https://www.traditionrolex.com/8
<p>Містыка прыцягвае турыстаў – гэта бясспрэчна. Напаўразбураныя замкі з прывідамі былых гаспадароў, што зведалі няшчаснае каханне, былі атручаны ці загінулі ад рукі зайздросніка, глухія правінцыйныя азёры, у глыбіні якіх хаваецца пачвара, ці абжытая духамі гары пячора – любое з гэтых месцаў пры ўдалым сумяшчэнні легенды і маркетынга становіцца турыстычнай Мекай. На сустрэчы з віцебскім краязнаўцам Міколам Піваварам, якая адбылася ў Духаўскім кругліку, карэспандэнт TIO.BY даведаўся пра дзевяць самых таямнічых месцаў у наваколлі Віцебска, якія могуць быць уключаны ў экскурсійныя маршруты</p>

Містыка прыцягвае турыстаў – гэта бясспрэчна. Напаўразбураныя замкі з прывідамі былых гаспадароў, што зведалі няшчаснае каханне, былі атручаны ці загінулі ад рукі зайздросніка, глухія правінцыйныя азёры, у глыбіні якіх хаваецца пачвара, ці абжытая духамі гары пячора – любое з гэтых месцаў пры ўдалым сумяшчэнні легенды і маркетынга становіцца турыстычнай Мекай. І нават самыя прагматычныя скептыкі імкнуцца звазіць дзяцей у замак Дракулы ці на бераг возера Лох-Нес.

У спадчыне Беларусі засталіся шматлікія легенды і паданні, але ў нас цалкам адсутнічае ўменне ствараць з іх турыстычны прадукт. На сустрэчы з віцебскім краязнаўцам Міколам Піваварам, якая адбылася ў Духаўскім кругліку, карэспандэнт TIO.BY даведаўся пра дзевяць самых таямнічых месцаў у наваколлі Віцебска, якія могуць быць уключаны ў экскурсійныя маршруты, зрабіўшы іх значна больш цікавымі. У Беларусі загадкавых месцаў хапае, адзначыў краязнавец. Аднак ці то хрысціянская царква выціснула са свядомасці краіны ўсё паганскае, ці то семдзесят гадоў савецкай улады сцёрлі таямнічую памяць, але мы не ведаем пра тыя цікавыя рэчы, якія дагэтуль засталіся сярод нас. У залежнасці ад таго, што лічыць містыкай, у наваколлях Віцебска можна «назбіраць» больш за сто незвычайных месцаў. І падзеі і з’явы, якія там адбываюцца, не заўсёды можна патлумачыць навукова.

Абмежаваны ў часе сустрэчы, спадар Півавар спыніўся на дзевяці таямніцах, якія яму ўдалося знайсці падчас вандровак па Віцебшчыне.

Напалеонаўская дарога ці Альгердаў шлях?

Гэта містычнае месца знаходзіцца на возеры Лосвіда, дзе ў летні сезон збіраецца шмат адпачываючых з горада і турыстаў. З вёскі Марыянпаль, якая стаіць на адным боку возера, да былой вёскі Качаны можна прайсці па калена ў вадзе, не замачыўшы спадніцы, як кажуць жанчыны. Гэты трохсотмятровы пераход мясцовыя жыхары называюць Напалеонаўскай дарогай. Існаванне яе ў возеры глыбінёй 22 метры ўжо само па сабе дзіва. Па словах краязнаўца, раней дарога была досыць шырокая – па ёй магла праехаць машына, а ў 1943 годзе падчас наступлення праходзілі і танкі.

