<p>Віцебскі помнік Альгерду стане другім у свеце</p>

Во здзівіўся б Альгерд Вялікі, каб пачуў гэтыя размовы! Учора пачэсная грамада з ліку вядомых і паважаных у Віцебску асоб вырашала ў Духаўскім кругліку пытанне: ставіць ці не ставіць у горадзе помнік славутаму князю? Пры гэтым усе прысутныя – чыноўнікі, гісторыкі, краязнаўцы, археолагі, мастакі, музейныя работнікі, святары, журналісты – ведалі: у прыродзе ўжо існуе не толькі месца пад помнік, а нават і сам манумент. Рэпартаж «Народных навін Віцебска»:


Мадэль помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, які плануюць усталяваць у Віцебску. Фота Сержука Серебро

«Дык дзеля чаго тады сабраліся?» – не разумелі многія. Альгерд, вядома, быў той яшчэ хітрун у палітыцы, але гэткія мудрагелістыя захады сучасных віцебскіх кіраўнікоў, якія ствараюць бачнасць дэмакратыі, наўрад ці зразумеў бы.

У пачатку схода намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Уладзімір Шлома паведаміў прысутным, што на сёння ёсць макет помніка князю Альгерду (аўтар – скульптар Валеры Магучы) і ёсць месца, дзе яго плануюць усталяваць. Са слоў намесніка мэра вынікала, што няма толькі аднаго – вызначанасці: а ці патрэбен гэты манумент Віцебску і ягоным жыхарам? У сувязі з гэтым ён заклікаў усіх «без скажэння фактаў прыняць правільнае рашэнне па дадзенай тэме».

Так можа выглядаць будучы помнік Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, які плануюць усталяваць у Віцебску. Фотамантаж Сержука Серебро

Досыць няўцямную прэамбулу Шломы ажывіў больш красамоўны чыноўнік – галоўны спецыяліст аддзела культуры гарвыканкама Пётр Падгурскі. Ён зачытаў адказ з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, з якога вынікала, што навукоўцы падтрымліваюць ініцыятыву гарадскіх улад па ўстаноўцы помніка славутаму князю.

Так можа выглядаць будучы помнік Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, які плануюць усталяваць у Віцебску. Фотамантаж Сержука Серебро

Падгурскі дадаў, што гэта будзе першая конная статуя ў Віцебску. А ў Беларусі – трэцяя, пасля Бабруйска (помнік Георгію Пабеданосцу) і Полацка (скульптура князя Усяслава Чарадзея). Увогуле ў манументальным мастацтве асоба Альгерда знайшла сваё ўвасабленне толькі аднойчы – на помніку «Тысячагоддзе Расіі», які яшчэ ў 1862 годзе з’яўвіўся насупраць Сафійскага сабора ў Вялікім Ноўгарадзе. Усяго на гэтым мануменце 128 фігур, сярод іх, дарэчы, Гедымін, Вітаўт, Кейстут, Канстанцін Астрожскі, беларускі архіепіскап Георгій Каніскі і інш.

Потым далі слова вядомаму беларускаму археолагу, кандыдату гістарычных навук Таццяне Бубеньцы. Акрамя Альгерда, яна ўзгадала яшчэ двух гістарычных асоб – княгіню Вольгу і Аляксандра Неўскага, помнікі якім мясцовыя ўлады збіраліся паставіць, але потым гэтая ідэя чамусьці павісла ў паветры.

Грамадскае абверкаванне помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, які плануюць усталяваць у Віцебску. Фота Сержука Серебро

«Да часу княгіні Вольгі Віцебск не існаваў, ён быў закладзены ўжо без яе. Аляксандр Неўскі праязджаў праз горад, але ён не кіраваў у ім і нічога такога значнага для горада не зрабіў. А Альгерд – гэта першы дакладны князь, які вельмі шмат зрабіў і для нашага горада, у прыватнасці, яго першае каменнае ўмацаванне, і для ўсёй дзяржавы. З'яўленне помніка Альгерду стане значнай з'явай не толькі ў нас у рэспубліцы, але атрымае і міжнародны рэзананс. У гэтага князя ніхто і нідзе не кіне каменем. Гэта князь, аб якім і літоўскі народ, і наш народ скажуць толькі добрае. Дарэчы, літоўцы, якія прэтэндуюць на нешта наша, не паставілі яму помнік. А ў нас вось гэтая ідэя паўстала! Усталёўка такога помніка мае сусветнае значэнне. Віцебск аб'ядноўвае народы праз культуру, у нас праходзіць фестываль «Славянскі базар». І гэты помнік – яшчэ адзін крок да аб'яднання народаў. Глядзіце: Альгерд тры разы хадзіў на Маскву, але пры гэтым ён Маскву не ўзяў. Можа быць, таму рускі народ яго і паважае – князь стаіць на помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Вялікім Ноўгарадзе», – адзначыла археолаг.

Выступае Валеры Магучы. Грамадскае абмеркаванне помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, які плануюць усталяваць у Віцебску. Фота Сержука Серебро

Пры гэтым Таццяна Станіславаўна звярнула ўвагу на такі момант: «Важна, куды будзе звернутая галава князя. Мяркуючы па малюнаку, яна звернутая ў бок патэнцыйнага праціўніка – на ўсход. Гэта адпавядае гістарычнай праўдзе. Але каб не атрымалася потым, што нашы суседзі, расіяне, пакрыўдзяцца...»

Далікатныя развагі археолага спыніў галоўны архітэктар Віцебска Віталь Дубік. Вымаўляючы князева імя, ён упарта ставіць націск на першы склад. Дубік паведаміў, што твор, які перамог у конкурсе на лепшы помнік Альгерду, абіраўся падчас «гарачых дэбатаў»: «А калі вызначыліся канчаткова, то частка працы, якую мы сёння бачым, была не ў такім выглядзе. Былі заўвагі, прапановы, пажаданні да скульптара. Яны ліквідаваныя. І гэта ўжо канчатковы варыянт  скульптуры». Увогуле, па словах Дубіка, конкурсныя працы прагледзела «вялікае кола людзей».

Грамадскае абмеркаванне помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, які плануюць усталяваць у Віцебску. Фота Сержука Серебро

Галоўны архітэктар Віцебска перакананы, што помнік Альгерду лепш за ўсё будзе глядзецца на Уваскрасенскай плошчы: «Там у нас такі камерны куток, такое камернае месца. І гэты прывабны куток, думаю, падыме статус горада і будзе выклікаць толькі станоўчыя эмоцыі».

Выступае Таццяна Бубенька. Грамадскае абмеркаванне помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, які плануюць усталяваць у Віцебску. Фота Сержука Серебро

Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. Машэрава Анатоль Дулаў прачытаў досыць доўгую лекцыю з падручніка для сёмага класа пра тое, хто такі Альгерд. Рэзюмэ было наступным: ён таксама за тое, каб сын Гедыміна зноў вярнуўся ў Віцебск: «Я, безумоўна, з'яўляюся прыхільнікам устаноўкі помніка князю Альгерду. Наўрад ці знойдзецца іншы князь, які столькі зрабіў для нашага горада».

Перцу размове надаў вядомы віцебскі краязнавец Аркадзь Падліпскі: «Мяне здзіўляе сама пастаноўка пытання. Чаму мы зараз пра гэта гаворым, калі помнік ужо напалову пабудаваны? Пра гэта трэба было казаць, калі паўстала ідэя збудавання помніка. А зараз што, калі мы цяпер усе дружна скажам «не», вы разбурыце пастамент і наогул забудзецеся на гэтую ідэю? І загубіць працу няшчаснага Валеры (скульптара Магучага. – Заўвага «ННВ»)?

Грамадскае абмеркаванне помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, які плануюць усталяваць у Віцебску. Фота Сержука Серебро

Хоць віцебскаму князю і адвялі месца побач з велічным храмам, царква ставіцца да ягонага вобразу без залішняй патэтыкі. Пазіцыю Беларускай праваслаўнай царквы на сходзе агучыў віцебскі святар Дзмітрый Савіч: «Як дзяржаўны дзеяч Альгерд павінен быць ушанаваны. Але з іншага боку, нельга не гаварыць аб духоўным складніку гэтага пытання. Гэта асабістая пабожнасць князя – як ён сябе паказваў з пазіцыі праваслаўнага хрысціяніна. Гэтае пытанне застаецца адкрытым. Мы не можам дакладна сказаць, калі і дзе ён быў ахрышчаны. І ці быў ахрышчаны наогул. Роўна як –  ці быў ён пастрыжаны ў манахі, ці не. Таму неабходна аддзяліць яго каштоўнасць як дзяржаўнага дзеяча ад пытання аб ягонай асабістай хрысціянскай пабожнасці».

Грамадскае абмеркаванне помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, які плануюць усталяваць у Віцебску. Фота Сержука Серебро

Намесніка дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерыя Шышанава і дырэктара музея Марка Шагала Людмілу Хмяльніцкую непакоіць той факт, што помнік князю збіраюцца паставіць на тым месцы, дзе раней знаходзілася гасцініца «Брозі», у якой жыла Бэла, жонка Марка Шагала.

