<p><span style="font-size: small;">42 беларускія і замежныя арганізацыі звярнулася з просьбай дазволіць беларусам атрымліваць шматразовыя шэнгенскія візы працягласцю да пяці гадоў</span></p>

Як паведамляе Радыё Рацыя:

Літоўскаму МЗС прапанавалі выдаваць беларусам доўгатэрміновыя візы. 42 беларускія і замежныя арганізацыі звярнулася з просьбай дазволіць беларусам атрымліваць шматразовыя шэнгенскія візы працягласцю да пяці гадоў.

Гэтыя арганізацыі ўваходзяць у кааліцыю «У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!», мэтай якой ёсць спрашчэнне, а ў будучыні – паступовая адмена візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

Як кажа прадстаўнік кааліцыі Вадзім Вілейта, візавы кодэкс ЕС прадугледжвае, што шматразовыя візы могуць выдавацца на тэрмін ад 6 месяцаў да 5 гадоў, але на практыцы доўгатэрміновыя візы не выдаюцца:

– Вельмі часта літоўскія дыпламаты скардзяцца, што ім вельмі цяжка спраўляцца з вялікай візавай нагрузкай, што каля літоўскага пасольства і консульстваў вельмі вялікія чэргі, што яны не паспяваюць усіх абслугоўваць. Тады ў нас да іх пытанне: чаму б не выдаваць шматразовых віз больш, на больш працяглы тэрмін? У гэтым выпадку людзям не трэба было б штогод рабіць сабе шматразовую візу, калі яны сапраўды часта наведваюць Літву. Гэта людзі, якія маюць блізкіх родных або сваякоў у Літве, або звязаныя з гэтай краінай культурніцкімі, дзелавымі, грамадскімі сувязямі. Гэта даволі шырокае кола людзей.

Кааліцыя «У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!» ужо атрымала адказ з літоўскага МЗС, які пацвярджае законную магчымасць атрымання шэнген-візы тэрмінам на 5 гадоў. Таму, як кажа Вадзім Вілейта, у міністэрства накіравалі дадатковы запыт з пытаннем, што патрабуецца ад грамадзян, каб атрымаць такую візу, і колькі такіх віз выдаецца літоўскімі консульствамі ў Беларусі штогод. 

З адказу таксама вынікае, што Літва зацікаўлена ў тым, каб пачаў дзейнічаць малы памежны рух – гэта вынікае з адказу. 31 беларуская і 11 замежных недзяржаўных арганізацый прасілі літоўскае МЗС «актыўна прасоўваць набыццё сілы дамовай пра малы памежны рух паміж Літвой і Беларуссю», – працягвае Вадзім Вілейта:

– Літва паведаміла нам, што ў іх ўжо выкананыя ўсе неабходныя ўнутраныя працэдуры для таго, каб гэтае пагадненне ўступіла ў сілу. І яны чакаюць ад беларускіх улад выканання такіх унутраных працэдур. Тады праз месяц можна будзе пачаць рэальна ажыццяўляць гэты малы памежны рух, якога жыхары беларуска-літоўскага памежжа чакаюць ужо вельмі даўно.

Дамова аб малым памежным руху прадугледжвае бязвізавую зону ў абсягу 50 кіламетраў па абодва бакі мяжы. Дзеля перасячэння мяжы жыхары памежных рэгіёнаў змогуць атрымліваць доўгатэрміновыя дазволы.

Кааліцыя «У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!» утварылася ў 2010 годзе дзякуючы намаганням беларускіх грамадскіх арганізацый і іх партнёраў у краінах ЕС. Яна паслядоўна адсочвае і дамагаецца ажыццяўлення крокаў па спрашчэнні, а ў будучыні – паступовай адмены візавага рэжыму, які падзяляе Беларусь і Шэнгенскую зону, як тое прадугледжана праграмай ЕС «Усходняе партнёрства».

Яна Запольская