https://www.traditionrolex.com/8
<p>Дзе пралягае «залатая сярэдзіна» паміж канцэпцыяй, «каробкай» і эканоміяй?</p>

Як паведамляе «Культура»:

Як вядома, узвядзенне знакавага для ўсёй краіны новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пачалося з цырымоніі закладкі капсулы ў яго падмурак Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 24 красавіка 2010 года. Адкрыццё ж аб'екта запланавана на 9 мая 2014-га. Да гэтай даты мусіць быць узведзены не толькі сам гмах з усім багаццем разнастайных камунікацый, але і створаны найноўшыя экспазіцыі ды, вядома ж, надзейнае фондасховішча для больш чым 142 тысяч музейных прадметаў.

Ужо прайшла амаль палова тэрміну, вылучанага на стварэнне новага «дома» для Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Што ж зроблена за гэты час? Якія перашкоды ўзнікалі ў стваральнікаў музея на першапачатковым этапе? І ці не самае галоўнае: наколькі зладжана працуюць усе арганізацыі – удзельніцы грандыёзнага будаўніцтва?

Па словах дырэктара музея Сяргея Азаронка, ажыццёўлена сапраўды шмат. На пачатак бягучага года маналітныя работы па стварэнні жалезабетоннага каркаса будынка практычна завершаны, таксама, як і работы па гідраізаляцыі ды ўцяпленні падмуркаў. Скончылася праца па ўладкаванні цеплавога контуру падвала і першага паверха.

На сённяшні дзень ужо распрацавана дакументацыя практычна ўсіх камунікацый новага будынка. А з ліпеня мінулага года сумесна з польскім праектным бюро вядзецца праца і па праектаванні экспазіцый, а таксама інтэр'ернага аздаблення залаў музея, якім займаецца галоўны архітэктар праекта – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Віктар Крамарэнка.

Што хаваецца ў дэталях?

Ужо зараз можна пабачыць асобныя схемы будучых залаў музея, што ўражваюць сваімі навацыямі. (Пра іх «К» пісала колькі нумароў таму). Але, на жаль, не толькі імі насычаны будні музейшчыкаў, дойлідаў, інжынераў ды будаўнікоў. Пры супастаўленні праектаў камунікацый і экспазіцый выяўляецца даволі шмат нестыковак і неадпаведнасцей. Да прыкладу, ужо спраектаваная сістэма асвятлення будынка з выкарыстаннем аўтаматызаваных сістэм кіравання зведала рэвізію з мэтай спрашчэння інжынерных рашэнняў і, фактычна, вяртання да ўзроўню мінулага стагоддзя. А ў ходзе эксплуатацыі такі «зварот у мінулае» прывядзе да павелічэння выдаткаў на ўтрыманне сістэмы. Менавіта ў гэтым і заключаецца першая праблема ўзвядзення новага будынка музея.

На думку Сяргея Азаронка, шэраг элементаў камунікацый папросту не ўпісваецца ў будучую экспазіцыю, больш за тое: перашкаджае ўспрыманню прадстаўленых каштоўных прадметаў. Як тут не прыгадаць выслоўе пра лыжку дзёгцю ў бочцы з мёдам? Да прыкладу, у экспазіцыйнай зале «Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі» такой непрыемнай «лыжкай» можа стаць калона на фоне цэнтральнай дыярамы, што псуе само ўспрыманне і маштаб экспазіцыі. Маюцца ў кіраўніцтва музея да праекціроўшчыкаў і пытанні па канструкцыі купала, што неўзабаве паўстане над будынкам.

Улічваючы статус аб'екта, названыя акалічнасці падаюцца вартымі грунтоўнага разгляду. А таму пачнём з усіх удзельнікаў будаўніцтва ды іх ролі ў гэтым працэсе. Так, з аднаго боку за праектаванне і ўзвядзенне новага будынка музея адказваюць КУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама» і ПІКУП «Мінскграда». З другога боку планаваннем экспазіцыі займаюцца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і замежнае праектнае бюро.

Як адзначае Валянціна Ягурава, юрыст прыватнай кампаніі, да якой па кансультацыю звярнуўся музей, у час рэалізацыі першага віду прававых зносін (праектаванне будынка і камунікацый) Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца трэцяй асобай, што не мае дагаварных абавязкаў ні перад упраўленнем капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама, ні перад «Мінскграда». У сувязі з гэтым адсутнічаюць юрыдычна абгрунтаваныя накладанні адказнасці на Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў рамках рэалізацыі першага віду прававых зносін, у тым ліку – за парушэнне тэрмінаў праектавання будынка ўстановы.