Цяпер дарога містычна зарасла: з аднаго боку расце аер, з другога – хвошч. Аблюбаваў гэтыя мясціны і вех, альбо цыкута, – самая атрутная расліна ў Еўропе. Кажуць, што ў свой час ёю атруцілі Сакрата. Калі ідзеш па дарозе, адчуваеш ступнямі карэньчыкі, здаецца, вось-вось хтосьці ўхопіць за нагу. Для Беларусі дарога на Лосвіда ўнікальная – ні на адным з дзесяці тысяч азёр, што ёсць у краіне, больш такіх месцаў няма. Тлумачаць узнікненне дарогі містычна, абгрунтоўваюць і навукова. Адна з легенд кажа, што ў 1812 годзе, калі Напалеон адступаў з Расіі, яго абкружылі рускія войскі якраз каля возера Лосвіда. На роздумы – палон альбо смерць – палкаводцу далі ноч. Калі зайшло сонца, да Напалеона прыйшоў д’ябал з прапановаю заключыць з ім класічнае для нячыстай сілы пагадненне, згодна з якім апошні ўратуе французскую армію. Пасля падпісання дамовы чорт загадаў кожнаму салдату набраць у шапку зямлі і высыпаць яе ў возера. Такім чынам утварылася падводная дарога, па якой і ўратаваліся французы. Раніцай рускія салдаты ўбачылі, што ворагаў няма. Прыйшлося ім даганяць Напалеона, абыходзячы дадаткова 20 кіламетраў вакол возера. Час быў згублены.

Навука скептычна ставіцца да такога тлумачэння. Бо гістарычна вядома, што, адступаючы, Напалеон не прыпыняўся каля возера Лосвіда – ён уцякаў праз Оршу, Талачын, Барысаў. Аднак народная памяць захоўвае самые яскравыя падзеі – і, відаць, вайна 1812 года была адной з іх. На думку спадара Півавара, гэта дарога значна больш старажытная. Так, да гэтага яна магла называцца Шведскай дарогай ці Кацярынінскай, а яшчэ раней – шляхам Стэфана Баторыя, Альгердавым шляхам ці проста Чортавым.

Другая легенда згадвае пана, што жыў ля вёскі Марыянпаль, які, накшталт Радзівіла, любіў павесяліцца і гасцей сваіх здзівіць. Адна з яго авантурных забаў – катанне на санях па возеры. Як толькі Лосвіда станавілася пада льдом, пан загадваў запрэгчы каня, сядаў у сані і катаўся па лёдзе. Малаверагодна, што пану прыносіла задавальненне рызыкаваць уласным жыццём. Таму хутчэй за ўсё для сваіх эпатажных выхадак ён загадаў насыпаць пад вадой дарогу.

Трэцяя легенда рамантычная, пра каханне. Кажуць, што на супрацьлеглых берагах возера стаялі дзве вёскі – Вялікае Лосвіда і Малое Лосвіда. У аднаго пана расла прыгажуня-дачка, другі гадаваў не менш прыгожага сына. Яны класічна закахаліся, і каб дзеці не гублялі час, ходзячы адзін да аднаго вакол возера, клапатлівыя бацькі загадалі насыпаць дарогу праз возера.

Навука, ставячы пад сумнеў прыгожыя легенды, сцвярджае, што касу, ці дарогу, маглі ўтварыць плыні дзвюх частак возера. Знаходзіцца Напалеонаўская дарога ў 28 кіламетрах ад Віцебска – даехаць на дызелі можна за 35 хвілін, праўда, сышоўшы з цягніка, прыйдзецца прайсці яшчэ кіламетры тры.

Месца, дзе людзі губляюцца ў часе

Падобныя гісторыі ёсць, бадай, у кожнага народа. Класічны прыклад – навэла пра жыхара вёскі ў наваколлі Нью-Ёрка Рыпа ван Вінкля, які стаў персанажам амерыканскага пісьменніка Вашынгтона Ірвінга. Рып ван Вінкль пайшоў у горы паляваць, па дарозе яму сустрэліся незнаёмцы і пачаставалі яго добрым джынам, пасля чаго Рып заснуў. Адкрыўшы вочы, ён убачыў, што вопратка яго сатлела, а стрэльба стара іржавай. Здзіўлены паляўнічы накіраваўся ў бок роднай вёскі і не пазнаў яе – так яна змянілася. «Дзе жыве Рып ван Вінкль?» – запытаўся ён у людзей. І яму адказалі, што, сапраўды, быў такі чалавек. Але ён даўно знік, пайшоўшы аднойчы ў горы. Цяпер з жывых засталася толькі яго ўнучка. Аказалася, што Рып Вінкль праспаў дваццаць гадоў, а яму здавалася, што гэта было ўсяго некалькі гадзін...