Нарэшце далі слова і самому аўтару спрэчнай скульптуры – Валерыю Магучаму: «Я гляджу на помнік як на аб'ект, які павысіць культурна-гістарычны статус горада і ступень яго цывілізаванасці. Практычна ўсе еўрапейскія гарады маюць конную статую. Што тычыцца месца для помніка, то яно выбрана вельмі ўдала. Скульптура ніколі не разглядаецца асобна ад месца, дзе стаіць. Павінна быць ўвязка пластычнага аб'ёму з асяроддзем. А ўвязаць аб'ём і маштаб – гэта куча момантаў, якія закранаюць чыста матэрыяльны бок. Таму ў дадзеным выпадку ўсё зроблена на мінімальныму узроўні. І дадзены памер помніка будзе ідэальна ўпісвацца ў тое мікраасяроддзе, якое створана ў гарадскім ландшафце».

Cкульптар хацеў яшчэ дадаць штосьці пра чыста мастацкія вартасці помніка, але прадстаўнікі ўлады яго спынілі.

Яшчэ адну «жывінку» ў размове стварыў другі віцебскі скульптар, Аляксандр Гвоздзікаў. Ён стрэліў па чыноўніках кароткім, але красамоўным пасажам: «Я цалкам згодны з Аркадзем  Падліпскім – з цэхавай салідарнасці з калегам Магутным. Я назіраў першапачаткова, як гэта ўсё рабілася, як павялічвалася... І выдатна ведаю, і нават бачыў – у адрозненне ад многіх з вас, што бронзавая скульптура вартая. Яна ўжо адлітая. Яе трэба проста прывезці, зрабіць усё фармальнасці і паставіць – каб яна стаяла і цешыла нас. Вы паглядзіце, як ён (Магучы. – Заўвага «ННВ») схуднеў! А вы яму яшчэ ганарар не заплацілі. Натхненне – не прадаецца. Але рукапіс можна прадаць».

На гэтых словах многія з цяжкасцю стрымаліся ад апладысментаў. Аўтар макета помніка Альгерду і сапраўды выглядаў ніякавата – стомлены, разгублены, схуднелы. Невядома, ці забіваў Альгерд трох віленскіх пакутнікаў, аб чым дагэтуль спрачаюцца гісторыкі, але вось тое, што ўся гэта валтузня з помнікам выбітнаму князю не дадала здароўя віцебскаму мастаку, учора ўбачылі многія. У суцяшэнне скульптару можна сказаць толькі хіба наступнае: сапраўднага мастацтва не бывае без пакут…

Вынік размовы быў зноў-такі цьмяным. Адназначнага адказу – быць ці не помніку – ніхто не даў. Шлома адзначыў, што «не на гэтым узроўні прымаюцца рашэнні, а на ўзроўні больш высокім – Міністэрства культуры і кіраўніка дзяржавы». Тэрмін з’яўлення помніка – таксама пакуль таямніца. «Мы знаходзімся на бліжэйшых прыступках вырашэння гэтага пытання», – сказаў Падгурскі.

На сайце Віцебскага гарвыканкама тым часам ідзе абмеркаванне на тэму  «Ці падтрымліваеце вы стварэнне помніка князю Альгерду – заснавальніку віцебскіх замкаў?» Пакуль што большасць гараджан выказалася станоўча.

Даведка «ННВ»: Альгерд (1296 (?) –1377) – вялікі князь Вялікага княства Літоўскага ў 1345–1377 гг. Адзін з найвыдатнейшых палкаводцаў, правіцеляў, збіральнікаў і ахоўнікаў старажытнай беларускай дзяржавы, за што быў празваны Альгердам Вялікім. Сын Гедыміна. Пражыў больш за 80 гадоў, правіў дзяржавай 32 гады; бацька 12 сыноў, у тым ліку Ягайлы, Андрэя Полацкага, Свідрыгайлы, Скіргайлы, Уладзіміра.

У 1318 г. ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай, а ў 1320 пасля смерці віцебскага князя атрымаў гэта княства ў спадчыну. У 1341 Гедымін падзяліў свае ўладанні паміж сынамі. Альгерд, акрамя Віцебскага княства, атрымаў славутую крэпасць Крэў і землі на рацэ Бярэзіне. У 1345 г. у саюзе з братам Кейстутам скінуў віленскага князя – свайго малодшага брата Яўнуція (Яўнуту), і стаў вялікім князем.

Колькі бітваў было ў князя, дакладна гісторыкі ўжо не падлічаць. У прыватнасці, Альгерд паспяхова змагаўся супраць татар і Тэўтонскага ордэна, выйграў цяжкую бітву ў крыжакоў на рацэ Стрэве ў 1348 г. Учыніў тры паходы на Маскву (1368, 1370, 1372 гады). За час яго княжання тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага павялічылася больш чым у два разы.