Здавалася б, усё правільна. Больш за тое: праекціроўшчыкі будынка музея і камунікацый рапартавалі пра завяршэнне сваёй працы, якая, да слова, доўжылася з 2008 года. Але як магло так атрымацца, што, не зрабіўшы праектную дакументацыю па будучых экспазіцыях, інжынеры распрацавалі свой праект камунікацый?

Універсальныя інтэр'еры не падыдуць

Не разумее такой сітуацыі і галоўны архітэктар праекта. На думку Віктара Крамарэнкі, кожны музей мае свае адметнасці, якія павінны ўлічваць архітэктары, праекціроўшчыкі і будаўнікі. І калі, да прыкладу, для мастацкага музея, дзе прастора не мае вырашальнага значэння, ствараюцца ўніверсальныя інтэр'еры, у кантэксце якіх і дэманструюцца карціны, то ў дадзеным выпадку размяшчэнне кожнага прадмета нясе сэнсавую нагрузку. Да прыкладу, магчыма, што ў той або іншай частцы экспазіцыі будзе патрабавацца асаблівы рэжым асвятлення, вентыляцыі. А таму, думаецца, цяжка не пагадзіцца з меркаваннем Віктара Крамарэнкі: праектаваць будынак і экспазіцыі трэба, ды і цяпер неабходна, як мінімум паралельна.

У сувязі з гэтым Сяргея Азаронка непакоіць адсутнасць каардынацыі з боку заказчыка (упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама), генеральнага праекціроўшчыка і ўсіх субпадрадчыкаў. Тым больш, наперадзе ўдзельнікаў вялікай будоўлі чакаюць важныя апошнія этапы праектавання экспазіцыі, што могуць быць рэалізаваны толькі сумесна з інжынерамі, якія распрацоўвалі камунікацыйныя сістэмы. У адваротным выпадку, накладкі стануць узнікаць і надалей.

Безумоўна, пралікі ды памылкі здараюцца і ў вопытных спецыялістаў, прафесіяналаў. Але ці так ужо кепска праекціроўшчыкі камунікацый справіліся са сваім заданнем? Дадзім слова і ім. Так, галоўны інжынер праекта Тамара Прыкіна, якая распрацавала вентыляцыю будынка, зазначыла, што яе работа двойчы паспяхова прайшла экспертызу і ўвесь блок зробленай дакументацыі быў па першай просьбе высланы прадстаўнікам музея ў поўным аб'ёме.

Разам з тым, суразмоўца пагаджаецца: нельга правільна размеркаваць інжынерыю будынка, не маючы плана экспазіцыі. І хоць, паводле яе слоў, пра гэта неаднаразова казалася на нарадах рознага ўзроўню, дадзеная тэма ў выніку так і не была шматбакова абмеркавана. Пры гэтым зазначалася, што спачатку трэба спраектаваць і ўзвесці «каробку», а пасля напоўніць яе экспанатамі.

Але і падстройвацца пад праекціроўшчыкаў экспазіцый Тамара Прыкіна не мае магчымасці, паколькі, на яе думку, мікраклімат у будынку не менш важны для экспанатаў, чым іх канцэптуальнае размяшчэнне. А таму некарэктна казаць, што пэўныя аб'екты камунікацыі спраектаваны няправільна. Іншая справа – пры неабходнасці той або іншы фрагмент праекта можна скарэкціраваць. Аднак гэтая праца, безумоўна, мусіць аплачвацца дадаткова.

Эканомія перш за ўсё?

Здавалася б, і архітэктары, і праекціроўшчыкі, і ўласна музейшчыкі ведаюць свой фронт работ, усведамляюць ускладзеную на іх адказнасць. Дык у чым жа тады прычыны праблемы з неадпаведнасцю праектаў экспазіцый і самога будынка музея?

На думку намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуша Стружэцкага, у рэалізацыі гэтага маштабнага праекта інтарэсы горада, з аднаго боку, і Міністэрства культуры ды самога музея адрозніваюцца. Так, гораду трэба ва ўстаноўлены тэрмін завяршыць узвядзенне новага будынка і перасяліць туды музей, паколькі Мінгарвыканкам павінен выконваць свае абавязкі перад інвестарамі. У сваю чаргу, для Міністэрства культуры галоўнае – каб будынак адпавядаў усім крытэрыям, што вылучаюцца сёння для музея такога ўзроўню і ў першую чаргу каб у ім можна было размясціць якасную экспазіцыю. Акрамя таго, не трэба забываць, што ў музейную прастору неабходна ўпісваць ваенную тэхніку.

Можна зразумець пазіцыю Мінгарвыканкама па максімальна танным узвядзенні будынка. Але ж галоўнае, каб «танна» ў гэтым выпадку не стала сінонімам «няякасна».

