<p>У гродзенскім Новым замку прайшла персанальная  выстаўка дацэнта кафедры  манументальна-дэкаратыўнага мастацтва  Беларускай дзяржаўнай акадэміі  мастацтваў Юрыя Каралевіча. На вернісажы  было прадстаўлена 15 карцін з  выявамі вядомых гістарычных дзеячаў  мінулага, сярод якіх — Рагвалод і  Усяслаў Чарадзей, Міндоўг і Вітаўт,  Тадэвуш Касцюшка і Леў Сапега</p>

Як паведамляе «Культура»:

У гродзенскім Новым замку прайшла персанальная выстаўка дацэнта кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Юрыя Каралевіча. На вернісажы было прадстаўлена 15 карцін з выявамі вядомых гістарычных дзеячаў мінулага, сярод якіх — Рагвалод і Усяслаў Чарадзей, Міндоўг і Вітаўт, Тадэвуш Касцюшка і Леў Сапега.

Усе палотны выкананы ў стылістычнай манеры сармацкага партрэта, дзякуючы чаму мастак здолеў перадаць пэндзлем не толькі саслоўную прыналежнасць ды становішча асобы ў тагачасным грамадстве, але і ўнутраны свет персанажа.

Дарэчы, экспазіцыя атрымала і адпаведную назву – «Рэмінісцэнцыя», а яе жанравая асаблівасць зрабіла выстаўку нібы спецыяльна напісанай для Cенатарскай залы замка. Так, дзякуючы таленту Юрыя Каралевіча Стэфан Баторый быццам бы зноў вярнуўся ў сваю гродзенскую рэзідэнцыю. Пад час прэзентацыі аўтар прызнаўся, што мэта праекта – адраджэнне беларускіх традыцый і нацыянальнай самасвядомасці, а таксама захаванне духоўнасці, уласцівай нашаму народу.

3-3

Да таго ж, выстаўка стала па-сапраўднаму пазнаваўчым падарожжам у мінулае, таму што побач з кожным партрэтам размясцілася гістарычная даведка пра знакамітую постаць, а таксама копіі рэпрадукцый карцін і графічных твораў, выкананых не адно стагоддзе таму. Такім чынам, безумоўна, убачыць «Рэмінісцэнцыю» Юрыя Каралевіча было б карысна ўсім, а асабліва –школьнікам. Чым не ўрок гісторыі?

Дар'я ЧАРКЕС