https://www.traditionrolex.com/8
<p>1 красавіка плануецца запусціць новы сайт палацава-паркавага ансамбля і адкрыць інфармацыйна-касавы цэнтр.</p>

Як паведамляе «Культура»:

Сёння поўным ходам ідуць работы па завяршэнні рэстаўрацыі і рэканструкцыі Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу. У першую чаргу ўвага спецыялістаў звернута на аднаўленне інтэр'ераў колішняй рэзідэнцыі Радзівілаў. Разам з тым вядзецца праца па стварэнні годнай турыстычнай інфраструктуры.

Як паведамілі ў Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе, 1 красавіка распачне працу новы сайт установы, які зможа дапамагчы зарыентавацца ў залах палаца не толькі шматлікім айчынным, але і замежным турыстам. Сярод ноў-хаў партала – магчымасць выбару найбольш зручнага часу для наведання ўстановы і бясплатнага браніравання білетаў. Мяркуецца, што такім чынам яе супрацоўнікі будуць загадзя ведаць, якую колькасць турыстаў чакаць у той або іншы дзень.

Акрамя таго, у першы дзень красавіка перад уваходам у музейны комплекс адкрыецца інфармацыйна-касавы цэнтр, дзе можна будзе набыць разнастайныя турыстычныя даведнікі, выданні, прысвечаныя гісторыі палаца, а таксама адзіны білет, што дазволіць наведаць як уласна сам палац, так і парк каля яго. Супрацоўнікі ўстановы лічаць, што стварэнне такога цэнтра дазволіць размяркоўваць плыні турыстаў. У прыватнасці, плануецца сфарміраваць чатыры колы экскурсій, якія не перасякаліся б між сабой і стваралі максімальна камфортныя ўмовы як для турыстаў, так і для экскурсаводаў.

Мяркуецца, што першыя некалькі месяцаў праца па размеркаванні плыняў турыстаў мае ажыццяўляцца ў тэставым рэжыме, пасля чаго будзе прынята рашэнне пра пастаяннае выкарыстанне падобнай практыкі.

К. А.

https://www.traditionrolex.com/8