На Віцебшчыне такое месца ёсць у пойме ракі Шэвінкі, якая ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. Туды зусім лёгка дабрацца: узяць квіток на 8.30 на полацкі цягнік, даехаць да станцыі Лётцы і прайсці 20 хвілін. Месца лёгка пазнаецца – уздоўж рэчкі расце шмат векавечных дубоў. Шмат гісторый распавядаюць пра гэтыя мясціны. Кажуць, што для кагосьці паездка да маляўнічай ракі можа быць звычайным падарожжам, а хтосьці можа згубіцца ў часе. Так, адна жанчына пайшла па грыбы, а калі вярнулася дадому да вячэры, усхваляваныя хатнія сказалі ёй, што яна адсутнічала тры дні…

Самы вялікі камень Беларусі, які блытае ў прасторы

Віцебшчына багатая на камяні. Іх прынёс сюды ледавік з розных куткоў Скандынавіі. На тэрыторыі Шумілінскага раёна каля вёскі Горкі знаходзіцца самы вялікі камень на тэрыторыі краіны, створаны з граніту «рапаківі», што па-фінску азначае «гнілы камень», крохкі. У даўжыню ён цягнецца на адзінаццаць метраў, пяць метраў у шырыню і тры ў вышыню. На колькі метраў ён хаваецца ў глыбіню, невядома – раскопкі каля камня не вяліся. Па розных звестках ён важыць ад 292 тон да больш за 400. Яго называюць Чортавым каменем, праўда, у савецкія часы, ён зваўся проста Вялікім. Камень гэты, кажуць людзі, блытае ў прасторы. Калі табе трэба ў адну вёску, абавязкова патрапіш у другую. Але з нячыстай сілай проста справіцца – толькі трэба хаваць свой намер і, праходзячы каля каменя, казаць назву зусім іншай вёскі.

Нашы продкі шанавалі камяні, валуны, дрэвы, кажа краязнавец. Відавочна, што Чортаў камень меў дачынне да язычніцкіх культаў. Не выключана, што на яго ўскладалі ахвару. Магчыма, таму ён і набыў сваю магічную функцыю.

Возера, у якім жыве чорт

У лясах каля вёскі Цяцеркі пад Віцебскам ёсць некалькі невялічкіх азёр. Гэтыя маляўнічыя мясціны больш вядомы рабакам, бо лясныя азёры багатыя на рыбу. Аднак сюды цікава прыехаць і проста на экскурсію. Кажуць, што у адным з вадаёмаў жыве чорт. Як пра гэта даведаліся, распавядае легенда.

Аднойчы людзі вырашылі глыбіню возера памераць. Узялі лодку, да вяроўкі прывязалі груз і сталі ўніз апускаць. А дна няма. Прывязалі другую вяроўку, трэцюю. Сталі апускаць і – раптам нехта так моцна вяроўку тузануў, што ўсе пападалі ў ваду. А з-пад яе раздаўся ўтробны голас: «Не мерай вяроўкай, а памерай галоўкай!» Памерай галоўкай – маецца на ўвазе аддаць жыццё.

Калісьці даўно на гэтым возеры спраўляўся язычніцкі культ, які быў звязаны з чалавечымі ахвярапрынашэннямі: так, у славянскай міфалогіі сустракаліся злыя богі, якія, каб сябе залагодзіць, патрабавалі жыццё чалавека.

Калі пашанцуе, на возеры можна ўбачыць сапраўдны востраў, які плавае.

Азёркі, дзе жыве водная пачвара

Недалёка ад чыгуначнай станцыі Лосвіда ёсць некалькі малых азёрак, якія сталі домам для воднай пачвары. Ніхто дакладна не ведае, як яна выглядае, з чаго жыве. Усе спробы злавіць пачвару сканчваліся няўдачай. Кажуць, азёркі паміж сабой злучаны падземнымі хадамі, таму кемлівая жывёлка хавалася ад паляўнічых. Урэшце апошнія кінулі гэтую справу, і пачвара да сёння жыве на Віцебшчыне.

Беларускі Стоўнхендж

Гэта старажытная абсерваторыя каля вёскі Бікульнічы Полацкага раёна на возеры Гомель. Раней камяні стаялі ў пэўным парадку і выкарыстоўваліся як каляндар: промні сонца ў пэўны час траплялі на пэўныя камяні і дапамагалі людзям арыентавацца ў часе. У 1921 годзе пасля Рыжскага міру недалёка праходзіла савецка-польская мяжа. Камяні аказаліся на памежжы, дзе знаходзіцца забаранялася. А месца прыцягвала моладзь, якая адзначала тут святы ці проста збіралася разам. Таму камяні павалілі, у хаатычным парадку яны ляжаць і да сёння. Аднак тэрыторыя наўкол добраўпарадкавана, нават стаіць указальнік на «Стоўнхендж» – знайсці яго проста, камяні бачны з дарогі. Месца становіцца знакамітым.

Турыстаў прыцягваюць і азёры, каля якіх можа атрымацца добры адпачынак. Каменнай абсерваторыяй цікавяцца гісторыкі – з Полацка, Віцебска, Мінска. Нават ідзе гаворка аб тым, каб стварыць у таямнічым месцы музей. Пытанне традыцыйна ўпіраецца ў фінансаванне.

Крыжы, што растуць з зямлі

Такая з’ява на Беларусі даволі распаўсюджана – каменныя крыжы перыядычна з’яўляюцца ў розных кутках краіны. Віцебшчына аказалася не выключэннем. Самае блізкае да Віцебска месца – вёска Заронава. Шмат людзей прыязджае паглядзець на камяні, што з пачаткам вясны пачынаюць прабівацца з-пад зямлі, паслухаць дзіўныя аповеды мясцовых жыхароў. Навукоўцы, разбураючы міф, усяму шукаюць тлумачэнне – у залежнасці ад тэмпературы зямля сціскаецца і, наадварот, разыходзіцца. Таму з надыходам цяпла з-пад зямлі можа з’явіцца шмат цікавых рэчаў.

Аднак людзей, якія ўбачылі дзіва на ўласныя вочы, складана пераканаць. Тым больш на пытанне, чаму камяні маюць форму крыжоў, навукоўцы пакуль адказу не даюць.

Царква пад зямлёй

Калі верыць легендам, пад зямлёй беларускай схаваны сотні сакральных пабудоў. І месцы, дзе яны знаходзяцца, маюць магічнае значэнне. На Віцебшчыне царква правалілся пад зямлю каля вёскі Лужасна, дзе ўзвышаецца старажытнае гарадзішча. Местачкоўцы кажуць, што ў зямных нетрах яна апынулася за чалавечыя грахі. Калі прыйсці сюды на Купалле, 22 чэрвеня, і прыкласці вуха да зямлі, можна пачуць званы. У 1972–1974 гадах на гарадзішчы праводзіліся раскопкі, якімі кіраваў гісторык, археолаг Георгій Штыхаў. Царквы, вядома, не знайшлі, затое адкапалі шмат цікавых знаходак, якія пацвердзілі, што тут жылі ці былі пахаваны людзі: упрыгожанні, скроневыя кольцы балцкіх жанчын, бронзавы пінцэт рымскага паходжання  IV стагоддзя нашай эры.

Дом з прывідамі

У Віцебскім раёне каля вёскі Бараўляны стаіць будынак паштовай станцыі, пабудаваны ў 1842 годзе. Цяпер ён не эксплуатуецца, і месцам свайго жыхарства яго абралі прывіды. Жыхары навакольных вёсак распавядаюць цікавыя гісторыі пра рухомыя цагліны, якія падаюць з даху, аднак крыўды чалавеку не чыняць, пра скрыпы і стогны ўначы, а калі доўга глядзець на супрацьлеглую сцяну даўжэзнага калідора, яна раптам знікае, і ў праём можна зайсці. Аднак што ці хто знаходзіцца за сцяной, ніхто не ведае. Страшна. Дарэчы, у будынку былой паштовай станцыі атрымаўся б выдатны музей – такога, здаецца, у Беларусі няма. А легенда аб прывідах дадавала б яму яшчэ больш прывабнасці. Экскурсаводы не выключаюць магчымасці выкарыстання гэтых месцаў і адпаведна звязаных з імі гісторый у сваіх маршрутах і тэкстах. Бо з уласнага досведу могуць адзначыць, што турысты часта цікавяцца мясцовымі цікавосткамі больш, чым храналагічнымі фактамі агульна вядомай і сцверджанай навукоўцамі гісторыі.

https://www.traditionrolex.com/8