Як зрабіць турыстычным аб'ектам заслаўскі эрмітаж?

13.03.2012 - Новости

Як зрабіць турыстычным аб'ектам заслаўскі эрмітаж?

Адпаведна, сціплы з выгляду дамок з’яўляецца ці не адзіным матэрыяльным напамінам пра той перыяд гісторыі Заслаўя, калі «першую скрыпку» ў ёй граў менавіта род Пшаздзецкіх

Як паведамляе «Культура»:

У густой сетцы заслаўскіх вулачак прытаілася някідкая аднапавярховая камяніца, з усіх бакоў аброслая прыватным сектарам ва ўсёй яго «красе». Турыстычныя сцяжыны сюды пакуль не пратаптаны, пра што сведчыць хаця б роўная снежная бель, не парушаная чалавечымі слядамі. Большасць аматараў гісторыі, якія сцякаюцца ў старадаўні гарадок, пра гэтае месца — ні сном ні духам. Тым больш, даведацца пра яго можна хіба на сайце Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе», якому той будынак вось ужо амаль год належыць.

Дамок па вуліцы Дачнай наўрад ці здатны ўразіць сваімі архітэктурнымі дэталямі. Калі задума дойліда іх і прадугледжвала, дык пазнейшыя перабудовы  — амаль цалкам знівеліравалі. Па вялікім рахунку, у камяніцы ёсць усяго адна адметнасць — назва. Але, падаецца, нават яе можа хапіць для ператварэння гэтага занядбанага будыначка ў турыстычную міні-сенсацыю.

У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей ён пазначаны літаральна наступным чынам: эрмітаж палацава-паркавага комплексу Пшаздзецкіх. І без усялякага сарамлівага двукосся!

«Дом культуры» для VIP-публікі


Многія перакананы, што эрмітаж — імя ўласнае, якое па праве належыць выключна знакамітаму музею. Больш за тое: у гэтым запэўніваюць і ці не ўсе сучасныя слоўнікі. І толькі здзьмухнуўшы пыл з дарэвалюцыйных выданняў, можна даведацца больш ранняе і ўніверсальнае значэнне слова.

Разгарнуўшы ў бібліятэцы «Слоўнік замежных слоў» пад рэдакцыяй А. Чудзінава (1910 г.), сустракаем там наступнае азначэнне: «Зацішны домік у парках або садах». У Сярэднявеччы слова належала да лексікону манахаў-пустэльнікаў, але ў секулярызаваны век Асветніцтва набыло зусім іншы сэнс. У ХVIII стагоддзі эрмітажы выконвалі функцыі своеасаблівых «дамоў культуры» для VIP-публікі. Там месціліся кніжныя ды мастацкія калекцыі, праходзілі спектаклі і канцэрты... Як сведчаць знаўцы гісторыі Заслаўя, тамтэйшая камянічка — зусім не выключэнне.

Менавіта такі эрмітаж пабудавала ў 1775-м на беразе Нявы Кацярына ІІ, і працяг гэтай гісторыі ўсім вядомы. Праз лічаныя гады вядомы італьянскі дойлід Карла Спампані прыступіў да праектавання рэзідэнцыі Пшаздзецкіх у Заслаўі.

Новаспечаныя магнаты ажно вылузваліся са скуры, каб ні на каліва не саступаць у шыку найбагацейшым ды найстарэйшым фаміліям. Палацава-паркавы комплекс напоўніцу адлюстроўваў гэтыя амбіцыі. Спампані, як лічаць даследчыкі, ледзь не пераўзышоў сам сябе, стараючыся дагадзіць замоўцам. Ды вось толькі... Творам гэтага майстра неяк увогуле не пашчасціла. Згадайма хаця б палац у Радзівілімонтах, які сёння нібыта вісіць літаральна на валаску паміж жыццём і смерцю...

Эрмітаж, які раней месціўся пасярод Верхняга парку (вуліцы Дачнай тады, зразумела, не было), — гэта амаль усё, што ацалела ад вялізнага ансамбля. Адпаведна, сціплы з выгляду дамок з’яўляецца ці не адзіным матэрыяльным напамінам пра той перыяд гісторыі Заслаўя, калі «першую скрыпку» ў ёй граў менавіта род Пшаздзецкіх.

