<p>Беларусь плануе выкарыстоўваць дадатковыя сатэлітныя рахункі ў сферы   турызму. Метад дапаможа больш эфектыўна весці статыстыку не толькі   перамяшчэння турыстычных плыняў, але і пралічыць выдаткі замежных   турыстаў на тэрыторыі краіны</p>

Як паведамляе belsat.eu:

Беларусь плануе выкарыстоўваць дадатковыя сатэлітныя рахункі ў сферы турызму. Метад дапаможа больш эфектыўна весці статыстыку не толькі перамяшчэння турыстычных плыняў, але і пралічыць выдаткі замежных турыстаў на тэрыторыі краіны.

У міжнароднай практыцы выкарыстоўваецца 46 крытэрыяў для складання гэтак званага сярэдняга квітка. Міністэрства спорту і турызму спадзяецца атрымаць фінансавую і тэхнічную дапамогу ад Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы для праекту. Падаць заяўку маюць да 30 чэрвеня.

Як патлумачылі ў Нацыянальным агенцтве па турызму, статыстыка сярэдняга квітка дапаможа фармаваць эканамічную палітыку для развіцця турыстычнай індустрыі. Даследаванне ставіць за мэту высветліць, якія турыстычныя кірункі трэба развіваць, каб прыцягнуць замежных турыстаў, а якія не прынясуць прыбытку.

Менеджэр турызму Валерыя Крывава адзначыла, што замежнікі гатовыя пакідаць у Беларусі больш грошай, калі стварыць для іх адпаведныя ўмовы на абраных маршрутах. «У краіне слаба развітая турыстычная інфраструктура, але папулярныя кірункі кшталту Мірскага і Нясві;скага замкаў, Белавежскай пушчы, Браслаўскіх азёр, Гродна ды Магілёва карыстаюцца ў замежных гасцей попытам. Яны нават гатовыя плаціць за іх грошы, на якія б маглі з’ездзіць адпачыць у Турцыю. Калі наша кампанія арганізоўвала тур для групы расійскіх школьнікаў, то кожны выклаў з кішэні амаль 600 долараў. За дзесяць дзён яны аб’ехалі ўсе славутасці Беларусі ды нават сплаўляліся на байдарках. Па водгуках, усе засталіся задаволеныя», – адзначыла эксперт.