Відавочна, што з праблемы адпаведнасці праектаў экспазіцыі і камунікацый выцякае наступная, звязаная непасрэдна з фінансаваннем. Па словах дырэктара музея Сяргея Азаронка, замежны інвестар, які плануе цягам бліжэйшых гадоў стварыць на месцы старога будынка музея сучасны гатэль, выдаткаваў на пераезд установы і ўзвядзенне новага будынка музейнага комплексу каля 14 мільёнаў долараў ЗША і
4 мільярдаў беларускіх рублёў, што паступілі ў гарадскі бюджэт. З улікам гэтых сродкаў сёння і вядуцца работы генеральным падрадчыкам па будаўніцтве аб'екта – «Будтрэстам № 1».

Аднак пабудаваць – гэта толькі адна частка поспеху справы. Не менш важна «ажывіць» музей. Па словах Сяргея Азаронка, пакуль не выдаткаваны сродкі для стварэння інтэр'ераў экспазіцыі. Да таго ж, больш за год не ажыццяўляецца фінансаванне працы галоўнага архітэктара.

Як адзначыў Тадэуш Стружэцкі, грошы інвестараў планаваліся пайсці не толькі на ўзвядзенне будынка, але і на само перасяленне, што ўключае праектаванне экспазіцый, размяшчэнне фондаў, перавоз музейных прадметаў. «У той жа час горад, на жаль, вырашае толькі адну праблему – будаўніцтва. На сённяшні дзень востра стаіць пытанне дэпазітарыя – фондасховішча. За гэтыя ж грошы трэба было весці праектаванне экспазіцый. Больш за тое: усе тыя сродкі, што збіраюцца на дабрачынных мерапрыемствах, таксама ідуць толькі на будаўніцтва», – зазначыў намеснік міністра культуры.

У выніку толькі за кошт пераразмеркавання сродкаў з Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2011–2015 гг. і было атрымана фінансаванне пад праектаванне будучых экспазіцый, хаця першапачаткова менавіта на ўзвядзенне новага будынка гэтага музея мэтавыя сродкі не закладваліся. А таму Міністэрства культуры пайшло на вымушаныя крокі: каб не губляць каштоўны час, шукаць сродкі за кошт іншых музеяў у рамках згаданай дзяржпраграмы.

У любым выпадку, як запэўніў Тадэуш Стружэцкі, міністэрства і музей прадоўжаць выконваць сваю задачу. «Сярод іншага будзе адбывацца праектаванне экспазіцый, набывацца неабходная тэхніка, але лагічна было б, каб гэта рабілася ў тым ліку і за сродкі інвестараў», – зазначыў намеснік міністра.

У чаканні вялікага перасялення

Яшчэ адным вострым пытаннем для Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца яго пераезд. Куды? Калі? Як? Ці не выключана магчымасць, што багатая калекцыя музея апынецца, да прыкладу, у ваенных ангарах дзе-небудзь у ваколіцах Мінска? На гэтыя пытанні даць канкрэтны адказ пакуль даволі цяжка. Таксама, як і вырашыць праблему размяшчэння часткі фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, што зараз захоўваецца ў дзеючым будынку Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Тым часам інвестар чакае перасялення музея ўжо гэтым летам, але ж здзейсніць гэта – практычна немагчыма. Пры такім развіцці спраў музей фактычна будзе закрыты на даволі працяглы час. Па словах Тадэуша Стружэцкага, Міністэрствам культуры неаднаразова ставілася пытанне аб выдзяленні горадам пэўных памяшканняў для часовага размяшчэння экспазіцый, каб музей працаваў хаця б за кошт перасоўных выставак, сумесных праектаў з іншымі ўстановамі, бо ніхто, і ў першую чаргу – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны ды ветэраны, не зразумее сітуацыі, калі музей зачыняць, няхай сабе і часова. Месца пакланення перад Памяццю пра ваеннае ліхалецце не павінна быць закрытым ні на адзін дзень, вобразна кажучы, ні на хвіліну...

Літаральна перад здачай нумара ў друк карэспандэнт «К» даведаўся пра новыя акалічнасці ў справе будаўніцтва. У прыватнасці, як адзначыў Сяргей Азаронак, днямі адбылася сустрэча прадстаўнікоў усіх арганізацый, што вядуць праекціровачныя работы на аб'екце, у тым ліку – замежных партнёраў нашага музея. У выніку доўгіх перамоў бакі прыйшлі да разумення, што ў далейшым праекціроўшчыкі будуць непасрэдна кантактаваць паміж сабой, нягледзячы на формы ўласнасці і тысячы кіламетраў адлегласцей, якія іх аддзяляюць.

Разам з тым, застаюцца нявырашанымі эканамічныя аспекты справы. У прыватнасці, бліжэйшым часам павінна адбыцца сустрэча кіраўніцтва Мінгарвыканкама і інвестараў, у ходзе якой вызначацца кірункі далейшага фінансавання праекта.

https://www.traditionrolex.com/8