Колькі такіх эрмітажаў было пабудавана ў шляхецкіх і дваранскіх маёнтках тагачаснай Расійскай імперыі, ніхто з навукоўцаў, мабыць, пакуль не падлічыў. Ясна адно: да нашых часоў іх ацалела ўсяго пара-тройка. А на тэрыторыі Беларусі — дык і наогул толькі адзін.

— У школьныя гады мне даводзілася займацца ў гэтым будынку фізкультурай, — распавядае начальнік аддзела культуры Мінскага райвыканкама Сяргей Кудзін. — Праўда, я тады не ведаў, што гэта менавіта эрмітаж…

Да вайны ў камянічцы месціліся майстэрні Мінскага ўмацаванага раёна, потым — школа і, урэшце, — Дом дзіцячай творчасці. Усе гэтыя гады будынак спраўна служыў людзям, але яны не рупіліся пра яго захаванне ды своечасовы рамонт. Таму і заканамерны фінал не прымусіў сябе чакаць: «паплыў» дах…

Пасля таго, як супрацоўнікі раённага аддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях прызналі будынак аварыйным, дзіцячыя гурткі адтуль выехалі, і ён гадоў пяць выкарыстоўваўся выключна як склад ды стаяў без ацяплення. Менавіта ў такім стане яго ўзяў на баланс музей-запаведнік.

— Мы неаднаразова рабілі захады па перадачы нам гэтай камяніцы, — распавядае дырэктар установы Мікалай Паграноўскі, які пастаянна дбае пра яе пашырэнне. — І, урэшце, дамагліся свайго…

Канцэпцыя новага прыстасавання эрмітажа была прапрацавана даўно і дэталёва. Кіраўніцтва музея-запаведніка справядліва мяркуе, што ў Заслаўі надта не хапае музея горада. Але... Нават папярэдні разлік «цаны пытання» — уключна, вядома, і са сродкамі на рэстаўрацыю — адразу засведчыў: музейнай установе, якая цяпер мае сціплы «раённы» статус, такія выдаткі «не па зубах». Асабліва — у цяперашнія часы, не надта спрыяльныя для новых маштабных пачынаў за дзяржаўны кошт.

Ды і ў кіраўніцтва музея-запаведніка сёння зусім іншыя клопаты: захаваць хаця б тое, што ўжо ёсць. Нават няўзброеным вокам відаць, што адна са сцен паравога млына, пра які мы ўжо пісалі год таму (гл. «К» № 4 за 2011 г.), ладна пахілілася. І калі не прыняць своечасовыя меры, музей-запаведнік рызыкуе пазбавіцца «сэрца» свайго этнаграфічнага комплексу, дзе ладзяцца папулярныя анімацыйныя праграмы, што прыносяць салідную долю платных паслуг (агулам, дарэчы, установа за мінулы год зарабіла каля 140 мільёнаў рублёў).

— Частку бярвенняў млына трэба тэрмінова замяніць: яны згнілі ўжо ўшчэнт, — распавядае Мікалай Паграноўскі. — Мы запрасілі спецыялістаў «Белрэстаўрацыі» — яны правялі патрэбныя даследаванні. Але грошай для аднаўленчых работ у нас на сёння няма. Таму вельмі спадзяёмся на дапамогу Заслаўскага гарвыканкама...

Рамонтны бюджэт установы на ўвесь год — «ажно» 79 мільёнаў рублёў. Гэтага не хопіць нават на тое, каб абнесці этнаграфічны комплекс добрым плотам, хаця такая патрэба — навідавоку, не кажучы ўжо пра рэстаўрацыю цэлага будынка...

Сяргей Кудзін цудоўна разумее гэтыя праблемы. Але шчыра прызнаецца, што паспрыяць іх вырашэнню ён не здатны. Бо… даецца ў знакі той самы «раённы» статус установы. Наколькі ён адпавядае ролі Заслаўя ў гісторыі Беларусі ды турыстычным перспектывам мястэчка? Тут пытанне, як падаецца, — рытарычнае.

У выніку юрыдычныя змены ніяк не паўплывалі на стан «дэ-факта». А эрмітаж пакуль што павіс «мёртвым грузам» на балансе музея-запаведніка. І па-ранейшаму пустуе ды спакваля разбураецца. Рэшткі інтэр’ераў Дома творчасці робяць карціну запусцення, якая пануе ўнутры, яшчэ больш злавесна-«сюрнай».

