<p>Нядаўна прайшло 23 лютага — «свята ўсіх сапраўдных беларускіх мужчын». Неўзабаве 8 Сакавіка — бум шалёнства тых жа самых мужчын, якія будуць душыцца і ўжо душацца за абавязковымі падарункамі для «сапраўдных жанчын». А што іх можа аб'яднаць? 7 лістапада? 3 ліпеня? 25 сакавіка?</p>

Як паведамляе «Тут i цяпер»:

Нядаўна прайшло 23 лютага — «свята ўсіх сапраўдных беларускіх мужчын». Неўзабаве 8 Сакавіка — бум шалёнства тых жа самых мужчын, якія будуць душыцца і ўжо душацца за абавязковымі падарункамі для «сапраўдных жанчын».
А што іх можа аб'яднаць? 7 лістапада? 3 ліпеня? 25 сакавіка?

На гэтыя пытанні адказваюць нашы суразмоўцы.

Уладзімір Арлоў, гісторык і пісьменнік:
«На сёння такога свята не бачу»

— У нас цяпер, па гамбургскім рахунку, дзве Беларусі. У кожнай свае каштоўнасці, свае сімвалы, свае святы і свае ўяўленні пра мінулае і будучыню. І мне здаецца, што расколіна паміж гэтымі дзвюма краінамі робіцца ўсё большай. Таму такога свята, якое магло б іх аб'яднаць, я не бачу. На маю думку, для таго, каб з'явілася такое свята, трэба, каб з'явілася свая дзяржава. Тая, пра якую мы толькі марым. І каб гэтая дзяржава растлумачыла ўсім, што такое 25 сакавіка, Грунвальдская, Аршанская перамогі і паўстанне Каліноўскага, 150-годдзе якога мы будзем адзначаць праз нейкі год, з чаго, па сутнасці, пачалося нараджэнне беларускай нацыі. А на сёння я такога свята не бачу.

Антон Астаповіч, старшыня Таварыства аховы помнікаў архітэктуры:
«Магчыма, 27 ліпеня»

— З улікам неаднастайнасці нашай грамадска-сацыяльнай структуры трэба досыць доўга думаць над тым, якое свята можа нас аб'яднаць. 25 сакавіка на гэтую ролю адназначна не падыходзіць. Улічваючы сучасны інфармацыйны стан грамадства, 80 працэнтаў не тое што не ўспрымаюць, яны нават нармальна не інфармаваны пра гэтую падзею. Дарэчы, тое ж самае і з 8 верасня, тая ж вельмі спрэчная сітуацыя. Гэтыя даты ўспрымаюцца толькі невялікай часткай грамадства, адукаванай, са сфарміраванымі ідэалагічнымі ўстаноўкамі. Магчыма, варта залазіць у вельмі далёкую сівізну, каб знайсці нешта аб'ядноўчае. Напрыклад, першыя згадкі пра Літву і летапіс або каранацыю Міндоўга. Што-небудзь такое. На дадзены момант я нават губляюся, што адказаць. Трэба вельмі шмат працаваць, каб нейкая дата стала аб'ядноўчай і ўвайшла ў свядомасць кожнага грамадзяніна. Мо лепш за ўсё на гэтую ролю падыходзіць 27 ліпеня — дзень прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце.

Ніна Стужынская, гісторык:
«Герояў робяць не гісторыкі, а людзі»

— На жаль, няма. У нас увогуле як быццам няма такіх пытанняў, як агульнае свята, нацыянальны пантэон герояў. Гэта бачна па тым раздраі, які пануе ў галовах людзей, дзе і каланіяльныя міфы прысутнічаюць, і савецкія штампы і стэрэатыпы. І ўсё гэта прыводзіць да таго, што няма галерэі герояў Беларусі, прызнаных усім грамадствам. За рэдкім выключэннем. Мо фігур дзесяць набярэцца. Няма свят, няма ганаровых могілак нацыянальнага пантэона. І гэта ўплывае на думкі нашых людзей. А што тычыцца свят, то, канечне, пры іншым раскладзе такімі маглі б быць Дзень незалежнасці Беларусі, Дзень абвяшчэння БНР і, канечне, Дзень герояў Беларусі, Дзень Слуцкага паўстання. Гэтыя людзі, якія зрабілі подзвіг для нацыі, для дзяржавы, заслужылі, каб іх памяталі і выпівалі чарку за іх. На жаль, герояў робяць не навукоўцы. Навукоўцы могуць здабыць шыкоўную інфармацыю пра падзею, асэнсаваць гэтую падзею на карысць радзімы, могуць прапанаваць грамадству тых ці іншых персон, «насяліць» гісторыю жывымі людзьмі. Але герояў робяць людзі, грамадства. Вельмі хацелася б, каб адбор герояў ажыццяўляўся з пункту гледжання ўнёску таго ці іншага чалавека ў прагрэс Беларусі, палітычны, эканамічны, дзяржаўны. Вялікая тэма і вялікая праблема.

Сяргей Харэўскі, мастацтвазнавец:
«Толькі Дзень волі»

— Камуністычныя святы — гэта нонсенс. Слуцкі збройны чын ці Дзень вайсковай славы — яны ўсё ж такі двухсэнсоўныя, відавочна канфліктныя. Не выпадае называць і 3 ліпеня, калі быў вызвалены Мінск, але палова краіны знаходзілася пад акупацыяй. А вось 25 сакавіка Рада БНР, якая прадстаўляла ўсю Беларусь геаграфічна, саслоўна і нават этнічна, прамаўляла ад імя ўсёй Беларусі. У апошнія гады мы бачым, што нават газета «Советская Белоруссия» праводзіла «круглыя сталы» з гэтай нагоды і вельмі прыхільна каментавала ідэалы БНР. Яны ніяк не звязаны з калабарацыяй і інспірацыяй звонку. І гэта сапраўды знак самавыражэння беларускага народа. Калі б не гэты акт, уся астатняя гісторыя і сам факт існавання Беларусі як незалежнай дзяржавы былі б сёння немагчымы. Гэтае свята даўно адзначаецца тысячамі людзей па ўсёй краіне, а ў апошнія гады нават дзяржаўны афіцыёз ухвальна ацэньваў гэтую падзею, бо менавіта 25 сакавіка з'яўляецца вытокам беларускай дзяржаўнасці, у тым ліку той, якую мы зараз маем. На сёння беларусы больш уцямна могуць растлумачыць, што такое 25 сакавіка, чым 27 ліпеня. Толькі лянівы пра яго не ведае. Нават па БТ пра яго гаварылі.

Марыя Градава, студэнтка:
«25 сакавіка»

— Той дзень, калі не пад прымусам, не за грошы, а па ўласнай волі людзі выходзяць на вуліцу. Найбольшую колькасць людзей збірае 25 сакавіка. Прычым адзначаюць яго даўно не толькі на вуліцах і маніфестацыях, але і дома за сталамі, у кафэ. Прычым не толькі сапраўдныя нацыяналісты, але і людзі, якія ніколі па-беларуску не гаварылі. А тыя, хто зусім не ўспрымае гэты дзень... Дык ці можна іх аднесці да беларусаў?

Апытанне правёў Зміцер ЗЯЗЮЛЯ