https://www.traditionrolex.com/8
<p>Афіцыйным гербам Гомеля з’яўляецца выява рысі на блакітным фоне</p>

Як паведамляе Радыё Рацыя:

Найстарэйшаму гербу Гомеля – 450 гадоў. Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст у адмысловым прывілеі ўхваліў гарадскі сімвал у выглядзе мальтыйскага крыжа на чырвоным фоне. Аднак са з’яўленнем свайго герба сярэднявечны горад так і не атрымаў паўнавартаснага магдэбургскага права.

Паводле гомельскага гісторыка Юрыя Глушакова, у абмежаванні самакіравання горада маглі быць зацікаўленыя феадалы – уладальнікі Гомеля.

Юрый Глушакоў:
  – Гомель у часы Расійскай імперыі фактычна з’яўляўся прыватнаўладальніцкім горадам, які належаў спачатку Румянцавым, а пасля Паскевічам. Магчыма, што ў часы Вялікага княства Літоўскага горад мог знаходзіцца ў прамым падпарадкаванні «дзяржаўцаў», прызначаных найвышэйшай уладай. Баюся, што аніякай дэмакратыі і самакіравання тут не было. Мальтыйскі крыж – сімвал хрысціянства і рыцарства. Гомель з’яўляўся важным умацаваным пунктам на мяжы з Масковіяй.

Гісторык Наталля Маркевіч мяркуе, што Гомель усё ж мог мець магдэбургскае права.

«Гісторыя ведае выпадкі, калі хтосьці з прыватных уласнікаў надаваў свайму гораду асобныя элементы магдэбургскага права. Ёсць такая версія, што Жыгімонт падпісаў прывілей аб наданні Гомелю герба з крыжом. Праўда, дагэтуль у асяроддзі спецыялістаў вядуцца дыскусіі адносна таго, на якім фоне мусіў адлюстроўвацца крыж: на чырвоным альбо блакітным», – заўважае Наталля Маркевіч.

У 1855 годзе герб гомельскага прадмесця Беліца з выявай рысі стаў выкарыстоўвацца ў якасці афіцыйнага герба Гомеля. Старшыня маладзёжнага аб’яднання «Талака» Яўген Меркіс лічыць, што прадстаўніца роду каціных перавандравала на гарадскі герб з фамільнага знаку князёў Румянцавых.

Яўген Меркіс:
  – Рысь на гомельскім гербе з’явілася, таму што ва ўласным знаку Пятра Румянцава была выява леапарда. Калі засноўвалі Навабеліцу з ягонага жадання, леапард неяк пазней трансфармаваўся ў рысь. Румянцаў хацеў надаць новаўтворанай Навабеліцы статус горада, каб неабмежавана гаспадарыць у старым і вялікім Гомелі.

Афіцыйным гербам Гомеля з’яўляецца выява рысі на блакітным фоне. У 1997 годзе Гомельскі гарвыканкам абраў каланіяльны ўзор герба.


https://www.traditionrolex.com/8