https://www.traditionrolex.com/8
<p><span style="font-size: small;">Беларускае жыццё мексіканца, бельгійца, немкі і перуанца ў цытатах ды фотаздымках. Маладыя замежнікі, якія працяглы час жывуць у Мінску, распавядаюць пра свае назіранні за Беларуссю і беларусамі<strong> </strong></span></p>

Як паведамляе 34mag:

Гільерма, 27 гадоў (Мексіка)

Выкладчык іспанскай мовы і валанцёр. Жыве ў Беларусі 1,5 года.

Малым я марыў зрабіцца касманаўтам, як Юрый Гагарын. Таму заўсёды жадаў вывучыць рускую мову. Пасля ўнівера працаваў інжынерам на заводзе і выкладаў французскую. Назбіраў грошай і рвануў у Еўропу. Вырашыў, што калі зараз сваю мару не ажыццяўлю, потым будзе позна.

З Мексікі я прыехаў у Прагу, потым у Даўгаўпілс. Але там не было рускамоўнай моладзі. Жанчына з інтэрната мне сказала: «Едзь у Беларусь! Там чыста, людзі добрыя, і ўсе гавораць па-руску». Я і паехаў, хоць ведаў усяго тры факты пра вашу краіну: прэзідэнт – Лукашэнка, сталіца – Мінск, калісьці вы былі часткай СССР.

Спачатку я падумаў, што вывучу тут адразу дзве мовы – рускую і беларускую. Але потым зразумеў, што акрамя метро, чыгуначнага вакзала і аўтобусаў беларуская нідзе не гучыць.

«Настальгія – вельмі беларускае пачуццё. У вас шмат хто ідэалізуе мінулае»

Тут фантастычная колькасць прыгожых дзяўчат. Столькі я бачыў толькі на Кубе. Самае дзіўнае, што ў вашай халоднай краіне жанчыны такія гарачыя. Ва ўсіх сэнсах.

Я палюбіў салёныя гуркі, квашаную капусту, глазураваныя сыркі і чорны хлеб. Апошнім часам мне таксама падабацца гарэлка. Наогул, ваша традыцыя рабіць нарыхтоўкі на зіму – сапраўдны цуд! У нас гэтага няма, бо круглы год ўсё свежае.

Увесь гэты нефармальны бізнес продажу агародніны і ўсякага кітайскага барахла ў пераходах вельмі нагадвае мне Мексіку. Яшчэ на Камароўцы, дзе прадаюць спецыі, пахне маёй краінай. Да таго ж таджыкі і туркі працуюць, як мексіканцы. Яны ўвесь час хочуць табе спадабацца і прымусіць купіць больш. Беларусы ж працуюць на рынку, як на заводзе. Дваццаць грамаў – дык дваццаць грамаў. Здаецца, што ім усё роўна, колькі яны прададуць і ці прыйдзеш ты зноў.

Мне здаецца, беларусам не хапае жадання жыць лепш і рашучасці нешта змяніць. Вядома, гэта цяжка. Вядома, трэба патраціць шмат сіл і энергіі. Але калі вы самі не захочаце, ніхто вам не дапаможа.

У беларусах мне больш за ўсё падабаецца сумленнасць. Калі дзяўчына ў краме ненавідзіць сваю працу, яна ўсім сваім выглядам будзе гэта паказваць. Калі я падыду да яе, яна не ўсміхнецца, а проста скажа: «Ну, што трэба?» Я не фанат гэтай усеагульнай амерыканскай добразычлівасці, якая зрабілася стандартам для ўсяго свету. Гэта няшчыра.

2

Я нейкі час працаваў у рэстарацыі. Шэф-повар, калі нікога не было, часта браў гітару і пачынаў граць настальгічныя песні пра паходы, маладосць і вогнішчы. Усе працаўнікі яму падпявалі амаль са слязьмі на вачах. Настальгія – вельмі беларускае пачуццё. У вас шмат хто ідэалізуе мінулае, якое б яно ні было.

У вас тут нейкі культ парадку і чысціні. Хоць часам здаецца, што ўся гэтая прыгажосць не для жыцця, а каб паглядзець. У Мексіцы ў любым зялёным месцы ты можаш зладзіць пікнік або пагуляць у футбол. Тут я неяк пайшоў паляжаць у парк Горкага, і ўсе прахожыя няўхвальна на мяне глядзелі.

Каб атрымаць працоўную беларускую візу, трэба сабраць больш папер, чым можа змясціцца ў мяне на стале. Наогул, у нас лічыцца, што бюракратыя ды канфармізм – асноўныя праблемы Мексікі. Мяркую, для Беларусі гэта таксама актуальна.

У Беларусі магчыма вельмі танна і якасна вывучыць мову. Тут любяць замежнікаў і ніколі не крыўдзяць з-за колеру скуры. Але добрыя грошы зарабіць у вас складана. Асабліва, калі ты інжынер-фізік па адукацыі. Хутка я з’язджаю валанцёрам на Чэмпіянат Еўропы па футболе. Пагляджу, якія перспектывы ў Кіеве. Можа, і вярнуся сюды. Пакуль не ведаю.

*****

Сімон, 24 гады (Бельгія)

Піяніст. Жыве ў Беларусі 6 з паловай гадоў.

Сем гадоў таму на адным музычным фестывалі я пазнаёміўся з віяланчэлістам з Беларусі, які тут выкладаў. Я ведаў, што ў вашай краіне нядрэнная школа класічнай музыкі і ёсць моцныя піяністы ды скрыпачы. Таму пасля заканчэння школы вырашыў паехаць сюды вучыцца. Спачатку два гады адыграў у ліцэі, цяпер апошні год вучуся ў кансерваторыі.

Я не гаварыў па-руску, ніхто з маіх знаёмых нічога не ведаў пра вашу краіну. Калі я напісаў у Google «Беларусь», то адразу прачытаў пра Лукашэнку, камунізм, разгон дэманстрацый і дыктатуру. Калі прыехаў на месца, усё аказалася не так страшна: шырокія праспекты, прыгожая архітэктура, шчырыя і добрыя людзі. У прынцыпе, першы год усё выглядае даволі вясёлкава.

Калі пачынаеш добра гаварыць па-руску, да цябе адразу ставяцца па-іншаму. Могуць нахаміць у краме або распавесці пра нейкія праблемы. У першы год, калі цябе ўспрымаюць як замежніка, вельмі складана нешта зразумець пра краіну і людзей. Таму шмат хто з гасцей і не бачыць у вас нічога дрэннага.

«Я быў на плошчы 19 снежня. Уцякаў ад амапаўцаў»

Сучасная беларуская класічная музыка – гэта пара кампазітараў. Астатняе ўсё савецкае і адсталае. Аднойчы я пайшоў на канцэрт Фінберга, але не змог даслухаць да канца. Ці то там вельмі дзіўныя варыяцыі гралі, ці то ён проста дрэнны дырыжор – цяжка было зразумець. Што тычыцца беларускай музыкі, то раней я вельмі любіў N.R.M., Вайцюшкевіча. Усялякую душэўную музыку пратэсту.

Чысціня вуліц мяне ўжо раздражняе. Мне да спадобы, калі на сценах графіці і трафарэты. Бо гэта таксама мастацтва, і сярод яго больш прыемна жыць, чым у нейкім стэрыльным шпіталі. Дзіўна, калі кажуць, што самае галоўнае ў Мінску – яго чысціня ды парадак. Якіх турыстаў гэтым хочуць прыцягнуць?

Часам мне падаецца, што беларусаў не 10 мільёнаў, а максімум – два. Большасць не ведае сваіх паэтаў, музыкаў, мастакоў, нават не размаўляе на роднай мове і слаба ўяўляе мінулае свайго народа. Такое пачуццё, што ім толькі б паесці, паспаць і паглядзець тэлевізар.

Амаль увесь час тут я пражыў у інтэрнаце. У мяне былі выдатныя суседзі па пакоі, але былі і такія людзі, якія заходзілі ў мой пакой, не пагрукаўшы ў дзверы, сядалі на ложак і бралі маю ежу з лядоўні. Наогул, павага да асабістай прасторы – тое, чаму беларусам трэба вучыцца.

Я вегетарыянец з 12 гадоў. Калі ты не ясі мяса ў Беларусі, то ўсе чамусьці хочуць цябе пераканаць і ўперці якую-небудзь катлету.

Быў час, калі я хадзіў на ўсе мітынгі. Было цікава глядзець, як людзі змагаюцца за сваю свабоду. Як гэта можа не цікавіць музыку?

Я быў на плошчы 19 снежня. Уцякаў ад амапаўцаў. Потым тэлефанавалі, прыходзілі ў кансерваторыю ды інтэрнат, але ў мяне неяк атрымоўвалася ад іх уцячы. У выніку, каб мяне запалохаць, пачалі ціснуць на тое, што я не жыву па месцы прапіскі, у інтэрнаце. Я звярнуўся ў праваабарончы цэнтр «Вясна», там мне далі адваката. Але я ўсё роўна атрымаў штраф 10 базавых.

Я палюбіў Беларусь. Але ўсё часцей я думаю, што люблю тое, чаго насамрэч няма. Мяне вельмі ўражваюць беларускія вёскі, ручнікі, паганскія абрады, ціхія мінскія вуліцы. Ад гэтага ўсяго можна расплакацца. Я люблю сваіх беларускіх сяброў. Але ўсё, што мне сапраўды тут падабаецца, знікае, а большасць сяброў хоча з’ехаць у Еўропу.

Часам узнікае пачуццё, што ў Беларусі час спыніўся, і ты нічога не можаш зрабіць. Для моладзі, для чалавека, які хоча нешта змяняць, гэта дрэннае пачуццё. Улетку мы з маёй беларускай жонкай паедзем вучыцца ў ЗША або Швейцарыю. У сённяшняй Беларусі я жыць не хачу.

*****

Даратэя, 33 гады (Германія)

Менеджар адукацыйных праграм. Жыве ў Беларусі 3,5 гады.

Першае ўражанне ад Беларусі? Вельмі холадна. Я прыехала сюды вясной, а аказалася, што каляндарная вясна мае мала дачынення да сонца і цяпла. Я ў жыцці не думала, што буду скардзіцца на зіму, усё ж такі я родам з Германіі… Але зіма ў вас цягнецца вельмі доўга.

Сумую па нямецкім піве. З беларускіх страў больш за ўсё люблю пельмені. У нас на кухні доўгі часу ляжала нейкая дзіўная рэч, аказалася – пельменніца. Цяпер мы навучыліся ёю карыстацца. Наогул, ежа ў вас вельмі тлустая, так у Германіі гатавалі ў часы маёй бабулі. Напэўна, гэта звязана з кліматам.

Калі першы раз трапляеш сюды, здаецца, што тут савецкі лад. Усё зроблена, каб уразіць, а не каб зручна жыць або паказаць чыю-небудзь індывідуальнасць.

У беларусах мяне больш за ўсё здзіўляе тое, што іх нічога не здзіўляе. Нешта адбываецца, нейкія абнаўленні або нейкія праблемы, а яны кажуць: «Ну што ж, бывае! Жывем далей!» Калі б у Германіі кошты выраслі ў тры разы, паўкраіны выйшла б на вуліцы.

«Тут усё зроблена, каб уразіць, а не каб зручна жыць або паказаць чыю-небудзь індывідуальнасць»

Уражваюць кароткія спадніцы дзяўчат у мінус 20 градусаў, тое, як вашы жанчыны клапоцяцца пра сябе. Добра, калі хочаш здзіўляць усіх сваёй прыгажосцю штодня. Але я лепш пасплю, чым выдаткую дзве гадзіны, каб у звычайны працоўны дзень нафарбавацца і апрануцца.

Я па працы сачу за шматлікімі СМІ. Увесь час чытаю парталы і друкаваныя выданні. Больш за ўсё люблю «БелГазету» – у ёй ёсць карыкатуры, фірмовы стыль, іронія ў тэкстах.

Доротея

Дзесьці два разы на месяц наведваю сапраўдную грамадскую лазню на Маскоўскай. Гэта месца, дзе я чую шмат цікавых рэчаў пра Беларусь. Мне распавядалі, што фінскі парламент, калі не можа вырашыць нейкія пытанні, усім складам ідзе ў сауну. У беларусаў падобны падыход.

Што параіць немцам, якія едуць у Беларусь? Будзьце гатовыя да імправізацыі, паспрабуйце як мага далей ад’ехаць ад Мінска і шмат гаварыце з людзьмі. Беларусы вельмі прыязныя і адкрытыя, калі знайсці да іх падыход.

Цешыць, што беларусы ў апошнія тры гады адкрылі для сябе веласіпеды. Яшчэ цешыць, што шмат хто пачаў задумвацца пра экалогію і ахову прыроды. Хаця ў нас побач з домам так паставілі кантэйнеры для раздзельнага збору смецця, што ў два з іх нічога нельга было выкінуць. Чаму?

Я жыву, каб абвяргаць стэрэатыпы пра немцаў. Напрыклад, часта спазняюся. Так што ўсе гэтыя абагульненні вельмі небяспечныя. Можна такі плот са стэрэатыпаў у сваёй галаве пабудаваць, што не пабачыш чалавека.

*****

Карлас, 25 гадоў (Перу)

Апошнім часам працаваў поварам. Жыве ў Беларусі 7 гадоў.

Мяне сюды бацькі адправілі. Праз паўгода я ўжо хацеў збегчы з Беларусі, але яны прымусілі застацца. Сказалі, што трэба пасталець.

Курсы повара скончыў яшчэ ў Ліме. Тут вучыўся ў БДУ на міжнародным праве. Паралельна шмат дзе працаваў. Цяпер людзі расплюшчылі вочы і пачалі рабіць нешта для сябе. Раней сябры глядзелі на мяне і здзіўляліся: «Навошта табе дзве працы?» Цяпер сітуацыя змяняецца – есці хочацца ўсім.

У Беларусі кошт праезду падымаецца ў некалькі разоў, і нічога не адбываецца! У Перу натоўп людзей выйшаў бы на вуліцу – і праз два дні ўсё б стала нармальна. У нас улада баіцца людзей. Гэта тое, што трэба. Тут усё наадварот – і гэта няправільна. Мы аплочваем іх заробак. Яны павінны працаваць на нас.

«Міліцыянерам чамусьці здаецца, што мы павінны хадзіць на дыбачках перад імі»

Людзі ў Беларусі баяцца міліцыі. Схадзілі нейк з сябрамі выпіць, ідзем па вуліцы да машыны. Побач міліцыянеры. Усе сябры чамусьці кажуць: «Карлас, спакойна, не крычы». А хто яны такія? Яны мяне проста ахоўваюць. Міліцыянерам чамусьці здаецца, што мы павінны хадзіць на дыбачках перад імі.

Тут ставяцца да звычайных людзей, як да жывёлы. Падыдзі, зрабі, дай, не перашкаджай. Чыноўнікі проста ўсіх выкарыстоўваюць. Мільён заробку – як можна працаваць?

Я працаваў юрыстам у офісе насупраць трактарнага завода. Часта сыходзіш з працы, і завадскія таксама вяртаюцца. Усе ідуць у краму, купляюць гарэлку і бухаюць адразу на месцы. І так штодня! У Перу столькі не п’юць.

Карлос

Калі я толькі прыехаў, мне падалося, што беларусы вельмі грубыя і некультурныя. Але потым я зразумеў, што гэта не іх віна. Яны атрымліваюць такі малы заробак, што ўвесь час злыя і раздражнёныя. Плаціце нармальна – і ніхто не будзе красці, усе будуць да людзей нармальна ставіцца. Хоць я ўжо да ўсяго тут прывык.

У Беларусі шмат жанчын з нейкім дзіўным рэфлексам на замежнікаў: «М-м-м… Перуанец!» Спачатку табе нават прыемна, бо тут шмат прыгожых дзяўчат. Але прыгажосць – гэта не галоўнае. Важна, каб можна было размаўляць гадзінамі, каб была разумная, цікавая і, прабачце за грубасць, каб не вы**валася.

Калі б я пераскочыў на сем гадоў назад, дакладна застаўся б у Перу.

Фота by Nastya Sergienya & palasatka

https://www.traditionrolex.com/8