— Мы зрабілі захады, каб увесці новыя стаўкі для тых супрацоўнікаў, якія б падтрымлівалі будынак ды навакольную тэрыторыю ў належным санітарным стане, — распавядае намеснік дырэктара музея-запаведніка Генадзь Сівохін. — І хаця кіраўніцтва райаддзела культуры нас падтрымала, фінансавых магчымасцей пакуль не знайшлося…

На яго думку, малыя рамонтныя «ўліванні» ў эрмітаж, на якія пакуль толькі і здатны музей-запаведнік, сітуацыю кардынальна не выправяць: гэта выкараненне наступстваў, а не прычын. Бо самае важнае — менавіта знайсці для будынка новае прызначэнне. А ўсё астатняе — ужо справа тэхнікі.

Кропка перасячэння інтарэсаў

Вядома, прасцей за ўсё — прадаць «мёртвы груз» з аўкцыёну. Балазе пакупнік на яго, напэўна б, знайшоўся. Будынак месціцца ў даволі зручным месцы — усяго пяць хвілін пехатой ад чыгуначнай станцыі. Дык чаму б не зрабіць там нейкі склад або офіс?

Але і Сяргей Кудзін, і Мікалай Паграноўскі лічаць такі варыянт крайне непажаданым, бо тады гэтая камяніца ўжо ніколі не стане эрмітажам. Таму кіраўніцтва музея настойвае на тым, што адпачатная для яе культурная функцыя ні ў якім выпадку не павінна змяніцца.

Запытаўся ў Мікалая Паграноўскага: «А што, калі да вас звернецца чалавек, які мае сваю ідэю — скажам, стварэнне нейкага спецыфічнага музея — і пэўныя рэсурсы для яе ўвасаблення?». Запытаўся, бо ведаю, што такія людзі ў нас ёсць, і яны далёка не заўсёды маюць магчымасці свае задумы ажыццявіць — хаця б толькі праз тое, што арт-галерэя і крама ў нас плацяць аднолькавую арэндную плату.

 — Для нас падобны варыянт — найбольш спрыяльны, — кажа Мікалай Паграноўскі. — Мы гатовы выслухаць і прыняць любыя ідэі — вядома, у рамках заканадаўства…

— Нам не цікава здаваць гэтыя памяшканні ў арэнду, скажам, пад склады, — дадае Генадзь Сівохін. — Але калі хтосьці захоча зрабіць у эрмітажы, да прыкладу, Цэнтр сучаснага мастацтва, міжнародны Дом творчасці або нейкі іншы цікавы культурны праект, які «працаваў» бы на турыстычны імідж Заслаўя, мы гатовы супрацоўнічаць з ім не на камерцыйных, а менавіта на партнёрскіх умовах. Наша пляцоўка — вашы сродкі, а ідэі… Тут самае важнае — знайсці кропку перасячэння інтарэсаў партнёра, музея-запаведніка, а таксама — мясцовых улад. Мяркую, гэта цалкам рэальна.

Дзе «водзяцца» інвестары?

Паняцце «джэнтрыфікацыя» сёння распаўсюджана, не раўнуючы, ва ўсім свеце. Дзякуючы своеасабліваму «комплексу захадаў», занядбаныя і напаўтрушчобныя раёны ператвараюцца ў прэстыжныя. Прычым часам — нават без кардынальнай змены свайго аблічча, асабліва ў тым выпадку, калі справа датычыцца гістарычнай забудовы. Відавочна, што эрмітаж па вуліцы Дачнай ды яго ваколіцы таксама патрабуюць падобнага «ашляхетнівання».

За мяжой можна знайсці нямала прыкладаў «ашчаднай» ды ўльтрабюджэтнай джэнтрыфікацыі помнікаў спадчыны. Згадайма хаця б берлінскі кунстхаўз «Тахелес», створаны ў стогадовым будынку, які ўжо ішоў пад знос, або «незалежную рэспубліку» Ужупіс у Вільнюсе… Алгарытм тут — вельмі просты: ідэя, «раскрутка» — і ніякіх асаблівых капітальных укладанняў! Раптам жа выяўляецца цікавая акалічнасць: здараецца, «еўрарамонт» там нават і не патрэбны — ён можа толькі нашкодзіць. Парэпаныя сцены з багемным «флёрам» прывабліваюць значна больш.

