https://www.traditionrolex.com/8
<p>Першая жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова нарадзілася 6 сакавiка 1937  года ў Яраслаўскай вобласцi ў сям'і сялян – выхадцаў з Беларусі</p>

Першая жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова нарадзілася 6 сакавiка 1937 года ў Яраслаўскай вобласцi ў сям'і сялян – выхадцаў з Беларусі (яе тата быў з Бялынiцкага раёна Магiлёўшчыны, а матуля – з Дубровенскага, што на Вiцебшчыне).

«Бацькі выехалі ў Цэнтральную Расію ў пачатку ХХ стагоддзя, бо дома не маглі пракарміцца, – распавядала сама Валянціна Уладзіміраўна падчас свайго наведвання Мiнска ў 2009 годзе. – Усе мае бабулі гаварылі па-беларуску, спявалі беларускія песні. Я таксама ў дзяцінстве размаўяла з роднымі па-беларуску. З мяне ў Яраслаўлі пасмейваліся, калі замест «открой дверь» я казала «адчыні дзверы».

Кажуць, сацыяльнае паходжанне Церашковай мела важнае значэнне пры выбары яе на ролю першай жанчыны-касманаўта (напрыклад, яе «канкурэнткi» Панамарова і Салаўёва паходзiлi з сем’яў служачых, а Мiкiта Хрушчоў хацеў запусцiць у космас менавiта рабоча-сялянскую «прадстаўнiцу»). Акрамя таго, бацька Церашковай загінуў у савецка-фінскую кампанiю, калі ёй было ўсяго два гады. Ужо пасля знакамiтага трохдзённага палёту Церашковай у чэрвенi 1963-га, калі яе спыталі, чым Савецкі Саюз можа аддзячыць за службу, яна папрасіла знайсці тое месца, дзе быў забіты яе бацька.

Валянціна Церашкова – першая і пакуль адзіная ў гісторыі Расійскай арміі жанчына-генерал (з 1995 года), але тады, у 1963-м у яе яшчэ не было анiякага воiнскага звання – такiм чынам, яна стала першым цывільным у космасе. Больш за тое, наша зямлячка з'яўляецца адзінай жанчынай Зямлі, якая здзейсніла адзіночны касмічны палёт, бо ўсе наступныя жанчыны-касманаўты ляталі ў космас толькі ў складзе экіпажаў. А фраза, якую Церашкова вымавіла перад стартам: «Гэй, неба, здымі капялюш!» – стала, бадай, не менш знакамiтай, чым гагарынскае «Паехалi!». Дарэчы, i сам Юрый Гагарын, якi нарадзіўся на Смаленшчыне, калiсьцi ўспамiнаў, што ў маленстве яго любімым вершам было «Хлопчык i лётчык» Янкі Купалы – можа, гэта i прадвызначыла ягоны лёс?..

https://www.traditionrolex.com/8