https://www.traditionrolex.com/8
<p>Баланс паміж выхадным і патэнцыйным прыбыткам</p>

Як паведамляе «Культура»:

Звычайна, выбіраючыся самастойна ў тое або іншае падарожжа па Беларусі, турыст мае распрацаваны маршрут, куды ўваходзяць найбольш цікавыя, з розных пазіцый, славутасці – так бы мовіць, рэальныя і патэнцыйныя нацыянальныя брэнды. Але нярэдка спіс аб'ектаў пашыраецца ўжо падчас самога падарожжа, што робіць яго яшчэ больш багатым на ўражанні. Аднак – не заўсёды.

Да прыкладу, вандруючы па тым або іншым раёне, як не завітаць і ў краязнаўчы музей (размешчаны часцей за ўсё ў райцэнтры)? Аднак тых турыстаў, што намерыліся гэта зрабіць у нядзелю, чакае расчараванне: музей - на замку. У выніку застаецца задаволіцца шпацырам па горадзе, а музею – недаборам магчымай выручкі. Самае ж прыкрае, што іншым разам спецыяльна для наведання мясцовага краязнаўчага музея вандроўнік хутчэй за ўсё не паедзе ў гэты горад...

На жаль, сёння, каб даведацца, у якія дні і па якім графіку працуе той або іншы айчынны музей, трэба прыкласці нямала намаганняў. Да прыкладу, далёка не кожная ўстанова лічыць патрэбным размяшчаць сваю інфармацыю ў Сусветным павуцінні, а калі і падае яе, дык чамусьці забываецца ўказаць ці не самае галоўнае – час працы. Калі ж весці гаворку пра «самы турыстычны дзень» – нядзелю, дык атрымліваецца, што з дзясятак музеяў той жа Гомельшчыны (пра гэта можна меркаваць, дзякуючы адмысловаму сайту museum.gomel-region.by, а вось у іншых абласцях з такімі звесткамі – інфармацыйны калапс) у гэты дзень маюць выхадны. Сярод іх – Петрыкаўскі, Ельскі, Жлобінскі, Лельчыцкі раённыя музеі, Гісторыка-мемарыяльны музей «Памяць» – у Рэчыцкім раёне, «Палеская веда» – у Мазыры...

Думаецца, усведамляюць гэтую недарэчную сітуацыю і на месцах. Да прыкладу, як паведаміла навуковы супрацоўнік Петрыкаўскага краязнаўчага музея Зінаіда Шыльцова, пакуль і сапраўды выхадны дзень у іх установе вызначаны ў нядзелю. Аднак неўзабаве гэта мусіць змяніцца. Па словах навуковага супрацоўніка, у летні перыяд плануецца істотнае павелічэнне колькасці наведвальнікаў, а таму ў мясцовым аддзеле культуры ўжо разглядаецца пытанне пра перанос выхаднога дня ў музеі на панядзелак.

А вось у Лельчыцах – свой падыход у працы з турыстамі. Як аказалася, мясцовы музей закрыты не толькі ў нядзелю, але і ў суботу. Па словах выконваючага абавязкі начальніка аддзела культуры Галіны Лісіцкай, такі графік працы ўстановы – не выпадковы і звязаны ў першую чаргу з тым, што ў ёй – толькі два навуковыя супрацоўнікі, ды і колькасць наведвальнікаў, на жаль, невялікая. Разам з тым Галіна Лісіцкая не выключае магчымасці наведвання музея, па папярэдняй дамоўленасці, турыстычнымі групамі і ў выхадныя дні.

Як можна даведацца на інтэрнет-старонцы Жлобінскага раённага краязнаўчага музея, афіцыйны выхадны дзень установы прыпадае таксама на нядзелю. Тым не менш цяпер падчас правядзення камерцыйнай выстаўкі, установа працуе штодзённа, больш за тое: нават без абеду. Як адзначылі ў музеі, для зручнасці турыстаў у будучым такі расклад працы плануецца захаваць.

Дарэчы, па такім жа «безабедзенным штодзённым раскладзе» працуе таксама не адзін музей на той жа Гомельшчыне, у тым ліку ў Рагачове, Нароўлі, Брагіне. І гэта, пагадзіцеся, вартыя ўхвалы захады, улічваючы далёка не самы высокі турыстычны патэнцыял гэтых постчарнобыльскіх раёнаў краіны.

Канешне, можна прывесці шмат аб'ектыўных прычын, улічваючы невялікі штат супрацоўнікаў, малыя турыстычныя плыні, але ж калі музей губляе хоць бы і аднаго наведвальніка, гэта ўжо страта. А калі іх дзясяткі, сотні? Што тады казаць пра турыстычныя перспектывы не толькі пэўнага раёна, але і ўсёй краіны?

Таму кожная музейная ўстанова, мяркую, мусіць вырашаць, ці патрэбны ёй турысты. Калі ж не, то – ці патрэбна турыстам яна...

Канстанцін АНТАНОВІЧ
https://www.traditionrolex.com/8