Генадзь Сівохін праводзіць своеасаблівую экскурсію па заслаўскім эрмітажы. Як выяўляецца, у будынку — усяго дзве аварыйныя зоны, прычым даволі невялікія. Адно месца, у якім «паплыў» дах, знаходзіцца ў «сенцах», прыбудаваных ужо за савецкім часам, другое — у асобнай частцы будынка, без якой можна пэўны час увогуле абыходзіцца.

Уласна, мы да таго, што «адужаць» гэты праект у яго «мінімальнай» версіі могуць не толькі «крутыя» бізнесмены, але і рупліўцы з шараговым дастаткам. Галоўнае, каб былі ідэя, жаданне, а таксама мінімальныя будаўнічыя навыкі, патрэбныя, каб умацаваць дах з дапамогай звычайных дошак.

Бяда толькі ў адным: такія рупліўцы на даляглядзе пакуль не прамалёўваюцца — ні заможныя, ні проста імпэтныя… Адсюль узнікае пытанне: дзе яны «водзяцца» і як іх «лавіць»?

— Безумоўна, сярод нашых бізнесменаў ёсць тыя людзі, якія і могуць дапамагчы, і, мабыць, гэтага хочуць, але… мы іх не ведаем, а яны не ведаюць нас, — прызнаецца Мікалай Паграноўскі.

Адзіным выйсцем у дадзенай сітуацыі кіраўніцтва музея-запаведніка бачыць самастойную «раскрутку» самога аб’екта — хаця б толькі пасільнымі сродкамі. Генадзь Сівохін упэўнены, што гэтаму будуць спрыяць разнастайныя культурныя імпрэзы, якія запланаваны ў бліжэйшы час на панадворку будынка. І сапраўды, як сведчыць міжнародная практыка, такія захады цалкам могуць змяніць да лепшага лёс помніка спадчыны.

Дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва, развіццё якога з’яўляецца адной з найпрыярытэтных задач галіны культуры, спараджае нямала новых для нас пытанняў. Апісаны вышэй выпадак дазваляе праявіць многія з іх. Як адладзіць механізм пошуку партнёраў? Як фарміраваць з імі адносіны? Як рэалізоўваць смелыя ідэі, не выходзячы па-за межы прававога поля? Як належыць скласці адпаведныя дакументы, каб ніводзін з бакоў у выніку не быў пакрыўджаны?

Запытаўся ў кіраўніцтва музея-запаведніка, ці прадугледжвае яго штатны расклад пасаду юрыста. Як выявілася, не. Ды і галіна эканомікі тут прадстаўлена толькі на ўзроўні бухгалтара... Дык, можа, ёсць сэнс стварыць нейкі «кансультацыйна-метадычны» цэнтр, здольны ўзяць на сябе гэтую частку працы? Урэшце, зусім не факт, што прафесійны музейшчык здолее самастойна скласці «пісьменны» праект для нейкага інвестыцыйнага форуму.

Падобныя пытанні можна доўжыць. Але не выпадае нават сумнявацца ў тым, што кожнае з іх з’яўляецца вырашальным. І будзе выдатна, калі адказы на некаторыя з іх удасца знайсці менавіта ў працэсе джэнтрыфікацыі дадзенага «нетыповага» аб’екта.

...Без сумнення, заслаўскі эрмітаж — гэта «фішка» не горшая, чым знакамітая вёска Парыж на Пастаўшчыне. Прычым яна не была прыдумана год таму нейкім кемлівым хлопцам адмыслова для таго, каб завабліваць даверлівых наведвальнікаў, як нярэдка здараецца ў свеце. Абедзве згаданыя «фішкі» — цалкам аўтэнтычныя, гістарычныя, яны дасталіся нам у спадчыну.

Толькі вось… Ці здатныя мы капіталізаваць падобныя брэнды і ці ўмеем прымусіць іх прыносіць сацыяльныя ды іміджавыя дывідэнды?

 

Рубрики: В Фокусе Музеи

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах