У санаторыі «Нарачанскі бераг» эканомнумароў не будзе

06.04.2012 - Новости

У санаторыі «Нарачанскі бераг» эканомнумароў не будзе

У апошнія некалькі гадоў санаторый дынамічна развіваецца. Сёння, напрыклад, дзякуючы фінансавай падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і «Белпрафсаюзкурорту» на 60 працэнтаў выкананы работы па мадэрнізацыі нумарнога фонду ў корпусе № 1. Да мая гэты корпус будзе здадзены ў эксплуатацыю і прыме адпачываючых

Як паведамляе «Нарачанская зара»:

Санаторый «Нарачанскі бераг» уведзены ў эксплуатацыю ў 1964 годзе. У той час гэта быў дом адпачынку, і ён адпавядаў існуючым патрабаванням. Але тое, што было запатрабавана ў 60-я гады, сёння не мо­жа задаволіць адпачываючых. Добра разумее гэта кіраўніцтва здраўніцы, а таму робіць усё магчымае, каб чалавек, які прыехаў у санаторый, адчуваў сябе ўтульна і камфортна. Што ўдалося ўжо зрабіць, што плануецца на перспектыву? На гэтыя і некаторыя іншыя пытанні па­прасіў адказаць галоўнага ўра­ча здраўніцы Л. У. КІСЯЛЯ:

- У апошнія некалькі гадоў санаторый дынамічна развіваецца. Сёння, напрыклад, дзякуючы фінансавай падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і «Белпрафсаюзкурорту» на 60 працэнтаў выкананы работы па мадэрнізацыі нумарнога фонду ў корпусе № 1. Да мая гэты корпус будзе здадзены ў эксплуатацыю і прыме адпачываючых.

- Якія канкрэтна работы там выконваюцца?

- Каб уявіць аб’ём мадэрнізацыі, скажу, што там пакінуты толькі апорныя сцены. Праведзена поўная перапланіроўка нумарнога фонду. З 96 ложка-месцаў ёсць толькі 69. Зараз блочная сістэма пражывання не запатрабавана. Таму ў нас будуць нумары двухмесныя аднапакаёвыя, аднамесныя аднапакаёвыя і некалькі - двухмесных двухпакаёвых.

З уводам у эксплуатацыю гэтага корпуса будзем мець тры спальныя корпусы, у якіх усе нумары выдатнай камплектацыі, з камфортнымі ўмовамі для пражывання. Не будзе эканомнумароў. У кожным павінны быць сучасная мэбля, халадзільнік, тэлевізар, санвузел і многае іншае.

- Леанід Уладзіміравіч, якія праблемы найбольш хвалююць?

- Сур’ёзнай праблемай з’яўляецца непамерна высокая цана цеплавой энергіі. Яна складае ў агульным аб’ёме 31 працэнт. Мне таксама незразумела, чаму ўтылізацыя аднаго кубічнага метра сцёкавай вады каштуе больш за 10 тысяч рублёў, калі ў сярэднім па рэспубліцы гэта складае парадку 2,5-3,5 тысячы рублёў…

- І ўсё ж санаторый развіваецца. Набываецца сучаснае медыцынскае абсталяванне. Як гэта ўдаецца?

- Дзякуючы інвестыцыям уласніка, якім з’яўляецца Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Толькі на мадэрнізацыю корпуса № 3 выдзелена больш за чатыры мільярды рублёў. Дарэчы, ён уве­дзены ў эксплуатацыю ў пачатку чэрвеня мінулага года і прыцягвае як грамадзян нашай краіны, так і замежнікаў. Корпус № 2 мадэрнізаваны ў 2006 годзе. І зараз там праводзіцца толькі касметычны рамонт. Сёння лепшым у нас лічыцца корпус № 3. Мы ўпэўнены, што корпус № 1 пасля рэканструкцыі не будзе яму саступаць.

На рынку санаторна-курортных паслуг адчуваем сябе даволі ўпэўнена. У гэтым ёсць немалая заслуга нашага заснавальніка «Белпрафсаюзкурорта», які ўкладвае значныя сродкі ў развіццё медыцынскай базы. За апошні год набыты два лімфаматы. Гэта абсталяванне забяспечвае кампрэсійны масаж рук і ног. Такая працэдура вельмі запатрабаваная адпачываючымі. Ёсць абсталяванне для вакуумнага масажу, якое карыстаецца вялікім попытам. Набылі «кедравую бочку». Гэта ўстаноўка таксама не прастойвае. Абсталявалі кабінет сухіх вуглякіслых ваннаў, дзе зманціравалі тры ванны. Летам набылі і ўстанавілі spa-капсулу апошняга пакалення, якая каштуе 136 мільёнаў рублёў. Гэта абсталяванне прызначана для барацьбы са стомленасцю і стрэсамі. Яно дазваляе паляпшаць агульны стан арганізма, дасягаць касметычнага і амалоджваючага эфекту. Таму папулярнасць spa-капсулы пастаянна ўзрастае.

Зрабілі рэканструкцыю саўны. Набылі новы кацёл, які працуе на дровах. У выніку ўдалося зменшыць расход электраэнергіі, і гэта працэдура стала таннейшай.

- Прабачце, а колькі каштуе адзін сеанс карыстання саўнай?

- Варта заплаціць 145 тысяч рублёў - і на працягу дзвюх га­дзін саўна ў вашым распараджэнні. Адначасова могуць гэтай паслугай карыстацца сем чалавек. Дарэчы, у комплекс саўны ўваходзіць парылка, басейн, душ, пакой адпачынку і гардэроб. Побач знахо­дзіцца бар з добрай кухняй. Можна заказаць, каб у пакой адпачынку афіцыянт прынёс чай, каву, сок, гарачую страву і інш. Мы імкнёмся, каб аказваемыя паслугі былі прыцягальнымі. Наша мэта не толькі ўзяць у чалавека грошы, а за тыя грошы, якія ён заплаціў, аказаць паўнацэнную паслугу.

- Леанід Уладзіміравіч, з кім актыўна супрацоўнічаеце?

- Цесныя кантакты маем з Нацыянальным паркам «Нарачанскі». Дзякуючы яго дапамозе змаглі значна палепшыць стан нашай тэрыторыі. Летась нацпаркам на пляжы быў устаноўлены пантонны пірс даўжынёй 56 метраў і перададзены нам на захоў­ванне. Адпачываючыя з задавальненнем ім карысталіся.

Сёлета з дапамогай нацпарка плануем абрэзаць старыя дрэвы на тэрыторыі пляжнай зоны, што будзе спрыяць бяспечнаму знаходжанню не толькі нашых адпачываючых, але і ўсіх тых, хто сюды прыходзіць.

А ўзяць шматлікія экскурсійныя паездкі па розных маршрутах, якія арганізуе аддзел турызму нацпарка! Камфартабельныя аўтобусы, экскурсаводы - усё гэта надоўга застаецца ў памяці тых, хто адпачывае і ўмацоўвае зда­роўе ў санаторыі.

Добрыя сувязі падтрымліваем з іншымі здраўніцамі курорта, напрыклад, з санаторыем «Белая Русь». Ладзім сумесныя культурна-масавыя мерапрыемствы. На­шы адпачываючыя карыстаюцца іх басейнам. Словам, жывём не адасоблена.

- Некалькі слоў пра калектыў.

- Сфарміраваўся ён даўно. Ёсць людзі, якія працуюць па многа гадоў, яны з’яўляюцца асновай, стрыжнем калектыву. Новыя работнікі бяруць з іх прыклад і з адказнасцю адносяцца да выканання службовых абавязкаў. Так яно і павінна быць. Мэта ва ўсіх адна - арганізаваць якаснае санаторна-курортнае лячэнне і забяспечыць для людзей паўнацэнны адпачынак.

Кожны на сваім рабочым месцы, а ўсяго працуе 131 чалавек, добрасумленна выконвае даручаную справу. Бухгалтар Эльвіра Іванаўна Жугалёва працуе з лічбамі. Фінансавая справаздачнасць - яе клопат. У той жа час повар рыхтуе ежу. Хіба гэта не адказная справа?! Я не гавару пра ўрачоў і медсясцёр, дзякуючы старанню якіх людзі ўмацоўваюць здароўе. Ніяк не абысціся без ва­дзіцеляў. А ўзяць дворнікаў. Гэта іх намаганнямі забяспечваецца на тэрыторыі здраўніцы чысціня і парадак. Здаецца,  непрыкметная пасада грузчыка. Але без яе таксама не абысціся. Складаная і адказная работа ў пакаёвак. Своечасовая і якасная ўборка пакояў і калідораў – іх абавязак. Тут варта назваць літаральна ўсіх. Заслугоў­ваюць пахвалы повары, адміністратары і афіцыянткі, работнікі службы маркетынгу, якую ўзначальвае Таццяна Сяргееўна Кулікоўская, касір Тэрэза Станіславаўна Талайка, эканаміст Марыя Іванаўна Сідаровіч і многія іншыя.

- Колькі людзей можаце адначасова прыняць?

- 318 чалавек. Шмат дапамагае нам Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. У галоўным корпусе адпачываюць дзеці з раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Для іх абсталяваны вучэбныя класы, хапае падручнікаў і дапаможнікаў. На адпачынак яны прыязджаюць са сваімі настаўнікамі. Такім чынам, хлопчыкі і дзяўчынкі і ўмацоўваюць здароўе, і вучацца.

А ў цэлым адпачываюць у санаторыі не толькі жыхары нашай краіны. Штогод шмат прыязджае расіян, жыхароў Літвы, Латвіі…

- На заканчэнне скажыце, колькі каштуе пуцёўка ў вашу здраўніцу.

- Цэны вагаюцца ў залежнасці ад таго, у якім нумары жыве адпачываючы: аднамесным ці двухмесным, аднапакаёвым ці двухпакаёвым. Так, пражыванне ў двухмесным аднапакаёвым нумары каштуе 184 800 рублёў за суткі. Такім чынам, за пуцёўку на 12 дзён неабходна заплаціць 2 217 600 рублёў. Але варта ведаць, што прэзідыум савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прыняў рашэнне аб тым, што для членаў прафсаюза ёсць 20-працэнтная скідка пры набыцці пуцёўкі. Таму вышэйназваная сума значна зменшыцца. Дарэчы, у кошт пуцёўкі ўваходзіць не толькі пражыванне, але пяціразовае харчаванне па заказным меню, медыцынскія паслугі, карыстанне інфраструктурай здраўніцы, забаўляльныя мера­прыемствы і многае іншае.

На заканчэнне размовы хачу сказаць, што той, хто хоць раз адпачываў у нас, зноў не супраць тут пабываць. Нарач іх прыцягвае.

Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ 

Рубрики: Санатории

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах