https://www.traditionrolex.com/8
<p>Адказу на гэтае пытанне рэстаўратары даць не могуць. Але дакладна вядома, што пры належным фінансаванні рэстаўрацыя палаца Пуслоўскіх у Косаве завершыцца ў 2015 годзе</p>

Як паведамляе «Звязда»:

Адказу на гэтае пытанне рэстаўратары даць не могуць. Але дакладна вядома, што пры належным фінансаванні рэстаўрацыя палаца Пуслоўскіх у Косаве завершыцца ў 2015 годзе.

Палац Пуслоўскіх — унікальны помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя. Будаўніцтва яго ў 1838 годзе распачаў ваявода Казімір Пуслоўскі. Завяршаў гэтую справу Казіміраў сын Вандалін. Пабудаваны па праекце варшаўскага архітэктара Францішка Яшчолда, палац вылучаецца арыгінальнасцю і непадобнасцю да іншых. Здзіўляе ўжо толькі тое, што будынак хутчэй нагадвае замак, а не палац. Зубчастыя вежы, вокны, падобныя да байніц... Тым не менш ён не прызначаўся для абароны ад ворагаў. Наадварот, у палацы амаль ніколі не змаўкала музыка і не спыняліся балі. Кожны пакой, а іх было 132, меў сваё прызначэнне. Напрыклад, у Чорнай зале гулялі ў карты, у Белай прымалі гасцей. Паводле слоў косаўскіх старажылаў, у параднай зале падлога была крыштальная, а пад ёй плавалі сотні экзатычных рыб. Дарэчы, гэта не адзіная легенда, звязаная з палацам. На працягу доўгага часу мясцовыя жыхары былі ўпэўнены, што ад Косаўскага палаца да Ружанскага замка існаваў 30-кіламетровы падземны ход, па якім магла праехаць карэта, запрэжаная тройкай. Некаторыя аматары даўніны нават спрабавалі яго адшукаць. Сёння рэстаўратары і гісторыкі, праўда, сумняваюцца наконт яго існавання. А вось той факт, што гаспадары мелі звярынец і для аховы свайго сну выпускалі льва, называюць даволі праўдападобным.

Пасля таго як графская рэзідэнцыя трапіла ў рукі Лявона Пуслоўскага, унука Казіміра, палац шэсць разоў змяняў сваіх уладальнікаў. У час Першай сусветнай вайны яго разрабавалі немцы. Потым быў перыяд, калі Косава знаходзілася пад Польшчай, пасля — Вялікая Айчынная вайна... Палац Пуслоўскіх канчаткова прыйшоў у заняпад.

...Яшчэ гадоў дзесяць таму не кожны жыхар Івацэвіччыны мог пахваліцца тым, што ён на ўласныя вочы бачыў палац Пуслоўскіх. Шмат гадоў гэты помнік архітэктуры быў схаваны ад людскога вока ў гушчары лесу. І толькі высокія вежы, што ўзвышаліся над хвоямі, нагадвалі аб велічы нябачнага будынка. Здавалася, палац назаўжды застанецца толькі ўспамінам аб шыкоўных балях ХІХ стагоддзя. Але...

У 2002 годзе Косаўскі замак (так яго называюць тутэйшыя жыхары) атрымаў надзею на новае жыццё. Савет Міністраў уключыў яго ў спіс прыярытэтных аб'ектаў рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны. Затым ЮНЕСКА аднёс Косаўскі палацава-паркавы комплекс да ліку перспектыўных аб'ектаў міжнароднага турызму. З гэтага часу для палаца Пуслоўскіх настала новае жыццё.

Для пачатку было вырашана хаця б прарэдзіць лес, які хаваў архітэктурную жамчужыну ад вачэй падарожных. Разам з веліччу і пышнасцю замка ім адкрыліся і яго распісаныя прызнаннямі ў каханні і рознымі нецэнзурнымі «шчырасцямі» сцены. Іх афарбоўка асвяжыла палац, але гэта нічога карэнным чынам не змяніла. У 2004 годзе тут жа, ва ўрочышчы Мерачоўшчына, свае дзверы для турыстаў расчыніла адноўленая сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. Цікавасць да гэтага гістарычнага месца расла. Турыстаў, асабліва ў летнія месяцы, станавілася больш і больш. Але лёс палаца Пуслоўскіх заставаўся нявырашаным.

2008 год прынёс цвёрдую ўпэўненасць у тым, што Косаўскі палацава-паркавы комплекс будзе адноўлены. Ён быў уключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму. Ужо ў красавіку пачаліся даследаванні рэстаўратараў, археолагаў, будаўнікоў. Згодна з праектам рэстаўрацыі, распрацаваным філіялам «Брэстрэстаўрацыяпраект», увесь аб'ём работ падзелены на тры этапы. Першы ўжо набліжаецца да завяршэння.

— Мінулы год трохі скарэктаваў планы рэканструкцыі, таму першая чарга работ заканчваецца крыху пазней, у першым квартале 2012-га, — тлумачыць дырэктар Івацэвіцкага раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Сяргей Саванчук. — Тым не менш зроблена амаль усё: умацаваны фундамент, адрамантаваны існуючыя перагародкі, згодна з планам пастаўлены новыя, пакладзены міжпаверхавыя перакрыцці. Па новых лесвіцах можна падняцца на дах, які, дарэчы, таксама перакрылі. Абласны бюджэт ужо накіраваў на сёлетнюю рэстаўрацыю
2 мільярды 350 мільёнаў рублёў, столькі ж плануецца атрымаць з рэспубліканскага бюджэту. Дастатковае фінансаванне дае магчымасць своечасова распачаць другі этап работ.

Словы Сяргея Саванчука пацвярджае прараб ААТ «Брэстрэстаўрацыя» Міхаіл Дылько. Ён зазначае:

— З незавершанага засталося прыкладна 20% неатынкованага фасада і 5% неперакрытага даху. Зараз мы расчышчаем склеп, рамантуем там сцены, устанаўліваем вокны. Выконваем тыя работы, якія ў халоднае надвор'е не выклікаюць парушэння тэхналогій.

Усе работы пакуль выконваюцца ўручную. Таму пасля завяршэння рэстаўрацыі можна будзе сказаць, што палац Пуслоўскіх — гэта не толькі неагатычны помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя, але і плёну і працы людзей, што яго аднаўлялі. Дарэчы, працуюць тут ад ААТ «Брэстрэстаўрацыя» выключна мясцовыя жыхары. Зразумела, з адпаведнай спецыяльнасцю. Міхаіл Дылько таксама з тутэйшых. Ён з захапленнем успамінае, як яшчэ малым хлапчуком бавіў свой час каля палаца. А цяпер вось займаецца яго аднаўленнем.

— Гэта вельмі цікава і, безумоўна, карысна. Для кожнага з нас рэстаўрацыя — нешта большае, чым проста работа. Гэта справа жыцця. Таму ёсць стымул праяўляць сваю ініцыятыву ў вытворчых пытаннях, зацікаўленасць у якасці і хуткасці аднаўлення, — дадаў Міхаіл Мікалаевіч.

Другі этап рэстаўрацыі вось-вось распачнецца. Унутранае аздабленне памяшкання, інжынерныя сеткі, сантэхніка, афарбоўка фасадаў, узнаўленне ганкаў... Работы — непачаты край. Добра, што ў летні перыяд на дапамогу рэстаўратарам прыязджаюць валанцёры з Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Пазалетась яны дапамагалі расчышчаць памяшканні ад наслаенняў грунту, што ўтварыліся за доўгія гады заняпаду палаца.

— Неверагодна цікавая гэта справа — рэстаўрацыя, — з захапленнем расказвае студэнтка гістарычнага факультэта БрДПУ Марыя Пякарская. — Дакрануцца да мінуўшчыны ўласнымі рукамі, унесці малую часцінку сваёй працы на карысць былой рэзідэнцыі графоў Пуслоўскіх... Што можа быць лепш! Спадзяюся, тут яшчэ буду неаднойчы. Дый чакаць адкрыцця палацавага комплексу, наколькі я ведаю, прыйдзецца не вельмі доўга.

Сапраўды, пры ўмове належнага фінансавання завяршыць рэстаўрацыю плануецца ў 2015 годзе. За мінулыя чатыры гады засвоена 6 мільярдаў рублёў. Наперадзе яшчэ дзве чаргі работ. Апошняя ўключае ўзнаўленне страчаных інтэр'ераў, добраўпарадкаванне тэрыторыі (а гэта 54 гектары), аднаўленне разбураных брам. Дарэчы, месцазнаходжанне дзвюх археолагі ўстанавілі дакладна. А вось пошукам Паляўнічай брамы цяпер якраз займаюцца.

Час, калі Косаўскі палацава-паркавы комплекс адчыніць свае дзверы для турыстаў, ужо недалёка. Тым, хто здарожыўся, даваць прытулак будзе гасцініца. Канферэнц-зала зможа прымаць сустрэчы на вышэйшым узроўні. Міжнародныя выставы, кірмашы, фестывалі стануць звыклай з'явай для Мерачоўшчыны. Патэнцыял для гэтага ёсць выдатны. Засталося толькі ператварыць яго ў рэальнасць.

Любоў Каспяровіч

https://www.traditionrolex.com/8