https://www.traditionrolex.com/8
<p>Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы лічаць, што рэальная лічба беларусаў у краіне складае ад 80 да 100 тысяч</p>

Як паведамляе Радыё Рацыя:

47 тысяч апытаных падчас апошняга перапісу насельніцтва ў Польшчы назвалі сябе беларусамі. З іх 15 тысяч  лічаць сябе і беларусамі, і палякамі.

Такія звесткі агучыла галоўнае ўпраўленне статыстыкі Польшчы падчас дэмаграфічнага кангрэса ў Варшаве. Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі заўважыў, што Польшча над вырашэннем дэмаграфічных праблем задумалася своечасова.

– Дэмаграфічныя працэсы ставяць выклік і дылемы, на якія мы павінны адказаць і з пункту гледжання жыцця кожнага з нас, і з пункту гледжання грамадскасці ў цэлым. Старэнне насельніцтва азначае, што людзі жывуць даўжэй, што наступныя пакаленні маюць шанц на даўжэйшае жыццё. Шанц, якога не мела папярэдняе пакаленне. Трэба на гэта глядзець, як на вялікі цывілізацыйны поспех, які таксама мае месца ў Польшчы.

Гэтыя звесткі аптымістычна ўспрыняў старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа:

– Пры тым, что было шмат засцярог да перапісу, гэты вынік паказвае, што беларусы ёсць беларусамі. Але трэба ўлічваць, што гэта не быў поўны перапіс насельніцтва, а толькі такое апытанне. Таму я прыняў гэтыя вынікі са спакоем.

Паводле перапісу насельніцтва 2002 года, у Польшчы 49 тысяч чалавек назвалі сябе беларусамі, з іх 47 – на Падляшшы. Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы лічаць, што рэальная лічба беларусаў у краіне складае ад 80 да 100 тысяч.

У прэзідэнцкім палацы ў Варшаве працягваюць агучваць вынікі перапісу. Паводле кіраўніка Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы Януша Віткоўскага, 98% працэнтаў апытаных – нарадзіліся ў Польшчы:

– Насельніцтва польскай нацыянальнасці складае 93,7%, прычым толькі польская нацыянальнасць складае 91,6%, а польская і іншая нацыянальна-этнічная тоеснасць – 2,2%.

Сілезцы ды кашубы – найбольшыя ў Польшчы па колькасці нацыянальныя меншасці, пра што сведчыць перапіс насельніцтва:

– Варта звярнуць увагу яшчэ на адзін момант. Нават калі хтосьці дэклараваў сілезскую тоеснасць, меў магчымасць задэклараваць іншую тоеснасць. Трэба звярнуць увагу, что тая другая, ці нават першая была польская. 415 тысяч на 809 – гэта сілезсцы, якія таксама дэкларуюць польскую нацыянальнасць. У яшчэ большай ступені гэта выступае ў выпадку кашубскай тоеснасці. Амаль усе кашубы маюць польскую нацыянальнасць.

Далей, немцы, якіх у Польшчы 109 тысяч, у тым ліку 52 тысячы назвалі сваю нацыянальнасць нямецкай разам з польскай, 48 тысяч назваліся ўкраінцамі, з іх 20 тысяч і ўкраінцамі, і палякамі. 16 тысяч назваліся цыганамі, 13 тысяч – рускімі.

Улад Грынеўскі


* * *

Як піша выданне «Наша Ніва», на самавызначэнне беларусаў за мяжой уплывае культурная сітуацыя ў Беларусі, дзе ўсё беларускае застаецца ў загоне. Нязменнасць колькасці беларусаў — вынік сумленнай культурнай працы беларусаў Падляшша.

Паводле старшыні Беларускага саюза ў Польшчы Яўгена Вапы, значную ролю падчас перапісу адыгралі СМІ:

– Думаю, вельмі важную ролю ў гэтым перапісе адыгралі медыйныя кампаніі адносна запісвання беларусамі на хвалях Радыё Рацыя, у тэлебачанні Беласток, у тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва» і тое, што рабілі проста звычайныя людзі. Гэта дало той вынік, нягледзячы на адмоўныя дэмаграфічныя працэсы ў нашым грамадстве, больш-менш на ўзроўні мінулага перапісу.

На Беласточчыне вяшчае беларускае Радыё Рацыя, выдаецца тыднёвік беларусаў у Польшчы «Ніва», дзейнічае Беларускае гістарычнае таварыства, аб’яднанне бацькоў у карысць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову, АБ-БА ды іншыя беларускія арганізацыі. Праходзяць шматлікія беларускія фэсты, рок-фестываль «Басовішча», «Бардаўская восень» і гэтак далей. Больш за тры тысячы дзяцей вывучае беларускую мову.

Яна Запольская

https://www.traditionrolex.com/8