўна патрабуючы ўвагі і павагі да сваёй персоны ад усіх прысутных, патрасае пагрозліва чорным маўзэрам, цэліць то на адных, то на іншых… Жудасная оргія апошніх ваенных гадоў, калі немцы, прадчуваючы будучыя расследаванні, трыбуналы, прысуды з вышэйшай мерай, проста дзічэлі ў сваёй бесчалавечнасці.

А вось і іншы бюст ажыў – высока-высока па-над галовамі гледачоў рызыкоўнымі піруэтамі кружляе «ў небе» лётчык. Аўстрыйскі артыст Ёганэс Стубенволь з дапамогай пластычных прыёмаў балансуе паміж тым, каб упасці, і тым, каб утрымацца на жалезных бэльках, што падвешаны пад столлю (рус. – потолком) музея. Гледачы замёрлі ад страху: ніякай страхоўкі, вышыня каля 7 метраў, танцор павісае на парэнчах у даволі рызыкоўных позах. Ці не пра савецкіх гэта лётчыкаў-выпрабавальнікаў? Галоўнае – подзвіг на славу дзяржавы, а ўсялякія там асабістыя інтарэсы… Унізе, паралельна з лётчыкавымі піруэтамі,  ходзіць нейкі такі вось «асабісты інтарэс», відавочна, жонка пілота, якая тут, на зямлі, з паўбляклым тварам развешвае сушыцца памытую мужаву бялізну, цяльняшкі, адну за адной…

DSC03857

DSC03970

Напрыканцы такога вось карнавала ўваскрэслых духаў усе гэтыя «цені» пачынаюць маршыраваць пад каманды новага князька, які вылучыўся невядома як і калі з агульнай масы ўсіх персанажаў. І вось, спачатку няўпэўнена, але затым усё больш і больш зладжана, уся паўголая грамада, у льняных апранахах і суцэльным грыме, пачынае адбіваць маршавы крок. Зноў прыгадваецца беларуская рэчаіснасць.  Вар’яцтва цягнецца некалькі хвілін, пакуль нейкі тэрарыст, ні больш ні менш, рэзкім рухам разбівае вялізную гіпсавую загатоўку аб падлогу. Гледачы ўздрыгваюць, але ахвяр няма (хоць «тэракт» быў здзейснены ў непасрэднай блізкасці да гледачоў, што, насамрэч, было небяспечна). Ідалы зрынуты, хаця б у кантэксце гэтага спектакля. Цені, духі за секунды плаўна ператвараюцца ў загрыміраваных артыстаў: выходзяць са сваіх чараўніцкіх поз на пазіцыю паклона. У вертыкальную пазіцыю пераходзяць і гледачы, доўга і ўпарта апладзіруючы агромністай трупе, музыкам і Вячаславу Іназемцаву, які на гэты раз не граў ніякай ролі ў сваім спектаклі, а пільна сачыў за тэатральнымі дзеямі ў якасці рэжысёра…

DSC04398

Калі да мяне прыязджаюць прыяцелі з-за мяжы, я не думаю доўга, куды б іх завесці, каб яны разявілі раты ад здзіўлення, маўляў, «і гэта ў вас, у Беларусі такое ёсць?!». Так, у нашым балоце, на нашай цвілі-гнілі расцвіло. Спадзяюся, не завяне. Тэатр «Інжэст», ад самага свайго заснавання ў 1980-м годзе ў Мінскім інстытуце культуры, вось ужо каторы раз ставіць  прадстаўленні, на якія тутэйшыя абарыгены ходзяць па тры, па шэсць разоў, водзяць сяброў і знаёмых… Ужо адно з першых прадстаўленняў у мінскім «кульку» было забаронена з-за «палітычных памылак», хаця «ІнЖэст» прынцыпова трымаецца ў баку ад палітычных свістаплясак. Далей – болей: у 2000-я, пры незабыўным міністры культуры Матвейчуку, які з цяжкасцю разумеў па-беларуску, забаранілі на нейкі час «ДК Данс» (гэты спектакль дагэтуль перыядычна ідзе з аншлагамі на сцэне Палаца чыгуначнікаў). А справа ў тым, што тады напісала скаргу на «ІнЖэст» адна настаўніца, якой не спадабаўся аголены мужчына на сцэне (В. Іназемцаў праз аголеную натуру напрыканцы спектакля паказваў унутранае перанараджэнне чалавека пасля доўгага жыццёвага пошуку). І сёння гэты самы В. Іназемцаў, сціплы і непрыкметны дзядзечка ў крыху заношаным швэдры, чакае гасцей тэатра ў абсалютна нечаканых месцах Мінска. «ІнЖэст» чакаюць на еўрапейскіх пляцоўках, а ён ставіць спектаклі тут, пераадольваючы цяжкасці з арэндай дзяржаўных залаў. Тое самае можна сказаць і пра Матвея Сабурава – чалавека, які даўно ўжо заваяваў сабе прызнанне ў Маскве сваімі самабытнымі «калажнымі» кліпамі для «Ляпіса Трубяцкога», анімацыяй «Саша і Сірожа» і іншымі працамі, але якому вось не «ў лом» рабіць відэарады для «ІнЖэста» (спектакль «После»), а таксама граць са сваім гуртом «Плато» на прадстаўленнях тэатра. Гледзячы на іх, думаеш, а можа… і праўда, усё яшчэ будзе ў гэтай краіне, што схавалася пад сціплай абрэвіятурай «РБ»?..

https://www.traditionrolex.com/8