<p>Практычна насупраць адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, што ў  пачатку праспекта Дзяржынскага, вядзецца будаўніцтва чатырохзоркавага  бізнес-гатэля</p>

Як паведамляе nn.by:

Практычна насупраць адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, што ў пачатку праспекта Дзяржынскага, вядзецца будаўніцтва чатырохзоркавага бізнес-гатэля.

Будаўніцтва вядзе зарэгістраваная ў канцы мінулага года кампанія «Моспромстрой-Гатэль», якая з'яўляецца даччынай структурай аднаго з найбуйнейшых маскоўскіх дэвелапераў «Моспромстроя». Гэтая кампанія кантралюецца сям'ёй Гуцэрыевых.

У апошняй версіі Forbes топ-30 найбуйнейшых расійскіх дэвелапераў Міхаіл Гуцэрыеў займае 17-е месца. Як саўладальнік «Моспромстроя» – кампаніі, якой належаць у ліку іншага сеткі гатэляў Holiday Inn і Marriott, мноства офісных цэнтраў, гандлёвых плошчаў і складоў, а таксама два асабнякі ў цэнтры Масквы, – ён зарабіў на арэндзе ў 2011 годзе 85 мільёнаў долараў.

У брата Міхаіла Гуцэрыева – Саіта-Салама – пазіцыя ў рэйтынгу каралёў нерухомасці яшчэ вышэй – пятая. Уладальнік кампаніі «Чайка Плаза» (сетка бізнес-цэнтраў у Маскве) зарабіў у 2011 годзе 280 мільёнаў долараў. Саіт-Салам таксама з'яўляецца саўладальнікам «Моспромстроя».

Што тычыцца беларускага праекта братоў, то бізнес-гатэль Гуцэрыева, размешчаны ў самым пачатку праспекта Дзяржынскага, будзе мець 11 паверхаў і 264 нумары, на апошнім паверсе будуць знаходзіцца прэзідэнцкія і консульскія нумары. Асобная прыбудова, размешчаная на гэтай жа пляцоўцы, будзе аддадзена пад рэстаран і фітнес-цэнтр з басейнам і spa-салонам. Пры комплексе будуць дзейнічаць падземная і наземная аўтастаянкі.

Нядаўна аб сваім выхадзе на мінскі рынак нерухомасці абвясціў яшчэ адзін вядомы расійскі дэвелапер Судхір Гупта, якому з сям'ёй належыць кампанія Amtel Properties. У прыватнасці, былы шынны кароль Еўропы вядзе перамовы аб куплі пляцоўкі і будаўніцтве трохзоркавага гасцінічна-офіснага комплексу на вуліцы Талстога. Планаваныя інвестыцыі ў гэты праект могуць скласці 15 мільёнаў долараў.